БАРЫ́С I (?—2.5.907),
князь Балгарыі [852—889]. Увёў у Балгарыі хрысціянства (864—865), стварыў балг. архіепіскапства (870), дамогся незалежнасці балг. царквы ад Візантыі (880). Пашырыў сваю дзяржаву за кошт макед. і стараж.-сербскіх земляў. У 889 адрокся ад прастола на карысць сына Уладзіміра-Расатэ і пайшоў у манастыр (хрысц. імя Міхаіл). У 893 скінуў Уладзіміра, які хацеў вярнуць язычніцтва, і зрабіў балг. князем сына Сімяона. Пасля смерці кананізаваны.
т. 2, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАС (Ісідар) (Ізраіль Самуілавіч; нарадзіўся 9.12.1913, Віцебск),
крытык, літаратуразнавец. Вучыўся ў Камуністычным ін-це журналістыкі (1933—36, Мінск). З 1947 выкладаў у ВНУ Беларусі. Даследаваў пытанні развіцця бел. дакастр. л-ры (у т. л. ананімнай), станаўлення рэалізму, сувязяў бел., рус., укр. і польск. літаратур, узнаўляў невядомыя старонкі творчых біяграфій П.Багрыма, Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, Я.Купалы, Я.Коласа. З 1970-х г. за мяжой.
т. 2, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЎМАНІС ((Baumanis) Яніс Фрыдрых Аляксандр) (4.6.1834, Рыга — 31.3.1891),
латышскі архітэктар. Вучыўся ў Будаўнічай акадэміі ў Берліне (1860—62) і Пецярбургскай АМ (1862—63). Пабудаваў у Рызе больш за 50 даходных дамоў і грамадскіх будынкаў, у дэкоры якіх выкарыстоўваў формы архітэктуры рэнесансу і класіцызму (Дом ліфляндскага дваранства, цяпер будынак урада Латвіі, 1863—67, у сааўт. з Р.Пфлугам; Аляксандраўская гімназія, 1874, цяпер кансерваторыя) і інш.
т. 2, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 29 км на ПнУ ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,67 км², даўж. 1,94 км, найб. шыр. 500 м., найб. глыб. 22 м. Пл. вадазбору 1,73 км².
Схілы катлавіны выш. да 12 м, пад хмызняком, берагі высокія. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей сапрапель. Зарастае слаба. Водзіцца шыракапальцы рак, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
т. 2, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ДУ́МКА»,
газета дэмакр. кірунку. Выдавалася з 28.4 да 27.7.1919 у Вільні на бел. мове 3 разы на тыдзень. У газеце супрацоўнічала інтэлігенцыя пераважна сацыялістычнай арыентацыі. Выступала за цэласнасць і непадзельнасць Беларусі, выкрывала анексійныя замахі Польшчы, заклікала да аб’яднання ўсе дэмакр. элементы краю, узнімала надзённыя пытанні розных пластоў і груп насельніцтва. Шырока асвятляла падзеі на Беларусі. Выйшла 56 нумароў. Закрыта польскай акупац. адміністрацыяй.
А.С.Ліс.
т. 2, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЛЮЦКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ракітаўка, за 32 км на ПдУ ад г. Чашнікі. Пл. 0,35 км², даўж. 1,32 км, найб. шыр. 350 м, найб. глыб. 3,8 м, даўж. берагавой лініі 3,75 км. Пл. вадазбору 1,5 км². Схілы катлавіны выш. да 13—25 м, пад с.-г. ўгоддзямі. Берагі нізкія, пясчаныя, зах. параслі хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно глеістае.
т. 3, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РАЎНА,
возера ў Беларусі, у Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Чарнічанка, за 25 км на У ад г.п. Бешанковічы. Пл. 2,04 км², даўж. 2 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 9,5 м. Пл. вадазбору 4,4 км².
Размешчана сярод забалочанай лясістай мясцовасці. Катлавіна круглаватая, злёгку выцягнутая з Пн на Пд, берагі нізкія, парослыя хмызняком. Слаба зарастае каля берагоў. Сцёк па канаве ў воз. Ліпна.
т. 3, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНДВА́ХТА (ад галанд. brandwacht вартавы карабель),
1) карабель, які нясе вартавую службу на ўваходзе (выхадзе) на рэйд (у гавань, канал) і падтрымлівае ўстаноўлены рэжым плавання (рэгуляванне руху суднаў, выкананне ім мытных, каранцінных, рэйдавых і інш. правілаў).
2) Пост на беразе або на судне, прызначаны сачыць за пажарнай бяспекай на тэр. порта.
3) Несамаходнае судна — жыллё для экіпажа земснарадаў, вадалазных станцый, пошукавых партый, партовых рабочых і інш.
т. 3, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАШЭ́ВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 13 км на ПнЗ ад г. Драгічын, 100 км ад Брэста, 5 км ад чыг. ст. Драгічын. 2080 ж., 830 двароў (1995). Лясніцтва, швейнае атэлье. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — царква Ушэсця (пач. 20 ст.). Курган на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. Вайну.
т. 3, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУХАВЕ́ЦКІ (Іван Мартынавіч) (? — 27.6.1668),
гетман Левабярэжнай Украіны ў 1663—68. Абраны на Чорнай радзе 1663 у Нежыне. У 1665 падпісаў т.зв. «Маскоўскія артыкулы», якія пацвярджалі правы і прывілеі казацкай старшыны і ўмацоўвалі пазіцыі рус. ўрада на Украіне. Незадаволенасць палітыкай Брухавецкага асабліва ўзмацнілася пасля Андросаўскага перамір’я 1667, паводле якога Правабярэжная Украіна заставалася за Польшчай. Намагаўся перадаць Украіну пад уладу Турцыі. Забіты паўстаўшымі супраць яго казакамі.
т. 3, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)