БУЛАХО́ЎСКІ (Леанід Арсенавіч) (26.4.1888, г. Харкаў, Украіна — 4.4.1961),
украінскі мовазнавец. Акад.АН Украіны (1939), чл.-кар.АНСССР (1946). Засл. дз. нав. Украіны (1941). Скончыў Харкаўскі ун-т (1910). Праф. Пермскага (з 1917), Харкаўскага (з 1921) і Маскоўскага (1943—44) ун-таў. У 1944—61 дырэктар Ін-та мовазнаўства АН Украіны. Даследаванні ў галіне агульнага, параўнальна-гіст., слав., укр. і рус. мовазнаўства. Шматлікія працы Булахоўскага прысвечаны малавывучаным пытанням і гісторыі індаеўрап. моў, узаемаадносінам балт. і слав. моў, слав., у т. л.бел., акцэнталогіі. Аўтар даследаванняў «З гістарычных каментарыяў да ўкраінскай мовы» (1946—52), «Пытанні паходжання ўкраінскай мовы» (1956) і інш.
Тв.:
Избр. труды. Т. 1—5. Киев, 1975—83.
Літ.:
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Мн., 1977. Т. 2. С. 61—78;
Л.А. Булаховский и современное языкознание: К 100-летию со дня рождения: Сб. науч. тр. Киев, 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЕ́З ((Boulez) П’ер) (н. 26.3.1925, г. Манбрызон, Францыя),
французскі кампазітар, дырыжор. Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1945), вучыўся ў А.Месіяна, Р.Лейбавіца. Паслядоўнік А.Веберна; адзін з лідэраў муз. авангардызму 1950-х г. Эксперыментаваў у галіне канкрэтнай музыкі. У яго музыцы шмат прыкладаў тэхнікі пуантылізму, татальнага серыялізму, элементы санорыкі, алеаторыкі. Сярод найб. вядомых твораў: «Малаток без майстра» для голасу і інстр. ансамбля (1954), «Структуры» для 2 фп. (кн. 1—2, 1952—61). Арганізатар і кіраўнік канцэртаў новай музыкі пад назвай «Domaine musical» (1954—67). З 1960-х г. выступае пераважна як дырыжор (з аркестрамі Бі-Бі-Сі, Нью-Йоркскім філарманічным і інш.). З 1975 узначальвае створаны ім у Парыжы Ін-тдаследаванняў і каардынацыі муз.-акустычных праблем (ІКСАМ).
Літ.:
Рабинович Д.А. Джон Барбиролли и Пьер Булез // Рабинович Д.А. Исполнитель и стиль: Избр. статьи. М., 1981. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ФАЛА (Buffalo),
горад на ПнУ ЗША, штат Нью-Йорк. Засн. ў канцы 18 — пач. 19 ст. 323,4 тыс.ж., з прыгарадамі 1,19 млн.ж. (1992). Размешчаны каля ўсх. берага воз. Эры і вытоку р. Ніягара, на суднаходным канале, які злучае Вял. азёры праз р. Гудзон з Атлантычным ак. Порт на воз. Эры, даступны для марскіх суднаў. Вузел чыгунак і аўтамаб. дарог. Міжнар. аэрапорт. Праз Буфала адбываецца значная ч. гандлю ЗША з Канадай. Буйны прамысл. і гандл.-фін. цэнтр краіны. Чорная металургія, металаапрацоўка. Разнастайнае машынабудаванне (вытв-сць цеплавога і інш.прамысл. абсталявання, станкоў, аўтамабільных дэталяў і вузлоў, авіяц. тэхнікі, электронных кампанентаў і сродкаў сувязі і інш.). Хім., цэлюлозна-папяровая, харч. (пераважна мукамольная і мясакансервавая) прам-сць. 2 ун-ты. Цэнтр ядзерных даследаванняў. Музей навукі. Маст. галерэя Олбрайт-Нокс. Каля Буфала — ГЭС на р. Ніягара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫМІЗА́ЦЫЯ (ад лац. optimus найлепшы),
1) працэс выбару найлепшага варыянта з некалькіх магчымых.
2) Прывядзенне пэўнай сістэмы ў найлепшы (аптымальны) стан.
3) У тэхніцы — працэс паляпшэння характарыстык тэхн. сістэмы, канструкцыі, тэхнал. працэсу праз пошук параметраў, пры якіх дасягаецца найб. (ці найменшае) значэнне крытэрыю аптымальнасці. Калі крытэрыяў некалькі, аптымізацыя будзе многакрытэрыяльнай.
