КО́ТСА ЗЯМЛЯ́ (Coats Land),
частка тэр. Зах. Антарктыды паміж 20° і 37° зах. д. Ледзяныя берагі (пераважна шэльфавыя ледавікі) абмываюцца водамі м. Уэдэла. Таўшчыня ледавіковага покрыва 500—1000 м. Англ. навук. станцыя Халі (з 1956). Адкрыта ў 1904 шатл. антарктычнай экспедыцыяй У.Бруса. Названа імем шатл. прадпрымальніка, які фінансаваў экспедыцыю.
т. 8, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ПІНА,
пячорная стаянка эпохі ніжняга палеаліту ў басейне р. Сава (Харватыя). Адкрыта і даследавана ў 1899—1905. Знойдзена шмат касцей чалавека неандэртальскага тыпу, крамянёвыя і яшмавыя прылады працы мусцьерскіх абрысаў, рэшткі агнішча, косці пячорнага мядзведзя, насарога, першабытнага быка. Частка чалавечых касцей расколата і абпалена. Некат. даследчыкі бачаць у гэтым прыкметы канібалізму.
т. 8, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВААЛЯКСА́НДРАЎСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў 1836—1921: у Віленскай, з 1843 у Ковенскай губ. Рас. імперыі і Літве. Цэнтр — г. Відзы, з 1842 — г. Новааляксандраўск (б. мяст. Езяросы). Падзяляўся на 28 валасцей (1886). Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 большая частка Н.п. ўвайшла ў Браслаўскі павет (Польшча), меншая адышла да Літвы.
т. 11, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЗІНДЖА́НТРАП (ад лац. prae перад + зінджантрап),
выкапнёвы прымат, рэшткі якога (маленькі раструшчаны чэрап) разам з груба абабітымі галечнымі прыладамі знойдзены англ. археолагам Л.С.Б.Лікі ў цясніне Олдувай у 1960. Частка даследчыкаў лічыць П. найстаражытнейшым чалавекам пад назвай Homo habilis (чалавек умелы) і адносіць яго да аўстралапітэкаў. Існаваў каля 2 млн. г. назад.
т. 13, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНАЯ МАНАПО́ЛІЯ,
валютнае права дзяржавы на валютныя аперацыі і ўсю валюту, якая паступае ў краіну. Існавала ў СССР і інш. краінах сацыяліст. арыентацыі, была непарыўна звязана з манаполіяй знешняга гандлю. З фарміраваннем рыначнай эканомікі ў гэтых краінах, у т. л. на Беларусі, валютная манаполія ліквідавана, дзейнічаюць толькі валютныя абмежаванні як частка валютнай палітыкі.
т. 3, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРЭ́ [ад франц. entree уваход, выхад (на сцэну)],
1) у цырку — першапачаткова з’яўленне клоуна на манежы. У сучасным цырку сюжэтная, размоўная ці пантамімічная сцэнка, якую выконвае клоун. Складаецца з рэпрызаў, эксцэнтрычных і буфанадных трукаў, элементаў пародыі і пантамімы.
2) У балеце — уступная частка разгорнутага па-дэ-дэ (па-дэ-труа), выхад аднаго ці некалькіх выканаўцаў.
т. 1, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРЭСО́ЛЬ (франц. entresol),
1) верхні паўпаверх, убудаваны ў аб’ём асн. паверха; характэрны для асабнякоў і сядзібных дамоў 18—19 ст. Выкарыстоўваюцца і ў інтэр’ерах сучасных грамадскіх збудаванняў, музеяў, выставачных залаў, тэатральных, клубных і інш. будынкаў.
2) Верхняя частка пакоя, падзеленая на 2 паўпаверхі.
3) У сучасным жылым доме — паліца пад столлю кватэры.
т. 1, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДЗІ́ШЫНСКІ МІР 1018,
паміж Польскім княствам і Свяшчэннай Рымскай імперыяй. Завяршыў герм.-польскія войны 1003—18 (з перапынкамі), у ходзе якіх Польшча адстаяла сваю незалежнасць. Заключаны ў лужыцкім г. Будзішын польскім князем Баляславам I Храбрым і герм. каралём і імператарам Генрыхам II. Паводле Будзішынскага міру да Польшчы адышлі Лужыца, частка Мішанскай (Мейсенскай) маркі і Маравія.
т. 3, с. 314
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРНАЯ ЧА́ША, азёрнае ложа,
частка азёрнай катлавіны, запоўненая вадой да вышыні макс. падымання ўзроўню. У азёрнай чашы вылучаюць мелкаводную частку — літараль і сублітараль да глыбіні, дзе назіраецца ўплыў хваляў на дно. Глыбакаводная зона — прафундаль — укрыта глеямі і сапрапелямі. Форма і памеры азёрнай чашы на працягу геал. перыяду мяняюцца ў выніку намнажэння азёрных адкладаў.
т. 1, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́Ў,
1) любая ўласнасць кампаніі: машыны, абсталяванне, будынкі, запасы, банкаўскія ўклады і інвестыцыі ў каштоўныя паперы, патэнты, а ў практыцы зах. краін і дзелавая рэпутацыя.
2) Частка бухгалтарскага балансу, якая адлюстроўвае матэрыяльныя і нематэрыяльныя каштоўнасці прадпрыемства паводле іх складу і размяшчэння.
3) Перавышэнне даходаў над расходамі ў некаторых відах балансаў (плацежных і інш.).
т. 1, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)