ЖЫСКА́Р Д’ЭСТЭ́Н ((Giscard d’Estaing) Валеры) (н. 2.2.1926, г. Кобленц, Германія),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Францыі. Скончыў Політэхнічны ін-т і Нац.ін-тадм. кадраў у Парыжы. У 1956—76 і 1984—89 чл.Нац. сходу. У 1962—66 і 1969—74 міністр эканомікі і фінансаў. У 1974—81 прэзідэнт Францыі. У знешняй палітыцы выступаў за інтэграцыю Францыі ў Еўрап. супольніцтва, падтрымліваў добрыя сувязі з ЗША і СССР; ва ўнутр. палітыцы імкнуўся знізіць узровень беспрацоўя і інфляцыі, кіраваў праграмай мірнага выкарыстання атамнай энергіі. Сузаснавальнік і ў 1966—73 старшыня партыі Нац. федэрацыя незалежных рэспубліканцаў, у 1977 заснаваў і з 1988 узначаліў Саюз за франц. дэмакратыю. З 1989 дэпутат Еўрапарламента. Аўтар успамінаў «Улада і жыццё» (т. 1—2, 1988—91).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЯЗНА́ЎСТВА,
раздзел фізічнай геаграфіі, які вывучае агульныя фізіка-геагр. заканамернасці і галоўныя ўласцівасці геаграфічнай абалонкі Зямлі. Даследуе яе прасторава-часавую арганізацыю, дыферэнцыяцыю, кругаварот рэчываў і энергіі, дынаміку і эвалюцыю, ролю чалавецтва ў трансфармацыі геагр. абалонкі. З’яўляецца прыроднагіст. тэарэт. асновай аховы навакольнага асяроддзя, глабальнага мадэліравання; цесна звязана з краіназнаўствам. У З. шырока выкарыстоўваюцца геафіз., геахім., геал. і картаграфічныя метады. Тэрмін уведзены ням. географам К.Рытэрам (1-я пал. 19 ст.). Асновы сучаснага З. закладзены ў працах А.А.Грыгор’ева, С.В.Калесніка, В.А.Дзяменцьева і інш. Тэрмін выкарыстоўваецца таксама для абазначэння сукупнасці навук, аб’ектам якіх з’яўляецца Зямля як планета (гл.Касмічнае землязнаўства).
Літ.:
Калесник С.В. Общие географические закономерности Земли. М., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТА́КТНАЯ РО́ЗНАСЦЬ ПАТЭНЦЫЯ́ЛАЎ,
рознасць патэнцыялаў паміж праваднікамі з рознай работай выхаду, якія знаходзяцца ў электрычным кантакце, ва ўмовах раўнавагі тэрмадынамічнай.
Пры кантакце двух праваднікоў паміж імі адбываецца абмен электронамі праводнасці. У выніку праваднік з меншай работай выхаду зараджаецца дадатна, з большай — адмоўна. У вобласці кантакту ўзнікае эл. поле, накіраванае так, што патокі электронаў у абодвух напрамках ураўнаважваюцца, і ўстанаўліваецца пастаянная К.р.п. Яна роўная рознасці работ выхаду праваднікоў. аднесенай да зараду электрона. К.р.п. залежыць ад прыроды правадніка, стану яго паверхні і можа дасягаць некалькіх вольт. На існаванні К.р.п. грунтуецца работа важнейшых элементаў паўправадніковай электронікі: p—n пераходаў і кантактаў метал—паўправаднік; яна выкарыстоўваецца для прамога пераўтварэння цеплавой энергіі ў электрычную; яе трэба ўлічваць пры канструяванні электравакуумных прылад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЛО́ТНА-ШЧО́ЛАЧНАЯ РАЎНАВА́ГА,
адноснае пастаянства вадароднага паказчыка (pH) унутр. асяроддзя арганізма. У жывёл рэгулюецца фізіка-хім. (буферныя сістэмы крыві і тканак) і фізіял. (дыханне, выдзяленне) механізмамі. Абумоўлівае нармальны ход працэсаў жыццядзейнасці (гл.Гамеастаз). У норме pH крыві чалавека 7,37—7,45, тканкавых вадкасцей 7,1—7,4. Памяншэнне pH крыві ніжэй за 7 (ацыдоз) ці павелічэнне больш за 7,8 (алкалоз) прыводзяць да смерці. У раслін рэгуляцыя К.-ш. р. ажыццяўляецца функцыянаваннем пратоннай помпы, што выпампоўвае з клеткі лішак H+-іонаў праз плазмалему з затратай энергіі АТФ, а таксама балансам карбаксіліруючых (падкісляючых) і дэкарбаксіліруючых (падшчалочваючых) ферментаў і сістэмай буфераў (арган. кіслоты, бялкі, карбанаты, фасфаты). pH цытаплазмы 6—7,5; pH вакуолі 5—6.
