РЫ́ТМІКА (ад. грэч. rhythmikos які адносіцца да рытму) у вершаскладанні, 1) рытмічнае разгортванне слоўных адзінак у часе, характэрнае для асобнага верша, твора, цыкла, зборніка або ўсёй творчасці пэўнага аўтара.

2) Раздзел вершаскладання, які вывучае рытмічную будову нац. верша ў яго гіст. развіцці ці ў кантэксце. Звычайна Р. афармляецца ў выглядзе метрычных схем і графікі памераў. Асн. памеры: ямб, харэй, спандэй, пірыхій, дактыль, амфібрахій, анапест. Яны выкарыстоўваюцца для апісання і характарыстыкі рытмічнай пабудовы, аднак гэта сістэма недастатковая. Ствараючы твор, паэт звычайна не кіруецца пэўнай схемай, таму для аналізу верша магчыма выкарыстанне і муз. прыёмаў, прымаючы пад увагу, што Р. ў паэзіі суадпаведная Р. ў музыцы. Есць тэорыя акустычнай метрыкі, якая грунтуецца на аб’ектыўных даных, атрыманых з дапамогай пэўных прыбораў. Але ўсе гэтыя тэорыі не могуць будавацца без уліку семантыкі тэксту, значэння слоў у вершы. Вывучэнне еўрап. Р. пачалося ў антычнасці. Найб. поўна Р., названая «прасодыяй», распрацавана ў эпоху Адраджэння. На Беларусі першыя спробы распрацоўкі Р. звязаны з імёнамі Л.​Зізанія і М.​Сматрыцкага. У 19 — пач. 20 ст. з’явіліся працы Я.​Карскага, І.​Насовіча, М.​Багдановіча. Іх традыцыі працягвалі Я.​Барычэўскі, Ю.​Бярозка, А.​Вазнясенскі, У.​Дубоўка. Сістэматычнае вывучэнне Р. пачалося ў канцы 1960-х г., калі з’явіліся спец. працы М.​Грынчыка, В.​Рагойшы, І.​Ралько, М.​Янкоўскага, А.​Яскевіча і інш. Яны стварылі аснову для вывучэння Р. як эстэт. з’явы, распрацавалі асн. прынцыпы аналізу, хоць і сёння многія пытанні, звязаныя з рытміка-кампазіцыйнай арганізацыяй верша, інтанацыяй, мелодыкай не вывучаны.

Р. ў музыцы, 1) сукупнасць муз. гукаў і іх спалучэнняў, якія характарызуюць асаблівасці рытму ў пэўным стылі (аўтара, эпохі), жанры ці асобным творы і інш. (напр., Р. бел. карагодна-гульнявой песні).

2) Вучэнне пра рытм. Самаст. частка ант. і сярэдневяковай тэорыі музыкі; пазней адзін з важных элементаў вучэння пра кантрапункт і форму музычную. У сучаснай сістэме муз. адукацыі адзін з асн. раздзелаў элементарнай тэорыі музыкі і аналізу муз. твораў.

3) Сістэма маст. выхавання рытмавага пачуцця; вучэбная дысцыпліна, засн. на спец. фіз. практыкаваннях пад музыку. Садзейнічае развіццю муз. слыху і памяці. Выпрацоўвае адчуванне пластыкі муз. руху, яго памеру і тэмпу. Можа выкарыстоўвацца для выпраўлення фіз. недахопаў чалавека (у выглядзе аэробікі). Распаўсюджана ў Зах. Еўропе. Пашыраецца і на Беларусі.

Т.​І.​Шамякіна (літаратура), М.​В.​Шыманскі (музыка).

т. 13, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМЯНЯ́КА Юрый Уладзіміравіч (26.11.1925, Мінск — 16.7.1990),

бел. кампазітар. Нар. арт. Беларусі (1974). Скончыў Бел. кансерваторыю (1957, клас А.​Багатырова). У 1947—63 канцэртмайстар Дзярж. акад. харавой капэлы Беларусі. У яго творчасці пераважалі 2 асн. кірункі — муз. тэатр і песня. Музыцы С. ўласцівы лірызм, яркі меладызм, шчырасць выказвання; інтанацыйны склад грунтуецца на бел. нар. песеннасці і асаблівасцях сучасных масавых жанраў. Сярод твораў: оперы «Калючая ружа», «Калі ападае лісце», «Зорка Венера», «Новая зямля» (паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі адпаведна ў 1960, 1968, 1970, 1982), аперэты «Рабінавыя каралі» (1964, паст. ў Бабруйскім муз.-драм. т-ры), «Пяе «Жаваранак» (1969, паст. ў Магілёўскім абл. т-ры муз. камедыі; 2-я рэд. 1971, паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі), «Паўлінка», «Тыдзень вечнага кахання», дзіцячая «Сцяпан — вялікі пан» (паст. ў т-ры муз. камедыі Беларусі адпаведна ў 1973, 1975, 1979), кантаты, у т. л. «Ясныя дарогі» (1957), «Памяці Канстанціна Заслонава» (1958), «Горад юнацтва» (1964), «Велічальная Мінску» (1967), «Зямля мая» ў 4 ч. (1979, для нар. хору і нар. арк.), «У вянок Максіму Багдановічу» (1980), сюіты «Родныя песні» (1979, для хору і нар. арк.) і інш. Аўтар шматлікіх песень, у т. л. «Ой, шумяць лясы зялёныя», «Беларусь — мая песня», «Люблю цябе, Белая Русь», «Расцвітай, Беларусь», «Явар і каліна», «Ты мне вясною прыснілася», «Не за вочы чорныя», «Журавіны», «Беларусачка» і інш. Значнае месца ў творчасці займалі харавыя творы (хары а капэла «Вы чулі, як плачуць дрэвы», паэма-рэквіем «Хатынскія званы», цыкл на словы Я.​Коласа), вак. дуэты, трыо, квартэты, музыка да драм. спектакляў («Трэцяе пакаленне» паводле К.​Чорнага, паст. ў Бабруйскім муз.-драм. т-ры, «Над хвалямі Серабранкі» І.​Козела і «Залаты медаль» І.​Шамякіна, паст. ў Бел. рэсп. т-ры юнага гледача, «Узнятая цаліна» паводле М.​Шалахава, паст. ў Дзярж. рус. драм. т-ры імя М.​Горкага, «Мурын бор» І.​Ісачанкі, паст. ў Магілёўскім абл. драм. т-ры і інш.). Пісаў музыку да кінафільмаў «Каханнем трэба даражыць» (у сааўт.), «Песня нашай зямлі», «Веснавыя мелодыі», «Дарогі Беларусі» і тэлефільмаў («Плач перапёлкі»), радыёспектакляў і тэлепастановак. Апрацоўваў бел. нар. песні для хору а капэла, дзіцячага хору і інш. У 1978—80 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

