ЗМЯКЧА́ЮЧЫЯ АДКА́ЗНАСЦЬ АКАЛІЧНАСЦІ ў крымінальным праве,

акалічнасці, наяўнасць якіх пры ўчыненні злачынства сведчыць пра тое, што дадзенае злачыннае дзеянне або сам злачынец з’яўляецца менш грамадска небяспечным, чым пры адсутнасці такіх акалічнасцей. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь З.а.а. прызнаюцца: прадухіленне вінаватым шкодных вынікаў яго злачынства або добраахвотнае пакрыццё нанесенай страты ці прычыненай шкоды; учыненне злачынства ў выніку збегу цяжкіх асабістых ці сямейных абставін, або пад уплывам пагрозы ці прымусу, з прычыны матэрыяльнай і інш. залежнасці, або пад уплывам моцнага душэўнага хвалявання, выкліканага неправамернымі дзеяннямі пацярпелага, або пры абароне ад грамадска небяспечнага пасягання; учыненне злачынства непаўналетнім або жанчынай у стане цяжарнасці; шчырае раскаянне або яўка з павіннай; актыўнае садзеянне выкрыццю злачынства. Пры назначэнні пакарання суд можа ўлічваць таксама З.а.а., якія не вызначаны законам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 7, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РХНЕВАЕ НАЦЯЖЭ́ННЕ,

сіла, якая дзейнічае ў плоскасці, датычнай да паверхні падзелу 2 фаз (напр., вадкасці і яе насычанай пары) і імкнецца скараціць паверхню да мінімуму пры зададзеных аб’ёмах фаз; важнейшая тэрмадынамічная характарыстыка такіх паверхняў. Залежыць ад прыроды датычных фаз і т-ры.

Абумоўлена нескампенсаванасцю сіл міжмалекулярнага ўзаемадзеяння ў паверхневым (міжфазным) слоі. Стан паверхні на мяжы 2 фаз характарызуецца каэфіцыентам П.н. σ, які роўны адносінам П.н. да даўжыні контуру, што абмяжоўвае паверхню, і лікава роўны рабоце абарачальнага працэсу ўтварэння адзінкі плошчы паверхні падзелу фаз (або цел). Адзінка σ у СІньютан на метр. Напр., пры 20 °C для вады σ = 0,0728 Н/м, для ртуці σ = 0,484 Н/м. Пры павелічэнні т-ры П.н. змяншаецца і поўнасцю знікае пры крытычнай т-ры (гл. Крытычны стан).

т. 11, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫПЕРЫСТА́ЛЬТЫКА (ад анты... + перыстальтыка),

хвалепадобнае скарачэнне сценак полых трубчастых органаў (стрававальнага тракту, страўніка, мачаточнікаў і інш.) чалавека і жывёл, пры якім іх змесціва перамяшчаецца ў напрамку, адваротным звычайнаму. Фізіял. ўласцівасць тоўстых кішак. У тонкіх кішках, страўніку ў норме адсутнічае, узнікае пры рвоце і некаторых паталаг. з’явах.

т. 1, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІТАВА́ННЕ (ад ням. alitieren алітаваць),

дыфузійнае насычэнне паверхні метал. вырабаў алюмініем, разнавіднасць алюмінавання. Выкарыстоўваецца для аховы сталяў, чыгуну, гарачатрывалых сплаваў на аснове нікелю і кобальту ад акіслення пры высокіх т-рах (да 1100 °C), змяншэння схоплівання паверхняў (напр., разьбовых злучэнняў пры эксплуатацыі ў вакууме), павышэння зносаўстойлівасці металаў.

т. 1, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АІ́ДЫІ (лац. oidium, адз. л., памяншальнае ад грэч. ōon яйцо),

артраспоры, споры вегетатыўнага размнажэння, якія ўтвараюцца пры распаданні гіфаў грыбніцы на асобныя дробныя клеткі ў некат. недасканалых і базідыяльных грыбоў. Пры ўтварэнні аідый пад клетачнай абалонкай гіфаў закладваецца новая абалонка. Памеры аідый ад 2,5 да 8 мкм.

т. 1, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАТЭРМА́ЛЬНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

радовішчы карысных выкапняў, якія ўтварыліся з гарачых мінер. раствораў у нетрах зямлі на глыб. да 10 км пры высокім ціску і т-ры больш за 300 °C. Пры адсутнасці непасрэднай сувязі паміж т-рай і глыбінёй рудаадкладання выкарыстоўваецца паняцце «высокатэмпературныя радовішчы».

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ДЭМАНА ЭФЕ́КТ,

закручванне ферамагнітнага стрыжня з токам пры яго намагнічванні ўздоўж восі. Адкрыты Г.​Відэманам. Відэмана эфект — адно з праяўленняў магнітастрыкцыі ў полі, утвораным складаннем падоўжнага магн. поля і кругавога магн. поля, якое ствараецца эл. токам. Пры пераменным эл. току ці магн. полі адбываюцца круцільныя ваганні стрыжня.

т. 4, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВО́РУМ (лац. quorum),

устаноўленая законам або статутам грамадскай арг-цыі колькасць прысутных на сходзе або на пасяджэнні якога-н. органа, пры якой іх рашэнні з’яўляюцца правамоцнымі. Вызначаецца пэўнай лічбай або працэнтнымі адносінамі да агульнай колькасці ўдзельнікаў. У некат. выпадках пры вырашэнні асабліва важных пытанняў звычайны К. павышаецца.

т. 8, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСІСТО́РЫЯ (ад лац. consistorium месца сходу, сход),

1) у Стараж. Рыме — дзярж. савет пры імператару.

2) У Рус. правасл. царкве ў 744—1918 орган кіравання і суда пры епархіяльным архірэі.

3) У каталіцкай царкве — нарада кардыналаў на чале з папам рымскім.

4) У пратэстантызме — царк.-адм. орган.

т. 7, с. 592

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЙДА,

паласа ўвільготненых нізінных раўнін уздоўж узбярэжжаў мораў на Пн Расіі, што заліваецца вадой пры высокіх прылівах і высыхае пры адлівах. Шырыня да некалькіх кіламетраў. Часта ўкрыта лугавой і балотнай галафітнай расліннасцю. У шырокім разуменні Л. — плоскі забалочаны ўчастак тундры і лесатундры са шматлікімі дробнымі азёрамі.

т. 9, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)