Літ.:
Робинсон Дж. Р. Основы регуляции кислотно-щелочного равновесия: Пер. с англ.М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАБАПАДО́БНАЯ ТУМА́ННАСЦЬ,
галактычная туманнасць, вынік успышкі ў 1054 звышновай зоркі ў сузор’і Цяльца. Утварылася са знешніх слаёў зоркі, што рассеяліся ў прасторы. Назва туманнасці звязана з яе формай, якая падобна на панцыр краба. Адлегласць да К.т. 7000 св. гадоў; памеры 5-10 св. гадоў. Расшыраецца са скорасцю 1100 км/с. Маса газу, што ўваходзіць у К.т., каля 0,1 масы Сонца; сярэдняя шчыльнасць 5∙10−18кг/м³. У цэнтры К.т. знаходзіцца пульсар, у які ператварылася зорка, што ўспыхнула. К.т. — адзін з нешматлікіх астр. аб’ектаў, ад якіх ідзе эл.-магн. выпрамяненне ва ўсім спектры, ад радыё- да рэнтгенаўскага і гамадыяпазону. Да гэтай пары К.т. губляе ў 100 тыс. разоў болей энергіі за секунду, чым Сонца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ МАНІТО́РЫНГ,
міжнародная сістэма сачэння за шырокамаштабнымі, у т. л. агульнапланетарнымі, працэсамі і з’явамі ў біясферы, уключаючы антрапагенныя ўздзеянні на прыроду і іх вынікі, якая ствараецца і развіваецца на базе міжнар. пагадненняў і праграм навук. даследаванняў. Складае арганізац. аснову глабальнага, а таксама базавага, біясфернага і рэгіянальнага маніторынгу (гл. адпаведныя арт.). Агульную ч. глабальнага маніторынгу ажыццяўляе Сусв. метэаралагічная арг-цыя, галіновыя раздзелы — Міжнар. агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), Міжнар. саюз аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП), Сусв.арг-цыя аховы здароўя, ЮНЕСКА (праграмы «Чалавек і біясфера», «ЮНЕСКА—Чарнобыль»), Міжнар.арг-цыя па пытаннях сельскай гаспадаркі і харчавання, міжнар. служба назіранняў за станам Сусв. акіяна і інш. Намаганні па стварэнні сістэмы М.м. каардынуе Міжнародная Праграма ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПАКАЙЧЫ́ЦКІ (Анатоль Рыгоравіч) (н. 17.10.1927, г. Магілёў),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1987). Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1957). З 1961 у Ін-це фізікі АН Беларусі. З 1965 у Магілёўскім маш.-буд. ін-це (з 1968 прарэктар), з 1970 у Ін-це прыкладной оптыкі Нац.АН Беларусі (заг. лабараторыі). Навук. працы па спектраскапіі і фізіцы плазмы, па даследаванні лакальных тэрмахім. і структурных пераўтварэнняў аксідаў металаў і іх кампазіцый пад уздзеяннем высокаканцэнтраваных патокаў энергіі.
