АЛЯСКІ́Т (ад назвы п-ва Аляска, дзе ўпершыню знойдзены),

інтрузіўная субшчолачная горная парода; граніт, у якім менш за 5% цёмнаколерных мінералаў. Складаецца з каліевага палявога шпату (каля 65%) і кварцу (каля 35%). Структура крышт.-зярністая, радзей парфірападобная. Колер мяса-чырвоны, ружовы, белы, светла-шэры. Магматычнага, іншы раз метасаматычнага паходжання. Утварае буйныя масівы. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці шкла, тонкай керамікі, як буд. друз і абліцовачны камень.

т. 1, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІ́ЧЫ ((Amici) Джавані Батыста) (25.3.1786, г. Мадэна, Італія — 10.4.1863),

італьянскі батанік і оптык. Скончыў Балонскі ун-т (1808). Праф. матэматыкі Мадэнскага (1818—25), астраноміі Пізанскага (1831—35) ун-таў, дырэктар абсерваторыі ў Фларэнцыі (з 1835). Упершыню апісаў рух пратаплазмы ў расліннай клетцы і пылковую трубку (1823), адкрыў у зародкавым мяшку «зародкавы пузырок» (яйцаклетку) і назіраў за пераўтварэннем яйцаклеткі ў зародак (1843). Вынайшаў імерсійны аб’ектыў мікраскопа (1827).

т. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГА́Р,

чырвоная качка (Casarca ferruginea), птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашырана ў Паўд. Еўропе, Паўн. Афрыцы і Азіі. На Беларусі рэдкая залётная птушка.

Даўж. цела каля 60 см, маса 1—1,6 кг. Самкі меншыя за самцоў. Жыве парамі. Гнёзды ў глыбокіх норах стэпавых звяркоў, нішах абрываў, пакінутых будынках. Самка нясе 8—12 яец, наседжвае іх. Птушаняты растуць і ў няволі. Корміцца раслінамі і воднымі беспазваночнымі.

Агар.

т. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДБО́ЙНЫ МАЛАТО́К,

ручны інструмент ударнага дзеяння, якім адбіваюць горныя пароды ад масіву, рыхляць цвёрдыя і мёрзлыя грунты, разбіваюць каменную або цагляную муроўку, асфальт і г.д. Рабочы орган — піка, долата або рыдлёўка, па хваставой частцы якіх (звычайна з частатой 1000—1500 удараў за мінуту) б’е баёк. Бываюць пнеўматычныя (сціснутае паветра падаецца ад кампрэсараў, балонаў і інш.), электрычныя і бензінавыя (з прыводам ад рухавіка ўнутр. згарання).

т. 1, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРЫ́ЖЫН,

вёска ў Беларусі, у Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., на паўд.-зах. беразе воз. Пясчанае. Цэнтр сельсавета і калгаса «Кастрычнік». За 28 км на Пд ад г. Іванава, 168 км ад Брэста, 27 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 917 ж., 332 двары (1994). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Каля Ажрыжына стаянка канца палеаліту — пач. мезаліту (11—6-е тысячагоддзі да н.э.).

т. 1, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЁРНЫ,

пасёлак у Беларусі, у Кліноцкім с/с Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл., на р. Волма. Цэнтр рыбгаса «Волма». За 25 км на З ад г. Чэрвень, 50 км ад Мінска і чыг. ст. Мінск. 395 ж., 157 двароў (1995). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Музей польскага кампазітара С.​Манюшкі, помнік на месцы б. сядзібы Убель, дзе нарадзіўся кампазітар.

т. 1, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЯРА́НЫ,

вёска ў Беларусі, у Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., на р. Сцвіга. Цэнтр сельсавета і калгаса «Савецкая Беларусь». За 29 км на Пд ад г. Жыткавічы, 300 км ад Гомеля. 608 ж., 250 двароў (1994). Дрэваапрацоўчы цэх Прыпяцкага запаведніка, Азяранскае лясніцтва. Сярэдняя і музычная школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, дзіцячы сад, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Селішчы ранняга жал. веку і эпохі феадалізму.

т. 1, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДУЛА́ЕЎ (Мікаіл Гусейн аглы) (н. 19.12.1921, Баку),

азербайджанскі жывапісец і графік. Нар. мастак СССР (1963). Чл.-кар. АМ СССР (1958). Скончыў Маскоўскі маст. ін-т імя Сурыкава (1949), вучыўся ў С.В.Герасімава і У.А.Фаворскага. У творчасці пераважаюць лірычныя тэмы: «Вечар», «Агні Мінгечаура», «Стогадовы рэзчык А.​Бабаеў», «Індыйская серыя», серыі малюнкаў «За ракой Аракс»; іл. да паэмы М.​Фізулі «Лейлі і Меджнун». Аўтар мазаічнага пано «Нізамі» ў Бакінскім метрапалітэне.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБПА́ЛЬВАЛЬНАЯ ПЕЧ,

печ для абпалу розных матэрыялаў. Абпальвальная печ з т-рай рабочай зоны 700—1300 °C паводле канструкцыі бываюць шахтавыя, шматподавыя, трубчастыя, вярчальныя. Прызначаныя для абпалу вогнетрывалай гліны, вапняку, даламіту, цэментнай шыхты, метал. рудаў. Камерныя, кальцавыя, тунэльныя, канвеерныя абпальвальныя печы з т-рай вышэй за 1000 °C выкарыстоўваюцца для абпалу вогнетрывалай цэглы, фарфоравых і фаянсавых вырабаў, эмаляў і фарбаў на посудзе, дэталях машын і апаратаў.

т. 1, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУ́-САФА́,

нафтавае радовішча ў Саудаўскай Аравіі і Бахрэйне, адно з буйнейшых у свеце. У акваторыі Персідскага зал., за 50 км на ПнУ ад порта Рас-Танура. Уваходзіць у Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1963, распрацоўваецца з 1966. Пачатковыя прамысл. запасы нафты 561 млн. т. Прадукцыйныя залежы на глыб. 2 км. Шчыльн. нафты 876 кг/м³. Свідравіны фантануючыя. Падводны нафтаправод у порт Рас-Танура.

т. 1, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)