ГАРГА́НА (Gargano),
паўвостраў на ПдУ Італіі, частка Апенінскага паўвострава. Удаецца ў Адрыятычнае м. Берагі парэзаны слаба. Гарысты, выш. да 1056 м (г. Монтэ-Кальва), акаймаваны прыморскай нізінай. Складзены з мезазойскіх даламітаў і вапнякоў; развіты карст. Радовішчы баксітаў. Клімат субтрапічны міжземнаморскі. Дубовыя і хваёвыя лясы, міжземнаморскія хмызнякі. Сады, вінаграднікі.
т. 5, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАБІ́Н,
бялковая частка гемаглабіну. Сувязь паміж гемам і глабінам устойлівая, разбураецца толькі ў кіслым асяроддзі. Пасля адшчаплення гема бялок траціць натыўныя якасці. Скорасць сінтэзу глабіну ў арганізме вельмі вялікая, што звязана з інтэнсіўным аднаўленнем эрытрацытаў. Генетычна абумоўленыя анамаліі ў сінтэзе глабіну вызначаюць некаторыя хваробы крыві (серпападобнаклетачную анемію і інш.).
т. 5, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛУ́МБУС (Columbus),
горад на ПдУ ЗША, на р. Чатахучы, у штаце Джорджыя. Засн. ў 1828. 186,5 тыс. ж., з прыгарадамі (частка іх у штаце Алабама) каля 300 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт. Аэрапорт. Прам-сць: харч., тэкст., швейная, чыгуналіцейная, тэкст. машынабудаванне, вытв-сць электрабыт. прылад.
т. 7, с. 487
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЛІ́ЙСКАЕ ГІ́РЛА,
паўночны, самы мнагаводны (каля 70% сцёку) рукаў дэльты р. Дунай, упадае ў Чорнае мора. Даўж. 116 км, шыр. да 1,2 км. Рэчышча абвалаванае. Па К.г. праходзіць участак мяжы паміж Украінай і Румыніяй. Частка К.г. — у складзе запаведніка Дунайскія Плаўні. Парты — Ізмаіл (пач. марскога суднаходства), Кілія, Вілкава (Украіна).
т. 8, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЙН (Line),
падводныя горы ў Ціхім ак., частка сістэмы Цэнтральна-Ціхаакіянскіх горных падняццяў. Працягваюцца ад атола Джонстан да а-воў Туамоту. Даўж. 3400 км, шыр. да 200 км, падножжа на глыб. каля 5000 м. Найменшая глыб. над грэбенем 640 м. Найб. высокія вяршыні вулканічнага паходжання ўтвараюць а-вы Лайн.
т. 9, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЎСАНА БЕ́РАГ (Mawson Coast),
краявая частка ледавіковага покрыва цэнтр. і зах. ч. ўзбярэжжа Зямлі Мак-Робертсана ва Усх. Антарктыдзе. Абмываецца м. Садружнасці. Выш. да 1000—1500 м. Шмат выхадаў карэнных парод. Адкрыты Брытанска-аўстрала-новазеландскай антарктычнай экспедыцыяй у 1930. Названы ў гонар Д.Моўсана. На М.Б. аўстрал. навук. станцыя Моўсан.
т. 10, с. 530
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́МЯВАЯ ВА́ДКАСЦЬ,
вадкая частка спермы, якая мае сакрэты, што выпрацоўваюцца семянніком і дапаможнымі залозамі мужч. палавой сістэмы. Выдзяляецца ў аб’ёме 2—10 мл. Мае пажыўныя рэчывы для сперматазоідаў, буферныя сістэмы з фасфатаў і карбанатаў, слізі, якія аблягчаюць праходжанне спермы па палавых шляхах самкі, і клетачныя элементы.
А.С.Леанцюк.
т. 14, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІВАПІТЭ́КІ (Sivapithecus),
род выкапнёвых чалавекападобных малпаў. Касцяныя рэшткі С. (верхнія і ніжнія сківіцы і зубы) знойдзены ў міяцэнавых слаях гор Сівалік у Індыі і Усх. Афрыцы. Пры даследаванні рэшткаў С. выяўлена падабенства іх з выкапнёвымі вышэйшымі малпамі — дрыяпітэкамі, а таксама з сучасным арангутанам. Частка даследчыкаў лічыць С. продкамі арангутана.
т. 14, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАЛО́ДАК,
акалотак, 1) у Рас. імперыі частка (раён) горада, якая замацоўвалася за паліцэйскім чынам (акалодачным наглядчыкам) для адм. і паліт. нагляду за насельніцтвам. Сістэма акалодачнага паліцэйскага нагляду ўведзена паводле паліцэйскай рэформы 1862, была адным з яе элементаў; існавала да 1917.
2) Лекарскі пункт пры вайсковых часцях, падраздзяленнях, лазарэтах у царскай арміі.
т. 1, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІЯТЭНЗІ́Н, ангіятанін, гіпертэнзін,
біялагічна актыўнае рэчыва, што павышае крывяны ціск. Поліпептыд, складаецца з некалькіх амінакіслот, утвараецца з ангіятэнзінагену, які намнажаецца ў крывяной плазме пры недастатковым забеспячэнні нырак крывёю; састаўная частка рэнін-ангіятэнзінавай сістэмы, што ўдзельнічае ў рэгуляванні тонусу сасудаў. Сінтэзаваны біял. актыўныя аналагі натуральнага ангіятэнзіну, якія выкарыстоўваюцца як лек. сродкі.
т. 1, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)