Тв.:
О механизме поступления вещества в источниках света для спектрального анализа (разам з А.А.Янкоўскім) // Журн. прикладной спектроскопии. 1965. Т. 2, вып. 3;
Локальная кристаллизация титансодержащих стекол под действием лазерного излучения (у сааўт.) // Физика и химия стекла. 1991. Т. 17, № 2.
паслядоўнасць ферментатыўных рэакцый акіслення глюкоза-6-фасфату да вуглякіслага газу і вады. Адбываецца ў цытаплазме жывых клетак і суправаджаецца ўтварэннем адноўленага каферменту нікацінамідадэніндынуклеатыдфасфату (НАДФ∙H).
Агульнае ўраўненне П.ц.: 6 глюкоза-6-фасфат + 12 НАДФ = 6 CO2 + 12 НАДФ∙H + 12H+ + 5 глюкоза-6-фасфат + H3PO4. Звычайна не выкарыстоўваецца клеткай для атрымання энергіі, таму што не з’яўляецца асн. шляхам абмену глюкозы. Біял. значэнне П.ц. — забеспячэнне клеткі адноўленым НАДФ, неабходным для біясінтэзу тлустых к-т, халестэрыну, стэроідных гармонаў, пурынаў і інш.найважн. злучэнняў. Выяўлены ў жывёл, раслін, мікраарганізмаў. У млекакормячых высокая актыўнасць П.ц. выяўляецца ў печані, кары наднырачнікаў, тлушчавай тканцы, малочнай залозе ў перыяд лактацыі і ў эмбрыянальных тканках, нізкая — у сардэчнай і шкілетных мышцах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЯНЁВАЯ ЗБРО́Я, лазерная зброя,
від зброі, заснаваны на выкарыстанні лазернага выпрамянення з мэтай паражэння людзей, узбраення і ваен. тэхнікі. Асн. характарыстыкі: імгненнае паражэнне цэлі, вялікая далёкасць паражэння (200—2 тыс.км), колькасць энергіі пры адным выстрале каля 200 МДж (эквівалентна 50 кг зараду трынітраталуолу). Асн. паражальныя фактары: цеплавое ўздзеянне, дынамічны ўдар, светлавое і эл.-магн. выпрамяненне. Найб. эфектыўная П.з. для паражэння паліўных бакаў міжкантынент. балістычных ракет, лятальных апаратаў і інш. Адрозніваюць непасрэднае паражэнне П.з. (за кошт награвання, плаўлення і выпарэння) і функцыян. (уздзеянне на асобныя сістэмы аб’ектаў). Асн. тыпы лазераў, якія могуць выкарыстоўвацца ў П.з.: хімічныя на фторыстым вадародзе і фторыстым дэйтэрыі, кіслародна-ёдзістыя на свабодных электронах, рэнтгенаўскія з напампоўкай ад ядз. выбуху і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНАЕ ПА́ЛІВА,
паліва для ракетных рухавікоў рэчыва ці сукупнасць рэчываў, якія выкарыстоўваюцца ў ракетных рухавіках у якасці крыніцы энергіі і рабочага цела для стварэння рухальнай сілы.
Паводле прызначэння і тыпу рухавікоў адрозніваюць вадкае, гелепадобнае, цвёрдае, гібрыднае (двухкампанентнае Р.п., у якім адзін кампанент цвёрды, другі — вадкі). Найб. пашырана Р.п. вадкае і цвёрдае. ВадкаеР.п. бывае адна-. двух- і шматкампанентнае. Двухкампанентнае мае гаручае (вадкі вадарод, газу, дыметылгідразін і інш.) і акісляльнік (вадкія кісларод, фтор, хлор, тэтрааксід дыазоту і інш.). ЦвёрдаеР.п. падзяляюць на балістычнае (гл.Балістыты) і сумесевыя цвёрдыя Р.п. (гл.Порах). Цвёрдае Р.п., у адрозненне ад вадкага, можа захоўвацца доўгі час (не патрабуецца папярэдняя запраўка рухавіка перад стартам). Выкарыстоўваюць Р.п. ў касм., авіяц., ваен. і інш. галінах тэхнікі.