КО́ЛІНЗ (Collins) Майкл (н. 31.10.1930, Рым),

касманаўт ЗША. Скончыў Ваен. акадэмію ЗША (1952). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. 18—21.7.1966 з Дж.Янгам здзейсніў палёт на касм. караблі «Джэміні-10» (як 2-і пілот), у час якога двойчы выходзіў у адкрыты космас (агульны час 1 гадз 27 мін); 16—24.7.1969 з Н.Армстрангам і Э.Олдрынам — палёт вакол Месяца на караблі «Апалон—11» (як пілот; забяспечваў высадку першай экспедыцыі на Месяц, старт з Месяца і стыкоўку). У космасе правёў 11,09 сут. Імем К. названы кратэр на Месяцы.

т. 8, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ПКА ў мастацтве,

1) стварэнне скульптуры з мяккіх пластычных матэрыялаў (гліна, воск, пластылін). Існуе як самастойная тэхніка ў дэкар. і арнаментальнай скульптуры, дэкар.-прыкладным мастацтве, і як пачатковая стадыя ў працэсе работы скульптара (выкананне эскізаў і мадэлей). Вырабы ствараюцца шляхам ручной фармоўкі з камяка гліны ці інш. матэрыялу або нанясеннем матэрыялу на метал. каркас спец. інструментамі — стэкамі.

2) Рэльефныя выявы (фігурныя, арнаментальныя) на фасадах і ў інтэр’ерах будынкаў, пераважна адлітыя або адпрасаваныя з гіпсу, бетону і інш. матэрыялаў. Пад Л. разумеюць таксама выяўленне аб’ёму, пластычнай формы ў жывапісе і графіцы.

т. 9, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМФАДЭНІ́Т (ад лімфа + грэч. adēn залоза),

запаленне лімфатычных вузлоў у чалавека. Развіваецца як рэакцыя на пападанне ў лімфатычныя вузлы прасцейшых, мікробаў, вірусаў, радзей — іншародных рэчываў. Адрозніваюць Л. востры і хранічны, па прычынным фактары — неспецыфічны і спецыфічны. Часцей сустракаецца Л. востры неспецыфічны як другасная рэакцыя на інфекцыю (ангіна, карыёзныя зубы, фурункулы і інш.). У дзяцей інфекцыя пранікае праз трахеябранхіяльнае дрэва і страўнікава-кішачны тракт. Прыкметы: павышэнне т-ры цела, ламота ў суставах, павелічэнне лімфавузлоў і інш. Хранічны неспецыфічны Л. бывае рэдка, часцей — лімфадэнапатыя. Лячэнне тэрапеўтычнае і хірургічнае.

В.​Я.​Рэбека.

т. 9, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ГАС (грэч. logos паняцце, слова, розум),

тэрмін ант. сярэдневяковай філасофіі, які азначае ўсеагульны закон прыроды, а таксама розум, унутр. паводзіны, думку. Геракліт лічыў, што ўсё адбываецца паводле Л., які вечны, усеагульны і неабходны. Ідэалісты (Г.​Гегель, В.​Віндэльбанд) атаясамлівалі логас Геракліта з усеагульным розумам. Платон і Арыстоцель разумелі Л. як закон быцця і як лагічны прынцып. У стоікаў тэрмінам «Л.» абазначаны закон фіз. і духоўнага свету. У хрысціянстве атаясамліваецца з 2-й асобай тройцы — Богам-сынам (Хрыстом). Ва ўсх. філасофіі паняццямі, аналагічнымі Л., з’яўляюцца дао і, у некаторым сэнсе, дхарма.

т. 9, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРГІНА́ЛЬНАСЦЬ,

стан асобы або групы людзей, якія знаходзяцца на мяжы розных сац. груп, сістэм, культур і цалкам не ўключаны ні ў адну з іх. Тэорыю маргінальных асоб і супольнасцей распрацаваў у 1920-я г. амер. вучоны Р.​Э.​Парк пры вывучэнні сац.-псіхал. наступстваў неадаптацыі мігрантаў (імігрантаў) да патрабаванняў урбанізму. Як самаст. сацыялаг. канцэпцыя развіта ў 1930-я г. Паняцце «маргінальная асоба» («маргінал») ужываецца як негатыўная адзнака ў адносінах да люмпенаў, ізгояў і інш., а таксама ў пазітыўным сэнсе — у адносінах да творчых людзей, здольных пераадолець стэрэатыпы, звыклыя, усталяваныя прынцыпы дзейнасці.