Літ.:

Жураўлёў Дз., Загародні Г. Юрый Семяняка. Мн., 1974.

А.​Я.​Ракава.

Ю.У.Семяняка.

т. 14, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТО́ЛІН,

горад, цэнтр Столінскага р-на Брэсцкай вобл., на р. Гарынь. На аўтадарозе Пінск—Давыд-Гарадок, за 7 км ад чыг. ст. Гарынь на лініі Лунінец—Сарны (Украіна), за 245 км на У ад Брэста. 12,5 тыс. ж. (2001).

Вядомы з 16 ст. як мястэчка ў Пінскім пав. Берасцейскага ваяв. Прыватнае ўладанне з драўляным замкам, належала Саламярэцкім, Вішнявецкім, Пацеям, Солтанам, Скірмунтам, Стахоўскім і інш. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у вер. 1655 С. узялі і спалілі казакі І.​Залатарэнкі. Пры вызваленні войскамі ВКЛ Пагарыння на подступах да С. адбылася няўдалая для іх бітва. Пасля гэтых падзей замак прыйшоў у заняпад У 1792—93 цэнтр Запінскага пав. Берасцейскага ваяв. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Пінскага пав. Мінскай губ. У 1897 у С. 3,3 тыс. ж., 250 двароў, пач. вучылішча, бровар, смалакурня. З 1921 у складзе Польшчы, горад, цэнтр гміны ў Лунінецкім пав. Палескага ваяв., 4763 ж.; з 1922 цэнтр Столінскага павета. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Столінскага раёна Пінскай, з 1954 Брэсцкай абл. У Вял. Айч. вайну з 12.7.1941 да 7.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў С. і раёне 9309 чал. У студз. 1944 партызаны брыгады «Савецкая Беларусь» і атрадаў злучэння С.​А.​Каўпака разграмілі ў С. ням.-фаш. гарнізон. У 1970—7,1 тыс. жыхароў.

Працуюць: масласырзавод, хлебазавод, ф-ка кухоннай мэблі, 2 перасоўныя механіз. калоны, дарожная рамонтна-буд. калона, дарожна-буд. ўпраўленне, «Сельгасхімія», прадпрыемства меліярацыйных сетак і інш.; Столінскі аграрна-эканамічны каледж, ПТВ-164, гімназія, 2 сярэднія, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, школа мастацтваў, Дом дзіцячай творчасці, Дом культуры, Дом рамёстваў, 2 б-кі, раённае тэр. мед. аб’яднанне, Столінскі краязнаўчы музей. Правасл. царква, царква хрысціян веры евангельскай. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму, магіла ахвяр фашызму. Мемарыял памяці воінаў-вызваліцеляў і землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі: Вызвалення, землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Свята-Узнясенская царква (1-я пал. 20 ст.), будынак сінагогі (1792). На паўд.-ўсх. ускраіне Столінская сядзіба «Манькавічы».

Комплекс будынкаў аграрна-эканамічнага каледжа ў г. Столін.

т. 15, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯФІЗІКА

На Беларусі біяфізіка спачатку развівалася як частка іншых навук (біяхіміі, фізіялогіі, фотабіялогіі) працамі А.​А.​Ахрэма, Ц.​М.​Годнева, Г.​П.​Гурыновіча, К.​М.​Салаўёва, М.​Ц.​Чайкі, А.​А.​Шлыка, іх супрацоўнікаў і вучняў. У сярэдзіне 20 ст. яна сфарміравалася ў самастойную дысцыпліну. Далейшыя даследаванні ў галіне біяфізікі звязаны з імем С.​В.​Конева і яго школы. У Ін-це фотабіялогіі Нац. АН Беларусі, створаным у 1973 на базе лабараторыі біяфізікі і ізатопаў (з 1957), вядуцца цыклы прац па старэнні арганізма, біяфізіцы зроку, біяэнергетыцы, фатоніцы бялкоў, міжклетачных кантактах, рэгулятарнай ролі біямембран і інш. (С.​Л.​Аксенцаў, І.​Дз.​Валатоўскі, С.​В.​Конеў, У.​М.​Мажуль, І.​М.​Окунь, А.​М.​Рудзянок, К.​І.​Слабажаніна, Я.​А.​Чарніцкі і інш.). У інстытуце ўпершыню ў свеце выкарыстоўваецца метад электроннамікраскапічнай крыяфрактаграфіі для візуалізацыі ультраструктурнай рэарганізацыі біямембран пры віруснай інфекцыі (У.​А.​Кірылаў), распрацоўваюцца новыя эфектыўныя маркеры транспартных бялкоў крыві і іх выкарыстанне ў мед. дыягностыцы (В.​Б.​Гаўрылаў з супрацоўнікамі).

