АРМЯ́НСКАЕ ПІСЬМО́,

алфавітная сістэма, створаная каля 406 арм. епіскапам Месропам Маштоцам. Узнікненне армянскага пісьма было выклікана распаўсюджаннем хрысціянства (прынята армянамі ў 301) і неабходнасцю мець богаслужэбную л-ру на арм. мове. Армянскае пісьмо мае фанематычны характар. Першапачаткова алфавіт складаўся з 36 знакаў (кожны абазначаў асобную фанему), у 12 ст. дапоўнена 2 новымі літарамі. У такім складзе выкарыстоўваецца для перадачы сучаснай арм. мовы. Да пераходу на арабскія лічбы літары мелі і лічбавае значэнне. Кірунак пісьма злева направа, літарныя знакі запісваліся асобна. У якасці вытокаў армянскага пісьма разглядаецца грэч.-візантыйскае, сірыйскае і арамейскае пісьмо, аднак адназначнага рашэння гэтае спрэчнае пытанне не знайшло.

А.​А.​Кожынава.

Армянскае пісьмо.

т. 1, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЕ́РА (італьян. galera),

драўлянае вёславае ваен. судна. Створана ў 7 ст. венецыянцамі. У Еўропе пашырана ў 7—18 ст. У Расіі з’явілася ў канцы 17 — пач. 18 ст. пры Пятру I. Даўж. 40—60 м, шыр. 4—7,5 м, асадка да 2 м, адзін рад вёслаў (16—32 на борт), скорасць пад вёсламі да 7 вузлоў (12,96 км/гадз), экіпаж да 450 чал. У якасці дапаможнага рухача на 1—2 мачтах галеры ставіліся косыя, т.зв. «лацінскія», парусы. Асн. зброяй да сярэдзіны 14 ст. былі надводны таран, кідальныя машыны, арбалеты, потым — гарматы. Існавалі таксама т.зв. конныя галеры для перавозкі коней.

Галера.

т. 4, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРБАКСІЛА́ТНЫЯ КАЎЧУКІ́, карбаксілзмяшчальныя каўчукі,

сінтэтычныя каўчукі, макрамалекулы якіх маюць карбаксільныя групы (—COOH).

Аморфныя, не крышталізуюцца пры расцяжэнні, шчыльн. 930—970 кг/м³ (у залежнасці ад саставу). Атрымліваюць эмульсійнай супалімерызацыяй ізапрэну ці бутадыену (або яго сумесей са стыролам, α-метылстыролам і інш.) з ненасычанымі карбонавымі к-тамі, пераважна метакрылавай кіслатой (1—5%). Здольныя вулканізавацца (з-за наяўнасці COOH-груп) аксідамі і гідраксідамі двухвалентных металаў (напр., цынку, магнію). Гума з К.к. вызначаецца высокімі супраціўленнем разрастанню трэшчын пры шматразовых выгібах, цепла- і зносаўстойлівасцю, устойлівасцю да цеплавога старэння. Выкарыстоўваюць для вырабу шыннага пратэктара, велакамер, нізу гумавага абутку, у якасці заменніка натуральнай скуры (у кампазіцыі з полівінілавым спіртам).

т. 8, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНАМО́ТА,

1-я дынастыя сёгунаў — правіцеляў Японіі ў 12—14 ст. Заснавана Ёрытома М., які перамог у 1185 князёў на чале з Тайра Кіёморы і ў 1192 прыняў тытул сёгуна (вярх. военачальніка). Усталяванне ўлады М. азначала ўзвышэнне новай ваен. арыстакратыі над старой на чале з імператарам, б.ч. зямель якой Ёрытома размеркаваў паміж сваімі прыхільнікамі. Быў створаны сёгунскі ўрад — бакуфу. Але ўлада імператараў намінальна захоўвалася, і сёгуны фармальна дзейнічалі ад іх імя. З пач. 12 ст. рэальная ўлада апынулася ў руках роднаснага М. клана Ходзё, прадстаўнікі якога кіравалі краінай у якасці рэгентаў (сікэнаў). У 1333 Ніта Ёсісада скінуў апошняга сёгуна М., і да ўлады прыйшла дынастыя сёгунаў Асікага.

т. 10, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРУ́ШКА Сяргей Антонавіч (н. 6.4.1940, в. Палянічыцы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Д-р с.-г. н. (1993). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1962). У 1969—72 і з 1982 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі (заг. лабараторыі). Навук. працы па эфектыўных кірунках развіцця жывёлагадоўлі, расплоджванні, селекцыі, удасканаленні і стварэнні новых парод мясной буйн. раг. жывёлы.

Тв.:

Методыка ацэнкі быкоў мясных парод па якасці патомства (разам з В.​С.​Антанюком, В.​Н.​Сырычавым) // Весці АН БССР. Сер. с.-г. навук. 1987. № 3;

К вопросу о развитии мясного скотоводства в Белорусской ССР (разам з У.​І.​Шляхтуновым) // Науч.-техн. бюл. Харьков, 1989. № 48.

