ЖНЯЯ́РКА,

машына для скошвання с.г. культур і транспартавання скошанай масы ў малацільны апарат камбайна (пры прамым камбайнаванні) або ўкладкі яе на поле ў валкі ці ў рассціл (пры раздзельнай уборцы). Асн. рабочыя органы — рэжучы апарат, матавіла, шнэк, транспарцёр.

Шнэкавыя Ж. (хедэры) бываюць навясныя (на збожжаўборачныя камбайны) або прычапныя да трактара; валковыя (платформавыя) — самаходныя ці ў агрэгаце з трактарамі, самаходнымі шасі, камбайнамі. Валковыя Ж. паводле размяшчэння рэжучага апарата падзяляюцца на франтальныя і бакавыя, паводле спосабу фармавання валкоў — на адна-, двух- і трохпаточныя (фармуюць валок рэзальным апаратам або яшчэ з дапамогай 1 ці 2 транспарцёраў). Ж. бываюць універсальныя і спецыяльныя (для ўборкі пэўных культур). Напр., зернебабовая Ж. — навясная на камбайны машына для скошвання і ўкладкі ў валкі зернебабовых культур (у т. л. зялёнага гарошку, іх сумесей) і палеглай збажыны. Мае пальцавы рэжучы апарат са сцёблападымальнікам, універсальнае эксцэнтрыкавае матавіла, раменна-планкавы транспарцёр, платформу, механізм прывода і інш. Шырыня захопу Ж. ад 3,5 да 17 м, прадукцыйнасць ад 1,2 да 8 га/гадз.

Жняяркі: 1 — навясная з універсальным матавілам для раздзельнай уборкі збожжа; 2 — збожжавая прычапная да трактароў; 3 — зернебабовая; 4 — канапляная жняярка-снопавязалка.

т. 6, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАЧЭ́ННЕ,

пакрыццё вырабаў, асобных частак прылад, канструкцый, збудаванняў тонкім слоем золата з дэкаратыўнымі, ахоўнымі і ахоўна-дэкаратыўнымі мэтамі. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай і гадзіннікавай вытв-сці, паўправадніковай тэхніцы, ужытковым мастацтве і інш.

Ліставое З. — наклейванне на падрыхтаваную паверхню вырабаў або збудаванняў тонкіх (0,1—0,3 мкм) лістоў золата. Вядома з 3-га тыс. да н.э. (Егіпет), у Кіеўскай Русі пашырылася з 10—11 ст. Ужывалася для аддзелкі палацаў і храмаў. У паліграфіі выкарыстоўваецца для спец. мастацкага друкавання і ціснення пераплётаў. Парашковае З. — нанясенне на выраб, пакрыты клейкім лакам, тонкага слоя залатога парашку. Агнявое З. — пакрыццё метал., звычайна медных, лістоў амальгамай (сплаў золата і ртуці) з наступнай адгонкай ртуці нагрэвам. Другі яго спосаб — нанясенне лаку, у якім ёсць золата, на фарфора-фаянсавыя вырабы. Пры абпальванні лак выгарае, а залатое покрыва застаецца. З. плакіроўкай — гарачая пракатка лістоў золата з лістамі інш. металу або валачэнне метал. пруткоў, абкручаных лістамі золата. Гэтым спосабам вырабляюць біметал для карпусоў гадзіннікаў і інш. Гальванічнае З. (выкарыстоўваецца з сярэдзіны 19 ст.) робіцца пераважна ў цыяністых залатых электралітах метадам электралітычнага асаджэння. З. катодным распыленнем пашырана пры вытв-сці фотаэлементаў і інш. З. наз. таксама пакрыццё прадметаў рэчывамі залацістага колеру.

т. 6, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛА́ЎСКАЯ КА́ФЛЯ,

архітэктурна-дэкар. кераміка 15—18 ст., знойдзеная пры археал. раскопках замка і пасада ў г. Заслаўе (Мінскі р-н). Выяўлена каля 2000 цэлых вырабаў і фрагментаў, а таксама рэшткі 11 кафляных печаў 16—17 ст. Паводле тэхналогіі вырабу падзяляецца на групы: гаршковыя кафлі з крыжападобным, цыліндрычным або квадратным вусцем (15—1-я пал. 16 ст.); каробчатыя тэракотавыя, мураўленыя і паліхромныя кафлі (16—18 ст.), якія паводле формы і прызначэння былі сценныя (вонкавыя і вуглавыя), паясныя, карнізныя, а таксама калонкі, медальёны і навершы-каронкі для печаў. Вядома больш за 60 відаў і варыянтаў малюнкаў — геральдычныя, партрэтныя, сюжэтныя, з расл. і геам. арнаментамі, пашыранымі на Беларусі і ў Літве. Для З.к. 16 ст. характэрны рэльефныя малюнкі з партрэтнымі выявамі (падобныя кафлі знойдзены пры раскопках Віленскага і Лагойскага замкаў, Троіцкага прадмесця ў Мінску), з выявамі гербаў тагачасных уладароў Заслаўя магнатаў Глябовічаў, Сапегаў, узброеных коннікаў, грыфонаў, ільвоў.