Праблемамі біяфізікі займаецца таксама шэраг акадэмічных ін-таў. У Ін-це фізікі даследавана энергетыка малекул хларафілу і парфірынаў, тушэнне люмінесцэнцыі, створаны мадэлі фотасінтэзу (Г.​П.​Гурыновіч, У.​М.​Джагараў, Э.​І.​Зянкевіч, А.​П.​Лосеў, К.​М.​Салаўёў). У Ін-це біяарганічнай хіміі вывучаюць фазавыя пераходы ліпідаў у мембранах, напружаны стан ліпіднага біслоя як фактару рэгуляцыі каталітычнай актыўнасці монааксігеназ (А.​А.​Ахрэм, П.​А.​Кісялёў). У Ін-це біяхіміі І.​Б.​Заводнік і І.​І.​Сцяпура з супрацоўнікамі развіваюць канцэпцыю механізмаў пашкоджання эрытрацытаў, вывучаюць узаемадзеянне паміж кафактарамі або вітамінамі з мембранай. На кафедры біяфізікі ў БДУ С.​М.​Чаранкевіч з супрацоўнікамі даследуюць канцэрагенез, жыццёвую ролю актыўных форм кіслароду і азоту, хім. формы фосфаліпідаў, структурныя аспекты функцыянавання біямембран. У Мінскім медыцынскім ун-це (Я.​І.​Баркоўскі з супрацоўнікамі) вядуцца даследаванні па класіфікацыі, будове, складзе і функцыях мембранназвязанай адэнілатцыклазы. Кантакты і абмен інфармацыяй паміж вучонымі адбываюцца на рэгулярных канферэнцыях фотабіёлагаў і біяфізікаў, Годнеўскіх чытаннях, чытаннях памяці А.​А.​Шлыка, біяфізічных семінарах.

Літ.:

Биофизика. М., 1983;

Рубин А.Б. Биофизика. Кн. 1—2. М., 1987;

Фотобиология и мембранная биофизика. Мн., 1999;

Биофизика живых систем: от молекулы к организму. Мн., 2002.

С.​В.​Конеў.

т. 18, кн. 2, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАТО́РЫЯ (італьян. oratorio ад лац. oro гавару, малю),

буйная шматчасткавая кампазіцыя для спевакоў-салістаў (часам чытальніка), хору і сімф. аркестра пераважна эпіка-драм. характару, прызначаная для канцэртнага выканання. Мае агульныя рысы з операй (сюжэт, наяўнасць арый, рэчытатываў, ансамбляў, хароў), адрозніваецца ад яе адсутнасцю акцёрскай ігры, дэкарацый (як выключэнне бываюць сцэнічныя араторыі), перавагай апавядальнасці над драм. дзеяннем. У параўнанні з кантатай мае большыя памеры, ярка выражаную сюжэтную аснову.

Зарадзілася на мяжы 16—17 ст. ў Італіі. Напачатку араторыі пісалі на біблейскія, евангельскія або ант. сюжэты. Росквіт жанру ў 18 ст. звязаны з творчасцю Г.​Ф.​Гендэля, які стварыў класічны тып манум. героіка-эпічнай араторыі, і І.​С.​Баха, чые пасіёны (страсці) насычаны глыбокім філас. зместам. Пад уплывам асаблівасцяў розных нац. культур араторыя мадыфікавалася. Адбывалася яе сімфанізацыя (кампазітары венскай класічнай школы) або лірызацыя (кампазітары-рамантыкі). У 20 ст. адрадзілася цікавасць да араторыі, якая інтэнсіўна збліжаецца з операй, кантатай, сімфоніяй.

У бел. музыцы першыя араторыі створаны ў 1930-я г. (блізкая да араторыі вак.-сімф. паэма «Над ракою Арэсай» М.​Аладава, незакончаная араторыя «Вызваленне» Я.​Цікоцкага). У 1960-я г. напісаны араторыі «Песня пра Кубу» С.​Картэса, «Званы» Я.​Глебава, «Мы — беларусы» К.​Цесакова, першая камерная араторыя «Песні Хірасімы» (для чытальніка, салістаў — барытона і сапрана і 2 фп.) Дз.​Смольскага. З 1970-х г. бел. араторыі вылучаюцца разнастайнасцю тэматыкі і жанравымі разнавіднасцямі. Сярод найб. значных араторый «Мая Радзіма» Смольскага, «Свяці, зара» Глебава, «Зямля Беларусі» У.​Дарохіна (сл. П.​Броўкі), «Памяці паэта» Картэса і «Паэт» Смольскага на вершы Я.​Купалы, «Памяць Хатыні» В.​Войціка, «Хатынь» Цесакова, «Ванька-Устанька» (сл. Я.​Еўтушэнкі) і «Вольнасць» паводле кн. А.​Радзішчава «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.​Мдывані. У 1980 — пач. 1990-х г. створаны араторыі «Бітва за Беларусь» А.​Багатырова, «Думкі рускія» А.​Бандарэнкі, «Лісткі з календара» (сл. М.​Танка) А.​Залётнева, «Сказ пра Ігара» і «Іканастас» Л.​Шлег, «Куранты» В.​Капыцько, «Зорка паэта» Э.​Наско, «Беларускае вяселле» Цесакова, «Партызанскія песні» У.​Алоўнікава і інш.

