УСЕАГУ́ЛЬНАЯ СТА́ЧКА НА ПО́ЎДНІ РАСІ́І 1903,

масавая стачка ў ліп.—жніўні 1903, у якой удзельнічалі каля 200 тыс. рабочых Закаўказзя і Украіны; першая стачка рас. рабочых, якая выйшла за мясц. рамкі і ахапіла буйны эканам. рэгіён. Адбывалася ва ўмовах эканам. крызісу, які значна пагоршыў становішча рабочых. Пачалася 14.7.1903 з забастоўкі рабочых Баку, адбывалася пад кіраўніцтвам к-таў РСДРП. Рабочыя патрабавалі ўвядзення 8-гадзіннага рабочага дня, павышэння зарплаты і інш. Стачкі спалучаліся з мітынгамі і дэманстрацыямі, на якіх разам з эканам. патрабаваннямі абвяшчаліся паліт. лозунгі: «Далоў самадзяржаўе!», «Хай жыве дэмакратычная рэспубліка!». Масавыя забастоўкі рабочых адбыліся ў многіх інш. рэгіёнах Расійскай імперыі, у т. л. на Беларусі. Рабочыя выступленні 1903, якія ў значнай ступені насілі паліт. характар, сталі пралогам да рэвалюцыі 1905—07 у Расіі.

т. 16, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́ХТАМСКІ (Ухтомскі) Дзмітрый Васілевіч

(1719, с. Сямёнаўскае, Яраслаўская вобл., Расія — 15.10.1774),

рускі архітэктар. Скончыў Школу матэм. і навігацкіх навук у Маскве (1733). Працаваў пад кіраўніцтвам І.Мічурына (1733—41) і І.Корабава (1741—44). Работы ў стылі рус. барока сярэдзіны 17 ст. адметныя пластычным багаццем арх. форм: у Маскве — трыумфальныя Красныя вароты (не захаваліся), Сенацкі дом у Лефортаве (абодва 1753—57; апошні перабудаваны), Кузнецкі мост цераз р. Няглінка (1754—57; не захаваўся). Праектаваў і завяршыў буд-ва званіцы ў Троіца-Сергіевай лаўры. Стваральнік першай у Расіі арх. школы, дзе вучыліся М.Казакоў, А.Какорынаў, І.Староў і інш.

Літ.:

Михайлов А.И. Архитектор Д.​В.​Ухтомский и его школа. М., 1954;

Кипарисова А.А. Д.​Ухтомский // Зодчие Москвы. М., 1981. Кн. 1;

Архитектор Д.​В.​Ухтомский: Кат. М., 1973.

т. 16, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХВО́РАСТ Іван Маркавіч (24.2.1902, в. Кацёлкі Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 1.7.1983),

бел. танцоўшчык, балетмайстар, збіральнік бел. харэаграфічнага фальклору. Засл. работнік культ. Беларусі (1977). Скончыў Віленскі ун-т (1935), адначасова вучыўся ў прыватнай школе балетнага майстэрства. З 1928 саліст танц. групы хору Слав. песні Віленскай бел. гімназіі. У 1940—50 кіраўнік харэаграфічнай групы Бел. ансамбля песні і танца пад кіраўніцтвам Р.​Шырмы. З 1953 саліст балета Бел. філармоніі, у 1960—78 кансультант Рэсп. Дома нар. творчасці. Зрабіў значны ўклад у развіццё бел. нар.-сцэн. танца. Стварыў сцэн. варыянты традыц. бел. танцаў («Таўкачыкі», «Мікіта», «Падушачка», «Козачка»), кадрыляў, карагодаў («Пойдзем, пойдзем лугам», «Дзявочы», «Лірычны»), харэаграфічных кампазіцый «Паланэз Агінскага», «Світанак над Свіцяззю». Аўтар зб-каў «Беларускія танцы» (1974, 1977).

В.​М.​Яшчанка.

т. 17, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭ́ЛІКАЎ Аляксандр Іванавіч (20.4.1904, Масква —28.10.1984),

савецкі вучоны ў галіне металургіі. Акад. АН СССР (1964, чл.-кар. 1953). Герой Сац. Працы (1964). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1928). З 1935 на выкладчыцкай рабоце. З 1945 нач. канструктарскага бюро, з 1959 дырэктар Усесаюзнага н.-д. і праектна-канструктарскага ін-та металургічнага машынабудавання. Навук. працы па тэорыі пракаткі і разліку пракатных станаў. Пад яго кіраўніцтвам створаны унікальныя пракатныя станы і агрэгаты; тэхналогія і агрэгаты сумяшчэння неперарыўнага ліцця металаў з пракаткай і інш. Ленінская прэмія 1964. Дзярж. прэміі СССР 1947, 1948, 1951. Залаты медаль імя М.​В.​Ламаносава АН СССР (1975).

