ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ, Чортаў камень,

геалагічны помнік прыроды, самы буйны валун на Беларусі. За 500 м на З ад в. Горкі Шумілінскага р-на Віцебскай вобл., за 400 м ад аўтадарогі Шуміліна—Бешанковічы. Ружовы граніт рапаківі з авоідамі палявога шпату (2—9 см у папярочніку). Па форме нагадвае вялікі прас. Даўж. (бачнай часткі) 11 м, шыр. 5,6 м, выш. над паверхняй зямлі 2,8 м, у абводзе 32 м, аб’ём 173 м³, маса 460 т. Прынесены ў час апошняга зледзянення каля 18 тыс. гадоў назад з Выбаргскага масіву Балтыйскага шчыта.

В.​Ф.​Вінакураў.

Вялікі камень каля в. Горкі Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.

т. 4, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРШНЭ́П (Lymnocryptes minimus),

птушка сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў тундры, лесатундры, на травяністых і сфагнавых балотах паўн. ч. Еўразіі. Селіцца на адкрытых багнах з невял. травастоем, на глеістых берагах азёр, балотах, якія параслі хвашчом, асакой ці чаротам. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца пераважна на пралётах, у паўн. раёнах зрэдку гняздуецца; занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. каля 20 см, маса да 80 г. Спіна карычнявата-бурая з зеленаватым металічным адлівам і вохрыстымі падоўжнымі палоскамі па баках. Над вачамі белыя палосы, брушка белае з рыжаватымі плямкамі. Дзюба доўгая, тонкая, прамая; ногі кароткія. Выседжвае 3—4 птушанят. Корміцца насякомымі, іх лічынкамі, чарвямі і малюскамі. Аб’ект спарт. палявання.

Гаршнэп.

т. 5, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЛЯРО́Ў (Ізяслаў Рыгоравіч) (н. 21.2.1938, г. Чавусы Магілёўскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1966). Працуе ў газ. «Светлагорскія навіны» на Гомельшчыне. Узначальвае ў Светлагорску карцінную галерэю «Традыцыя» (з 1992). Піша на рус. мове. Друкуецца з 1957. Аўтар зб-каў «Сябры мае — сведкі мае» (1981), «Тут, на трапяткой зямлі» (1989), «На адлегласці позірку і душы» (1990), «А душа і ў малітве баліць» (1994). Піша для дзяцей (зб-кі вершаў «Мой равеснік», 1975; «Цукеркавае дрэва», 1980; «Наш двор», 1997, з С.​Шах). У творах тэмы пасляваен. дзяцінства, роздум над жыццём сучасніка і складанасцю чалавечых узаемаадносін. Аўтар мастацтвазнаўчых артыкулаў пра творчасць бел. мастакоў.

т. 8, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАРЫ (ад лац. quantum колькі),

у матэматычнай логіцы, аператары, што выяўляюць пры вылічэннях колькасную характарыстыку аб’ектаў, пра якія гаворыцца ў выказваннях, або іх прэдыкатаў.

Найб. важнае значэнне маюць К. агульнасці (у звычайнай мове ім адпавядаюць словы «ўсе», «усякі», «кожны», «любы», «бясконца многа» і інш.) і К. існавання («некаторы», «некалькі», «існуе», «адзіны» і інш.). У лагічных вылічэннях К. пераўтвараюць свабодныя пераменныя ў звязаныя. Аперацыю выкарыстання К. наз. падвядзеннем пад К. (вывядзеннем з-пад К.) ці квантарыфікацыяй. Над выразамі з К. можна рабіць усе аперацыі злічэння прэдыкатаў, размяркоўваць К. па членах складанага выразу, перастаўляць іх і інш. ў адпаведнасці з законамі матэматычнай логікі.

т. 8, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́КІЯ (грэч. Lykia),

старажытная краіна на Пд М. Азіі. У 1-м тыс. да н.э. заселена лікійцамі, якія да асіміляцыі грэкамі (3 ст. да н.э.) размаўлялі на адной з хета-лувійскіх моў і карысталіся да 5—4 ст. да н.э. літарным пісьмом. З 546 да н.э. пад уладай персаў, у канцы 4 ст. да н.э. ў дзяржаве Аляксандра Македонскага. У 295 да н.э. падпарадкавана Пталамеямі. У 197 да н.э. заваявана Антыёхам III, пасля перамогі над якім рымляне перадалі Л. Радосу. Пасля шматлікіх паўстанняў у 169 да н.э. лікійцы дамагліся незалежнасці ад Радоса, атрымалі аўтаномію ў складзе Рым. дзяржавы. З 43 да н.э. рым. правінцыя.