Большасць бел. араторый ярка публіцыстычныя, напоўненыя грамадз. пафасам. Для іх характэрны апора на бел. паэзію, прыёмы развіцця, інтанацыйныя і ладавыя асаблівасці бел. муз. фальклору, увядзенне нац. інструментаў. У шэрагу араторый выкарыстаны новыя сродкі выразнасці, у т. л. прыёмы моўнай дэкламацыі з фіксаванымі гукавышыннай лініяй і рытмам, санорныя эфекты, элементы алеаторыкі, серыйнай тэхнікі, падпарадкаваныя маст. мэтам.

Літ.:

Розенов Э.К. Очерк истории оратории // Розенов Э.К. Статьи о музыке: Избр. М., 1982;

Кулешова Г.Г. Белорусская кантата и оратория. Мн., 1987.

А.​У.​Валадковіч.

т. 1, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧЫ́НА Янка (сапр. Неслухоўскі Іван Люцыянавіч; 6.7.1851, Мінск — 16.7.1897),

бел. паэт. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це на матэм. ф-це (1870—71), скончыў Пецярбургскі тэхналаг. ін-т (1877). У 1877—79 працаваў у чыг. майстэрнях Тыфліса, потым — у тэхн. бюро Лібава-Роменскай чыгункі ў Мінску. Упершыню выступіў у друку ў 1886. Пісаў на бел., польск., рус. мовах. Друкаваўся ў газ. «Минский листок», «Паўночна-Заходнім календары на 1893 год» пад рэд. А.​Слупскага, польскіх часопісах і штотыднёвіках «Głos Polski» («Польскі голас»), «Kłosy» («Калоссе»), «Kraj» («Край»), «Prawda» («Праўда»), «Życie» («Жыццё») і інш. Творчасць Л. выяўляла розныя ўзроўні маст. асэнсавання бел. рэчаіснасці 1880—90-х г., але была мэтанакіраванай у дэмакр. сцвярджэнні ідэалу свайго часу. Прадаўжаючы эстэт. традыцыі л-ры Беларусі сярэдзіны 19 ст., ён заставаўся традыцыйным у польска- і рускамоўных творах і адначасова быў наватарам у вершах, напісаных па-беларуску, дзе ўзаемадзейнічалі рэаліст. і рамант. пачаткі. Тэматычна яго паэзія звязана пераважна з жыццём бел. вёскі; гал. яе герой — селянін як найб. варты прадстаўнік радзімы і носьбіт сапраўднай маральнасці. Не прымаў бурж. стасункаў у грамадстве, разам з тым верыў у асветніцкі, тэхн. прагрэс, народжаны часам. Супярэчнасць у поглядах абумовіла яго ўвагу да ўнутр. перажыванняў асобы. Паэзіі Л. ўласцівы мяккі лірызм, роздумнае паглыбленне ў псіхал. стан чалавека. Яна спрыяла развіццю бел. філас. лірыкі. Польскамоўная паэма «Паляўнічыя акварэлькі» і бел. аўтапераклад яе раздзела «Стары паляўнічы» адкрылі перад бел. паэтамі шляхі пошукаў у напісанні нац. эпічных твораў («Новая зямля» Я.​Коласа і інш.). У нарысе «З крывавых дзён» (1889) Л. ўзнаўляе карціны паўстання 1863—64 на Міншчыне. Пяру Л. належыць драматургічны абразок без назвы. Збіраў бел. фальклор і дасылаў яго П.​Шэйну. Перакладаў з польск. мовы на бел. (У.​Сыракомлю) і рускую (У.​Сыракомлю, А.​Асныка), з рус. на польскую (І.​Крылова, М.​Някрасава, В.​Чуміну-Міхайлаву і інш.), з ням. (Г.​Гейнэ), стараж.-грэч. (Гамера). Польскія творы Л. на бел. мову пераклалі М.​Арочка, Р.​Барадулін, М.​Клімковіч, У.​Мархель, М.​Машара, П.​Пестрак, Г.​Тумаш, К.​Цітоў, І.​Чыгрын і інш.

Тв.:

Poezye. Warszawa, 1898;

Выбр. творы. Мн., 1953;

Вязанка. Пб., 1903 (факс. выд. Мн., 1992);

Творы. Мн., 1988.

Літ.:

Майхровіч С. Янка Лучына. Мн., 1952;

Лазарук М. Паэтычны вопыт Янкі Лучыны // Полымя. 1968. № 2;

Лойка А. Жальбы народнай і веры пясняр // Там жа. 1976. № 8;

Мархель У. Крыніцы памяці. Мн., 1990. С. 143—176;

Пачынальнікі. Мн., 1977;

Кісялёў Г.В. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993.

