ЗАЙМЕ́ННІК,

часціна мовы, якая паказвае на прадметы і якасці, не называючы іх. Канкрэтнае значэнне мае толькі ў звязнай мове, дзе выступае як марфалагічны сінонім да назоўніка, прыметніка ці лічэбніка. Паводле суадносін з інш. часцінамі мовы З. падзяляюць на назоўнікавыя, прыметнікавыя і лічэбнікавыя; паводле значэння — на асабовыя (я, мы, ты, вы), зваротны (сябе), прыналежныя (мой, наш, твой), пытальна-адносныя (хто, што, каторы), указальныя (гэты, той, такі), азначальныя (сам, увесь, кожны, іншы), адмоўныя (ніхто, нішто), няпэўныя (нехта, некаторы, нейкі). У сказе выконваюць ролю дзейніка, выказніка і дадатковых членаў сказа, найчасцей дапаўнення і азначэння.

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

Я.​М.​Камароўскі.

т. 6, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАЛА́НСКАЯ МО́ВА,

адна з раманскіх моў (ібера-раманская падгрупа). Пашырана ў Іспаніі (аўт. вобл. Каталонія, Валенсія, Балеарскія а-вы), Францыі (гіст. вобл. Русільён, дэпартамент Усх. Пірэнеі), Андоры і ў г. Альгера (в-аў Сардзінія, Італія). Мае 2 групы дыялектаў: усходнюю (барселонскі, балеарскі, русільёнскі, альгерскі) і заходнюю (лерыданскі, валенсійскі). У фанетыцы складаны кансанантызм, варыятыўнасць фанем, у марфалогіі і лексіцы блізкасць да аксітанскай (правансальскай) мовы. Асаблівасць К. м. — наяўнасць абвеснага ладу (vaig cantar — «Я спяваў»). У сінтаксісе і лексіцы моцны ўплыў ісп. мовы. Першыя помнікі пісьменнасці датуюцца 11—12 ст. З сярэдзіны 13 ст. развіваецца літ. мова, у яе аснове барселонскі дыялект. Пісьменнасць на аснове лац. алфавіта.

т. 8, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ПРСКАЕ ПІСЬМО́,

складовае пісьмо в-ва Кіпр у 6—2 ст. да н.э. Першапачаткова створана для ўласна кіпрскай мовы, потым прыстасавана да грэч. мовы каланістаў. К.п. — вытворнае ад кіпра-мінойскага пісьма (разнавіднасць крыцкага пісьма). Мае 56 знакаў (галосны ці спалучэнне галоснага з зычным). Кожны знак — адкрыты склад, адсутнічае размежаванне доўгіх і кароткіх галосных, глухіх і звонкіх зычных. Кірунак справа налева, часам чаргаваўся ад радка да радка. Стараж. кіпрскія надпісы датуюцца 2400—2100 да н.э. Першыя дэшыфроўкі К.п. зроблены ў сярэдзіне 19 ст. на грэч. мове. Тэксты на ўласна кіпрскай мове не прачытаны.

Літ.:

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​М.​Рудэнка.

т. 8, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НДЭ ((Linde) Самуэль Багуміл) (24.4. 1771, г. Торунь, Польшча — 18.8.1847),

польскі лексікограф. Чл. многіх замежных акадэмій. З 1791 выкладчык польскай мовы ў Лейпцыгскім ун-це, з 1804 дырэктар Варшаўскага ліцэя. У перыяд Варшаўскага княства чл. Палаты грамадскай адукацыі, кіраўнік Дырэкцыі нар. адукацыі. Адзін з арганізатараў і дырэктар публічнай б-кі пры Варшаўскім ун-це. Чл. Варшаўскага т-ва сяброў навук, многіх навук. т-ваў. Гал. праца Л. — «Слоўнік польскай мовы» (т. 1—6, 1807—14). Аўтар працы «Пра статут літоўскі...» (1816). Даследаваў стараж. прускую мову.

Літ.:

Michalski J. Spór o koncepcję «Słownika» Lindego // Studia i materiały z dziejów nauki polskiej. Warszawa, 1954. T. 2.