т. 10, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́Я КАРАСІ́ (Diplodus),

род рыб сям. спаравых атр. акунепадобных. 14 відаў. Часам М.к. наз. усіх прадстаўнікоў сям. спаравых, у т. л. з родаў боапсаў (Boops), зубаноў (Dentex), пагелаў (Pagellus), паграў (Pagrus) і інш. Пашыраны пераважна ў субтропіках Атлантычнага і зах. ч. Індыйскага акіянаў. У Чорным м. трапляецца 9 відаў, у т. л. М.к. звычайны, або ласкір (D. annularis). Жывуць у прыбярэжных водах.

Даўж. да 30 см. Кормяцца водарасцямі і доннымі беспазваночнымі. Многія М.к. — гермафрадыты (функцыянуюць спачатку як самцы, потым як самкі або наадварот). Аб’екты промыслу.

Марскі карась звычайны.

т. 10, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАТЛО́Т»,

«Матлёт» (франц. matelote ад matelot матрос), бел. гарадскі бытавы танец. Паходзіць ад франц. матроскага танца, блізкага да англ. жыгі. Муз. памер ​2/4 або ​2/2. Выконваецца ў жвавым тэмпе з характэрнымі прыстукваннямі, элементамі чачоткі. На пач. 19 ст. пашыраны як характарны і жанравы, у пач. 20 ст. шырока вядомы як эстрадны і бальны танец. Зафіксаваны па ўсёй Беларусі. На Віцебшчыне танцоры выконваюць асн. комплекс рухаў і заканчваюць танец паваротамі і полькай па крузе, у Докшыцкім р-не суправаджаецца прыпеўкамі.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 10, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ФІЯ [італьян. maf(f)ia],

тайная злачынная арганізацыя, якая дзейнічае метадамі шантажу, гвалту, забойстваў і да т.п. Узнікла на в-ве Сіцылія (Італія) спачатку як арганізаваная самаабарона насельніцтва. У 20 ст. ў Італіі, а потым і ў інш. краінах (напр., «Коза ностра» ў ЗША) манапалізавала злачынны бізнес (найперш наркабізнес, ігральныя дамы, прастытуцыю і да т.п.), пранікла ў паліт. сферу. Адметнай рысай М. як крыміналагічнага феномена з’яўляецца сувязь з перажыткамі родаплемянных звычаяў, якія надаюць М. асаблівую ўстойлівасць і ўнутр. згуртаванасць. Часам тэрмінам «М.» пазначаюць усе формы арганізаванай злачыннасці.

т. 10, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫСЛІ́ЎСКІ (Myśliwski) Веслаў (н. 25.3.1932, в. Дзвікозы каля г. Сандамір, Польшча),

польскі пісьменнік. Скончыў Люблінскі ун-т (1956). У раманах «Голы сад» (1967, экранізацыя «Праз дзевяць мастоў», 1972), «Палац» (1970, экранізацыя 1979), «Камень на камень» (1984, экранізацыя 1995), «Далягляд» (1996) паказаны сял. культура як арган. частка нац. культуры, вясковы свет як свет сапраўдных каштоўнасцей. Аўтар драм «Злодзей» (1973), «Ключнік» (1978), «Дрэва» (1989). Для яго твораў характэрны філас.-міфалагічнае асэнсаванне рэчаіснасці, паэтычнасць, метафарычнасць, прытчавасць.

Тв.:

Рус. пер. — Камень на камень. М., 1987.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 11, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТХНЕ́ННЕ,

стан своеасаблівага напружання і ўздыму духоўных сіл, творчага хвалявання чалавека, які вядзе да ўзнікнення ідэі або рэалізацыі задумы ў мастацтве, навуцы, тэхніцы. Характарызуецца павышанай агульнай актыўнасцю чалавека, незвычайнай прадукцыйнасцю яго дзейнасці, усведамленнем лёгкасці, перажываннем «апантанасці» і эмацыянальнага паглыблення ў творчасць. Існуюць розныя погляды на прычыны ўзнікнення Н. Ідэаліст. дагматыка разглядае яго як «боскую апантанасць», містычнае азарэнне (Платон, Ф.​Шэлінг, Э.​Гартман, З.​Фрэйд, Г.​Рыд); матэрыялісты адмаўляюць яго звышнатуральны характар і разглядаюць як псіхічную з’яву, абумоўленую грамадскімі і індывід. стымуламі, а таксама працэсам працы.

т. 11, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)