цыклічны шасціатамны спірт. Цвёрдае, салодкае на смак рэчыва. Малекулярная маса 180,2, т-ра плаўлення 225—227 °C, раствараецца ў вадзе, не раствараецца ў арган. растваральніках. У жывёльных і раслінных арганізмах пашыраны ў выглядзе фіцінавай к-ты і яе кальцыева-магніевай солі — фіціну. Для некат. мікраарганізмаў І. — неабходны фактар росту. Пры недахопе бялку ў арганізме папярэджвае атлусценне печані. Мае ўласцівасці вітаміну. Ужываецца з ежай; сутачная патрэбнасць чалавека 1—1,5 г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТРУЗІ́ЎНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,
магматычныя пароды, якія ўтварыліся пры застыванні магмы ў тоўшчы зямной кары ва ўмовах высокага ціску і павольнага ахаладжэння. Характарызуюцца поўнакрышт. структурай і раўнавагай мінер. асацыяцый. І.г.п. адрозніваюць абісальныя (глыбінныя, больш за 5 км) — граніты, дыярыты, габра і інш., і гіпабісальныя (прамежкавыя паміж эфузіўнымі і глыбіннымі) — габра-парфірыты, граніт-парфірыты і інш. (гл. таксама Магматычныя горныя пароды). На Беларусі разам з метамарфічнымі горнымі пародамі І.г.п. складаюць крышт. фундамент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГУЦЕ́НКА (Аляксандр Гаўрылавіч) (н. 11.2.1924, в. Акцябрына Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл.),
поўны кавалер ордэна Славы. Скончыў Уральскі політэхн.ін-т (1954). У Вял.Айч. вайну з 1943 на Паўд.-Зах., 3-м Укр., 1-м Бел. франтах. Камандзір аддзялення аўтаматчыкаў ст. сяржант К. вызначыўся на тэр. Польшчы пры фарсіраванні Віслы, у баі каля в. Ліпскія Буды і ў баях на вуліцах Берліна. Да 1994 на гасп. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯРО́ВЫ ЗРОК,
здольнасць вока ўспрымаць колер аб’ектаў: распазнаваць адрозненні ў спектральным складзе бачных выпрамяненняў. Важны кампанент зрокавай арыентацыі. Уласцівы насякомым, ракападобным, земнаводным, птушкам, прыматам, чалавеку і інш. Адсутнічае ў начных жывёл. Абумоўлены наяўнасцю ў сятчатцы розных тыпаў фотарэцэптараў (2—3, часам болей) з рознымі святлоадчувальнымі пігментамі. У чалавека каляровае адчуванне ўзнікае пры ўзбуджэнні 3 тыпаў колбачак, якія ўспрымаюць сіні, зялёны і чырв. колеры. Рэгулюецца цэнтр. і перыферычнымі кампанентамі зрокавай сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕНЯМЁТ,
гладкаствольная гармата, якая страляла каменнымі ядрамі, камянямі, кавалкамі цэглы і інш. на малыя адлегласці (да 150—200 м). З’явіўся ў 14 ст. (у ВКЛ з 1382) у выглядзе бамбарды. К. выкарыстоўваліся спачатку пры аблозе і абароне крэпасцей, пазней на колавым лафеце і ў палявым баі. Выцеснены гладкаствольнымі марцірамі. На ўзбраенні асаднай і крапасной артылерыі Расіі захоўваліся да пач. 19 ст.
Прускі каменямёт перыяду Сямігадовай вайны 1756—63.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМО́ЛАСЦЬ, бязрогасць,
прыроджаная адсутнасць рагоў у жывёл. У некат. парод с.-г. жывёл К. — спадчынная прыкмета (напр., у абердзін-ангускай пароды буйн. раг. жывёлы, гемпшырскай, шропшырскай і інш. парод авечак). У асобных парод авечак (мерыносавая, рамбулье) бязрогія толькі маткі. У буйн. раг. жывёлы К. — дамінантная прыкмета. Пры скрыжаваннях жывёл камолых парод з рагатымі атрымліваюцца мяшанцы першага пакалення пераважна камолыя. Выкарыстоўваюць таксама штучнае выдаленне рагоў у жывёл для спадручнай гадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПЕНСА́ЦЫЯ,
1) у эканоміцы — пакрыццё страт, панесеных выдаткаў, вяртанне доўгу, узнагароджанне (напр., К. маральнага ўрону, К. за абясцэненыя грошы).
2) У працоўным праве — выплата рабочым і служачым, якая ажыццяўляецца ва ўстаноўленых законам выпадках для пакрыцця ім дадатковых расходаў, звязаных з выкананнем прац. абавязкаў (напр., К. за нявыкарыстаны адпачынак, К. пры выкананні абавязкаў часова адсутнага работніка).
3) У сацыялогіі — ураўнаважанне няўдач у якой-н галіне дасягненнямі і рухам наперад у іншай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАШЭ́НКА (Сцяпан Мікалаевіч) (1909, в. Узніцы Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 25.9.1943),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў пач. школу. Працаваў рахункаводам. У Чырв. Арміі з пач. 1942, на фронце са снеж. 1942. У ноч на 24.9.1943 група разведчыкаў на чале са старшыной роты К. фарсіравала Дняпро, захапіла плацдарм у раёне в. Пекары (Чаркаская вобл., Украіна) і больш як суткі яго ўтрымлівала. Загінуў пры пераправе на левы бераг Дняпра з данясеннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНКУРЭ́НЦЫЯў біялогіі,
антаганістычныя адносіны, звязаныя з барацьбой за існаванне, дамінаванне, корм, прастору і інш. паміж арганізмамі (асобінамі, відамі), якія маюць патрэбу ў адных і тых жа рэсурсах. Сітуацыя, пры якой для дзвюх асобін або відавых папуляцый недастаткова колькасці рэсурсаў асяроддзя. Забяспечваецца эвалюцыяй і прыстасавальнасцю арганізмаў, праз яе пасрэдніцтва ідзе папуляцыйны і біяцэналагічны, экалагічны адбор. Заканамернасці К. эксперыментальна выявіў сав. вучоны Г.Ф.Гаўзе (1934) у доследах з прасцейшымі аднаклетачнымі арганізмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФІСКА́ЦЫЯ МАЁМАСЦІ,
прымусовае бязвыплатнае адсуджэнне ва ўласнасць дзяржавы ўсёй або часткі маёмасці, якая з’яўляецца асабістай уласнасцю асуджанага. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь можа быць назначана толькі ў выпадках, прадугледжаных артыкуламі Асаблівай часткі КК. Пры частковай К.м. суд абавязаны вызначыць, якая частка маёмасці канфіскуецца, або пералічыць прадметы, якія канфіскуюцца. Не падлягаюць канфіскацыі маёмасць і прадметы, неабходныя для асуджанага і яго ўтрыманцаў, адпаведна з пералікам, зробленым у законе.