БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ПА СУ́ВЯЗЯХ З СУАЙЧЫ́ННІКАМІ ЗА РУБЯЖО́М, Беларускае таварыства «Радзіма»,
добраахвотная грамадская арг-цыя. Створана ў 1964 (у 1960—64 дзейнічала Бел. секцыя к-та «За вяртанне на Радзіму і развіццё культ. сувязяў з суайчыннікамі»). У 1976 пераўтворана ў Бел.т-ва «Радзіма». Сярод заснавальнікаў Р.Шырма і М.Танк. Асн. кірункі дзейнасці: культ. і эканам. кантакты з аб’яднаннямі землякоў за мяжой і асобнымі суайчыннікамі, перасылка за мяжу л-ры, падручнікаў, кінафільмаў, фотавыставак і інш., арганізацыя курсаў па вывучэнні бел. гісторыі, культуры і мовы, гуманіт. дапамогі ад замежных суайчыннікаў жыхарам Беларусі, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы 1986 і інш.Т-ва заснавальнік газ. «Голас Радзімы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА ДАВЕ́РУ,
дарадчы орган з прадстаўнікоў бел. грамадскасці пры ген. камісары Беларусі на акупіраванай тэрыторыі ў Вял.Айч. вайну. Створана 27.6.1943 у Мінску па ініцыятыве ген. камісара Беларусі В.Кубэ з асоб, якія супрацоўнічалі з ням. фашыстамі. У склад яе ўвайшлі В.Іваноўскі (старшыня), Ю.Сабалеўскі (нам. старшыні), К.Гуло, С.Цытовіч, У.Козел, В.Трахімовіч, Ц.Горгенгаймер, І.Душэўскі, Булат, І.Галяк, Н.Абрамава, М.Ганько, К.Рабушка, А.Калубовіч. Мела на мэце збор і апрацоўку прапаноў і пажаданняў акупац. уладам, удзел з дарадчым голасам у пасяджэннях ген. камісарыята Беларусі. У снеж. 1943 ператворана ў Беларускую цэнтральную раду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯСТРАТЫГРА́ФІЯ (ад бія... + стратыграфія),
галіна стратыграфіі, якая вывучае размеркаванне выкапнёвых рэшткаў арганізмаў у асадкавых пародах. Мэта біястратыграфіі: вызначэнне адноснага ўзросту, паслядоўнасці ўтварэння, пашырэння і карэляцыі слаёў горных парод. Асн. задача біястратыграфіі — распрацоўка стратыграфічных шкал з дапамогай палеанталагічнага метаду. Найб. значэнне для біястратыграфіі маюць арганізмы, якія існавалі нядоўга, але былі шматлікія на вял. тэрыторыях. На Беларусі біястратыграфія — аснова расчлянення адкладаў фанеразою па выкапнёвых рэштках брахіяподаў, фарамініфераў, астракодаў, малюскаў, пазваночных, насякомых, акрытархаў, канадонтаў, водарасцяў, спораў, пылку, насення і інш. Даследаванні вядуцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі, Беларускім н.-д. геолагаразведачным ін-це і Цэнтральнай лабараторыі ВА «Беларусьгеалогія», БДУ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЦІ́Н, вітамін H,
C10H16O3N2S, гетэрацыклічнае арган. злучэнне, якое ўтвараецца вышэйшымі раслінамі і мікробамі; у чалавека і большасці жывёл — мікрафлорай кішэчніка; сінтэзаваны штучна. Малекула біяціну мае тыяфенавае кольца, злучанае з рэшткамі мачавіны і валяр’янавай к-ты. Бясколерныя ігольчастыя водарастваральныя крышталі з tпл 230—232 ºC. Устойлівы да святла, награвання, кіслароду паветра, разбаўленых к-т. Найб. колькасць біяціну ў мясе, печані, нырках, яечным жаўтку, малацэ, дражджах, памідорах, соі, бобе, шпінаце. Уваходзіць у састаў ферментаў, якія рэгулююць абмен тлушчаў і бялкоў. Пры недахопе біяціну ў арганізме з’яўляецца мышачная слабасць, параліч, хваробы скуры, выпадаюць валасы, затрымліваецца рост. Сутачная норма біяціну для дарослага чалавека 0,01—0,025 мг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛА́ГАЎСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы з вёсак Благаўка, Новае Вільянава, Літвінавічы Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. У 19 — пач. 20 ст. тут працавалі каля 200 ганчароў, якія выраблялі чырвонагліняныя непаліваныя, а таксама гартаваныя і чорназадымленыя гаршкі, гладышы, збанкі, цёрлы, вазонніцы, спарышы (парнікі). У 20 ст. пашырылася глазураваная кераміка з палівай зялёнага колеру, адвольныя пацёкі якой прыгожа кантрастуюць з непаліванай паверхняй. Часам на верхнюю частку вырабаў наносіўся выціснуты дэкор у выглядзе 2—3 хвалістых ці роўных паяскоў. Промысел заняпаў у 1970-я г. Калекцыі благаўскай керамікі зберагаюцца ў Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі, у Нац.