ЗАСЦЕРАГА́ЛЬНЫ ЭКРА́ННЫ ФІЛЬТР,
сродак радыяцыйнай засцярогі людзей (ці інш. біял. аб’ектаў) ад шкодных выпрамяненняў дысплеяў, тэлевізараў і інш. У напрамку да карыстальніка змяншае інтэнсіўнасць эл.магн. выпрамянення (у т. л. рэнтгенаўскага, ультрафіялетавага, інфрачырвонага, радыёчастотнага), узровень эл. статычнага поля, інтэнсіўнасць люстраных блікаў, павялічвае кантраст (выразнасць) відарысаў. Уяўляе сабой пласціну са шкла ці пластмасы са спец. дамешкамі, пакрытую спец. саставам. Гл. таксама Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення.
т. 7, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МБІНСКІ БОЙ 1943,
бой 1-й Антыфашысцкай партыз. брыгады (камандзір У.У.Гіль-Радзіёнаў) супраць ням.-фаш. паліцэйскага гарнізона ў в. Зембін Барысаўскага р-на Мінскай вобл. 21.3.1943 у Вял. Айч. вайну. За 8 гадзін бою партызаны пры падтрымцы брыгад «Дзядзькі Колі» і «Смерць фашызму» знішчылі З дзоты, спалілі склады з боепрыпасамі і прадуктамі. На дапамогу гарнізону прабілася механіз. калона гітлераўцаў, таму партызаны вымушаны былі адысці.
т. 7, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯНЬЦЗЮ́НЬСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ, Няньданскае паўстанне,
паўстанне ў Кітаі ў 1852—68 супраць маньчжурскай дынастыі Цын. Арганізавана членамі тайных т-ваў «нянь» (кіт. жгут з прамасленай паперы, таксама саюз, таварыства). Пачалося ў ліст. 1852 на Пн прав. Аньхой пад кіраўніцтвам Чжан Ласіна. У 1855—56 партыз. атрады паўстанцаў дзейнічалі на тэр. правінцый Аньхой, Цзянсу і Хэнань, з 1857 сумесна з тайпінамі (гл. Тайпінскае паўстанне). Канчаткова задушана ў жн. 1868.
т. 11, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКІДА́ННЕ Ў НЕБЯСПЕ́ЦЫ ў крымінальным праве,
адно са злачынстваў супраць асобы. Выражаецца ў заведамым пакіданні без неадкладнай дапамогі асобы, якая знаходзіцца ў небяспечным для жыцця або здароўя становішчы і пазбаўлена магчымасці да самааховы з прычыны малалецтва, старасці, хваробы або сваёй бездапаможнасці ў выпадках, калі вінаваты меў магчымасць аказаць дапамогу гэтай асобе і быў абавязаны гэта зрабіць ці сам паставіў яе ў небяспечнае для жыцця або здароўя становішча.
т. 11, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБАНІ́Д,
апошні цар Вавілонскага царства, правіў у 556—539 да н.э. Паходзіў з арамеяў. Захапіў прастол пасля смерці цара Лабашы-Мардука. Імкнуўся аб’яднаць усе арамейскія плямёны Пярэдняй Азіі ў адзіную дзяржаву для барацьбы супраць Персіі. Заваяваў г. Тайма ў цэнтр. Аравіі і перанёс туды сваю рэзідэнцыю, намеснікам Вавілоніі пакінуў свайго сына Валтасара. Праводзіў рэліг. рэформы. У 539 Вавілонію захапілі персы, Н. трапіў у палон і загінуў.
т. 11, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НЛІЙ КАПІТАЛІ́ЙСКІ (Марк) (Marcus Manlius Capitolinus; ? — 384 да н.э.),
старажытнарымскі палкаводзец, консул (392 да н.э.), патрыцый. Камандаваў рым. войскамі ў вайне з эквамі (392 да н.э.), выратаваў Капітолій ад галаў (387 да н.э., адсюль ганаровае імя Капіталійскі). У 385 да н.э. выступіў у абарону плебеяў, у т. л. супраць даўгавога рабства. У 384 да н.э. абвінавачаны патрыцыямі ў імкненні да тыраніі і скінуты з Тарпейскай скалы.
т. 10, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІЛО́ДАЧНЫЯ СІ́ЛЫ,
агульная назва падводных і надводных караблёў, лятальных апаратаў ВМФ (ВМС), прызначаных для вядзення баявых дзеянняў супраць падводных лодак. П.с. наз. і фарміраванні разнародных сіл флоту, вылучаных у марской аперацыі для вядзення барацьбы з падводнымі лодкамі праціўніка. П.с. дзейнічаюць у зададзеных раёнах, на процілодачных рубяжах, выкарыстоўваюцца з мэтай процілодачнага забеспячэння караблёў (суднаў) пры іх пераходзе морам і інш. Гл. таксама Процілодачная авіяцыя, Процілодачны карабель.
