Існаваў у 1786—91 у в. Дзярэчын Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. Праект т-ра быў створаны Я.С.Бекерам. Будынак быў крыжападобны ў плане, разлічаны на драўляныя канструкцыі, меў сцэну з чатырма планамі куліс і заднікам. Зала мела 7 радоў у партэры і 9 лож. Аўтарам дэкарацый да спектакляў таксама быў Бекер. У т-ры працавала капэла. Для т-ра мастак К.Атасельскі стварыў славутую заслону «Купанне Дыяны» (пасля 1776), якую пазней набыў антрэпрэнёр Д.Мараўскі для новага т-ра ў Вільні.
Праект Сапегаў тэатра ў Дзярэчыне. Арх. Я.С.Бекер. 1780-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРЭНА́ДА (франц. sérénade, італьян. serenata ад sera вечар),
1) вячэрняя песня пад акампанемент лютні, мандаліны ці гітары, звернутая да каханай. Узнікла ў Італіі, пашырылася ў паўд.-раманскіх народаў. Пазней стала жанрам камернай вак. музыкі. Сярод вядомых камерных вак. С. «Начны зефір» М.Глінкі, «Пецярбургскія серэнады» А.Даргамыжскага, «Серэнада Дон Жуана» П.Чайкоўскага, «Вячэрняя серэнада», «Ранішняя серэнада» Ф.Шуберта.
2) Інструментальны муз. твор у 17—20 ст., блізкі да дывертысмента, накцюрна, касацыі. Найб. вядомыя «Хафнераўская серэнада» і «Маленькая начная музыка» В.А.Моцарта, «Італьянская серэнада» Х.Вольфа, «Серэнада для струннага аркестра» Чайкоўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧА́РНЫ КРУГ,
станок (прыстасаванне) для фармоўкі ганчарных вырабаў, дзеянне якога заснавана на цэнтральным вярчэнні ў адной плоскасці пры дапамозе верт. восі. Напачатку карысталіся ручным ганчарным кругам, пазней вынайдзены нажны. З паяўленнем ганчарнага круга ганчарства ператварылася ў рамяство з вылучэннем спецыялістаў-ганчароў. Цяпер ганчары карыстаюцца пераважна нажным ганчарным кругам з рухомай воссю на падшыпніках, на прамысл. прадпрыемствах — з электрамех. прыводам. Першыя ганчарныя кругі з’явіліся ў 4—3-м тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу, у 2—1-м тыс. да н.э. пашырыліся ў Еўропе, з 1-й пал. 1-га тыс.н.э. — у некат. усх.-слав. плямён, з 9—10 ст. — у Стараж. Русі. На Беларусі вядомыя з 10 ст.Ручны ганчарны круг — драўляны дыск, які насаджваўся на дубовую або жалезную вось, убітую ў зямлю (калоду, плашку, крыжавіну). Пры вярчэнні дыска рукой загладжвалі паверхню зробленай уручную пасудзіны або з камяка гліны выцягвалі полае цела патрэбнай формы. Пазней узнік ручны ганчарны круг з крыжавінай, спіцамі, двума дыскамі. З сярэдзіны 16 ст. бытаваў нажны ганчарны круг, які складаўся з двух злучаных спіцамі дыскаў, насаджаных на нерухомую вось. Ніжні дыск прыводзіўся ў рух нагамі, а на верхнім рукамі фармаваўся выраб. Больш дасканалым стаў нажны ганчарны круг з рухомай воссю, якая ўпіралася ніжнім канцом у падстаўку з гняздом — порпліцу. Нажныя ганчарныя кругі з сярэдзіны 18 ст. выкарыстоўвалі і для вытв-сці фаянсавых вырабаў.
В.М.Ляўко.
