ВІХНІ́Н (Залман Давыдавіч) (ліп. 1909, в. Шчадрын Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 26.9.1943),

Герой Сав. Саюза (1943). З лют. 1943 на Ленінградскім і Цэнтр. франтах, удзельнік Курскай бітвы. Капітан Віхнін пры вызваленні Камарынскага р-на Гомельскай вобл. 25.9.1943 узначаліў групу прыкрыцця, якая фарсіравала Дняпро і забяспечыла пераправу 2 батальёнаў пяхоты. Загінуў у баі за вызваленне вёсак Бярозкі і Новая Ёлча Брагінскага р-на Гомельскай вобл.

т. 4, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЦЬ,

вадасховішча ў Хойніцкім р-не Гомельскай вобл., у пойме р. Тур’я (левы прыток Прыпяці). За 20 км на З ад г. Хойнікі, каля в. Дуброва. Створана ў 1980. Пл. 0,51 км², даўж. 1,02 км, найб. шыр. 650 м, найб. глыб. 4,2 м. Даўжыня агараджальнай дамбы 1,76 км. Наліўное, напаўняецца з р. Тур’я. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 3,2 м. Выкарыстоўваецца для арашэння і рыбагадоўлі.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬ матэрыялаў,

здольнасць матэрыялаў захоўваць свае фізіка-мех. ўласцівасці пры працяглым уздзеянні вады. Вызначаецца адносінамі велічынь трываласці пры расцяжэнні (сцісканні) матэрыялу, насычанага вадой і ў сухім стане (каэф. разумацавання). Да водаўстойлівых адносяць матэрыялы з каэф. разумацавання, большым за 0,8 (напр., многія металы, спечаную кераміку, шкло, фтарапласты, поліалефіны). Водаўстойлівасць — важны паказчык для матэрыялаў, якія ўвесь час эксплуатуюцца ў вадзе (апоры мастоў, плаціны, абліцоўка рэактараў і інш.).

т. 4, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЗЕРА,

вёска ў Уздзенскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы. За 35 км на ПнУ ад г.п. Узда. 29 км ад Мінска, 26 км ад чыг. ст. Койданава, каля аўтадарогі Мінск—Слуцк. 817 ж., 322 двары (1996). Пякарня. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, Дом быту, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўская царква (2-я пал. 19 ст.). Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 4, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЙСКІ,

службовая асоба ў Польшчы (з 13 ст.) і ВКЛ (з 16 ст.). У час войнаў, калі шляхта з паспалітым рушэннем пакідала маёнткі, наглядаў за парадкам у павеце і апекаваў тых, хто застаўся ў маёнтках. У Польшчы войскія былі гродскія і земскія, у ВКЛ толькі земскія (адзін на павет), якія падпарадкоўваліся старосту павятовага горада. Пасада войскага ў ВКЛ была дыгнітарскай (прыдворнай).

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 4, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АК-ШЫЙРА́К, Акшыйрак,

горны масіў у Цянь-Шані, у Кыргызстане. Цягнецца з ПдЗ на ПнУ трыма кулісападобнымі паралельнымі хрыбтамі даўж. каля 50 км, выш. да 5126 м. Водападзел вярхоўяў Нарына і рэк бас. Сарыджаза (Учкёль і інш.). Складзены з метамарфічных сланцаў, вапнякоў, гранітаў. Рэльеф высакагорны. Цэнтр зледзянення ў Цянь-Шані (59 ледавікоў пл. больш за 400 км²). Самы вял. ледавік Пятрова, дае пачатак р. Нарын.

т. 1, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАЗЕ́Я,

рака на ПнУ Рэспублікі Саха (Якуція). Даўж. 1590 км, пл. бас. 64,7 тыс. км². Утвараецца ў сутоках рэк Нелькан і Кадылчан на Алазейскім пласкагор’і. Цячэ па Калымскай нізіне, упадае 2 пратокамі ва Усх.-Сібірскае мора. Найбольшы прыток Расоха (злева). Ледастаў з канца вер.пач. кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. Сярэднегадавы расход у ніжнім цячэнні 300 м³/с. У бас. Алазеі больш за 24 тыс. азёраў.

т. 1, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬБІНСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Беларусі, у Акцябрскім р-не Гомельскай вобл. За 27 км на З ад г.п. Акцябрскі. Створана ў 1976 для жыўлення канала ў летні перыяд і рэгулявання водна-паветранага рэжыму меліяраваных глебаў. Пл. 0,63 км². Даўж. 1,15 км, найб. шыр. 0,7 км, найб. глыб. 3,5 м, аб’ём вады 1,4 млн. м³. Напаўняецца вадой помпамі з Слаўкавіцка-Ямінскага канала ў перыяд веснавога разводдзя.

т. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬФЁЛЬДСКІ РУХ,

нац.-дэмакратычны рух збяднелай інтэлігенцыі, малазямельных і беззямельных сялян у паўд.-ўсх. Венгрыі (Альфёльдзе) супраць пагаднення 1867 пра стварэнне аўстра-венг. дзяржавы. Праходзіў пад лозунгамі свабоды, раўнапраўя, аднаўлення канстытуцыі 1848. Пачаўся са стварэння па ініцыятыве адваката Я.​Асталаша дэмакр. гурткоў. Сяляне выступалі за падзел лугоў і пашаў, адмену падаткаў; мелі месца ўзбр. сутыкненні з войскамі. Альфёдаўскага руху задушаны аўстра-венг. урадам у 1868.

т. 1, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДР III (Alexander; свецкае Раланда Бандынелі; Rolando Bandinelli; ? — 30.8.1181),

папа рымскі з 1159. Юрыст і тэолаг, праф. кананічнага права ў Балонні. Папскі легат у Германіі, з 1153 папскі канцлер. Імкнуўся да верхавенства ўлады папства. З гэтай мэтай вёў паспяховую барацьбу з імператарам Фрыдрыхам I Барбаросам з дапамогай Ламбардскай лігі. Асудзіў англ. караля Генрыха II за забойства Т.​Бекета (1170) і прымусіў яго прызнаць уладу папаў.

т. 1, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)