БОК (Bock) Фёдар фон (3.12.1880, г. Костшын, Польшча — 3.5.1945),
германскі военачальнік. Ген.-фельдмаршал ням.-фаш. арміі (1940). Службу пачаў у 1898. Удзельнік 1-й сусв. вайны. З 1919 на камандных і штабных пасадах у рэйхсверы. Выступаў за пераўзбраенне Германіі і ўстанаўленне фаш. дыктатуры. У 2-ю сусв. вайну 1939—45 камандуючы групай армій «Поўнач» (1939, Польшча), групай армій «Б» (1940, Францыя). З чэрв. 1941 на сав.-герм. фронце, камандуючы групай армій «Цэнтр», якая ў чэрв.—жн. 1941 акупіравала тэр. Беларусі. У снеж. 1941 пасля паражэння ням.-фаш. войскаў пад Масквой зняты з пасады. У студз.—ліп. 1942 камандуючы групамі армій «Поўдзень» і «А», потым у распараджэнні вярх. камандавання вермахта. Загінуў у час налёту англа-амер. авіяцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРТУНЫ́ (Gyrinidae),
сямейства насякомых атр. жукоў. У сусв. фауне больш за 1600 відаў, пашыраных пераважна ў тропіках. Жывуць у прэсных вадаёмах, круцяцца на паверхні вады ў пошуках здабычы (адсюль назва). На Беларусі 7 відаў з 2 родаў. Найб. пашыраны вяртун-паплавок (Gyrinidae natator) і вяртун змрочны (Gyrinidae villosus).
Даўж. да 8 мм. Цела цёмнае, бліскучае. Пярэднія ногі хапальныя, падоўжаныя, сярэднія і заднія плавальныя (плоскія, падобныя да вёслаў). Вочы падзелены на 2 палавіны, адна з якіх здольная бачыць над вадой, другая — пад вадой. Удзень плаваюць часцей чародамі, пры небяспецы ныраюць; у цёмны час лётаюць. Драпежныя: кормяцца дробнымі вадзянымі насякомымі (у т. л. лічынкамі малярыйных камароў) і інш. Лічынкі жывуць у глеі, акукліваюцца на беразе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ КНЯ́ЖАЦКІ ЦЕ́РАМ, княжацкі палац,
помнік архітэктуры 12 ст. Размяшчаўся на тэр.Гродзенскага Старога замка, на паўд. рагу дзядзінца. Рэшткі церама выяўлены ў 1932—33 Ю.Ядкоўскім. Збераглася паўн. частка даўж. 9,72 м і выш. да 2 м. Гэта быў 2-павярховы на каменным падмурку будынак з драўлянымі бэлечнымі перакрыццямі. Змураваны з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі. На кароткіх тарцах цаглін рэльефныя мулярскія знакі. Звонку дэкар. муроўка была аздоблена радамі амаль неапрацаваных камянёў. Падмурак — рад камянёў (таўшчыня 35—40 см), пад якімі праслойка бітай цэглы. Будынак быў накрыты свінцовымі лістамі. У канцы 14 — пач. 15 ст. да ўвахода прыбудаваны новы ганак з буйнапамернай цэглы, будынак прыстасаваны да абароны. Разбураны ў 16 ст. ў час перабудовы Старога замка Стафанам Баторыем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛБА́НІЯ КАЎКА́ЗСКАЯ, Аран,
стараж. дзяржава ва Усх. Закаўказзі ў 4—3 ст. да н.э. — 10 ст.н.э. (у ніжнім цячэнні Аракса і Куры). Сталіцы Кабалака, Партаў (Барда), Ардэбіль. Першапачаткова саюз роднасных плямёнаў (албаны, уціі, каспіі і інш.), пазней рабаўладальніцкая, каля 3—5 ст.н.э.феад. дзяржава. Найб. магутнасці дасягнула ў час праўлення цара Урнайра (370-я г.), які распаўсюдзіў у Албаніі каўказскай хрысціянства. У пач. 5 ст. з’явілася алб. пісьменнасць. З канца 4 ст.пад уладай Сасанідскага Ірана, супраць якога ў 451, 484, 571 адбыліся паўстанні. У 7 ст. іранскае панаванне змянілася візант. і хазарскім. У 713 заваявана арабамі. У 9 ст. распалася на княствы і з пач. 10 ст. большасць зямель Албаніі каўказскай увайшла ў склад Шырвана і інш. дзяржаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАТЫ́НСКІЯ,
княжацкі род герба «Астоя». Заснавальнік роду князь Аляксандр Андрэевіч (15 ст.), старэйшы сын удзельнага князя Андрэя Усеваладавіча Шуціхі Мезецкага з роду чарнігаўскіх князёў. Прозвішча паходзіць ад с. Баратынь паблізу Мезецка (Калужская вобл.). Аляксандр Андрэевіч і яго сыны служылі папераменна то вял. князям маскоўскім, то вял. князям ВКЛ. У час руска-літ. войнаў пач. 16 ст. ўнук Аляксандра Андрэевіча, Іван Львовіч, не пажадаў заставацца ў сваёй вотчыне, якая трапіла пад уладу Масквы, і з’ехаў у ВКЛ. Ён стаў заснавальнікам лукомскай галіны роду Баратынскіх, асн. уладаннем якой была частка Лукомскага княства. Ад Мікалая, сына Івана Львовіча, пайшла аршанская лінія роду Баратынскіх, якія з 17 ст. ўсё радзей карысталіся княжацкім тытулам. У Польшчы жылі Баратынскія герба «Корчак» і «Сякера».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ МУЖЧЫ́НСКАЯ ГІМНА́ЗІЯ.