Тв.:

Теория расчета усилий в прокатных станах. М., 1962;

Специальные прокатные станы. М., 1971 (у сааўт.).

А.​І.​Цэлікаў.

т. 17, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБІ́ДСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1848—52,

антышахскія і антыкаланіяльныя нар. паўстанні ў Іране пад кіраўніцтвам бабідаў (прыхільнікаў Баба). Былі рэакцыяй на адсутнасць наспелых у краіне сац.-эканам. рэформаў і ўмяшанне Англіі, Расіі і інш. дзяржаў ва ўнутр. справы Ірана. 1-е паўстанне адбылося ў вер. 1848 — маі 1849 у Мазендэране. Каля 2 тыс. паўстанцаў, гал. чынам сялян і рамеснікаў, пабудавалі на беразе р. Талар (на ПдУ ад г. Барфаруш) крэпасць. На чале з муламі Махамедам Алі Барфарушскім і Хасейнам Башруе яны спрабавалі адмяніць прыватную ўласнасць, абвясціць усю маёмасць агульным набыткам, ажыццявіць роўнасць людзей (харчаваліся з агульнага катла). Задушана шахскімі ўладамі. 2-е паўстанне праходзіла ў г. Зенджан (май—снеж. 1850) пад аналагічнымі лозунгамі. Паўстанцы абвясцілі пра заснаванне новага вечнага царства са справядлівымі парадкамі. Вераломна задушана ўладамі. 3-е паўстанне ў чэрв. 1850 у г. Нейрыз пратрымалася ўсяго некалькі дзён. Пасля яго задушэння бабідскі рух страціў масавы характар. У жн. 1852 бабіды здзейснілі няўдалы замах на жыццё шаха Наср-эд-дзіна. Уцалелыя ад шахскіх рэпрэсій бабіды ўцяклі ў Ірак і інш. краіны.

т. 2, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́НСЕНАЎСКАЯ МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПА СПРА́ВАХ БЕ́ЖАНЦАЎ (Nansen International Office for Refugees). Існавала ў 1930—38. Працягвала працу Вярх. камісіі Лігі Нацый па справах бежанцаў (у 1921—30 дзейнічала пад кіраўніцтвам нарв. палярнага даследчыка Ф.Нансена). Засн. Лігай Нацый у канцы 1930 пасля смерці Нансена, з 1.4.1931 працавала ў г. Жэнева (Швейцарыя). Мела прадстаўніцтвы ў буйнейшых дзяржавах свету, якія выконвалі ролю консульстваў для ўладальнікаў «нансенаўскіх пашпартоў» — асобых пасведчанняў асобы, што былі прызнаны ў 52 краінах. Садзейнічала прыняццю 14 краінамі Канвенцыі 1933 аб бежанцах. Да канца 1935 перасяліла больш за 40 тыс. армян-бежанцаў ад тур. генацыду ў Сірыю і Ліван і 10 тыс. — у Ерэван, а таксама 4 тыс. бежанцаў з Саара ў Парагвай. З 1935 супрацоўнічала з камісіяй Лігі Нацый па справах бежанцаў з Германіі (існавала ў 1933—38). Рабіла выплаты бедным (асн. крыніцу фінансавання склалі 250 тыс. нарв. крон, атрыманых ад Нансена). Да 1938 аказала дапамогу 800 тыс. бежанцаў. Заменена новай Вярх. камісіяй па справах бежанцаў пад эгідай Лігі Нацый, якая пачала працаваць у Лондане 1.1.1939. Нобелеўская прэмія міру 1938.

т. 11, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІРЫ́ЙСКАЕ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1925—27,

нац.-вызв. паўстанне ў Сірыі супраць франц. калан. панавання. Пачалося 18.7.1925 у вобласці Джэбель-Друз пад кіраўніцтвам феадала Султана аль-Атраша. 21 ліп. апалчэнцы разграмілі франц. ваен. атрад, 28 ліп. ўвайшлі ў г. Эс-Сувейда, а 2—3 жн. разграмілі 4-тыс. атрад франц. войск і паўстанне набыло агульнанац. характар. 23 жн. аль-Атраш выдаў маніфест з патрабаваннем поўнай незалежнасці Сірыі і вываду з яе франц. войск. Да паўстання далучылася Партыя народа на чале з Шахбендэрам. У кастр. 1925 вобласць Джэбель-Друз поўнасцю вызвалена ад франц. войск, і паўстанне ахапіла аазіс Гута, дзе знаходзіцца сталіца Сірыі — Дамаск. 18 кастр. паўстанцы ўступілі ў Дамаск, але пад націскам франц. войскаў неўзабаве пакінулі яго і разгарнулі партыз. вайну. Летам 1926 80-тыс. франц. армія рушыла супраць паўстанцаў і да восені задушыла асн. іх ачагі. Апошні апорны пункт паўстанцаў Джэбель-Друз французы захапілі ў чэрв. 1927; аль-Атраш і ч. яго прыхільнікаў перайшлі ў Трансіарданію.