У працэсе праектавання тыповай з’яўляецца сітуацыя нявызначанасці, калі ёсць мноства магчымых варыянтаў тэхн. рашэння. Аптымізацыя знімае гэтую нявызначанасць звужэннем дапушчальных рашэнняў і выбарам найлепшага (аптымальнага). Для ажыццяўлення аптымізацыі тэхн. задач з дапамогай метадаў аперацый даследаванняў фармулюецца як матэм. задача аптымізацыі, якая ўключае крытэрый аптымальнасці, матэм. мадэль аб’екта, а таксама абмежаванні на магчымыя значэнні параметраў. Аптымізацыя — неад’емная частка працэсу праектавання тэхн. сістэм, дасягаецца пры аўтаматызацыі праектавання на аснове камп’ютэрных сістэм і інфарм. тэхналогій. Вынік аптымізацыі — канкрэтная аптымальная сістэма.
Літ.:
Батищев Д.И. Методы оптимального проектирования. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТАНІ́ЧНЫ САД БДУ.
Арганізаваны ў 1933 па ініцыятыве У.У.Адамава на тэр. універсітэцкага гарадка ў Мінску. З 1967 у в. Шчомысліца пад Мінскам (на базе вучэбнай гаспадаркі БДУ). Пл. 25 га. Батанічны сад БДУ уключае дэндрарый (закладзены ў 1930-я г. дэндролагам І.І.Собалевым), лесапарк, участак сістэматыкі раслін (460 відаў), участкі кветкавых (400 відаў), с.-г. (харч., кармавых), тэхн. (160 відаў), лек. (150 відаў), фларыстычны ўчастак дзікарослых травяністых (350 відаў) раслін Сібіры, Д.Усходу, Крыма, Каўказа, Карпат, Сярэдняй Азіі, Паўн. Амерыкі. У калекцыях больш за 1800 відаў, формаў і сартоў раслін, у т. л. рэдкія і каштоўныя дрэўныя экзоты (328 відаў). Большасць зімаўстойлівыя, добра цвітуць, пладаносяць і даюць насенне. База для падрыхтоўкі студэнтаў-біёлагаў, правядзення навук.даследаванняў і культ.-асв. работы ў галіне прыродазнаўства і аховы прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛО́ГІЯ РАЗВІЦЦЯ́,
кірунак у біялогіі, заснаваны на вывучэнні прычынных механізмаў і рухаючых сіл індывід. развіцця (антагенезу) жывёл і раслін. Як самаст. галіна даследаванняў сфарміравалася ў сярэдзіне 20 ст. Вывучае розныя аспекты працэсу развіцця на малекулярным, клетачным, тканкавым, органавым і арганізмавым узроўнях, вырашае фундаментальныя праблемы рэалізацыі праграм генет. інфармацыі ў ходзе антагенезу і малекулярных асноў фенатыпічных змен, нармальнага і пухліннага росту клетак і клетачных папуляцый, марфагенезу, спецыфікі клетачнай, тканкавай, органавай дыферэнцыроўкі, клетачных узаемадзеянняў, узнікнення і станаўлення рэгулятарных механізмаў, якія забяспечваюць цэласнасць развіцця, крытычных узроўняў у працэсе развіцця, рэгенерацыі і інш. Дасягненні біялогіі развіцця перспектыўныя ў кіраванні развіццём раслін і жывёл, рэгуляцыі іх колькасці, полу і інш.
Літ.:
Зуссман М. Биология развития: Пер. с англ.М., 1977;
Математическая биология развития. М., 1982;
Михайлов А.Т., Симирский В.Н. Методы иммунохимического анализа в биологии развития. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІАДУ́ХО (Мікалай Фёдаравіч) (10.12.1878, г. Чэрвень — 13.1.1935),
бел. геолаг. Акад.АН Беларусі (1928), праф. (1926). Скончыў Пецярбургскі горны ін-т (1903). З 1922 нач. Горнага аддзела Упраўлення СНГ Беларусі, заг. кафедры геалогіі БДУ. З 1926 узначальваў Камісію па вывучэнні прадукц. сіл рэспублікі, з 1929 старшыня Прадстаўніцтва Геал.к-та на Беларусі. З 1929 дырэктар Ін-та геалогіі і гідрагеалогіі Бел.АН. Навук. працы па геалогіі і карысных выкапнях Беларусі. Узначальваў экспедыцыю па даследаванні Аршанскай, Магілёўскай і Калінінскай акруг. Вывучаў мелавыя адклады і фасфарыты на р. Сож. Абгрунтаваў пастаноўку геафіз.даследаванняў і глыбокага свідравання ў Мінску, Полацку, Бабруйску і інш. Паводле вынікаў геамагнітнай здымкі зрабіў прагноз на выяўленне жалезарудных канцэнтрацый у нетрах Беларусі. Упершыню склаў геал. карты дачацвярцічных і чацвярцічных адкладаў, карысных выкапняў Беларусі.