Існавала ў Віцебску ў 1808—1918. Засн. на базе 5-класнага нар. вучылішча. Была пад папячыцельствам Віленскай навучальнай акругі (у 1829—50 Беларускай навучальнай акругі, у 1850—64 Пецярбургскай). Тэрмін навучання 7, з 1871 — 8 гадоў. Рыхтавала навучэнцаў да паступлення ва ун-т. Напачатку прымаліся дзеці ўсіх саслоўяў, з 1828 толькі дваран і чыноўнікаў. Выкладаліся філасофія, палітэканомія, права, польск., рус., лац., грэч., франц., ням. мовы, фізіка-матэм. і прыродазнаўчыя дысцыпліны. У розныя часы выкладчыкамі працавалі А.П.Сапуноў, М.Я.Нікіфароўскі, П.В.Шэйн, браты М. і В.Чысцяковы і інш. Сярод выпускнікоў і вучняў гімназіі І.І.Гарбачэўскі, Т.Заблоцкі, Я.Вуль, Л.Шапялевіч і інш. Гімназісты ўдзельнічалі ў паўстанні 1863—64. За час існавання гімназія падрыхтавала каля 3 тыс. юнакоў. Скасавана дэкрэтам ВЦВК ад 16.10.1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́МПІНГ (англ. dumping літар. скідванне),
продаж тавараў на знешнім рынку па штучна заніжаных цэнах, магчыма, ніжэй сабекошту. Мэта Д.: спрыянне экспансіі на новыя рынкі і абарона пазіцый дадзенай дзяржавы на замежных рынках шляхам абмежавання канкурэнцыі; процідзеянне залішняму продажу тавараў на ўнутр. рынку, які прыводзіць да зніжэння цэн, і, як вынік, да змяншэння даходаў вытворцаў. Д. выклікае негатыўныя вынікі: у краіне экспарцёра для спажыўцоў, што плацяць высокія цэны і пакрываюць страты ад нізкіх дэмпінгавых цэн; у краіне імпарцёра стрымлівае айчынную вытв-сць (спрыяе росту беспрацоўя), прадукцыя якой становіцца неканкурэнтаздольнай побач з больш таннай імпартаванай. ЕЭС забараніла Д. паводле Рымскага трактата 1957. Антыдэмпінгавы кодэкс, што прадугледжвае правядзенне перагавораў пад эгідай ГАТТ, прыняты ў част.зв. такійскага раунда 1973—79. Д. валютны — вынік дэвальвацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТА́Я БУ́ЛА (лац. Bulla aurea, венг. Aranybulla),
1) адзін з важнейшых юрыд. актаў у сярэдневяковай Венгрыі. Выдадзена ў 1222 венг. каралём Андрашам II Арпадам пад націскам т.зв. каралеўскіх слуг (пазней з іх сфарміравалася сярэдняя шляхта). З.б. гарантавала ім правы, якія да гэтага мелі магнаты (бароны): вызваленне ад падаткаў, права судаводства ў камітатах, абмежаванне абавязку ваен. службы і інш.; прадстаўляла вышэйшай і сярэдняй шляхце права паўстання супраць караля ў выпадку парушэння ім булы (адменена ў 1687).
2) Пастанова, прынятая ў 1356 у «Свяшчэннай Рым. імперыі» на імперскіх сеймах у гарадах Нюрнберг і Мец, зацверджаная імператарам Карлам IV Люксембургскім у якасці асн. канстытуцыйнага акта. Рэгулявала парадак выбрання імператара курфюрстамі, устанаўлівала час і месца выбарчага з’езду, вызначала рангі, абавязкі і прывілеі курфюрстаў. Дзейнічала да 1806.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛ СМЕ́ЛЫ (Charles le Téméraire; 10.11.1433, г. Дыжон, Францыя — 5.1.1477),
герцаг Бургундыі [1467—77]. Сын бургундскага герцага Філіпа III Добрага (правіў у 1419—67). Выступаў супраць цэнтралізатарскай палітыкі франц. караля Людовіка XI, дамогся ад яго вяртання пад сваю ўладу гарадоў па р. Сома (1465), імкнуўся стварыць самаст. бургундска-нідэрл. каралеўства, дзеля чаго заваяваў Латарынгію (1475) і інш. землі. Жанаты з Маргарытай Йоркскай (з 1468), дапамог Эдуарду IV вярнуць англ. прастол (1471). Цэнтралізаваў фінансы і войска, ваяваў з Францыяй (1470—75, з перапынкамі), кёльнскім епіскапствам (аблога г. Нейс у 1474—75) і створанай Людовікам XI аўстра-латарынгска-швейц. кааліцыяй (т. Ж бургундскія войны 1476—77): загінуў у час аблогі г. Нансі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЛАВЕ́Ц Міхаіл Паўлавіч (25.10.1914, в. Скрыгалаў Мазырскага р-на Гомельскай вобл. — 6.10.1944),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў БДУ (1937), курсы мал. лейтэнантаў пры Харкаўскім танк. вучылішчы (1941). У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Сталінградскім, 2-м Укр. франтах. Камандзір танк. батальёна капітан К. вызначыўся ў студз. 1944 у баі за ст. Лялекаўка каля Кіраваграда, калі батальён пад яго камандаваннем за дзень адбіў 6 контратак, і ў час прарыву абароны праціўніка на румына-венг. граніцы 5.10.1944, калі батальён знішчыў 5 гармат, больш за 100 павозак з боепрыпасамі, узяў у палон 130 гітлераўцаў. Загінуў у баі. Яго імем названы вуліцы ў Мазыры, Ціраспалі, в. Лешня, 8-гадовая школа ў в. Лешня, дзе ён вучыўся.