Літ.:

Заяц Ю.А. Заслаўская кафля. Мн., 1990;

Яго ж. Заславль в эпоху феодализма. Мн., 1995.

Ю.​А.​Заяц.

Да арт. Заслаўская кафля. Кафлі: злева — з выявай конніка, 17 ст.; з выявай герба Сапегаў, 2-я пал. 17 ст.; справа — вуглавая, канец 16 ст.; карнізная, канец 16 ст.

т. 6, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХОДНЯДЗВІ́НСКАЯ ВАЕ́ННАЯ ФЛАТЫ́ЛІЯ,

аператыўнае аб’яднанне баявых рачных караблёў у грамадз. вайну на Заходнім фронце 1919—24. Створана загадам РВСР 26.11.1919 з 2-га атрада Ваен.-рачной флатыліі Сав. Латвіі. База — г. Віцебск. Мела ў сваім складзе 21 карабель і дапаможнае судна, 26-ы паветраплавальны атрад з аэрастатамі (май 1920); налічвала 581 чал. (жн. 1920). Актыўна ўдзельнічала ў баявых дзеяннях у час савецка-польскай вайны 1920, асабліва ў майскай аперацыі Зах. фронту. Пры падрыхтоўцы да наступлення перавезла да 200 тыс. пудоў ваен. грузаў для войск 15-й арміі. У сярэдзіне мая 1920 забяспечыла пераправу на левы бераг Зах. Дзвіны ў раёне Дрысы (цяпер Верхнядзвінск) 164-й брыгады, якая ўдарыла ў тыл ворага. 22.5.1920 атрад маракоў разам з часцямі 15-й арміі пры артыл. падтрымцы караблёў флатыліі разбіў праціўніка каля в. Узмёны (пад Дрысай). Караблі ахоўвалі флангі і тылы войск. масты і пераправы. 23.11.1920 расфарміравана. Камандуючыя: В.​К.​Новак (да лют. 1920), Я.​С.​Гернет (да мая 1920), Г.​М.​Тырышкін (да вер. 1920), М.​В.​Бліноў (ч.в.а. да ліст. 1920). Камісары: Л.​А.​Вялічка (да лют. 1920), Я.​І.​Азолін (да ліп. 1920), К.​В.​Траянскі (да ліст. 1920).

І.​Я.​Краўцоў.

т. 7, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РНЫЯ КА́РТЫ,

адлюстраванні зорнага неба ці яго часткі на плоскасці пры дапамозе пэўнай картаграфічнай праекцыі, градуснай сеткі ў адпаведным маштабе.

Самыя старажытныя З.к. былі вядомыя ў Вавілоне і Егіпце. У Еўропе выкарыстоўваюцца з 13 ст. Адрозніваюць рысаваныя і фатаграфічныя З.к. На рысаваных зоркі вычэрчваюць па каардынатах, узятых з зорных каталогаў, абазначаюць кружочкамі розных дыяметраў у залежнасці ад бляску зоркі; падвойныя і пераменныя зоркі, зорныя скопішчы, туманнасці адзначаюць спец. знакамі (гл. карту да арт. Зорнае неба). Фатаграфічныя З.к. (больш падрабязныя і распаўсюджаныя) — адбіткі з астрафатаграфій з нанясеннем на іх градуснай сеткі. Камплект З.к. сумежных участкаў неба, якія пакрываюць усё неба ці некат. яго частку, наз. зорным атласам. Першы атлас зорак, бачных простым вокам, апублікаваў у 1603 ням. астраном А.​Баер («Уранаметрыя»). Першую на рус. мове зорную карту выдаў у Амстэрдаме І.Ф.Капіевіч (1699). Найб. распаўсюджанне атрымалі «Атлас паўночнага зорнага неба» на аснове «Бонскага агляду» і атлас паўд. неба на аснове «Кордаўскага агляду». З.к. і атласамі карыстаюцца пры астр. назіраннях. Т.зв. рухомыя карты зорнага неба даюць магчымасць хутка вызначаць, якія сузор’і відаць над гарызонтам для любой шыраты ў любы момант часу.