т. 13, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМЯНЕ́НКА Мікалай Мікалаевіч (н. 4.1.1939, в. Ходараў Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне глебазнаўства і аграхіміі. Д-р с.-г. н. (1992), праф. (2000). Скончыў БСГА (1968). З 1970 у Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі, з 1993 вучоны сакратар Акадэміі агр. навук Беларусі, з 2001 у Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства. Навук. працы па тэарэт. асновах і метадах кіравання рэжымам мінер. жыўлення с.-г. культур з выкарыстаннем ізатопаў, праблемах зберажэння энергарэсурсаў, земляробчай экалогіі, павышэнні якасці с.г. прадукцыі.

Тв.:

Азот в земледелии Беларуси. Мн., 1997 (разам з М.​У.​Неўмяржыцкім);

Интегрированные технологии — одно из перспективных направлений повышения эффективности земледелия // Агроэкономика. 1998. № 6.

т. 14, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯНУКО́ВІЧ Генрых Іосіфавіч (н. 30.5.1936, в. Загацце Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Канд. тэхн. н. (1976), праф. (1994). Выдатнік адукацыі Беларусі (1994). Скончыў Бел. ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (1966). З 1966 у Бел. аграрным тэхн. ун-це (у 1981—98 дэкан ф-та). Навук. працы па эксплуатацыі і рамонце с.-г. электраабсталявання, пытаннях паляпшэння якасці напружання ў сельскіх эл. сетках. Распрацаваў новы від трансфарматара з сіметрычнай формай крывой напружання.

Тв.:

Электроснабжение сельскохозяйственных потребителей. Мн., 2000 (разам з В.​П.​Шчасным);

Эксплуатация и ремонт сельскохозяйственного электрооборудования. Мн., 2000 (у сааўт.).

Л.​В.​Бароўка.

т. 18, кн. 1, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕТЭ́ЛЬ,

1) кустовая трапічная расліна — перац бетэль (Piper betle) з сям. перцавых. Пашыраны ў Інданезіі. Разводзіцца ў трапічнай Азіі. Выкарыстоўваюць як узбуджальны наркатычны і лек. (танізоўны, антысептычны) сродак, мае востры эфірны алей.

2) Сумесь вострага на смак лісця і пладоў перцу бетэлю з пэўнымі дамешкамі, якую мясц. жыхары ўжываюць для жавання свежай або ў выглядзе масцікі для танізавання і ўзбуджэння нерв. сістэмы. У якасці дамешкаў ідуць кавалкі насення арэкавай пальмы з невял. колькасцю нягашанай вапны (для нейтралізацыі к-т, якія мае лісце). Поласць рота, язык, дзясны і сліна афарбоўваюцца ў крывава-чырвоны колер, зубы чарнеюць.

т. 3, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАМАРА́Н (тамільскае, літар. звязаныя бярвёны),

1) плыт для кароткіх зносін і рыбнай лоўлі ў народаў азіяцкага ўзбярэжжа Інд. ак. і прылеглых астравоў, а таксама астравоў Ціхага ак. і Паўд. Амерыкі. Перамяшчаецца з дапамогай вёслаў або ветразяў.

2) Невял. грабное або ветразевае судна з некалькіх выдзеўбаных і завостраных з канцоў бярвён, злучаных масткамі.

3) Сучаснае марское або рачное судна (грузавое, рыбалоўнае, пасажырскае, буксірнае, спартыўнае) з двума злучанымі (палубай або фермамі) у верх. ч. паралельнымі карпусамі. Мае добрую астойлівасць і мараходныя якасці, вял. палубу. К. наз. таксама аднакорпуснае судна з паплаўкамі-балансірамі па баках.

т. 8, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭДЫ́Т ВЭ́КСАЛЬНЫ,

крэдытная аперацыя, якая ўяўляе сабой куплю вэксаля да надыходу тэрміну плацяжу па ім (улік вэксаля). Пры К.в. пакупнік вэксаля (звычайна камерцыйны банк або банкаўская кантора) датэрмінова выплачвае (крэдытуе) яго трымальніку суму, на якую выпісаны вэксаль, за вылікам працэнтаў, памер якіх вызначаецца пагадненнем бакоў на базе існуючага працэнта за крэдытны капітал у залежнасці ад якасці і тэрміну вэксаля. Пры гэтым пакупнік вэксаля атрымлівае прыбытак за кошт розніцы паміж сумай, якую ён атрымае ў выпадку аплаты вэксаля абавязанай асобай, і сумай, выплачанай пры К.в. Звычайна да ўліку прымаюцца вэксалі, што ўтрымліваюць абавязацельствы фірм, плацежаздольнасць якіх гарантавана.

т. 8, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)