У.​І.​Мархель.

Я.Лучына.

т. 9, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́КВІЕМ (ад першага слова лац. тэксту «Requiem aetemam dona eis, Domine» — «Спакой вечны даруй ім, божа»),

1) у музыцы — жалобная памінальная меса, прысвечаная памяці памерлых. Ад урачыстай каталіцкай месы адрозніваецца тым, што замест частак «Глорыя» і «Крэда» ўводзяцца «Рэквіем», «Дыез ірэ», «Туба мірум», «Лакрымоза» і інш.

Першапач. інтанацыйнай асновай Р. служылі мелодыі грыгарыянскага харала. У 17—18 ст. Р. ператварыўся ў буйную цыклічную кампазіцыю для салістаў, хору і аркестра, дзе поліфанічны склад спалучаўся з гамафонна-гарманічным. Лепшыя ўзоры Р. набылі пазакультавы, канцэртны характар. Сусв. вядомасць набыў Рэквіем В.​А.​Моцарта (1791; скончаны Ф.​К.​Зюсмайрам). Сярод аўтараў найб. выдатных Р. 19 ст. Г.​Берліёз, Дж.​Вердзі, І.​Брамс; у 20 ст. — П.​Хіндэміт, Ф.​Дэліус, Б.​Брытэн. Р. стаў, з аднаго боку, галіной неакласіцызму (І.​Стравінскі, А.​Шнітке), а з другога — аб’ектам эксперыментаў у навейшых муз. плынях (Дз.​Лігеці).

У бел. музыцы рысы Р. маюць паэма-Р. «Хатынскія званы» Ю.​Семянякі, Р.-балада А.​Мдывані, Р. «Помніце» Л.​Шлег і інш. 2) У літаратуры — жанрава-стылявы тып твора спецыфічнага ідэйна-маральнага зместу — жалобна-элегічнага ці гераічнага, у якім паэтычна апяваюцца (нярэдка ў традыцыях нар. галашэнняў) ахвяры, страты і адначасова раскрываюцца магутнасць і хараство жыццёвых сіл, здольных процістаяць злу. У Р. спалучаюцца лірычна-прачулы журботны (ці трагічна-балючы) і ўзвышана-суровы, стрымана-ўрачысты, часам прамоўніцка-публіцыстычны пачаткі. У бел. л-ры рысы Р. ўпершыню праявіліся ў творах пач. 20 ст. («Зваяваным», «Курган» Я.​Купалы, «Страцім-лебедзь», «Максім і Магдалена» М.​Багдановіча). У сучаснай паэзіі Р. найчасцей увасабляецца ў жанрах паэмы, балады. Трагічнае пачуццё страт і гарачы антыфаш. пафас, высокае філас.-гуманіст. асэнсаванне праблем сучаснасці характэрны для паэм «Блакада» Р.​Барадуліна, «Голас сэрца» П.​Броўкі, «Паэма расстання» Г.​Бураўкіна, «Заазёр’е» А.​Вярцінскага, «Трыпутнік» К.​Кірэенкі, «Варшаўскі шлях» А.​Куляшова, «Паэма жніва» Н.​Мацяш. Асаблівасці Р. ўласцівы малым паэт. формам, дзе зліваюцца трагічнае і гераічнае («Хатынскі снег» Бураўкіна, «Рэквіем» Вярцінскага, «Над брацкай магілай» Куляшова, «Рэквіем» М.​Танка і інш.). Радзей Р. выяўляе сябе ў прозе: у ёй слаба выражаны інтанацыйны лад, эмацыянальнае гучанне. Рысы Р. ўласцівы творам А.​Адамовіча «Хатынская аповесць», В.​Быкава «Абеліск», «Мёртвым не баліць», «Знак бяды», «Аблава», В.​Казько «Суд у Слабадзе», І.​Пташнікава «Тартак», дакумент. кн. Адамовіча, Я.​Брыля, У.​Калесніка «Я з вогненнай вёскі», С.​Алексіевіч «Чарнобыльская малітва».

А.​І.​Валадковіч (музыка), А.​М.​Пяткевіч (літаратура).

т. 13, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТНІ́ЧНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

міждысцыплінарная галіна ведаў, якая вывучае псіхіку чалавека ў яе канкрэтным гісторыка-культ. выяўленні. Аб’ектам Э.п. выступае спецыфіка рэпрэзентацыі этнічнага ў свядомасці этн. груп і іх прадстаўнікоў. Узнікненне Э.п. як самаст. навук. дысцыпліны адносяць да сярэдзіны 19 ст. (працы па псіхалогіі народаў М.​Лацаруса і Х.​Штэйнталя, В.Вунта). Этнапсіхал. праблемы вывучалі таксама Г.Лебон, Г.Тард, С.​Сігел, А.​Фулье і інш. У канцы 1840-х г. К.​М.​Бэр, М.​І.​Надзёжын, К.​Дз.​Кавелін сфарміравалі прынцыпы «псіхічнай геаграфіі». У 1927 Г.​Г.​Шпет апублікаваў кн. «Уводзіны ў этнічную псіхалогію». Праблемы Э. распрацоўвалі Л.С.Выгоцкі, А.Р.Лурыя, Я.​Я.​Рагінскі, С.​П.​Талстоў і інш.

