РЫ́МСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА 1798—99.

Абвешчана 15.2.1798 рымскімі рэспубліканцамі на тэр. Папскай вобласці, заваяванай арміяй Напалеона. Свецкая ўлада папы Пія VIІ была ліквідавана. Канстытуцыя Р.р. (1798) распрацавана на ўзор франц. канстытуцыі 1795. Быў прыняты шэраг законаў: аб канфіскацыі царк. маёмасці, ліквідацыі шэрагу феад. прывілеяў, адмене ўласнай залежнасці сялян і інш. Фактычна краінай кіравала франц. ваен. адміністрацыя. Цяжкае эканам. становішча пагаршалася ў выніку сістэматычнага рабавання дзяржавы Францыяй, што выклікала хваляванні ў розных раёнах Р.р. Летам 1799 на яе тэр. з Пн увайшлі аўстрыйскія, з Пд — неапалітанскія войскі. У вер. Рым быў заняты неапалітанцамі, у горад таксама ўвайшоў атрад рус. марской пяхоты. Р.р. была ліквідавана войскамі антыфранц. кааліцыі, папская ўлада адноўлена.

т. 13, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫТУРНЕ́ЛЬ, рытарнель (франц. ritournelle, італьян. ritornello ад ritorno вяртанне),

верш, напісаны трохрадковай страфой, у якой 1-ы і 3-і радкі рыфмуюцца, а 2-і без рыфмы. Звычайна 1-ы радок кароткі — складаецца з аднаго ці некалькіх слоў. Думка, закладзеная ў ім, развіваецца ў двух наступных радках. Узнік у італьян., потым у франц. паэзіі. У рус. л-ры сустракаецца ў паэтаў-сімвалістаў («Тры сімвалы» В.​Брусава). Вядома ў творчасці некаторых сучасных бел. паэтаў (В.​Вабішчэвіча, С.​Кавалёва). Напр., трохстрофны Р.​Э.​Акуліна:

Скруха
загарыцца ў сэрцы і патухне
памяці ссівелай завірухай.
Памяць
азавецца рэхам у тумане
і неразгаданая растане.
Сэрца
на самоту болем азавецца,
ды не скамянее ў паняверцы.

А.​А.​Майсейчык.

т. 13, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІПСІ́ЗМ (ад лац. solus адзін + ipse сам),

гранічная форма суб’ектыўнага ідэалізму, паводле якой несумненнай рэальнасцю прызнаецца толькі суб’ект, а аб’ектыўны свет існуе выключна ў свядомасці індывіда. Знаходзіцца ў супярэчнасці з жыццёвым вопытам і штодзённай дзейнасцю чалавека, таму ў завершаным выглядзе сустракаецца надзвычай рэдка (напр., у франц. філосафа і ўрача К.​Брунэ). Асобныя рысы С. характэрны для суб’ектыўнага ідэалізму (Дж.​Берклі, І.​Фіхтэ), эмпірыякрытыцызму (Э.​Мах), іманентнай філасофіі (В.​Шупе, Р.​Шуберт-Зольдэрн), прадстаўнікі якіх імкнуцца пазбягаць гранічных форм С. шляхам сінтэзу суб’ектыўнага і аб’ектыўнага ідэалізму. Тэрмін «С.» выкарыстоўваюць таксама ў этыцы для абазначэння крайняга эгаізму, эгацэнтрызму ці т.зв. практычнага С. (паводле вызначэння франц. экзістэнцыяліста Г.​Марселя). Прадстаўнік практычнага С. — М.​Штырнер.

А.​Б.​Савеня.

т. 14, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НТУР (франц. contour),

абрыс у выяўленчым мастацтве, лінія, якая абводзіць форму прадмета (фігуры); сродак маст. выразнасці твора. У малюнку К. — сукупнасць ліній, якія акрэсліваюць найважнейшыя, пераважна знешнія, абрысы выявы. Характар К. цесна звязаны з сілуэтам.

т. 8, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУР’Е́Р (франц. courrier ад лац. curro бягу),

1) службовая асоба, якая развозіць спешныя даручэнні. Дыпламатычны К. — супрацоўнік Міністэрства замежных спраў, які перавозіць дыпламатычную пошту.

2) Пасыльны ва ўстанове, які разносіць службовыя паперы. Напр., К. рэдакцыі.

т. 9, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРКА́ЛЬ (ад франц. percale),

лёгкая баваўняная аднакаляровая або з набіўным малюнкам тканіна. Атрымліваюць спец. апрацоўкай міткалю (суравая тонкая баваўняная тканіна палатнянага перапляцення). Выкарыстоўваюць для вырабу лёгкіх жаночых і дзіцячых сукенак, мужчынскіх кашуль, бялізны і інш.

