НЕРСЕСЯ́Н (Рачыя Нерсесавіч) (24.11.1895, г. Ізміт, Турцыя — 6.11.1961),
армянскі акцёр. Нар.арт.СССР (1956). З 1915 удзельнічаў у спектаклях арм.драм. трупы ў Турцыі. З 1923 у Арм. т-ры імя Г.Сундукяна. Мастацтву Н. ўласцівы глыбіня спасціжэння характару, яркая эмацыянальнасць. Сярод роляў: Элізбараў («За гонар» А.Шырванзадэ), Багдасар («Дзядзька Багдасар» А.Параняна), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Бярсенеў («Разлом» Б.Лаўранёва), Макбет, Атэла (аднайм. п’есы У.Шэкспіра) і інш. Здымаўся ў кіно: «Намус» (1925), «Пэпо» (1935), «Зангезур» (1938), «За гонар» (1956), «Пра што шуміць рака» (1959), «Тжужык» (1962). Дзярж. прэмія СССР 1941.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАГАНДЛЁВЫ СТАТУ́Т 1667,
закон пра ўнутр. і знешні гандаль, выдадзены ў Расіі па ініцыятыве кіраўніка Пасольскага прыказа А.Л.Ардына-Нашчокіна. Меў на мэце папаўненне дзярж. казны і падтрымку рас. купецтва. Н.с. развіваў нормы гандл. статута 1653, уніфікаваў пошліны, абмяжоўваў гандаль іншаземцаў. Замежныя купцы абавязваліся гандляваць оптам у памежных гарадах, а пры праездзе ў глыб краіны плаціць акрамя мытнай дадатковыя пошліны з тавару і за праезд, што разам у 4 разы перавышала зборы з рас. купцоў. Іншаземцам забаранялася на тэр. Расіі гандляваць паміж сабой. Найб. высокімі пошлінамі абкладаліся прадметы раскошы, віны, цукар і інш. Н.с. 1667 — тыповы прыклад правядзення дзярж. палітыкі пратэкцыянізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВІЧ (А.) (сапр.Ціхановіч ці Цэхановіч),
бел. пісьменнік пач. 20 ст. Па адукацыі ўрач. Працаваў у г. Новачаркаск (Расія). Аўтар апавяданняў «У дому лепей» (1911) пра цягу селяніна да роднай зямлі і «Амерыканец» (1912), герой якога вярнуўся з Амерыкі і хоча перайначыць жыццё бел. мужыка на лепшы лад. Гэтыя творы высока ацэнены Я.Купалам (арт. «Агляд кніг», 1913), які падкрэсліваў іх прастату і шчырасць, уменне «нязначным спосабам падсунуць чытачу маральную навучку, паказаць добрую незавілую сцежку к лепшаму жыццю», і М.Багдановічам, які ў арт. «За тры гады» (1913) адзначыў, што «асабліва вызначаецца Новіч, каторы першы паспрабаваў напісаць вялікую рэч прозай па-беларуску».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОМ (ад грэч. nomos вобласць, акруга),
1) адміністрацыйная акруга ў Стараж. Егіпце. Уяўляе сабой паліт. аб’яднанне, неабходнае для ўтварэння і функцыянавання адзінай ірыгацыйнай сістэмы. Кожны Н. меў дакладна вызначаныя межы, паліт. і рэліг. цэнтр, войска, герб і багоў-апекуноў. Адм. апаратам кіраваў намарх (правіцель Н.). Колькасць Н. і іх плошча не былі пастаяннымі. У спісах Н. Стараж. царства (28—23 ст. да н.э.) у храмах фараонаў Снофру і Неусера пералічаны 37 Н. У «Кнізе мёртвых» (стараж.-егіп. зборнік заклінанняў і гімнаў) названы 42 багі, што адпавядала 42 Н. Новага царства (каля 1580 — каля 1070 да н.э.).
2) Адм.-тэр. адзінка ў сучаснай Грэцыі (52 у 1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ БАЛЕ́ТНАЯ ШКО́ЛА (Існавала ў 1758—90) (?) у г. Нясвіж Мінскай вобл. Створана М.К.Радзівілам Рыбанькай пры Нясвіжскім тэатры Радзівілаў. Рыхтавала для т-ра артыстаў балета з дзяцей прыгонных. Кіраўнікі: Л.Дзюпрэ (1758—60),
Я.Аліўе (з 1762), А.Лойка (з 1779), Г.Петынеці (з 1780).
У кантракце, заключаным 3.3.1758 з Дзюпрэ на 3 гады, было запісана, што «ён будзе таксама вучыць васьмярых дзяцей і маладых людзей для балета ў тэатры». Першы балет з удзелам навучэнцаў школы — «Балет з Арлекінам». У «Дыярыушы» ад 9.12.1759 адзначана: «упершыню хлопчыкі і дзяўчынкі выконвалі балет, добра ў іх атрымлівалася».
