ГАНГ, Ганга,

рака ў Азіі, у Індыі і Бангладэш. Даўж. 2700 км, пл. бас. 1120 тыс. км². Пачынаецца ад зліцця 2 вытокаў (Бхагіратхі і Алакнанда) з ледавікоў у Гімалаях на выш. 4500 м. Прарэзаўшы горы Сівалік (ніжэй горада Хардвар), выходзіць на Інда-Гангскую раўніну, якую перасякае ў паўд.-ўсх. напрамку. Упадае ў Бенгальскі заліў, утвараючы разам з Брахмапутрай велізарную дэльту (пл. больш за 80 тыс. км²). Асн. прытокі: Джамна, Сон, Дамодар (справа), Гоматы, Гхагхра, Гандак, Косі (злева). У вярхоўях Ганга цячэ сярод гор па цесных каньёнападобных далінах, мае вял. падзенне рэчышча, утварае шэраг вадаспадаў. У сярэднім і ніжнім цячэнні — павольная і мнагаводная рака. Дэльта Ганга мае густую і складаную сетку рэк, каналаў і азёр, укрыта ўрадлівымі глебамі, шчыльна заселена; нізоўі яе затоплены, заняты джунглямі. Рэжым мусонны, летнія паводкі з пад’ёмамі ўзроўню вады да 15 м; частыя і моцныя навадненні. Сярэдні расход вады 13 тыс. м³/с, каля вусця разам з Брахмапутрай 38 тыс. м³/с. Гадавы сцёк 1200 км³ (3-е месца пасля Амазонкі і Конга). Вада мутная; цвёрды сцёк больш за 200 млн. т наносаў за год. У ніжнім цячэнні ўплыў марскіх прыліваў. Суднаходная на 1450 км (ад г. Хардвар да вусця). Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Гангу буйныя гарады — Алахабад, Варанасі, Патна, у дэльце — марскі порт Калькута (Індыя). Ганг — свяшчэнная рака індусаў, па берагах — месцы рэліг. паломніцтваў (гл. Ганга).

т. 5, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНІМІ́Я,

тып семантычных адносін лексічных адзінак, якія маюць процілеглае значэнне (антонімаў). Антанімічныя пары належаць да адной часціны мовы: назоўнікаў («дабро — зло»), прыметнікаў («шырокі — вузкі»), дзеясловаў («браць — аддаваць»), прыслоўяў («далёка — блізка»). Паводле структуры падзяляюцца на аднакарэнныя («замкнуць — адамкнуць») і рознакарэнныя («сумны — вясёлы»). Вылучаюць поўную, няпоўную (частковую) і кантэкстуальную антанімію. Поўныя антонімы адрозніваюцца ўсімі сваімі значэннямі («будаваць — разбураць»); частковыя супрацьпастаўляюць па адным або некалькіх значэннях («радасць — смутак»); кантэкстуальныя ўспрымаюцца толькі ў пэўным кантэксце: «Ласка і гнеў, ціша і бура! Я вітаю вас, калі вы прыходзіце ў сваім часе, калі выконваеце вы адвечную волю жыцця» (Я.​Колас). Мнагазначнае слова можа мець антонімы да кожнага ці некалькіх сваіх значэнняў («глыбокая рака — мелкая рака», «глыбокія веды — павярхоўныя веды»). Антанімія не ўласцівая словам з канкрэтным значэннем («шафа», «бяроза», «стадыён»), вузкаспец. тэрмінам, уласным імёнам, лічэбнікам, займеннікам і службовым словам.

Г.​К.​Усціновіч.

т. 1, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛІ́,

рака ў Кітаі і Казахстане. Даўж. 1001 км, пл. басейна 140 тыс. км². Пачынаецца ва Усх. Цянь-Шані пры зліцці двух вытокаў — Тэкес і Кунгес. Упадае ў воз. Балхаш. У вярхоўі — горная рака, ніжэй упадзення р. Каш даліна расшыраецца і І. падзяляецца на рукавы. Да г. Капчагай цячэ па шырокай катлавіне, у нізкіх, месцамі забалочаных берагах, ніжэй уступае ў цясніну Капчагай, дзе пабудаваны Капчагайская ГЭС і вадасховішча. Потым цячэ па Прыбалхашскай раўніне, пры ўпадзенні ўтварае дэльту (пл. 9 тыс. км²) з мноствам рукавоў. Асн. прытокі: Каш, Харгос (справа), Чарын, Чылік, Талгар, Каскелен, Курты (злева). Жыўленне ледавікова-снегавое. Ледастаў са снеж. да сакавіка. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 329 м³/с, на 270 км вышэй (с. Учжарма) — 469 м³/с. Суднаходная ад г. Кульджа (Кітай); у Казахстане — ад дзярж. мяжы да прыстані Баканас. Выкарыстоўваецца на арашэнне.