У канцы 19 ст. У.​Рыверс правёў першыя параўнальна-культ. даследаванні міжкульт. адрозненняў у зрокавым успрыманні. Іх вывучэнне прадоўжылі М.​Сегал, Д.​Кэмпбел, М.​Херскавіц. У выніку ўстаноўлена, што культ., а не расавыя асаблівасці вызначаюць зрокавае бачанне чалавекам навакольнага свету. У рэчышчы крос-культ. псіхалогіі зроблены даследаванні па ўспрыманні чалавекам колеру, параўнальныя даследаванні інш. яго пазнавальных працэсаў (мыслення, памяці і інш.). У амер. культ. антрапалогіі Э.п. развіваецца з пач. 1920-х г. ў рэчышчы тэарэтыка-метадалагічнага кірунку «культура і асоба»: школы культ. дэтэрмінізму Ф.Боаса (Р.​Бенедыкт, М.​Мід) і неафрэйдызму (А.​Кардынер, Р.​Лінтан, Дж.​Гарэр, К.​Дзюбуа, І.​Халоўэл і інш.). Гарэр узначаліў даследаванні нацыянальнага характару. У выніку створаны канцэпцыі «базавай структуры асобы», «мадальнай» і «мультмадальнай асобы» (А.​Інкельс, Х.​Дзьюкер, Н.​Фрэйда, Кардынер, Лінтан, Д.​Левінсон). У краінах СНД Э.п. развіваецца як самаст. міждысцыплінарная галіна. У якасці самаст. субдысцыплін Э.п. вылучаны: этн. сац. псіхалогія (уключае псіхалогію міжэтн. ўспрымання і ўзаемадзеяння, псіхалогію міжэтн. адносін); этнапсіхалогія асобы; этнапсіхатэрапія; этнапсіхалогія пазнавальных працэсаў і інш.

Сучасныя этнапсіхалагічныя даследаванні развіваюцца у 3 кірунках: даследаванні ўзаемаадносін ва ўмовах адной культуры; параўнальна-культ. даследаванні агульных псіхалаг. пераменных сярод прадстаўнікоў розных этнасаў; даследаванні псіхал. праблем узаемадзеяння (адбываюцца шляхам вывучэння праблем акультурацыі, міжэтн. і міжнар. супрацоўніцтва і псіхал. адносін). У Беларусі этнапсіхал. даследаванні этн. ідэнтыфікацыі і ідэнтычнасці беларусаў праводзіць сектар сац. псіхалогіі Ін-та сацыялогіі Нац. АН Беларусі. Асобныя пытанні, што закранаюць сферу Э.п. (спецыфікі бел. менталітэту, нацыянальнай самасвядомасці, этнаканфесіянальных адносін і інш.) вывучаюцца ў кантэксце гіст., сац., этналагічных, культуралагічных даследаванняў (у Цэнтры этнаканфесіянальных і сацыякульт. даследаванняў пры Гродзенскім ун-це, у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі і інш.).

Літ.:

Агеев В.С. Межгрупповое взаимодействие: социально-психологические проблемы. М., 1990;

Этническая психология и общество. М., 1997.

Л.​І.​Навуменка.

т. 18, кн. 1, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАЛОГІЯ

Псіхалогія на Беларусі пачала развівацца ў 1920-я г. Значную ролю ў яе станаўленні адыграў Л.​С.​Выгоцкі, які ў выніку праведзеных ім у 1919—24 даследаванняў у галіне псіхалогіі падрыхтаваў кн. «Педагагічная псіхалогія» і «Псіхалогія мастацтва». У 1923 ён стварыў пры Гомельскім пед. вучылішчы псіхолага-пед. лабараторыю і кабінет эксперым. псіхалогіі. Лабараторыя займалася навучальнай, доследнай і метадалагічнай дзейнасцю. У 1920—30-я г. станаўленне псіхал. навукі адбывалася ў асноўным у рамках педалогіі, пашыралася кола яе навук. і практычных відаў, ствараліся лабараторыі па абслугоўванні навуч. працэсу Асновы навуч.-метадычнай базы па псіхалогіі ў БДУ заклаў У.​М.​Іваноўскі, які распрацаваў першую праграму па псіхалогіі, фундаментальнай логіцы, гісторыі навук. светапогляду і гісторыі Беларусі, апублікаваў манаграфію «Метадалагічныя ўводзіны ў навуку філасофію» (1923). Уклад у развіццё педагогікі і псіхалогіі зрабіў П.​Я.​Панкевіч — адзін з заснавальнікаў і першы дырэктар НДІ педагогікі і педалогіі, з 1929 вядучай навук.-доследнай установы Беларусі ў галіне псіхал., пед. і сац.-эканам. навук. У 1927 пад яго кіраўніцтвам даследаваліся стан маральнай свядомасці, спосабы жыцця і побыту студэнтаў БДУ, апублікавана праца «Які ж наш беларускі студэнт?». Псіхал. аспекты сям’і, шлюбу, праблемы культ. развіцця, дзейнасці інтэлігенцыі на Беларусі вывучаў С.​Я.​Вальфсон; розныя аспекты метадалагічных пытанняў псіхалогіі даследавалі Б.​Я.​Быхоўскі, П.​Я.​Панкевіч, У.​М.​Іваноўскі і інш. У 1925 пры Наркамаце працы адкрыта псіхатэхн. лабараторыя, дзе вывучаліся праблемы прафес. арыентацыі і прафес. адбору; апублікаваны працы С.​М.​Васілеўскага «Уводзіны ў тэорыю і тэхніку псіхалагічных, педолага-педагагічных і псіхатэхнічных даследаванняў» (1927), «Статыстычны метад у прымяненні да псіхалогіі, педагогікі і псіхатэхнікі» (1928), А.​А.​Гайвароўскага «Псіхатэхніка і бібліятэчная справа» (1928), Я.​К.​Матліна «Значэнне лагічнай памяці для засваення арыфметычных дзеянняў» і «Псіхалагічны стан навучэнцаў на экзаменах» (1933).

