1) сістэма пануючых правіл і норм, якія ў пэўны перыяд часу або ў якім-н. кірунку маюць сілу закону. Кананічнасць найбольш характэрна грамадскай свядомасці стараж. і сярэдніх вякоў. К. можа быць носьбітам пэўных традыцый ў духоўным жыцці грамадства, увасабляць ідэал культуры, а пры пэўных абставінах — тормазам развіцця культуры, мастацтва і інш.Біблейскі К. — сукупнасць кніг Бібліі, якія прызнаюцца царквой «боганатхнёнымі» (у адрозненне ад апокрыфаў) і выкарыстоўваюцца ў богаслужэнні ў якасці «свяшчэннага пісання». К. правасл., каталіцкай, пратэстанцкай цэркваў крыху адрозніваюцца складам твораў. Царкоўны К. — правілы ў галіне дагматыкі, культу, арганізацыі царквы, узведзеныя хрысц. царквой у закон.
2) Усё, што цвёрда ўстаноўлена, стала агульнапрынятым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РНЫЯ САБА́КІ,
група парод паляўнічых сабак, якія выкарыстоўваюцца для палявання на жывёл, што хаваюцца ў норах (лісоў, барсукоў, янотападобных сабак і інш.). Гоняць звера па ходах нары, забіваюць яго там або выганяюць пад выстрал паляўнічага. У якасці Н.с. выкарыстоўваюцца вельштэр’ер, таксы, фокстэр’еры, лэйклендтэр’ер, ням. паляўнічы, або ягдтэр’ер, скайтэр’ер, чэш. тэр’ер, шатл., або скотчтэр’ер, і некат. інш.тэр’еры. Таксама могуць высочваць дзічыну, знаходзіць і прыносіць падстрэленую дзічыну на зямлі і ў вадзе, браць след і заганяць звера, працаваць па крывавым следзе, выкарыстоўваюцца ў паляванні на дзікоў (найб. буйныя); знішчаюць пацукоў у гасп. памяшканнях. Гл. таксама іл. да арт.Дэкаратыўна-пакаёвыя сабакі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́КЕГЕМ (Ockeghem, Okeghem) Іаханес (Жан) дэ (каля 1425, г. Дэндэрмондэ, Бельгія — 1495), франка-фламандскі кампазітар, дырыжор; віднейшы прадстаўнік нідэрландскай шкалы. Вучыўся ў метрызе (муз. школе, дзе рыхтавалі пеўчых) сабора Нотр-Дам у Антверпене. З 1452 1-ы капелан і капельмайстар франц. каралеўскага двара, з 1456 адначасова каралеўскі саветнік і казначэй абацтва Сен-Мартэн у Туры. Прадстаўнік поліфаніі строгага стылю, узбагаціў тэхніку скразной імітацыі, зацвердзіў паўнагучнае 4-галоссе хар. стылю a cappella. Аўтар мес (захавалася 10), матэтаў (у т. л. 36-галосы матэт «Хвала госпаду» — спалучэнне чатырох 9-галосых канонаў, якія прыпісваюць О.), шансон. Для яго твораў характэрны формы на cantus firmus (трывалы напеў), у якасці якога выкарыстоўваў і свецкія песні. Кампазіцыі будаваў на матэм. разліках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАПЕ́ЧНЫЯ ТЭРЫТО́РЫІ,
тэрыторыі, якія пасля заканчэння 2-й сусв. вайны ўключаны ў Міжнар. сістэму апекі ААН, прадугледжаную Статутам ААН. Гэта пераважна былыя падмандатныя тэрыторыі Лігі Нацый або калоніі, найперш Германіі і яе саюзнікаў: у Афрыцы — Камерун, Руанда, Бурундзі, Самалі, Танзанія, Паўд.-Зах. Афрыка; а-вы у Ціхім Акіяне — Зах. Самоа, Науру, Новая Гвінея, Марыянскія, Маршалавы і Каралінскія; з насельніцтвам каля 20 млн. чалавек. Кіраванне імі, са згоды ААН і пад кантролем яе Савета па апецы, атрымалі б. каланіяльныя дзяржавы — Вялікабрытанія, Бельгія, Францыя, а таксама Італія (над Самалі). Апрача таго, Савет Бяспекі ААН у 1947 перадаў Каралінскія, Марыянскія і Маршалавы а-вы ў якасці «стратэгічнага раёна» пад кіраванне ЗША. Да 1997 усе П.т. атрымалі незалежнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎМЕТА́ЛЫ,
крышталічныя рэчывы, якія паводле электрафіз. уласцівасцей займаюць прамежкавае становішча паміж металамі і паўправаднікамі.