маст. музеі Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЮМ ((Blum) Леон) (9.4.1872, Парыж — 30.3.1950),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Францыі, пісьменнік, публіцыст. У 1919 абраны ў палату дэпутатаў. З 1920 кіраўнік Франц.сацыяліст. партыі (СФІА). У 1936—37 і ў 1938 кіраўнік урадаў Нар. фронту, якія ажыццявілі шэраг сац. рэформаў. Праводзіў палітыку няўмяшальніцтва ў час грамадз. вайны ў Іспаніі (1936—39). У 1940 арыштаваны калабарацыянісцкім урадам «Вішы», у 1943 выдадзены герм. уладам і вывезены ў канцлагер Бухенвальд, потым у Дахаў. Прэм’ер-міністр Францыі ў 1946—47. У сваіх працах («У чалавечым маштабе», 1945, і інш.) развіваў тэорыю «інтэгральнага сацыялізму», паводле якой перамогу сацыялізму павінна забяспечыць «маральная рэвалюцыя», а не ўзбр. барацьба за ўладу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОГАСТВАРА́ЛЬНІЦТВА,
філасофска-этычная плынь у Расіі ў 1910-я г., якая імкнулася спалучыць навук. сацыялізм з рэлігіяй. Яе прадстаўнікі (А.В.Луначарскі, У.А.Базараў, П.С.Юшкевіч, часткова М.Горкі і інш.) мелі на мэце абгрунтаваць неабходнасць стварэння новай «пралетарскай рэлігіі» без Бога, што фактычна зводзілася да абагаўлення калектыву і прагрэсу, якія павінны абуджаць у чалавека «складанае творчае пачуццё веры ў свае сілы, надзею на перамогу любові да жыцця» і дзейсна звязаць ідэал з рэчаіснасцю. Плынь не мела шырокай падтрымкі і да пач. 1-й сусв. вайны (1914) перастала існаваць.
Літ.:
Короткая Т.П. Религиозная философия в Белоруссии начала XX в.: Критич. анализ. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́СНЕВА ГРУ́ПА,
адна з першых с.-д. арг-цый у Расіі. Утворана ў 1889 у Пецярбургу ў выніку аб’яднання рэв. студэнцкіх і рабочых гурткоў. Наз. «Цэнтральны рабочы камітэт», «Рабочы саюз», пазней па імю кіраўніка групы М.І.Бруснева. Займалася прапагандай марксізму сярод рабочых. Кіравалася праграмай групы «Вызваленне працы». Мела сувязі з рэв. гурткамі многіх гарадоў, у т. л. Гродна і Вільні, якія дапамагалі ёй набываць л-ру для паліт. прапаганды. Адным з яе кіраўнікоў быў ураджэнец Ліды М.В.Алюшкевіч. У час сходкі 3.6.1893 арыштаваны кіраўнікі і частка членаў групы. Следства па справе Бруснева групы працягвалася каля 2 гадоў. Большасць прапагандыстаў была рэпрэсіравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́СБА́ДЭН (Wiesbaden),
горад на ЗФРГ, каля падножжа гор Таўнус. Адм. ц. зямлі Гесен. 270,9 тыс.ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Рэйн (рачны порт у прыгарадзе Шырштайн). Хім., фармацэўтычная, маш.-буд. (у т. л. цяжкае, выраб электратэхн. абсталявання, гідраўлікі, прадметаў дакладнай механікі і оптыкі), цэментная, паліграф.прам-сць. Вытв-сць шампанскіх він. У Вісбадэне знаходзяцца федэральнае стат. ўпраўленне, дзярж.б-ка, гал.дзярж. архіў. Бальнеакліматычны курорт. Вядомасць набыў з сярэдзіны 18 ст. Вызначаецца мяккай зімой і цёплым летам. Каля 30 крыніц мінер. вод, якія выкарыстоўваюцца пры лячэнні хвароб суставаў, органаў дыхання, абмену рэчываў. Санаторыі, шматлікія матэлі і пансіянаты, пітныя галерэі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ РУЧНІКІ́,
тып традыц. тканых ручнікоў, якія вырабляюцца нар. майстрамі вёсак Браслаўскага, Віцебскага, Міёрскага, Шаркаўшчынскага р-наў Віцебскай вобл., а таксама стараверамі Паазер’я. Вядомы з 19 ст.Даўж. 120—300 см, шыр. 23—30 см. Ткуць іх з адбеленага кужалю або белай бавоўны, аздабляючы на канцах карункамі, мохрыкамі. Узор ствараецца «выкладаннем» чырвоных, чорных, блакітных, жоўтых баваўняных нітак (выбарнае ткацтва), закладной тэхнікай, якая нагадвае вышыўку па гатовай тканіне. У арнаментыцы пашыраны раслінныя, геам., антрапаморфныя і зааморфныя матывы. Віцебскім ручнікам уласцівы сюжэтнасць арнаментальных кампазіцый, паліхромнасць каларыстычнай гамы, перавага белага фону ў месцах размяшчэння дэкору.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Віцебскія ручнікі. Ручнік з Віцебскага раёна. Пач. 20 ст.