Літ.:

Михайлов А.А. Звездный атлас. 4 изд. М.; Л., 1965.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 7, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУ́КЦЫЯ ў фізіялогіі,

дынамічнае ўзаемадзеянне нервовых працэсаў узбуджэння і тармажэння. Выражаецца ў тым, што тармажэнне ў групе нерв. клетак выклікае ўзбуджэнне (станоўчая І.) і, наадварот, калі першаснае ўзбуджэнне індуцыруе тармажэнне (адмоўная І.). Мае 2 формы: адначасовую, калі ўзбуджэнне ў адным участку мозга выклікае тармажэнне ў суседніх і наадварот; паслядоўную, калі змена адносін праходзіць з цягам часу. Характэрна для ўсіх аддзелаў нерв. сістэмы. Абмяжоўвае распаўсюджванне нерв. працэсаў і спрыяе іх канцэнтрацыі. Прыклад адмоўнай І.: моцнае раздражненне слыхавога цэнтра (напр., рэзкі званок) выклікае тармажэнне ў харчовым, бо спыняецца слінавыдзяленне. У эмбрыялогіі І. — уздзеянне адных частак (індуктараў) зародка, які развіваецца, на другія яго часткі (сістэмы, якія рэагуюць). Адкрыта ням. эмбрыёлагам Г.​Шпеманам (1901). Адбываецца пры кантакце і вызначае напрамак развіцця сістэмы, якая рэагуе, гоматыпічны, калі дыферэнцыроўка падобна індуктару, і гетэратыпічны, калі адрозніваецца ад яго. Пашырана сярод хордавых і многіх беспазваночных жывёл. Ажыццяўляецца пры ўмове, што клеткі сістэмы, якая рэагуе, здольны ўспрымаць індуцыраваны стымул і адказваць на яго стварэннем адпаведных структур. Тэрмінам «І.» вызначаюць таксама больш шырокі круг з’яў у індывід. развіцці жывёл і раслін: дыферэнцыроўка другасных палавых прыкмет, лінька лічынак насякомых, дыферэнцыроўка і рост раслін фітагармонамі, святлом, т-рай і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 7, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т ФІЗІЯЛО́ГІІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1953 у Мінску на базе Ін-та тэарэт. медыцыны (з 1947). Лабараторыі (1998): фізіялогіі функцыян. сістэм, рэгулятарных бялкоў і пептыдаў, фізіялогіі аферэнтных сістэм, прыкладной фізіялогіі, фізіялогіі ствала галаўнога мозга; групы функцыян нейрамарфалогіі, экстракардыяльных механізмаў рэгуляцыі кровазвароту, эколага-фізіял праблем. Аспірантура (з 1953).

Асн. кірункі навук. даследаванняў: вывучэнне цэнтр. і перыферыйных механізмаў тэрмарэгуляцыі, тэмпературнай устойлівасці арганізма; функцыянальная характарыстыка вісцэральных аферэнтных сістэм і іх сувязі з нерв. цэнтрамі; фізіял. механізмы і марфалагічныя асновы жыццяздольнасці арганізмаў чалавека і жывёл у залежнасці ад фіз. і хім. фактараў асяроддзя. Вынікі даследаванняў: распрацавана канцэпцыя дзейнасці нерв. цэнтраў (мадэль нейроннай сеткі), у аснову якой пакладзены прынцып растарможвання нейронаў; вывучаны пытанні паталагічных станаў пры парушэнні працэсаў спалучэння тэрмарэгуляцыі і абмену складаных ліпідаў у арганізме; выяўлены ахоўныя ўласцівасці фактару росту нерваў і эпідэрмісу пры цеплавым і акісляльным стрэсе, уздзеянні на арганізм іанізуючай радыяцыі. У Ін-це працавалі акад. АН Беларусі І.А.Булыгін, А.С.Дзмітрыеў, В.А.Лявонаў, Д.А.Маркаў, чл.-кар. А.Ю.Бранавіцкі, працуюць акад. Нац. АН Беларусі Д.М.Голуб, В.М.Гурын (дырэктар з 1984), акад. Нац. АН Беларусі і РАМН У.А.Мацюхін, чл.-кар. М.І.Арынчын, У.У.Салтанаў, 9 дактароў навук.

Л.А. Сурганава.

т. 7, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСТЭРЫ́Я (ад грэч. hystera матка; стараж. грэкі прыпісвалі І. матачнай хваробе і лічылі яе ўласцівай толькі жанчынам),