Тв.:
Сборник трудов по геологии и полезным ископаемым БССР. М., 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАНТАЛО́ГІЯ [ад грэч. odus (odontos) зуб + ...логія],
раздзел антрапалогіі, які вывучае зубную сістэму сучаснага і выкапнёвага чалавека ў эвалюцыйным, анатамічным, расава-генетычным планах і ў сувязі з захворваннямі. На падставе вымярэнняў англ. вучоны У.Флаўэр падзяліў расы на буйназубых (аўстралійцы, тасманійцы), драбназубых (еўрапейцы, індыйцы) і сярэднязубых (кітайцы, амерыканцы, індзейцы, малайцы). Методыка некаторых апісальных прыкмет прапанавана амер. даследчыкам А.Грдлічкам, які адзначыў асаблівасці будовы разцоў у амер. і мангалоіднай расаў. Рас. вучоны А.А.Зубаў удакладніў методыку і прапанаваў адзіную праграму даследаванняў па этнічнай аданталогіі для народаў Усх. Еўропы і некат. рэгіёнаў Азіі. У Аддзеле антрапалогіі і экалогіі АН Беларусі сабраны і абагульнены шматлікія даныя аб варыяцыях зубных прыкмет у насельніцтва Беларусі, адзначана іх эпахальная зменлівасць. Метады аданталогіі дазваляюць выпрацаваць крытэрыі расавых і ўзроставых адрозненняў, рэканструяваць асн. заканамернасці расагенезу і стараж. міграцый чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХІ́Ў ФЮР СЛА́ВІШЭ ФІЛАЛАГІ́»
(«Archiw für slavische Philologie», «Архіў славянскай філалогіі»),
адзін з першых славістычных часопісаў. Выдаваўся ў 1876—1929 у Берліне на ням. мове. Выйшлі 42 тамы. Заснавальнік і першы рэдактар В.Ягіч. Узняў славістыку да ўзроўню міжнар. навукі. Знаёміў вучоных Зах. Еўропы са слав. культурамі, у т. л. беларускай. Змясціў больш за 20 публікацый па беларусістыцы, у т. л. «Беларускі Codex miscellaneus з бібліятэкі графа Рачынскага ў Познані» (т. 9), «Сляды кувады на Беларусі» Ягіча (т. 9), «Польска-рускія інтэрмедыі XVII ст.» А.Брукнера (т. 13), «Новыя славянскія зборнікі казак» І.Паліўкі (т. 19). На старонках часопіса рэцэнзаваліся амаль усе значныя выданні па бел. фальклоры канца 19 — пач. 20 ст., многія даследаванні па бел. мове. Публікацыі абуджалі цікавасць да культуры бел. народа, спрыялі развіццю даследаванняў па бел. праблематыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАТЫ́ЧНАЯ МІЖПЛАНЕ́ТНАЯ СТА́НЦЫЯ,
непілатуемы касмічны апарат для дастаўкі навук. апаратуры да нябесных целаў і вывучэння міжпланетнай касмічнай прасторы. На іх борце размяшчаецца апаратура для навук.даследаванняў, тэлеметрычная для перадачы інфармацыі, тэлевізійная для атрымання відарысаў. Аснашчаецца ракетнымі рухавікамі для карэкцыі траекторыі палёту, сістэмамі астраарыентацыі, мяккай пасадкі, парашутнымі сістэмамі і інш. Энергасілкаванне бартавой апаратуры забяспечваецца сонечнымі батарэямі. Некаторыя аўтаматычныя міжпланетныя станцыі маюць апараты для спуску на інш. планеты; кіраванне спускам ажыццяўляецца бартавой навігацыйнай выліч. машынай. У шэрагу выпадкаў навук. даследаванні праводзяць пры дапамозе штучных спадарожнікаў планет. Да аўтаматычных міжпланетных станцый адносяцца: сав. станцыі серый «Месяц», «Венера», «Марс», «Зонд» і інш.; амер.«Марынер», «Рэйнджэр», «Сервеер», «Піянер», «Вояджэр» і інш.; заходнееўрапейская «Джота»; японская «Планета-А». Першыя ў свеце аўтаматычныя міжпланетныя станцыі: «Піянер» (1958, ЗША), «Месяц» (запуск 2.1.1959, СССР).
Аўтаматычная міжпланетная станцыя: 1 — агульны выгляд АМС «Венера-8»; 2 — схема палёту АМС «Месяц-3».