У 1930—50-я г. псіхал. навука развівалася ва ўзаемадзеянні з пед. і часткова мед. практыкай. У 1947—55 на філал. ф-це БДУ існавала аддзяленне логікі, псіхалогіі і рус. мовы (адзін з заснавальнікаў А.​П.​Ерась). У 1964 у Мінскім пед. ін-це засн. кафедра псіхалогіі. Праводзіліся навук. даследаванні ў галіне ўзроставай дзіцячай, педагагічнай і сац. псіхалогіі, звязаныя з праблемамі ўзаемаадносін у дзіцячых групах і калектывах (Л.​А.​Бандарэнка, Я.​Л.​Каламінскі, А.​Б.​Шырокава), прафес. арыентацыі школьнікаў (В.​І.​Жукоўская), развіцця літ. магчымасцей і адносін школьнікаў да літ. герояў (Л.​М.​Рожына) і інш. У 1965 у Мінскім пед. ін-це замежных моў створана кафедра псіхалогіі і лабараторыя па псіхалогіі маўлення. Навук. даследаванні бел. псіхолагаў былі звязаны з праблемамі навучання і выхавання школьнікаў: псіхалогіі памяці (К.​А.​Камісарчык, Я.​К.​Матлін), маўлення і мыслення (Б.​А.​Бенядзіктаў, Р.​І.​Вадэйка, В.​І.​Жукоўская, М.​С.​Кляўчэня), тэмпераменту, характару і здольнасцей (А.​П.​Ерась), фарміравання ў школьнікаў у працэсе навучання і выхавання ўвагі (М.​Я.​Мышко), пазнавальнай цікавасці (А.​Я.​Міленькі, Л.​М.​Рожына), навуковых паняццяў (У.​М.​Сіленка), прасторавых уяўленняў, успрымання літ. твораў (Л.​А.​Панько), міжасобасных адносін у дзіцячых калектывах (Я.​Л.​Каламінскі і інш.).

У 1970—90-я г. кафедры псіхалогіі створаны ў пед. ін-тах Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна, Магілёва і інш. Узніклі інж., гіст., этнічная, касмічная і інш. галіны псіхал. навукі. Для навук. творчасці бел. псіхолагаў характэрна арганічнае спалучэнне глыбокіх тэарэт. даследаванняў у рэчышчы сац. і агульнай псіхалогіі з гуманіст. накіраванасцю на рашэнне актуальных праблем у сферы псіхалогіі адукацыі (Б.​А.​Бенядзіктаў, Я.​Л.​Каламінскі, С.​В.​Кандрацьева, Г.​М.​Кучынскі, У.​А.​Янчук), міжасобасных адносін і сувязей (Т.​У.​Сянько, Л.​А.​Панько, А.​С.​Сляповіч), мовы (Б.​А.​Бенядзіктаў, Н.​Т.​Ерчак, Г.​М.​Кучынскі), вышэйшай школы (Л.​А.​Кандыбовіч, А.​Ц.​Растуноў), псіхал. праблем, звязаных з наступствамі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (Л.​А.​Пергаменшчык). Вывучаюцца праблемы псіхалогіі прац. выхавання (Ф.​І.​Івашчанка), узроставага і гендэрнага падыходу да развіцця асобы (І.​А.​Фурманаў, Л.​Г.​Лысюк, Ю.​М.​Карандышаў), псіхалогіі пед. навучання і пед. дзейнасці (Л.​У.​Марышчук, І.​А.​Фурманаў), інж. псіхалогіі (В.​М.​Казубоўскі, Г.​І.​Лосік), псіхалогіі спорту (Ю.​А.​Каламійцаў) і інш. Актуальныя праблемы сац. псіхалогіі даследуюць С.​В.​Кандрацьева, Г.​М.​Кучынскі, Л.​А.​Пергаменшчык, Л.​М.​Рожына, У.​А.​Янчук; пед. і ўзроставай псіхалогіі — Б.​А.​Бенядзіктаў, Ф.​І.​Івашчанка, Л.​Г.​Лысюк, Л.​У.​Марышчук, Т.​М.​Савельева, В.​І.​Секун, А.​С.​Сляповіч, І.​А.​Фурманаў, Т.​У.​Сянько; псіхалогіі ў асаблівых умовах — Л.​А.​Кандыбовіч, В.​М.​Казубоўскі, М.​А.​Крэмень, А.​М.​Пастушэня, А.​Ц.​Растуноў. У апошняе дзесяцігоддзе створаны ф-ты псіхалогіі ў Бел. пед. ун-це імя Танка, Жаночым ін-це «ЭНВІЛА», Гродзенскім і Брэсцкім ун-тах, у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. З 1995 выдаецца навук.-метадычны час. «Псіхалогія».