форма неўрозу, які выяўляецца псіхічнымі, саматычнымі, неўралагічнымі і вегетатыўнымі расстройствамі. Найчасцей бывае ў жанчын маладога ўзросту; хварэюць і мужчыны. Прычыны: псіхатраўмы, невырашальныя душэўныя канфлікты (пры пэўных рысах характару, псіхічным інфантылізме, дэфектах выхавання). Праяўляецца прыпадкамі (слёзы, смех, крыкі, сутаргі), парушэннем адчувальнасці (да болю, холаду і інш.), істэрычнымі паводзінамі (празмерны эгаізм, рэзкія перамены настрою). Хворы адчувае боль і непрыемны стан у розных ч. цела (асабліва ў вобласці сэрца), ком у горле, парушэнне слінавыдзялення, успушванне жывата, моташнасць, ірвоту, запоры і паносы. Бываюць істэрычныя парэзы і паралічы, парушэнне мовы. Такі стан нагадвае эпілептычныя прыпадкі (гл. Эпілепсія). Адрозненне ў тым, што істэрычным прыпадкам хворы хоча выклікаць спагаду да сябе (пры адсутнасці гледача прыпадку можа не быць). У дзяцей да года І. выяўляецца простымі і аднабаковымі істэрычнымі прыпадкамі (дзіця падае, крычыць, плача), якія ўскладняюцца з узростам. Лячэнне: псіхатэрапія, унушэнне (сугестыя), гіпноз, медыкаментознае, агульнаўмацавальныя сродкі.

Літ.:

Шанько Г.Г. Наши нервы и наши болезни: Для здоровых и больных. Мн., 1996;

Карвасарский Б.Д. Неврозы. 2 изд. М., 1990;

Антонов И.П., Шанько Г.Г. Судорожные состояния у детей. Мн., 1970.

Г.​Г.​Шанько.

т. 7, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАЎРО́Т,

1) самапрадка, прылада для механізаванага прадзення лёну, пянькі і воўны ў хатніх умовах. Прыйшоў на змену верацяну. Вынайдзены каля 1530 Юргенсам у Германіі. На Беларусі К. з’явіліся ў 16 ст. на мануфактурных прадпрыемствах. У сял. побыце выкарыстоўваецца з сярэдзіны 19 ст. Вядомы 2 тыпы К. — стаяк (больш характэрны для зах. раёнаў) і ляжак (пераважаў ва ўсх. і паўн.-ўсх. раёнах).

2) Найпрасцейшае грузападымальнае прыстасаванне — вярчальны барабан (вал) з ручкай, на які намотваецца канат (ланцуг, вяроўка) з грузам на свабодным канцы. Бываюць дыферэнцыяльныя К. са ступеньчатым барабанам. Намаганне, якое прыкладаецца да ручкі пры вярчэнні К., у столькі разоў меншае за сілу цяжару грузу, у колькі разоў плячо ручкі большае за радыус барабана.

3) Прыстасаванне для вярчэння ўручную свердлаў, адвёртак і інш. інструментаў пры свідраванні адтулін, закручванні шруб, гаек і інш. Бывае К. з трашчоткай, якая можа ўключацца на правае і левае вярчэнне; выкарыстоўваецца ў выпадках, калі поўны абарот ручкі немагчымы.

Калаўрот: а — грузападымальнае прыстасаванне (1 — барабан радыусам г, 2 — рукаятка з плячом R, Q — сіла цяжару грузу, P — намаганне); б — прыстасаванне для вярчэння (1 — націскная галоўка, 2 — каленчаты стрыжань, 3 — ручка, 4 — кольца-пераключальнік, 5 — храпавы механізм, 6 — патрон).

т. 7, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНКРЫ́Н (Ягор Францавіч) (сапр. Георг Людвіг; 27.11.1774, г. Ганаў, Германія — 21.9.1845),

расійскі ваен. і дзярж. дзеяч, вучоны. Ген. ад інфантэрыі (1828), граф (1829), ганаровы чл. Пецярбургскай (1824) і Парыжскай (1844) АН, д-р права (1794). Скончыў Гесенскі і Магдэбургскі (Германія) ун-ты. З 1797 у Расіі: саветнік пры экспедыцыі дзярж. эканоміі ў МУС (з 1803), інспектар замежных калоній Пецярбургскай губ. (з 1809), памочнік ген.-правіянтмайстра Ваен. мін-валют. 1811). Удзельнік вайны 1812 (ген.-інтэндант 1-й Зах. арміі) і замежнага паходу 1813—14 (з 29.4.1813 ген.-інтэндант). У 1816—20 пры Гал. кватэры ў Магілёўскай губ.; адзін з першых даследчыкаў Барысавых камянёў. У 1823—44 міністр фінансаў; правёў гільдзейскую (1824), грашовую (увядзенне сярэбранага монаметалізму, 1839—43) і інш. рэформы. Аўтар прац (пераважна на ням. мове) «Фрагменты аб ваенным майстэрстве з пункту гледжання ваеннай філасофіі» (1809, 2-е выд 1815), «Аб сродках забеспячэння харчаваннем вялікіх армій» (нап. 1809—10), «Аб ваеннай эканоміі ў час вайны і міру і яе сувязі з ваеннымі аперацыямі» (т. 1—3, 1820—23), «Сусветнае багацце, нацыянальнае багацце і дзяржаўная гаспадарка» (1821), маст. твора «Дагабер, раман з сапраўднай вайны за вызваленне» (1797—98), артыкулаў пра ням. тэатр і інш.

т. 7, с. 587

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)