КІТУНО́ВІЧ (Фёдар Рыгоравіч) (н. 16.4.1917, в. Агароднікі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. педагог. Канд. пед. н. (1954), праф. (1978). Засл. настаўнік Беларусі (1982). Скончыў БДУ (1947). З 1954 у Бел. пед. ун-це. Навук. працы ў галіне выкарыстання тэхн. сродкаў навучання, ЭВМ і праграміраванага навучання пры выкладанні фізікі і электратэхнікі. Аўтар падручнікаў і навуч. дапаможнікаў для школ і ВНУ.

Тв.:

Электротехника. 3. изд. Мн., 1991 Электратэхніка. Мн., 1997.

т. 8, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЮЧАВО́Е СЛО́ВА,

паўназначнае слова тэксту, якое выкарыстоўваецца для яго каардынатнага індэксавання. Кожнае К.с., як і дэскрыптар, абазначае клас, у якім патэнцыяльна знаходзяцца ўсе тэксты, што ўключаюць гэта слова як элемент, асн. сэнсавага зместу. У адрозненне ад дэскрыптараў з’яўляюцца лексічнымі адзінкамі натуральнай мовы: адно К.с. можа мець шмат значэнняў, розныя К.с. — адно і тое ж значэнне. Пры інфармацыйным пошуку пералік К.с. выкарыстоўваецца ў якасці пошукавага вобраза дакумента ці пошукавага прадпісання.

т. 8, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́НВАЛДС, Кронвальд (Kronvalds) Аціс (15.4.1837, Курземе каля г. Ліепая, Латвія — 17.2.1875), латышскі грамадскі дзеяч, педагог, мовазнавец. Скончыў пед. курсы пры Тартускім ун-це (1867), быў вольным слухачом Берлінскага ун-та (1859). Удзельнік руху младалатышоў. Выступаў супраць палітыкі анямечвання латышоў, за вызваленне лат. мовы ад германізмаў, пашырэнне сеткі лат. нар. школ. Зрабіў значны ўклад у развіццё лат. мовы. Аўтар кн. «Нацыянальныя імкненні» (1872 на ням., 1887 на лат. мовах).

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУТЫ́, Крут (Krut; ? — 1093),

князь Вендскай дзяржавы [1066—93]. Паходзіў, верагодна, з княжацкай дынастыі, якая ў 10—12 ст. правіла на в-ве Руяна (цяпер в-аў Руген, Германія). Узначальваў супраціўленне прыбалтыйскіх і палабскіх славян іх прымусовай хрысціянізацыі з боку ням. герцагаў. У час аслаблення «Свяшчэннай Рымскай імперыі» пры Генрыху IV пашырыў межы Вендскай дзяржавы да Паўн. мора, падпарадкаваў Нордальбінгію. Загінуў у барацьбе з Генрыхам, сынам Готшалка, які дзейнічаў у саюзе з саксонцамі.

т. 8, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУБІ́ЦКІ ((Kubicki) Якуб) (1758, Варшава — 13.6.1833),

польскі архітэктар. Вучыўся ў Д.​Мерліні. З 1781 працаваў пры двары Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 1783—86 наведаў Італію. Пабудовы ў стылі класіцызму 18 ст. адметныя строгасцю аблічча, вытанчанасцю прапорцый: палацы ў Бялачаве (1797—1800), Бейсце (абодва Свентакшыскае ваяв.; 1802), Бельведэр у Варшаве (1818—22), павільёны (1816—18) на вул. Грахоўскай і пл. Уніі ў Варшаве і інш.

Я.Кубіцкі. Бельведэрскі палац у Варшаве. 1818—22.

т. 8, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГАРЫФМІ́ЧНАЯ ПАПЕ́РА,

спецыяльна разграфлёная папера, якая выкарыстоўваецца для адшукання аналітычнай формы эмпірычных залежнасцей.

На кожнай з восей дэкартавай сістэмы каардынат адкладваюцца значэнні лагарыфмаў лікаў x = mlgu і y = mlgv, дзе m — пастаянны множнік, і праз адзначаныя пункты праводзяцца вертыкальныя і гарызантальныя паралельныя прамыя. Калі адно з сем’яў прамых правесці праз роўныя прамежкі, атрымаецца паўлагарыфмічная папера. Графікі ступенных функцый віду y = x​n набываюць на Л.п. выгляд прамых ліній пры любых n.

т. 9, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГО́НЕ, Лагон (Logone),

рака ў Цэнтр. Афрыцы, у Чадзе і Камеруне, левы прыток р. Шары (бас. воз. Чад). Даўж. 965 км (з р. Мберэ). Утвараецца ад сутокаў рэк Мберэ і Пендэ. Сярэдні расход вады каля г. Бангор (Чад) 540 м³/с. Пры моцных паводках частка сцёку паступае ў бас. Нігера (па сістэме праток у прыток Бенуэ р. Майо-Кебі). Суднаходная ў перыяд дажджоў (чэрв.—жн.) ніжэй г. Бангор.

т. 9, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎРЭ́НЦЬЕЎ (Міхаіл Міхайлавіч) (н. 21.7.1932, Масква),

расійскі матэматык. Акад. Рас. АН (1981; чл.-кар. з 1968). Сын М.А.Лаўрэнцьева. Скончыў Маскоўскі ун-т (1954). З 1957 у Сіб. аддз. Рас. АН (з 1986 дырэктар Ін-та матэматыкі). Навук. працы па ўмоўна-карэктных задачах матэм. фізікі і шматмерных адваротных задачах для дыферэнцыяльных ураўненняў, якія ўзнікаюць пры вывучэнні будовы Зямлі па назіраннях геафіз. палёў. Ленінская прэмія 1962, Дзярж. прэмія СССР 1987.

т. 9, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАХА́Р (Leochares),

старажытнагрэчаскі скульптар сярэдзіны 4 ст. да н.э.; прадстаўнік позняй класікі. Працаваў у Афінах, Алімпіі, Дэльфах, Галікарнасе (са Скопасам), пры двары Аляксандра Македонскага. Сярод вядомых твораў: скульпт. група «Аляксандр на львіным паляванні», статуі цароў македонскай дынастыі, выкананыя ў тэхніцы хрыса-элефантнай скульптуры (золата са слановай косцю). Яму прыпісваюць статуі «Артэміда Версальская», «Апалон Бельведэрскі», «Ганімед» (захаваліся ў рым. копіях).

Леахар. Апалон Бельведэрскі. 2-я пал. 4 ст. да н.э.

т. 9, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НЦА ПРА́ВІЛА, Ленца закон,

асноўнае правіла (закон), якое вызначае напрамак індукцыйнага току. Устаноўлена Э.Х.Ленцам у 1834 як удакладненне закону электрамагнітнай індукцыі.

Паводле Л.п. індукцыйны ток, які ўзнікае ў замкнёным контуры пры змене знешняга магн. патоку, мае такі напрамак, што створаны ім магн. паток праз плошчу, абмежаваную контурам, імкнецца кампенсаваць тую змену знешняга магн. патоку, якая выклікае індукцыйны ток. Л.п. з’яўляецца вынікам дзеяння закону захавання энергіі ў эл.-магн. з’явах.

т. 9, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)