Літ.:

Василевский С.М. Статистический метод в применении к психологии, педагогике и психотехнике. Мн., 1928;

Мышко М.Я. Прылежнасць і яе выхаванне. Мн., 1954;

Ковалгин В.М. Рефлекторная теория ощущений. Мн., 1963;

Матлин Е.К. Психологические основы нравственного воспитания учащихся. Мн., 1968;

Ересь Е.П. Воспитание характера. Мн., 1961;

Яе ж. Организация внимания в учебно-воспитательном процессе. Мн., 1974;

Кучинский Г.М. Психология внутреннего диалога. Мн., 1988;

Карандышев Ю.Н. Психология развития. Ч. 1—2. Мн., 1996—97;

Ждан А.Н. История психологии. М., 1997;

Иващенко Ф.И. Психология воспитания школьника. 2 изд. Мн., 1999;

Коломинский Я.Л. Психология взаимоотношений в малых группах (общие и возрастные особенности). 2 изд. Мн., 2000;

Пергаменщик Л.А. Кризисная психология. Мн., 2001;

Развитие психологии в Беларуси: история и современность. Мн., 2001;

Кандыбович Л.А. История психологии в Беларуси. Мн., 2002;

История психологии в Беларуси: Хрестоматия. Мн., 2004.

Л.​А.​Кандыбовіч.

т. 18, кн. 2, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫ́ЛА ТУ́РАЎСКІ (каля 1113, г.п. Тураў Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. — пасля 1190),

бел. і ўсх.-слав. царкоўны дзеяч, пісьменнік, багаслоў. Паходзіў з заможнай сям’і. Атрымаў класічную для таго часу адукацыю. Прыблізна з 1123 у Нікольскім манастыры: манах, іераманах, у 1144—48 настаяцель. Потым стаў пустэльнікам. З 1161 тураўскі епіскап. Займаўся ўладкаваннем епархіі, прапаведніцкай, экзегетычнай і царк., паліт. і літ. дзейнасцю. Магчыма, ужо ў пач. 13 ст. К.Т. ўшаноўваўся як святы (звесткі пра яго афіц. кананізацыю не выяўлены). Вывучаў грэчаскую мову і візантыйскую л-ру. Стаўшы тураўскім епіскапам, праславіўся як майстар аратарскай прозы, прапаведнік, галоўны клопат якога — духоўнасць суайчыннікаў адпаведна этычных і эст. ідэалаў эпохі. Аўтар пропаведзей, малітваў, павучанняў, прытчаў, канонаў (захавалася каля 70 твораў), створаных на ўзор антычнай і візант. аратарскай прозы. Сярод іх «Сказанне пра чын чарнарызца», «Слова пра паходжанне манаскага жыцця», малітоўны сядмічны цыкл (32 малітвы-споведзі), урачыстыя і дыдактычныя пропаведзі (10 казанняў на святы Велікоднага цыкла, «Слова на Богаяўленне», «Слова на Пяцідзесятніцу», «Слова пра тое, каб не забываць сваіх настаўнікаў» і інш.), павучанні (аб зыходзе душы, аб страху Божым, аб мудрасці, аб карыснасці чытання кніг), прытчы аб чалавечай душы і целе (аб кульгавым і сляпым), пасланні-прытчы да кіева-пячэрскага ігумена Васіля (пра нямудрага цара і пра схіму), 3 Вял. каноны (На ўспенне княгіні Вольгі, Малітоўны, Пакаяльны) і інш. У асобных творах закранаў надзённыя маральна-этычныя праблемы, важныя пытанні грамадска-паліт. жыцця Стараж. Русі. Арыгінальны, выключнай вобразна-выяўленчай сілы талент К.Т. найб. выявіўся ў «словах» з нагоды розных свят, дзе праз традыц. біблейскі змест выяўляецца захапленне чалавека прыгажосцю прыроды, радасцю жыцця, яго імкненне да духоўнай дасканаласці і ідэалу. Дзякуючы багатай паэт. фразеалогіі, сінтаксічнаму паралелізму, агульнаму рытмічнаму ладу некаторыя творы нагадваюць вершы ў прозе. Алегорыі, сімвалы, рытарычныя звароты, разгорнутыя параўнанні надаюць ім глыбокі лірызм, эмацыянальнасць, узнёсласць. Вытанчаная царк.-слав. мова, спалучаная з жывым нар.-паэт. словам, сведчыць пра высокую кніжную культуру, літ. майстэрства і смеласць аўтара. На працягу многіх стагоддзяў творы К.Т. карысталіся вял. папулярнасцю на ўсх.-слав. землях. Яны перапісваліся да 19 ст., змяшчаліся ў розных зборніках-анталогіях. Першая грунтоўная публікацыя яго твораў зроблена рус. вучоным К.​Калайдовічам у 1821. Найб. поўнае выданне твораў К.Т. на Беларусі ажыццявіў А.​Мельнікаў у сваёй кн. «Кірыл, епіскап Тураўскі» (1997). У 1984 К.Т. ўключаны ў Сабор бел. святых, 28 крас. (с. ст.) — Дзень яго памяці. У Тураве пастаўлены помнік К.Т.

Літ.:

Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992;

Яго ж. Кірыл, епіскап Тураўскі: Жыццё, спадчына, светапогляд. Мн., 1997;

Лабынцаў Ю. «Напой росою благодати...»: Малітоўная паэзія Кірылы Тураўскага. Мн., 1992.

А.​А.​Мельнікаў, В.​А.​Чамярыцкі.

Кірыла Тураўскі. Мастак І.​Пратасеня.

т. 8, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)