РАТУ́НДУС (Мялецкі Аўгусцін; ? — 1582),
прававед, грамадскі і дзярж. дзеяч ВКЛ. Звесткі пра час і месца нараджэння не захаваліся. У 1538 вучыўся ў Вітэнбергскім ун-це, у 1542 упамінаецца як д-р кананічнага і свецкага права ў гэтым ун-це. Пры вял. князю Жыгімонце I Старым займаў пасаду сакратара дзярж. канцылярыі. Займаўся сістэматызацыяй магдэбургскага права. Удзельнічаў у падрыхтоўцы праектаў Статутаў ВКЛ 1566 і 1588. Апошнія гады жыцця быў сакратаром у Стафана Баторыя.
т. 13, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,
адна з элементарных функцый, атрыманая ў выніку канечнай колькасці арыфм. аперацый над адной ці некалькімі пераменнымі і адвольнымі пастаяннымі лікамі; асобны выпадак алгебраічнай функцыі. Любую Р.ф. можна выразіць праз дзель двух мнагаскладаў, а таксама праз суму элементарных дробаў, што выкарыстоўваецца пры адшуканні інтэгралаў ад Р.ф. Сума, рознасць, здабытак, дзель і суперпазіцыя (складаная функцыя) дзвюх ці больш Р.ф., а таксама вытворная ад Р.ф. з’яўляюцца Р.ф. Гл. таксама Дробава-лінейная функцыя.
т. 13, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЗНАСЦЬ ПАТЭНЦЫЯ́ЛАЎ электрастатычных,
фізічная велічыня, якая вызначаецца праз значэнні патэнцыялу электрастатычнага поля ў розных пунктах поля. Р.п. паміж двума пунктамі стацыянарнага электрастатычнага поля вызначаецца формулай: U = φ1 − φ2 = A/q, дзе A — работа, якая выконваецца сіламі поля пры перамяшчэнні дадатнага зараду q з пункта з большым патэнцыялам q1 у пункт з меншым патэнцыялам q2. Змена патэнцыялу φ = φ2 − φ1 = -U. Адзінка Р.п. у СІ — вольт. Гл. таксама Напружанне электрычнае.
т. 13, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ДНІКІ,
вадасховішча ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл., за 2,5 км на ПнЗ ад в. Руднікі. Створана ў 1978. Пл. 0,9 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 2,5 м, аб’ём вады 1,2 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 2,2 км. Напаўняецца вадой з р. Ясельда па адкрытым канале праз сажалку пры дапамозе помпавай станцыі. Забіраецца вада з вадасховішча праз вежавы вадаскід. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі.
т. 13, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСАКО́ВІЧЫ,
стаянкі каменнага і бронзавага вякоў каля в. Русаковічы Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Пры даследаванні стаянкі-1 эпохі неаліту знойдзены крамянёвыя прылады працы і фрагменты вастрадонных гаршкоў, арнаментаваных пераважна грабеньчатымі адбіткамі. Трапляюцца знаходкі тшцінецкай культуры. На стаянцы-4 эпохі мезаліту знойдзены крамянёвыя пласцінкі, канцавыя скрабкі, аднапляцовачныя нуклеусы. На стаянках 7, 8 і 9 эпохі мезаліту і бронзы знойдзены крамянёвыя прылады і кераміка трох этапаў нёманскай культуры і бронзавага веку.
т. 13, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУХА́Ч, рухальнік,
прыстасаванне для пераўтварэння энергіі рухавіка ці інш. крыніцы мех. энергіі ў работу, якая забяспечвае рух трансп. сродкаў. Функцыі Р. пры перамяшчэнні па сушы выконваюць кола, гусенічны ход, каток, шагальны механізм; па вадзе — грабны вінт, ветразі, грабное кола, вёслы, вадамёты; у паветры — паветраны вінт (прапелер), нясучы вінт (у верталёта), рэактыўнае сопла. Паветраны вінт выкарыстоўваецца таксама для перамяшчэння па вадзе (у глісерах, суднах на паветр. падушцы), на сушы (на аэрасанях).
т. 13, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РЫ́МСКАЕ ПЫТА́ННЕ»,
канфлікт паміж Ватыканам і італьян. дзяржавай, які ўзнік пасля заняцця ў 1870 італьян. войскамі Рыма і далучэння Папскай вобласці да Італьян, каралеўства. Папа Пій ІХ адмовіўся прызнаць ліквідацыю Папскай дзяржавы і адхіліў гарантыі італьян. ўрада сваёй асобе, абвясціўшы сябе «вязнем» Ватыканскага палаца. Доўгі час «Р.п.» ўскладняла адносіны паміж Ватыканам і італьян. дзяржавай. Канчаткова ўрэгулявана ў 1929 пры папе Пію XI у адпаведнасці з Латэранскімі дагаворамі 1929.
т. 13, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭА́КЦЫЯ (ад рэ... + лац. actio дзеянне),
1) дзеянне, стан, працэс, якія ўзнікаюць у адказ на якое-н. уздзеянне. Напр., Р. вока на святло адбываецца пры знешнім яго раздражненні; Р ацэначная ці на крытыку выяўляецца псіхалагічна-эмацыянальным станам асобы (гл. Рэакцыя ў псіхалогіі); ператварэнні адных рэчываў у другія — вынік рэакцый хімічных.
2) Палітыка актыўнага супраціўлення грамадскаму прагрэсу; паліт. рэжым, устаноўлены для захавання грамадскіх парадкаў, якія ўстарэлі, аджылі свой век.
т. 13, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭА́КЦЫЯ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ, радыяцыйнае трэнне,
сіла, што дзейнічае на зараджаную часціцу (напр., электрон) з боку выкліканага ёй эл.-магн. выпрамянення; тармажэнне выпрамяненнем. Паскораны рух зараджанай часціцы вядзе да выпрамянення эл.-магн. хваль. У сістэме такіх часціц не захоўваюцца энергія і імпульс. Такая сістэма «паводзіць» сябе як мех. сістэма пры наяўнасці сіл трэння (дысіпатыўная сістэма), якія ўводзяцца для апісання факта незахавання энергіі ў сістэме ў выніку яе ўзаемадзеяння з навакольным асяроддзем.
т. 13, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГРЭ́СІЯ мора
(ад лац. regressio адваротны рух, адыход),
паступовае адступанне мора ад берагоў. Адбываецца ў выніку падняцця сушы, апускання акіянічнага дна або змяншэння колькасці вады ў Сусв. ак. (напр., у эпоху мацерыковага зледзянення) або ў замкнёным вадаёме (пры арыдызацыі клімату і памяншэнні сцёку з сушы, напр., Аральскае м.). Неаднаразова адбываліся на працягу геал. гісторыі Зямлі, найб. значныя з іх супадалі з эпохамі гораўтварэння або ледавіковымі эпохамі. Процілеглы Р. працэс — трансгрэсія.
т. 13, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)