Характарызуюцца кавалентнай крышт. рашоткай. Асн.фіз. ўласцівасці П.: значна меншая, у параўнанні з металамі, эл. праводнасць; больш слабы, чым у паўправаднікоў, рост эл. праводнасці пры павышэнні т-ры; наяўнасць эл. праводнасці каля абс. нуля т-ры (паўправаднікі ў гэтых умовах — ізалятары). Да П. адносяць вісмут, сурму, мыш’як, графіт і некаторыя інш. простыя рэчывы. Паўметал. ўласцівасці маюць і некаторыя складаныя рэчывы, што ўключаюць П. (напр., вісмутыды). Выкарыстоўваюць П. ў навук. практыцы для рэгістрацыі пераходаў дыэлектрык—метал у моцным магн. полі (датчыкі напружанасці магн. поля), у металургіі ў якасці прысадак, злучэнні мыш’яку і сурмы з металамі — як паўправадніковыя матэрыялы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЯРЭЛАКСА́НТЫ (ад мія... + лац. relaxatio аслабленне),
група лекавых сродкаў, якія паніжаюць тонус шкілетнай мускулатуры і памяншаюць рухальную актыўнасць. У якасці М. выкарыстоўваюць прэпараты расл. і сінт. паходжання, што блакіруюць перадачу нерв. імпульсаў у нерв.-мышачных сінапсах. Паводле механізму ўздзеяння М. падзяляюць на антыдэпалярызуючыя (канкурэнтныя) і дэпалярызуючыя. Антыдэпалярызуючыя (дыплацын, панкуроній, піпекуроній і інш.) блакіруюць перадачу ўзбуджэння з нерва на шкілетную мышцу за кошт змяншэння адчувальнасці рэцэптара да дзеяння медыятара ацэтылхаліну. Дэпалярызуючыя М. (напр., суксаметоній) выклікаюць стойкую дэпалярызацыю клетачнай мембраны, што таксама парушае правядзенне ўзбуджэння з нерва на мышцу. М. выкарыстоўваюць для расслаблення мышцаў пры хірург. аперацыях, для ўпраўлення вывіхаў, як процісутаргавы сродак пры слупняку, атручэннях і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ ШКО́ЛА ПАВІТУ́Х,
спецыяльная мед.навуч. ўстанова для падрыхтоўкі павітух у 1865—1917 у Магілёве. Падпарадкоўвалася Мін-ву ўнутр. спраў. У 1875 набыла статус цэнтральнай для Магілёўскай, Мінскай і Віцебскай губ. Тэрмін навучання 3—4 гады. Існавалі 2 падрыхтоўчыя і 2 спец. класы. Выкладаліся: Закон Божы, рус. і лац. мовы, арыфметыка, фізіка, анатомія і фізіялогія, малая хірургія, агульная паталогія, фармакалогія і рэцэптура, акушэрства, гінекалогія, гігіена. Прымаліся асобы жаночага полу ад 18 да 25 гадоў, пераважна сял. паходжання, якія падзяляліся на пансіянерак і вольных слухачак. Выпускніцы-пансіянеркі павінны былі адпрацаваць па 1,5 года за кожны год навучання ў якасці сельскіх павітух у губерні, якая іх утрымлівала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЖО́Р (франц. majeur, італьян. maggiore ад лац. major большы),
лад, у аснове якога ляжыць вялікае (мажорнае) трохгучча, а таксама яго ладавая афарбоўка (нахіленне). Мае светлую афарбоўку гучання, процілеглую афарбоўцы мінору, што складае адзін з найб. важных кантрастаў у музыцы. Асн. віды М.: натуральны, гарманічны (з VI паніжанай ступенню) і меладычны (з VI і VII паніжанымі ступенямі). Эвалюцыя М. выявілася ва ўзбагачэнні 7-ступеннай асновы вытворнымі і варыянтнымі тонамі. М. — адна з асн. ладавых форм у музыцы 17—20 ст. Яго выяўл.якасці шырока выкарыстоўваюцца ў розных жанрах музыкі.
Літ.:
Мазель Л. Проблемы классической гармонии. М., 1972;
Бершадская Т.С. Лекции по гармонии. 2 изд. Л., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЬЧЫ́РАВАННЕ (ад англ. mulch абкладваць карані раслін саломай, гноем і інш),
пакрыццё глебы ахоўным слоем з розных матэрыялаў (мульчы); агратэхн. прыём. У якасці мульчы выкарыстоўваюць кампосты, тарфяную крошку, перагной, адкіды, адходы дрэваапрацоўкі (апілкі, папера і інш.), іржышча збожжавых, лісце, салому, палімерныя матэрыялы і інш. Адрозніваюць М. суцэльнае, міжрадковае, у прыствольных кругах дрэў і кустоў і вертыкальнае (з запаўненнем мульчой верт. шчылін для перахоплівання паверхневага сцёку). Затрымлівае вільгаць, рэгулюе паветр. і тэмпературны рэжымы глебы, угнойвае яе, узмацняе карысныя біяхім. глебавыя працэсы, перашкаджае ўтварэнню глебавай скарынкі, ветравой і воднай эрозіі, прыгнечвае прарастанне пустазелля. Выкарыстоўваецца пры вырошчванні с.-г. культур, лясных парод. Найб. эфектыўна ў раёнах з недастатковым увільгатненнем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́РАХ (Валерый Іванавіч) (н. 14.2.1939, Мінск),
бел. вучоны ў галіне гігіены харчавання. Д-рмед.н. (1990), праф. (1991). Скончыў Данецкі мед.ін-т (1966, Украіна). З 1985 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. З 1993 дырэктар Рэсп.навук.-практычнага цэнтра па экспертнай ацэнцы якасці і бяспечнасці прадуктаў харчавання. Навук. працы па выяўленні ксенабіётыкаў у прадуктах харчавання і іх сутачнай нагрузцы на арганізм, харч. і біял. каштоўнасці традыц. прадуктаў харчавання, узаемасувязі паміж захворваннем, нараджальнасцю, смяротнасцю і фактычным харчаваннем насельніцтва.
Тв.:
Спасибо зверю, птице, рыбе. Мн., 1982 (разам з Л.І.Сцякольнікавым);
Наш зеленый исцеляющий друг. Мн., 1985 (з ім жа);
Целебные кладовые природы. 2 изд. Мн., 1990 (з ім жа).