т. 12, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОЛЬ ((Gaulle) Шарль дэ) (22.11.1890, г. Ліль, Францыя — 9.11.1970),

французскі ваен., паліт. і дзярж. дзеяч. Брыгадны генерал (1940). Скончыў ваен. вучылішча ў Сен-Сіры (1912) і Вышэйшую ваен. школу ў Парыжы (1924). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1919—21 ваен. саветнік у Польшчы. Выкладаў ваен. гісторыю ў Сен-Сіры (з 1921), служыў у штабе маршала А.Ф.Петэна (з 1925). У 1932 — 36 ген. сакратар Нац. савета абароны. У ваен.-тэарэт. працах «За прафесійную армію» (1934), «Францыя і яе армія» (1938) падкрэсліваў неабходнасць узмацнення абараназдольнасці краіны, хутчэйшай механізацыі франц. арміі, стварэння аператыўна самаст. танк. падраздзяленняў. У пач. 2-й сусв. вайны камандзір танк. Падраздзяленняў 5-й франц. арміі, потым 4-й бранятанк. дывізіі, нам. ваен. міністра. Перад капітуляцыяй Францыі эмігрыраваў у Лондан. Заснавальнік руху «Свабодная Францыя» (з 1942 «Змагарная Францыя»). З 1943 у Алжыры, сустаршыня (1943) і старшыня (1943—44) Французскага камітэта нацыянальнага вызвалення. У 1944—46 кіраўнік урада (да ліст. 1945 Часовага) Франц. Рэспублікі, у ліст. 1945 — студз. 1946 таксама яе часовы прэзідэнт (да ўстанаўлення парламенцкай Чацвёртай рэспублікі 1946—58). Стваральнік і старшыня (1947—53) паліт. руху «Аб’яднанне франц. народа». Ва ўмовах паліт. крызісу 1958 выбраны прэм’ер-міністрам. У 1958—69 прэзідэнт Францыі. Ініцыіраваў устанаўленне прэзідэнцкай Пятай рэспублікі, спыненне калан. вайны ў Алжыры і наданне яму незалежнасці (1962), заключэнне германа-французскага дагавора 1963, выхад Францыі з ваен. арг-цыі НАТО (1966) і інш. Пайшоў у адстаўку пасля прайгранага рэферэндуму 27.4.1969 аб новым адм.-тэр. падзеле краіны і рэарганізацыі Сената.

Тв.:

Рус. пер. — Военные мемуары. Т. 1—2. М., 1957—60.

Літ.:

Арзаканян М.Ц. Шарль де Голль // Вопр. истории. 1991. № 2—3;

Молчанов Н.Н. Генерал де Голль. 3 изд. М., 1988.

Ш. дэ Голь.

т. 5, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКАЯ О́ПЕРА (L’Opéra de Paris),

«Гранд-Апера» (Grand Opéra; афіц. назва Нацыянальная акадэмія музыкі і танца; Académie Nationale de musique et danse), оперна-балетны тэатр у Парыжы; адзін з вядучых цэнтраў франц. муз.-тэатр. культуры. Засн. ў 1669, адкрыты ў 1671 як Каралеўская акадэмія музыкі (да 19 ст. назвы мяняліся). У 1713 пры т-ры створана балетная школа. З 1875 працуе ў будынку, пабудаваным арх. Ш.​Гарнье (рэканструяваны ў 1936; размалёўка плафона М.​Шагала, 1963—65), і наз. «Гранд-Апера». Дзейнасць тэатра звязана з увасабленнем на сцэне твораў розных жанраў нац. франц. оперы: лірычная трагедыя, опера-балет, вялікая опера, лірычная опера і інш. Ставіліся творы Ж.​Б.​Люлі (у 1672—87 кіраўнік тэатра), Ж.​Ф.​Рамо, К.​В.​Глюка, Дж.​Расіні, Дж.​Меербера, Г.​Берліёза, Г.​Даніцэці, А.​Адана, Ш.​Гуно, Дж.​Вердзі, Р.​Вагнера, Ж.​Маснэ, К.​Сен-Санса, Л.​Дэліба і інш., некаторыя з іх у тэатры пастаўлены ўпершыню. Склалася франц. школа класічнага танца. Акрамя опер і балетаў франц. кампазітараў у рэпертуары сусв. класіка, у т. л. руская (творы М.​Мусаргскага, М.​Рымскага-Корсакава, П.​Чайкоўскага, І.​Стравінскага, С.​Пракоф’ева). У тэатры выступалі і выступаюць вядомыя спевакі, у т. л. М.Ф.Малібран, П.М.Віярдо-Гарсія, Джулія Грызі, Д.​Дзюваль, М.Калас, Э.Каруза, Ф.Шаляпін, А.​Няжданава, Ц.Гобі, М.Геда; артысты балета М.Тальёні, К.Грызі, Л.​Дарсанваль, Л.​Дэйдэ, В.Ніжынскі, С.Перэці, С.Атанасаў, П.​Бар; сярод балетмайстраў Ж.Ж.Навер, Л.​Петыпа, С.Ліфар, М.Фокін, М.Бежар, у 1985—89 маст. кіраўнік балетнай трупы Р.Нурыеў; дырыжоры Ш.​Ламуро, Э.​Калон, П.​Манцё, Р.​Дэзарм’ер, Ш.​Мюнш, Л.​Фарэсцье, П.Булез і інш. З 1990 працуе балетная сцэна, у будынку на пл. Бастыліі — оперная.

Л.​В.​Календа.

т. 12, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЕНКУ́Р (Azincourt),

сяло на Пд ад г. Кале (Францыя), каля якога ў час Стогадовай вайны 1337—1453 англ. войскі Генрыха V 25.10.1415 атрымалі перамогу над франц. арміяй, што дазволіла англічанам захапіць Пн Францыі, у т. л. Парыж.

т. 1, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«А́ВІЯ»

(Avia),

грузавыя аўтамабілі, якія выпускаюцца ў Чэхіі (Прага) з 1968 па ліцэнзіі франц. фірмы «Савіем». Грузападымальнасць 1,8—3,1 т, магутнасць дызельных рухавікоў 53—61 кВт, маса 4—6 т. Мае шэраг мадыфікацый.

Грузавы аўтамабіль «Авія».

т. 1, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)