Ганчарныя кругі: 1 — ручны з нерухомай воссю; 2 — нажны з нерухомай воссю; 3 — нажны з рухомай воссю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́НАПІС,
старажытнае пісьмо, знакі якога складаліся з груп клінападобных рысачак. Рысачкі выціскаліся на паверхні кавалка мяккай гліны завостранымі палачкамі, якія ўваходзілі ў гліну пад вуглом і стваралі клінападобнае заглыбленне. Сырой гліне надавалася форма пліткі, конуса, цыліндра або прызмы, якія потым абпальваліся для захоўвання нанесеных знакаў. К. карысталіся народы Пярэдняй Азіі.
Узнік у 4-м тыс. да н.э. ў Шумеры, пазней быў прыстасаваны да вавілонскай, асірыйскай, хецкай, хурыцкай, эламскай, урарцкай і інш. моў. Паходжанне К. — ідэаграфічна-рэбуснае, з сярэдзіны 3-га тыс. да н.э. — славесна-складовае пісьмо. Клінападобныя знакі — вынік паступовай схематызацыі малюнкаў, з дапамогай якіх шумеры каля 3-га тыс. да н.э. пачалі графічна перадаваць назвы канкрэтных прадметаў і абстрактных паняццяў (гл.Ідэаграфічнае пісьмо). Першапачаткова клінапісная графіка налічвала каля 1000 абазначэнняў розных складоў і каля 20 тыс.ідэаграм і дэтэрмінантаў. Кліны размяшчаліся гарызантальна 𒀸, вертыкальна <SIGN>, пад рознымі вугламі <SIGN>, <SIGN>. Напрамак пісьма спачатку быў верт., слупкамі справа налева, пазней — радковы злева направа. К. праіснаваў каля 4 тыс. гадоў. Найб. познія яго помнікі разнастайныя па жанрах (рэліг. і навук. тэксты, дакументы, слоўнікі, эпас), адносяцца да 6—4 ст. да н.э. (Стараж. Персія). Стараж-перс. К., які меў толькі 41 складовы знак, расшыфраваў у 1802 ням. мовазнавец Г.Ф.Гротэфенд. Хецкія тэксты першы прачытаў чэш. філолаг Б.Грозны ў 1915.
Літ.:
Дьяконов И.М. Языки древней Передней Азии. М., 1967;
Фридрих И. История письма: Пер. с нем. М., 1979.
А.Я.Міхневіч.
Узор вавілона-асірыйскага клінапісу. Надпіс асірыйскага цара Тыглатпаласара I.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКТАТРАЦІ́ЧНАЯ ФЛО́РА,
існавала ад пач. палеагену да сярэдзіны неагену на сушы ў межах сучасных арктычных ускраін і ўмераных шыротаў Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Вылучана О.Геерам па знаходках у Грэнландыі, на Шпіцбергене і інш. У Еўропе існавала да сярэдзіны міяцэну.
Склалася на аснове трапічнай флоры мелавога перыяду ва ўмовах масавага пашырэння пакрытанасенных, развіцця лістападнай расліннасці. У арктатрацічнай флоры былі пальмы сабаль, хлебнае дрэва, эўкаліпт, фікус, камфарны лаўр, пазней гінкга, магнолія, платан, каштан, грэцкі арэх, бук, дуб, вяз, вярба, таполя, арэшнік і інш. Па меры пахаладання адбывалася замяшчэнне раслін менш цеплалюбнымі, фарміравалася сучасная занальная расліннасць. Арктатрацічная флора паслужыла асновай для фарміравання сучаснай флоры Еўразіі і Паўн. Амерыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАЛЬШАВІ́К»,