Літ.:
Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990. С. 207—223.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ ЗА́МКАВАЯ ВЕ́ЖА,
помнік архітэктуры 2-й пал. 16 ст. ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Уваходзіць у комплекс Нясвіжскага касцёла езуітаў. Першапачаткова складалася з нізкай шатровай брамы (злучала горад з замкам; не захавалася) і высокай абарончай вежы. Вежа — квадратнае ў плане збудаванне, завершанае шатровым дахам. Глухі ніжні ярус з контрфорсамі вырашаны як масіўны цокаль. 2-і ярус аформлены прамавугольнымі, круглымі і квадратнымі аконнымі праёмамі, 3-і і 4-ы — арачнымі. Белыя атынкаваныя абрамленні праёмаў і між’ярусныя паяскі кантрастуюць з чырв. цаглянай муроўкай сцен, што стварае дэкар. 2-колерную гаму фасадаў. У архітэктуры вежы алюстраваны рысы бел. абарончага дойлідства, стыляў готыкі і рэнесансу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СТЭРМАН-ТАЛСТО́Й (да 1796 Талстой) Аляксандр Іванавіч
(1770—26.2.1857),
расійскі ваен. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1817), граф Остэрман (1796). Службу пачаў у 1784. Удзельнічаў у войнах Расіі з Турцыяй і Францыяй. У пач. вайны 1812 пры корпусе П.Х.Вітгенштэйна. З 1812 камандуючы 4-м пях. корпусам 1-й Зах. арміі. У баі каля Астроўна 25—26.7.1812 на суткі затрымаў праціўніка, што дало магчымасць гал. сілам арміі адысці на Віцебск. Удзельнік Барадзінскай бітвы 7 вер., асенне-зімовай кампаніі 1812. У 1813 у час замежных паходаў вызначыўся ў бітвах пад Баўцэнам, Дрэздэнам, Кульмам, у 1815—18 камандуючы Грэнадзёрскім корпусам. З 1818 жыў у Зах. Еўропе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́РХНЕВЫ ІНТЭГРА́Л,
інтэграл ад функцыі, зададзенай на якой-н. паверхні. Выкарыстоўваюцца пры рашэнні фіз. задач.
Да П.і. зводзіцца, напр., задача вылічэння масы, размеркаванай па зададзенай паверхні з пераменнай паверхневай шчыльнасцю (П.і. 1-га роду), што вядзе да вылічэння двайных інтэгралаў (гл.Кратны інтэграл). Некаторыя задачы фізікі, напр., задача вызначэння патоку вадкасці праз зададзеную паверхню, зводзяцца да вылічэння П.і., дзе паверхня мяркуецца арыентаванай (мае зададзены дадатны напрамак нармалі да яе). Такія інтэгралы наз. П.і. 2-га роду і звязаны з трайнымі інтэграламі па аб’ёме, які абмежаваны зададзенай паверхняй (гл.Астраградскага формула), а таксама з крывалінейнымі інтэграламі ўздоўж замкнутага контуру, які абмяжоўвае зададзеную паверхню (гл.Стокса формула).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́НІЧЫ (Porzana),
балотныя курачкі, вадзяныя курачкі, род птушак сям. пастушковых атр. жураўлепадобных. 18 відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Жывуць на балотах, вільготных лугах. Актыўныя ўначы. На Беларусі 2 віды: П. звычайны (P. porzana) і П. малы (P. parva), нар. назва малая вадзяная курачка, занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 28 см, маса да 130 г. Апярэнне чорнае, шараватае, бураватае з стракацінкамі.
Крылы кароткія. Ногі і пальцы доўгія. Добра бегаюць і плаваюць. Часта і гучна свішчуць, нібы пастух, што паганяе статак (адсюль назва). Корм пераважна жывёльны. Гняздуюцца на зямлі. Нясуць да 18 яец. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖНІ́ЎНЫЯ ПАСЕ́ВЫ,
пасевы с.-г. раслін, якія займаюць поле ў летне-асенні перыяд і высяваюцца адразу пасля ўборкі асн. культуры; дасягаюць фізіял. спеласці і даюць ураджай у гэтым жа годзе. Высяваюцца лубін, турнэпс, кукуруза, віка, сланечнік, гарчыца і інш. на палі, што вызваліліся з-пад рана ўбраных культур — азімых, аднагадовых траў, ранняй агародніны і інш. Для захавання ў глебе вільгаці пасля ўборкі асн. культуры своечасова ўзорваюць глебу і прыкачваюць пасевы. Насенне пры пасеве забараноўваецца больш глыбока, з павялічанай нормай высеву. Агратэхн. работы па падрыхтоўцы глебы і сяўба пажніўных культур праводзяцца ў макс. кароткія тэрміны. Гл. таксама Прамежкавыя культуры.