Літ.:

Луцкий В.Б. Национально-освободительная война в Сирии (1925—1927 гг.). М., 1964.

т. 14, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛ-ЛАНКА́СТЭРСКАЯ СІСТЭ́МА ўзаемнага навучання,

сістэма навучання ў пач. школе, пры якой старэйшыя вучні, якія больш паспяхова займаліся, пад кіраўніцтвам настаўніка вялі заняткі з астатнімі навучэнцамі. Узнікла ў сувязі з неабходнасцю масавага навучання пісьменнасці. Прапанавана незалежна адзін ад аднаго англ. педагогамі Э.​Белам (1791) і Дж.​Ланкастэрам (1801). Спачатку ўжыта ў Індыі, потым у Вялікабрытаніі. У пач. 19 ст. шырока практыкавалася ў Францыі, Расіі, ЗША, Даніі і інш. краінах. У Расійскай імперыі ў 1817—19 школы ўзаемнага навучання ўзніклі ў некаторых вайск. часцях і ў маёнтках ліберальна настроеных памешчыкаў. Адной з першых такая школа адчынена для сялян у маёнтку графа М.​П.​Румянцава ў Гомелі. Супраць Бел-Ланкастэрскай сістэмы выступалі прыхільнікі навучання, якое садзейнічала развіццю асобы. У сярэдзіне 19 ст. Бел-Ланкастэрска сістэма страціла папулярнасць.

т. 3, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЛІХАЎ Яўген Паўлавіч (н. 2.2.1935, Масква),

расійскі фізік-тэарэтык. Акад. АН СССР (1974, чл.-кар. з 1968). Герой Сац. Працы (1985). Скончыў Маскоўскі ун-т (1958). З 1958 у Ін-це атамнай энергіі імя І.​В.​Курчатава, з 1988 дырэктар. У 1977—90 віцэ-прэзідэнт АН СССР, з 1991 віцэ-прэзідэнт Рас. АН. Навук. працы па фізіцы плазмы, магн. гідрадынаміцы, праблемах кіраванага тэрмаядз. сінтэзу. Незалежна ад Р.​З.​Сагдзеева і Д.​Пайнса прапанаваў (1962) квазілінейны механізм узаемадзеяння ў плазме. Пад яго кіраўніцтвам створаны магутныя імпульсныя крыніцы энергіі на аснове МГД-генератараў, распрацаваны тэхнал. лазеры для металаапрацоўкі. Ленінская прэмія 1984. Дзярж. прэмія СССР 1977.

Літ.:

Андреев А.Ф. и др. Е.​П.​Велихов: (К шестидесятилетию со дня рождения) // Успехи физ. наук. 1995. Т. 165, № 1.

Я.П.Веліхаў

т. 4, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬГЕ́ЛЬМ I АРА́НСКІ (Willem van Oranje) Маўклівы

(24.4.1533, г. Дыленбург, Германія — 10.7.1584),

прынц аранскі (з 1544), граф насаўскі, дзеяч Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. У 1559 прызначаны статхаўдэрам (правіцелем) Галандыі, Зеландыі і Утрэхта. Разам з Л.Эгмантам і Ф.Горнам узначаліў апазіцыю супраць ісп. панавання ў краіне. Пасля ўвядзення ў краіну ісп. войска пад кіраўніцтвам Ф.Альбы і ўстанаўлення дыктатуры (1567) эмігрыраваў у Германію. Адтуль на чале войска ў 1572 уступіў у Нідэрланды; быў прызначаны статхаўдэрам правінцый Штаты Галандыі і Зеландыя. Садзейнічаў заключэнню Генцкага прымірэння паміж католікамі і пратэстантамі (1576). Пасля заключэння Утрэхцкай уніі 1579 страціў уплыў у паўд. Нідэрландах, што прывяло да стварэння Рэспублікі Аб’яднаных правінцый (1581). Вызначаўся верацярпімасцю. Забіты ў Дэлфце каталіцкім фанатыкам Б.​Жэрарам. Пасля смерці абвешчаны нац. героем Нідэрландаў.

Н.​К.​Мазоўка.

Вільгельм I Аранскі.

т. 4, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)