АША́НІН Леў Іванавіч

(н. 30.5.1912, г. Рыбінск Яраслаўскай вобл.),

рускі паэт. Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.Горкага (1936—39). Аўтар зб-каў вершаў «Дзеці розных народаў» (1950), «Вершы пра каханне» (1957), «Проста я працую чараўніком» (1966), «Ішоў я праз завіруху...» (1970), «Здалёк — доўга» (1977), «Самалёты і салаўі» (1982), «Пакуль я дыхаць умею...» (1985), «Таму што мне васемнаццаць» (1987) і інш., рамана ў вершах «Мой сябра Барыс» (1944), рамана ў баладах «Вада бяссмерця» (1975), аповесці ў вершах «Гаспадар агню» (1977). Асн. тэматыка твораў — рамантыка стваральнай працы, маладосць, каханне. Многія яго вершы, пакладзеныя на музыку («Песня пра трывожную маладосць», «Цячэ Волга», «Хай заўсёды будзе сонца»), сталі вядомымі песнямі.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1980—81.

т. 2, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛФ (Wolfe) Томас Клейтан

(3.10.1900, г. Ашвіл, штат Паўночная Караліна, ЗША — 15.9.1938),

амерыканскі пісьменнік. Аўтар цыкла раманаў «Зірні на дом свой, Анёл» (1929), «Пра Час і пра Раку» (1935), «Павуціна і скала» (1939), «Дамоў вяртання няма» (1940), зб-каў навел «Ад смерці да світання» (1935), «Там, за пагоркамі» (1941), п’ес, эсэ «Гісторыя аднаго рамана» (1936). Яго прозе ўласцівыя спалучэнне аўтабіяграфічнасці з універсалізмам, лірычнага пачатку з сатырычным, панарамнасць адлюстравання жыцця, часавыя напластаванні, падрабязнасць у апісаннях, ацэнках, выказваннях.

Тв.:

Рус. пер. — Домой возврата нет: Роман. М., 1982;

Портрет Баскома Хока: Повесть, рассказы. М., 1987;

Жажда творчества: Худож. публицистика. М., 1989;

История одного романа // Писатели США о литературе. М., 1982. Т.2.

Літ.:

Литературная история Соединенных Штатов Америки: Пер. с англ. Т.3. М., 1979.

Е.А.Лявонава.

т. 4, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГІСТО́РЫЯ ПРА ВАРЛАА́МА І ІАСА́ФА»,

помнік перакладной бел. л-ры 17 ст. Арыгінал узнік у Індыі на аснове нар. паданняў пра Буду. Праз перс. і араб. пасрэдніцтва стаў вядомы грэкам, у 11 ст.усх. славянам. У аповесці апісваецца жыццё інд. царэвіча Іасафа, які пад уплывам хрысц. прапаведніка Варлаама прыняў новую веру, далучыў да хрысціянства свайго бацьку і народ, а потым пакінуў свецкае жыццё і зрабіўся пустэльнікам. Твор прасякнуты царк.-аскетычнай тэндэнцыяй, ідэяй аб усепераможнай сіле хрысц. веравучэння. Бел. пераклад надрук. ў 1637 у Куцеінскай друкарні (у Оршы) і стаў непасрэднай крыніцай рус. перакладу, апубл. ў 1681 у Маскве. Прытчы з аповесці выкарыстоўваліся пісьменнікамі, праніклі ў фальклор. У 18 ст. на Беларусі ўзніклі фалькл. перапрацоўкі твора («Алісахвій-царэвіч» і інш.).

В.А.Чамярыцкі.

т. 5, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ВІН Уладзімір Васілевіч

(14.11.1908, в. Нерахта Кастрамской вобл., Расія — 5.10.1975),

рус. паэт і перакладчык. Друкаваўся з 1934. Аўтар зб. «Вершы» (1936). Перакладаў класічную паэзію Усходу. На рус. мову пераклаў паасобныя творы Я.Коласа, М.Багдановіча, вершы і паэму П.Броўкі (зб. «Думы пра Маскву», 1947). Пераклады вызначаюцца высокім паэт. майстэрствам, дакладнасцю і выразнасцю.

т. 6, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІНЬЁНСКАЕ ПАЛАНЕ́ННЕ ПА́ПАЎ,

«вавілонскі палон», перыяд у гісторыі папства, калі рымскія папы трапілі ў паліт. залежнасць ад франц. караля і вымушаны былі перанесці сваю рэзідэнцыю ў 1309—77 (з перапынкам 1367—70) з Рыма ў Авіньён (Францыя). Сведчыла пра паражэнне папства ў барацьбе з феад. манархіямі Еўропы за паліт. ўплыў.

т. 1, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙСЕІ́ТАВА Раўшан Хаціятаўна

(н. 16.9.1947, г. Алматы),

казахская артыстка балета. Нар. арт. Казахстана (1978). Скончыла Маскоўскае харэагр. вучылішча (1966). З 1966 салістка Казахскага т-ра імя Абая. Сярод партый: Баршагуль («Аксак-Кулан» А.Серкебаева), Аканат («Паданне пра белую птушку» Г.Жубанавай), Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Фрыгія («Спартак» А.Хачатурана).

т. 2, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНК ДА́НЫХ,

сукупнасць базаў даных, а таксама праграмных моўных і інш. сродкаў, прызначаных для цэнтралізаванага назапашвання і выкарыстання інфармацыі з дапамогай ЭВМ. Напрыклад, база даных для абслугоўвання аўтаматызаванай сістэмы кіравання прадпрыемствам уключае інфармацыю пра персанал, абсталяванне, матэрыялы, паўфабрыкаты і інш., а таксама распараджальную дакументацыю, нарматывы, стандарты і інш. звесткі і дакументы.

т. 2, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАВІ́К Марыя Якаўлеўна

(н. 22.2.1946, в. Праабражэнка Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1978). Працуе ў Падсвільскай дзіцячай бібліятэцы. Друкуецца з 1965. У вершах гуманіст. пафас, задушэўнасць і даверлівасць інтанацый, трывожны клопат пра лёс народа і роднай прыроды (зб-кі «Поле долі», 1985; «Вір пяшчоты і журбы», 1995).

т. 2, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЛІ́СТЫ,

першыя старажытнарымскія гісторыкі. Гіст. падзеі размяшчалі па гадах праўлення консулаў. Творы аналістаў (аналы) апавядалі пераважна пра паліт. і ваен. падзеі, былі прасякнуты патрыятызмам. Найб. вядомыя аналісты: Квінт Фабій Піктар (3 ст. да н.э.), Катон Старэйшы (2 ст. да н.э.). Урыўкі з твораў аналістаў выкарыстаны ў працах больш позніх гісторыкаў.

т. 1, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДА ЗЛУЧЭ́ННЯ»,

бел. рэліг. газета грэка-католікаў у Зах. Беларусі. Выдавалася ў 1932—37 у Вільні на бел. мове (рэдакцыя знаходзілася ў Слоніме, з 1934 — у Папскай духоўнай семінарыі ў г. Дубна Ровенскай вобл.). Друкавала хроніку рэліг. жыцця, Евангелле, артыкулы пра неабходнасць адраджэння уніі на Беларусі. Выйшла 60 нумароў.

Г.В.Бабкін.

т. 5, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)