т. 9, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЦЫ́НІЙ Валерый Ліцыніян (Valerius Licinianus Licinius; каля 265—325) рымскі імператар [308—324]. Селянін па паходжанні, Л. зрабіў ваен. кар’еру. У 308 імператар Галерый абвясціў яго суправіцелем з тытулам аўгуста. Пасля смерці Галерыя ў барацьбе чатырох аўгустаў за ўладу (311—312) Л. разам з імператарам Канстанцінам I перамог Максенцыя і Максіміна Дая. У 312 Л. стаў правіцелем усх. ч. імперыі. У 313 выдаў разам з Канстанцінам Міланскі эдыкт аб свабодным веравызнанні хрысціянства. Неўзабаве паміж Л. і Канстанцінам пачалася барацьба за ўладу над усёй імперыяй. Л. быў разбіты, узяты ў палон (324) і пакараны смерцю.

Літ.:

Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990. С. 261—268.

т. 9, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНЕ́ДЗІЧ (Мікалай Іванавіч) (13.2.1784, г. Палтава, Украіна — 15.2.1833),

расійскі паэт, перакладчык. Скончыў Харкаўскі калегіум (1800), вучыўся ў Маскоўскім універсітэцкім пансіёне (1800 — 02). Чл.-кар. Пецябр. АН з 1826. Уваходзіў у т-ва «Бяседа аматараў рускага слова», зблізіўся з Вольным таварыствам аматараў расійскай славеснасці; падтрымліваў сувязі з дзекабрыстамі. Вольналюбівыя матывы ў вершах «Інтэрнат» (1804), «Перуанец да іспанца» (1805). Аўтар аповесці «Морыц, альбо Ахвяра помсты» (1802), паэмы «Нараджэнне Гамера» (1817), ідыліі «Рыбакі» (1822) і інш. У 1829 апублікаваў поўны пераклад «Іліяды» Гамера, над якім працаваў больш за 20 гадоў. Перакладаў таксама творы Ф.​Шылера, Вальтэра, У.​Шэкспіра.

Тв.:

Стихотворения. Поэмы. М., 1984.

т. 5, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРАНО́К (Таццяна Піліпаўна) (н. 25.12.1917, г. Васілевічы Гомельскай вобл.),

бел. актрыса. Нар. артыстка Беларусі (1967). З 1931 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа, у 1951—74 у Брэсцкім абл. драм. т-ры. Выканаўца вострахарактарных і камедыйных, лірыка-драм. роляў. Спалучае эмацыянальную напоўненасць вобразаў з яркай і выразнай формай. З найб. значных роляў: Таццяна («Над Бярозай-ракой» П.​Глебкі), Паўліна («Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы), Даша («Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча), Ганна Чыхнюк («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), Аксюша, Белацелава («Лес», «Жаніцьба Бальзамінава» А.​Астроўскага), Вольга («Тры сястры» А.​Чэхава), Марціна («Лекар паняволі» Мальера) і інш.

Літ.:

Волчецкий Л.П. Годы, спектакли, роли... Мн., 1974.

Т.П.Заранок.
Т.Заранок у ролі Белацелавай.

т. 6, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НГУЕ́НЫ,

дынастыя правіцеляў (16—18 ст.) Паўд. і Цэнтр. В’етнама, імператараў В’етнама (1802—1945). З сярэдзіны 16 ст. фактычныя правіцелі Паўд. і Цэнтр. В’етнама пры намінальнай уладзе імператараў дынастыі Ле. У 17—18 ст. вялі войны з домам Чыняў, які правіў на Пн В’етнама, за кантроль над усёй краінай. У пач. 19 ст. пры дапамозе французаў задушылі паўстанне тэйшонаў (1771—1802) і аб’ядналі пад сваёй уладай увесь В’етнам. У 1802 Нгуен Ань (Зя Лонг) абвясціў сябе імператарам [1802—20], У 1884 прызналі франц. пратэктарат, застаючыся намінальнымі імператарамі Паўн. і Цэнтр. В’етнама. Пасля ўзяцця ўлады В’етмінем у жн. 1945 апошні з Н. — Бао Дай [1926—45] — адрокся ад прастола.

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЕ́О ((Maceo) Антоніо) (14.6.1845, г. Сант’яга-дэ-Куба, Куба — 17.12.1896),

дзеяч нац.-вызв. руху на Кубе супраць ісп. панавання, нац. герой Кубы. Удзельнік вайны 1868—78 за незалежнасць Кубы, камандзір паўстанцкай дывізіі (з 1874), ген.-маёр Вызв. арміі (1878). У 1878—95 у эміграцыі. У пачатку нац.-вызв. паўстання 1895—98 М. з групай патрыётаў высадзіўся на Кубе. Напачатку ўзначаліў паўстанцкія сілы прав. Ар’ентэ, потым — нам. камандуючага Вызв. арміяй. У кастр. 1895 — студз. 1896 войскі Вызв. арміі пад яго камандаваннем прайшлі з баямі ўсю Кубу, атрымалі шэраг перамог над ісп. войскамі і вызвалілі ад іх зах. раёны краіны. Загінуў у баі каля г. Сан-Педра.

т. 10, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)