майстэрня для прыгатавання воску і вырабу з яго рэчаў, пераважна свечак. На Беларусі вядома з 16 ст. Звычайна невял. драўлянае збудаванне з каменнай або цаглянай печчу, у якую ўмуроўвалі кацёл для плаўкі воску. Расплаўлены воск выцякаў па спец. латаку і запаўняў разнастайныя формы. Свечкі рабілі абліваннем або аблепліваннем кнота воскам, працягваннем кнота праз ванну з воскам, адліўкай, прасаваннем. Паводле дакументаў 16—18 ст., васкабойні існавалі ў Полацку, Мінску, Оршы, Слуцку і інш. гарадах, мястэчках, фальварках, манастырах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЁЛЬФЛІН ((Wölfflin) Генрых) (21.6.1864, г. Вінтэртур, Швейцарыя — 19.7.1945),
швейцарскі мастацтвазнавец. Праф. ун-таў у Базелі (1893), Берліне (1901), Мюнхене (1912), Цюрыху (1924). Распрацаваў методыку аналізу маст. стылю, якая ў ранніх працах Вёльфліна служыла для даследавання «псіхалогіі эпохі» («Рэнесанс і барока», 1888; «Класічнае мастацтва», 1899). Пазней усё больш звужаў задачы аналізу твораў маст. азначэннем «метадаў бачання», набліжаючы да іх характарыстыку мастацтва розных эпох і народаў («Асноўныя паняцці гісторыі мастацтва», 1915; «Італія і нямецкае адчуванне формы», 1931).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ТАВЫ КА́МЕНЬ,
прыродныя або штучна атрыманыя буйныя кавалкі няправільнай формы (з даўж. рабра 150—500 мм) з вапнякоў, даламітаў, пясчанікаў, радзей з гранітаў. Разнастайнасць — камень для бруку (з даўж. рабра да 300 мм). Бутавы камень бывае нізкатрывалы (трываласць да 100 МПа), сярэднетрывалы (да 400 МПа) і высокатрывалы (больш за 500 МПа); у залежнасці ад умоў эксплуатацыі павінен вытрымліваць ад 15 да 300 цыклаў замарожвання. Выкарыстоўваецца пры буд-ве фундаментаў, сцен, дарог, дапаможных і гідратэхн. збудаванняў, каналізацыйных каналаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭ́РА ЗАЛАТА́Я, цукроўка двайная,
сорт грушы народнай селекцыі. На Беларусі рэкамендаваны ў прысядзібным садаводстве, акрамя Віцебскай вобл.
Дрэва сярэднярослае, крона круглавата-пірамідальная, густая. Плоданашэнне пачынаецца на 5—6-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, ураджайны, амаль не пашкоджваецца хваробамі. Плады сярэдняй велічыні (да 90 г), кароткаўсечана-канічнай формы. Скурка тонкая, гладкая, залаціста-жоўтая з інтэнсіўным румянцам чырванавата-бурага колеру амаль на ўсім плодзе. Мякаць белая, сакаўная, вельмі салодкая, добрага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў сярэдзіне жніўня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКАВЫ́ ХРЫБЕ́Т,
горны хрыбет у сістэме Вял. Каўказа. Цягнецца з паўн. боку паралельна Галоўнаму (Водападзельнаму) хрыбту. Складаецца з асобных масіваў, падзеленых вярхоўямі рэк паўн. схілу Вял. Каўказа. Выш. да 5642 м (г. Эльбрус). Да Бабакога хрыбта адносяцца самыя высокія вяршыні Вял. Каўказа: Дыхтау (5203 м), Казбек (5033 м), Тэбуласмта (4493 м) і інш. Складзены з асадкавых парод, крышт. і гліністых сланцаў, гранітаў. У грабянёвай частцы альпійскія формы рэльефу. Хвойныя лясы, высакагорныя лугі. У цэнтр. частцы ледавікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́МЕТР (ад грэч. bolē прамень + ...метр),
прылада для вымярэння энергіі эл.-магн. выпрамянення. Асн. частка — тэрмаадчувальны элемент, эл. супраціўленне якога мяняецца пад уздзеяннем выпрамянення.
Бываюць балометры металічныя (тонкія чэрненыя метал. плёнкі), паўправадніковыя (гл.Тэрмарэзістар) і дыэлектрычныя (слаі сегнетаэлектрыкаў або аксідаў тытану ці крэмнію). Створаны звышправодныя балометры. Памеры і формы адчувальнага элемента вызначаюцца прыродай крыніцы выпрамянення; для спектральных вымярэнняў вырабляецца з 2 аднолькавых палосак (выпрамяненне накіроўваецца толькі на адну). Выкарыстоўваюцца балометры ў інфрачырв. спектраметрыі, радыё- і піраметрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЦІНА (ад братчына — калектыўнае частаванне),
пасудзіна шарападобнай ці пукатай формы, часта з нізкім паддонам і конусападобным вечкам. Выкарыстоўвалася пераважна пры святочных застоллях, на памінках і інш. На Беларусі медныя і драўляныя браціны бытавалі ў 16—18 ст. Залатыя і сярэбраныя браціны з гравіраваным ці чаканеным арнаментам вядомы ў Расіі ў 16—17 ст., медныя і драўляныя — у нар. побыце 16—19 ст. У 19—20 ст. браціна — дэкаратыўны посуд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ГА-ДНЯСТРО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён эпохі неаліту, якія ў 6—4-м тыс. да н.э. насялялі парэчча Паўд. Буга і Днястра. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, часткова жывёлагадоўляй і земляробствам, жыло на невял. неўмацаваных паселішчах у наземных жытлах (пл. 12—36 м²). Асн.формы керамікі — вастрадонныя гаршкі, міскі, бомбападобныя пасудзіны з наляпнымі валікамі, арнаментаваныя «шышачкамі», пальцавымі зашчыпамі, хвалістымі стужачнымі кампазіцыямі, на познім этапе — грабеньчатым штампам. На думку даследчыкаў, Буга-Дняпроўская культура — адзін з этапаў фарміравання трыпольскай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМА́ЦІ (Amati),
італьянскія майстры смычковых інструментаў. Працавалі ў Крэмоне. Андрэа (каля 1520 — каля 1580) — заснавальнік крэмонскай школы. Упершыню вызначыў падбор дрэва і стварыў класічны тып скрыпкі з яркім серабрыстым, але не моцным гучаннем. Яго сыны — Антоніо (1540 — пасля 1600) і Джыралама (1561—1680) часта працавалі разам. Іх інструменты больш вытанчанай формы. Найб. вядомы Нікала Амаці (3.12.1596 — 12.4.1684), сын і вучань Джыралама. Стварыў новую мадэль скрыпкі «Гранд Амаці» з дасканалымі формамі, прыгожым моцным гукам. Сярод яго вучняў — А.Гварнеры, А.Страдывары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМБРАЗУ́РА (франц. embrasure),
прамавугольная, арачная або круглая адтуліна ў сценах абарончага збудавання, бранявежах для вядзення агню з гармат, кулямётаў, мінамётаў, а таксама для назірання за праціўнікам. Формы і памеры амбразуры залежаць, ад віду зброі, сектара абстрэлу (назірання), умоў стральбы. Іншы раз для закрыцця амбразуры, калі праз яе не вядуць агонь (назіраюць), ставяць бранявую засланку. У бел. абарончым дойлідстве вядома з 16 ст. (у Гродзенскім Старым, Мірскім замках, Брэсцкай і Бабруйскай крэпасцях і інш.). Гл. таксама Байніца.