тэарэтычны і паліт. орган ЦККПЗБ. Выдаваўся нелегальна са снеж. 1924 да 1936 у Вільні, пазней у Мінску на бел. (асобныя матэрыялы на рус.) мове. Нумары 1—40 выйшлі як газета, з нумара 41-га — часопіс (выйшла 50 нумароў). Змяшчаў артыкулы па тэорыі і практыцы камуніст. руху ў Польшчы і Зах. Беларусі, рабоце секцый Камінтэрна ў краінах Зах. Еўропы, пастановы пленумаў ЦККПЗБ, матэрыялы канферэнцый і з’ездаў КПЗБ, хроніку парт. работы. Пісаў пра паліт і эканам. становішча ў СССР і БССР. Адыгрываў актыўную ролю ў кіраўніцтве рэв. і нац.-вызв. рухам працоўных Зах. Беларусі. Друкаваў і сектанцкія матэрыялы, асабліва ў 1930-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́РСКІ МУЖЧЫ́НСКІ ПРААБРАЖЭ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 17 — пач. 20 ст. каля в. Ахора (цяпер Чэрыкаўскі р-н Магілёўскай вобл.) на беразе р. Сож. Паводле падання, заснаваны як праваслаўны пустэльнікам ці будаўніком Аркадзем. Першы ігумен вядомы з 1669. У 1708 у час Паўн. вайны 1700—21 знішчаны шведамі, пазней адбудаваны. Прывілеем караля Аўгуста II 1720 пацверджана прыналежнасць манастыра да правасл. царквы і захавана яго зямельная ўласнасць. У 1842 прыпісаны да Магілёўскага Богаяўленскага манастыра, з 1870 самастойны. Меў 2 драўляныя храмы: Праабражэння (1711) з разьбяным 3-ярусным іканастасам і шанаваным абразом Маці Божай і Успення (1843). У 1918 манастыр закрыты. Будынкі не захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́БУТАЎ (Валерый Міхайлавіч) (18.12.1885, г. Валгаград — 1.11.1961),
рускі рэжысёр. Засл. арт. Расіі (1934), засл. дз. маст. Татарстана (1945). Творчую дзейнасць пачаў у МХТ (1912). Удзельнічаў (з У.Меерхольдам) у стварэнні Т-ра РСФСР 1-га (1920). З 1924 узначальваў Т-рмуз. буфанады (пазнейТ-рмуз. камедыі). Яго мастацтва было адметнае высокай рэжысёрскай культурай, пошукамі новых выразных сродкаў. Пастаноўкі ў розных тэатрах: «Смерць Тарэлкіна» А.Сухаво-Кабыліна 91924), «Карневільскія званы» Р.Планкета (1925), «Цыганскі барон» І.Штрауса (1935), «Марыя Сцюарт» Ф.Шылера (1940), «Гамлет» У.Шэкспіра (1946 і 1955 у Бел. т-ры імя Я.Коласа, адзін з лепшых шэкспіраўскіх спектакляў на Беларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ГІНА,
вёска ў Беларусі, у Далёцкім с/с Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр калгаса. За 35 км на ПдЗ ад Браслава, 273 км ад Віцебска, 67 км ад чыг. ст. Друя. 387 ж., 153 двары (1995). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі — курганны могільнік 8—11 ст.
У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1514 як уладанне роду Геталтаў. Пазней належала Кімбарам, Бенетам, Цеханавецкім, Манузі, Плятэрам. У 1738 у Богіне 5 гаспадарак, 10 валок зямлі. З 1922 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Браслаўскага пав. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета ў Відзскім р-не Вілейскай, з 1944 — Полацкай, з 1954 — Маладзечанскай абл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́Ў,
горад у Рас. Федэрацыі, у Растоўскай вобл. Порт на р. Дон, за 7 км ад упадзення ракі ў Таганрогскі заліў Азоўскага мора. Чыг. станцыя. 81 тыс.ж. (1992). Машынабудаўнічая (кавальска-прэсавае, гандл. абсталяванне, рыбалавецкія судны), лёгкая, харч. прамысловасць. Гіст.-краязнаўчы музей.
У 10—11 ст. Азоў у складзе Тмутараканскага княства. Каля 1067 захоплены полаўцамі (назвалі яго Азак). З 13 ст. горад у Залатой Ардзе, з 1471 тур.ваен. крэпасць. У 1637—42 Азовам валодалі данскія казакі. У 1696 узяты войскамі Пятра I, у 1711 вернуты Турцыі. З 1739 у Расіі. У 1775—82 цэнтр Азоўскай губ., пазнейваен. крэпасць. З 1810 пасад Растоўскага пав. Екацярынаслаўскай губ.