т. 13, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ ПАСО́ЛЬСТВА,
дыпламатычная місія Расіі ў краіны Зах. Еўропы ў 1697—98. Мела на мэце ўмацаванне і пашырэнне саюзу Расіі з еўрап. дзяржавамі для барацьбы супраць Турцыі за паўн. ўзбярэжжа Чорнага м., запрашэнне на рус. службу спецыялістаў, заказ і закуп ваен. матэрыялаў і ўзбраення. Афіцыйна ўзначальвалася «вялікімі пасламі» Ф.Я.Лефортам, Ф.А.Галавіным, П.Б.Вазніцыным, фактычна — Пятром I (знаходзіўся ў яго складзе пад імем Пятра Міхайлавіча). У Курляндыі Пётр I вёў перагаворы з герцагам, у Кёнігсбергу заключыў саюз з брандэнбургскім курфюрстам, у Галандыі Вялікае пасольства абмежавалася закупкай амуніцыі і наймам спецыялістаў. Пётр I з часткай пасольства на 3 мес. выязджаў у Англію, дзе вёў перагаворы з англ. каралём Вільгельмам III, знаёміўся з суднабудаваннем і артыл. справай. Вялікае пасольства вяло безвыніковыя перагаворы ў Вене, каб папярэдзіць заключэнне сепаратнага міру Аўстрыі з Турцыяй. Па дарозе ў Расію Пётр I правёў з польск. каралём Аўгустам II перагаворы, якія заклалі аснову будучага саюзу супраць Швецыі.
Літ.:
Молчанов Н.Н. Дипломатия Петра Великого. 3 изд. М., 1990. С. 67—119.
т. 4, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГ (George),
імя англ. каралёў у 20 ст. Найб. значныя прадстаўнікі:
Георг I (7.6.1660, г. Гановер, Германія — 22.6.1727), кароль [1714—27], курфюрст гановерскі з 1698, першы прадстаўнік Гановерскай дынастыі. Быў далёкі ад культуры і нац. інтарэсаў Англіі, мала цікавіўся англ. палітыкай, што дало магчымасць правячай партыі вігаў умацаваць самастойнасць парламента ў адносінах да кароны.
Георг III (4.6.1738, Лондан — 29.1.1820), кароль [1760—1820], у 1760—1815 курфюрст, потым кароль гановерскі. У парламенце абапіраўся на торы, адцясняў вігаў ад кіравання дзяржавай. Праводзіў жорсткую каланіяльную палітыку. Удзельнічаў у барацьбе еўрап. манархій супраць франц. рэвалюцыі 1789—99 і арганізацыі кааліцыі супраць Напалеона. У сувязі з псіхічнай хваробай да Георга III у 1811 прызначаны рэгент прынц Уэльскі (фактычна правіў з перапынкамі з 1788; з 1820 кароль Георг IV).
Георг IV (12.8.1762, Лондан — 26.6.1830), кароль [1820—30], адначасова кароль гановерскі; у 1811—20 прынц-рэгент. Падтрымліваў антыдэмакр. курс урада торы. Актыўны прыхільнік палітыкі Свяшчэннага саюза. Пры ім задушаны нац. рух у Ірландыі.
Георг V (3.6.1865, Лондан — 20.1.1936), кароль [1910—36], прадстаўнік Сакс-Кобург-Гоцкай дынастыі, перайменаванай у 1917 у Віндзорскую дынастыю. Значнай ролі ў паліт. жыцці Вялікабрытаніі не адыгрываў.
т. 5, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІУДЗЕ́ЙСКАЯ ВАЙНА́ 66—73,
антырымскае паўстанне ў Іудзеі. Выклікана злоўжываннямі рым. пракуратара Флора. Паўстанне ўзначалілі рэліг.-паліт. групоўкі: зелоты, якія змагаліся супраць Рыма з пазіцый рэліг. фанатызму, і сікарыі — змагары супраць рабства і за сац. роўнасць. Паўстанцы авалодалі Іерусалімам, уласна Іудзеяй, Галілеяй і інш. тэрыторыямі, адбілі першы карны паход рымлян (ліст. 66). Аднак у 67—68 моцнае рым. войска на чале з Веспасіянам захапіла Галілею і б.ч. Іудзеі. Галілейскі палкаводзец Іосеф бен Матыт’яху (Іосіф Флавій) трапіў у палон і перайшоў на бок рымлян. Правадыр галілейскіх зелотаў Іаханан (Іаан) з Гісхалы са сваім атрадам зрабіўся ў Іерусалім і там узначаліў кіраўніцтва паўстаннем. Пасля абвяшчэння Веспасіяна імператарам (69) на чале рым. войска стаў яго сын Ціт, які выкарыстаў міжусобную барацьбу зелотаў з сікарыямі і ў жн. 70 пасля 5 месяцаў аблогі захапіў Іерусалім. Рымляне поўнасцю разбурылі горад і храм. Палонныя, у т. л. Іаханан, былі ператвораны ў рабоў, правадыр сікарыяў Сімон бар Гіёра пакараны смерцю ў Рыме. У 73 рымляне захапілі апошнюю крэпасць сікарыяў Масаду.
Літ.:
Иосиф Флавий. Иудейская война. Мн., 1991.
т. 7, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)