т. 9, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСІМІ́, Насімі (сапр. Сеід Імадзеддзін; каля 1369, г. Шэмаха, Азербайджан — 1417),

азербайджанскі паэт; пачынальнік азерб. літ. мовы. Вывучаў тэалогію, матэматыку, логіку, астраномію. Падарожнічаў па краінах Б. Усходу. Прыхільнік пантэізму. Пакараны царквой як ерэтык. Пісаў на азерб., араб. і перс. мовах. Майстар жанраў газелі, рубаі і туюг (чатырохрадкоўяў). У містычнай форме выказваў пратэст супраць сац. прыгнёту з боку феадалаў і духавенства, асуджаў рэліг. перажыткі, прымхлівасць. Паэтызаваў зямныя радасці, услаўляў розум чалавека, імкнуўся распазнаць таямніцы жыцця. Творы Н. адметныя багаццем паэт. сродкаў, метафарычнасцю мовы, дакладнасцю метрыкі, гуманіст. зместам.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. лирика. Т. 1—2. Баку, 1973—76;

Лирика. М., 1973.

Літ.:

Араслы Г.Т. Имадеддин Несими. Баку, 1973.

т. 11, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯШКО́ЎСКІ (Аляксандр Мацвеевіч) (23.8.1878, г. Томск, Расія — 27.3.1933),

рускі мовазнавец; прадстаўнік рус. фармальна-граматычнай школы. Скончыў Маскоўскі ун-т (1906). З 1918 праф. Екацярынаслаўскага, 1-га і 2-га маскоўскіх ун-таў і інш. ВНУ. Спецыяліст у галіне тэорыі граматыкі (пераважна сінтаксісу) і методыкі яе выкладання. Асн. працы: «Рускі сінтаксіс у навуковым асвятленні» (1914), «Інтанацыя і граматыка» (1928), зб-кі «Методыка роднай мовы, лінгвістыка, стылістыка, паэтыка» (1925), «Пытанні методыкі роднай мовы, лінгвістыкі і стылістыкі» (1930). Працы «Школьная і навуковая граматыка» (1914), «Сінтаксіс у школе» (1915), «Наша мова» (вып. 1—3, 1922—27) скіраваны на скарачэнне разрыву школьнай граматыкі з грамат. тэорыяй.

Тв.:

Избр. труды. М., 1959.

т. 13, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСЛО́ ((Rousselot) Жан П’ер) (14.10.1846, Сен-Кло, Францыя — 16.12.1924),

французскі мовазнавец; заснавальнік эксперым. фанетыкі, адзін са стваральнікаў лінгвістычнай геаграфіі. Да 1887 кюрэ і вікарый. З 1887 праф.-асістэнт франц. філалогіі ў Каталіцкім ін-це (Парыж), у якім у 1889 стварыў і ўзначаліў кафедру эксперым. фанетыкі, а ў 1921 — у Калеж дэ Франс (з 1923 праф. у ім). Распрацаваў метады развіцця мовы ў глуханямых і пазбаўлення ад моўных дэфектаў, сканструяваў шэраг фанет. прылад. Аўтар прац «Даследаванні па эксперыментальнай фанетыцы» (1891), «Фанетычныя змяненні мовы...» (1892), «Асноўныя прынцыпы эксперыментальнай фанетыкі» (т. 1—2, 1897—1901, 2-е выд. 1924) і інш. Заснавальнік Франц. дыялекталагічнага т-ва (1893).

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГЕНЦІ́НЦЫ,

нацыя, асн. насельніцтва Аргенціны (26,64 млн. чал.). Нашчадкі іспанцаў і перасяленцаў з інш. краін Еўропы. Агульная колькасць 26,91 млн. чал. (1987). Гавораць на аргенцінскім дыялекце іспанскай мовы. Вернікі пераважна католікі.

т. 1, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕРЫКА́НЦЫ,

нацыя, асн. насельніцтва ЗША. Больш за 187,2 млн. чал. (1987), у т. л. 30 млн. неграў і мулатаў. Гавораць на амерыканскім варыянце англійскай мовы. Паводле рэлігіі пераважна пратэстанты і католікі.

т. 1, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРА́КСКІЯ АРА́БЫ, іракцы,

народ, асн. насельніцтва Ірака (14,5 млн. чал.). Агульная колькасць 14,6 млн. чал. (1992). Жывуць таксама ў Кувейце. Гавораць на іракскім дыялекце арабскай мовы. Вернікі — мусульмане (суніты і шыіты).

т. 7, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)