т. 7, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎПІ́ТА,

рака у Краснапольскім р-не Магілёўскай вобл., у Чачэрскім р-не Гомельскай вобл. і на мяжы Чачэрскага і Веткаўскага р-наў Гомельскай вобл. з Бранскай вобл. Расіі, правы прыток р. Беседзь (бас. р. Дняпро). Даўж. 54 км. Пл. вадазбору 549 км². Пачынаецца каля паўн.-зах. ускраіны в. Грозны Краснапольскага р-на. Цячэ па паўд. ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна ў вярхоўі невыразная, на астатнім працягу трапецападобная, шыр. да 1 км. Схілы спадзістыя і адкрытыя, у ніжнім цячэнні сярэднестромкія, парослыя лесам, выш. да 10 м. Пойма двухбаковая, на вялікім працягу нізкая, забалочаная, шыр. да 500 м. Рэчышча на працягу амаль 12 км ад вытоку каналізаванае, ніжэй звілістае. Шыр. ракі ў межань 6—10 м. Берагі стромкія, выш. да 1 м. Асн. прыток р. Дарагоўша (злева) у Расіі. Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў.

т. 8, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРА́,

рака ў Турцыі, Грузіі і Азербайджане. Даўж. 1364 км, пл. басейна 188 тыс. км². Пачынаецца на Армянскім нагор’і ў Турцыі, да г. Тбілісі цячэ пераважна ў цяснінах, месцамі — у міжгорных катлавінах, ніжэй рэчышча падзяляецца на рукавы, даліна пашыраецца. Вышэй г. Мінгечаур у вузкай цясніне перасякае скалістую граду Баздаг, ніжняе цячэнне па Кура-Араксінскай нізіне, моцна меандрыруе, берагі нізкія, абвалаваныя. Упадае ў Каспійскае м., утварае дэльту (пл. 100 км²). Гал. прыток — Аракс. Сярэдні гадавы расход вады каля в. Хулур 270 м³/с. Сцёк наносаў да 21 млн. т за год. Выкарыстоўваецца для арашэння. Частка вады па канале перадаецца для абваднення р. Аракс. У дэльце рыбалоўства (сяўруга, бялуга, асетр, судак і інш.). Суднаходная ў ніжнім цячэнні. Зема-Аўчальская, Мінгечаурская і інш. ГЭС. На К. — гарады Горы, Тбілісі, Руставі (Грузія), Мінгечаур, Сабірабад (Азербайджан).

Рака Кура.

т. 9, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНДУРА́СКІ ЗАЛІ́Ў (ісп. Golfo de Honduras),

заліў Карыбскага м. Абмывае берагі Беліза, Гватэмалы, Гандураса. Даўж. каля 102 км, шыр. да 155 км. Глыб. 22—54 м, каля ўвахода — больш за 2000 м. Упадае рака Матагуа. Салёнасць каля 36 ‰. Прылівы мяшаныя (да 0,7 м). Асн. парты: Пуэрта-Картэс (Гандурас), Пуэрта-Барыяс і Лівінгстан (Гватэмала).

т. 5, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЎЯ,

рака ў Латвіі. Даўж. 460 км. Пл. вадазбору 8900 км². Пачынаецца на Відземскім узв. Цячэ цераз шматлікія азёры, упадае ў Рыжскі зал. У раёне г. Валміера — г. Сігулда даліна глыбока ўрэзаная. Сярэдні расход вады 78 м³/с. Сплаўная. У бас. Гаўі — прыродны нац. парк Гаўя. На Гаўі гарады Стрэнчы, Валміера, Цэсіс, Сігулда.

т. 5, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́ЎКА, Валова, Валуйка,

рака ў Беларусі, у Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., левы прыток Нёмана. Даўж. 39 км. Пл. вадазбору 253 км². Пачынаецца на паўд. ускраіне г. Навагрудак. Асн. прыток р. Оса. Даліна выразная, у ніжнім цячэнні зліваецца з далінай Нёмана. Пойма вузкая, двухбаковая, нізінная. Рэчышча звілістае, на працягу 5 км каналізаванае.

т. 3, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРДА́Р (Vardar),

рака ў Македоніі і Грэцыі. Даўж. 388 км, пл. бас. 25,4 тыс. км². Пачынаецца і цячэ пераважна ў гарах Македоніі, нізоўі — на Саланікскай нізіне, упадае ў заліў Тэрмаікос Эгейскага м. Паводкі ў асенне-зімовы перыяд і вясною. Сярэдні расход вады 151 м³/с. Суднаходная. Выкарыстоўваецца пераважна на арашэнне. На Вардары — г. Скоп’е (Македонія).

т. 4, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЙНКА, Падвейка,

рака ў Беларусі, у Лагойскім р-не Мінскай вобл., правы прыток Дзвінасы (бас. Віліі). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 98 км². Пачынаецца за 1 км на Пд ад в. Роўнядзь, цячэ па паўн. схілах Мінскага ўзвышша. Ад вытоку амаль да в. Пячное цячэ праз лес, далей да вусця (9,4 км) каналізаваная.

т. 4, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)