ПАРЛА́МЕНТ (англ. parliament ад франц. parlement ад parier гаварыць),
назва найвышэйшага прадстаўнічага і заканад. органа ў дэмакр. дзяржавах. Першыя П. ўзніклі ў 12—13 ст.у Англіі і Іспаніі як саслоўная прадстаўнічая ўстанова. Сучаснае значэнне П. набыў у 17—18 ст.Усав. перыяд найвышэйшыя прадстаўнічыя органы саюзных рэспублік і СССР П. не з’яўляліся. П. мае розныя назвы: уласна П. існуе ў Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Канадзе, Бельгіі і інш.; у ЗША — кангрэс, у Расіі — Федэральны сход, у Літве і Латвіі — сейм, Беларусі — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусьі г.д. Існуюць аднапалатная і двухпалатная структуры П. (Нац. сход і Сенат у Францыі, Палата прадстаўнікоў і Сенат у ЗША, Сейм і Сенат у Польшчы, Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі ў Беларусі; аднапалатны Усекіт. сход нар. прадстаўнікоў у Кітаі і інш.). У краінах англасаксонскага права састаўной часткай П. з’яўляецца кіраўнік дзяржавы (Нар. палата, Савет штатаў і прэзідэнт у Індыі). Ніжнія палаты ў двухпалатных П. і аднапалатныя П. ўтвараюцца заўсёды шляхам прамых выбараў, верхнія палаты фарміруюцца шляхам прамых (ЗША, Італія) або непрамых (ускосных, многаступенных) выбараў (Індыя, Францыя), частка іх членаў займае месцы ў парадку назначэння (Вялікабрытанія, Канада, Беларусь). У палатах ствараюцца камітэты або камісіі для папярэдняга разгляду законапраектаў. Функцыі П. ўключаюць выданне законаў, прыняцце дзяржбюджэту, ратыфікацыю міжнар. дагавораў. У некаторых краінах П. фарміруе ўрад, выбірае або назначае многія інш. вышэйшыя органы дзяржавы — вярх. суд, канстытуцыйны суд, ген. пракурора, прэзідэнта, падліковую палату і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАТЭМАТЫ́ЗМ (ад мона... + тэма),
прынцып пабудовы муз. твора на аснове пераўтварэння адной тэмы ці аднаго комплексу тэм. М. трэба адрозніваць ад паняцця «аднатэмнасць», што адносіцца да форм нецыклічнага парадку (фуга, варыяцыі, простыя 2- і 3-часткавыя формы, ронда і інш.). Узнікае пры аб’яднанні санатна-сімф. цыкла або ўтвораных ад яго 1-часткавых форм адной тэмай (лейттэмай ці лейтматывам).
Вобразная трансфармацыя тэмы дасягаецца шляхам жанравага пераасэнсавання, змены меладычнай структуры, метрарытмічных суадносін, тэмпу, гарманізацыі, інструментоўкі і інш. Упершыню выкарыстаны ў 5-й сімфоніі Л.Бетховена. Найб. поўна прынцып М. развіты ў Ф.Ліста, у створанай ім форме 1-часткавай сімф. паэмы. Монатэматычны прынцып кампазіцыі цыклічнага твора характэрны для рус. (П.Чайкоўскі, С.Танееў, А.Скрабін, С.Ляпуноў, Дз.Шастаковіч) і замежных (Б.Бартак, А.Анегер, П.Хіндэміт) кампазітараў.
Убел. музыцы ўпершыню на аснове М. пабудаваны сімфоніі М.Аладава (2-я, 1930) і В.Залатарова (4-я, 1934). З 1960-х г. М. — адзін з асн. прынцыпаў у кампазіцыі сімф. цыклаў. Найб. паслядоўна праводзіцца ў сімфоніях Г.Вагнера, Я.Глебава, Дз.Смольскага.
Літ.:
Мазель Л.А. Строение музыкальных произведений. 2 изд. М., 1979;
Михайлов М. О тематическом объединении сонатно-симфонического цикла // Вопросы теории и эстетики музыки. Л., 1963. Вып. 2;
Савицкая О.П. Некоторые особенности тематической драматургии моноинтонационного цикла в творчестве Е.Глебова // Вопросы теории и истории музыки. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІНАВА́ННЕў раслін,
утварэнне новых парасткаў і характар іх узаемнага размеркавання на сцябле, шматгадовай галінцы і карэнішчы. Вызначае вонкавы выгляд расліны і яе адаптыўныя прыстасаванні, выкарыстоўваецца ў сістэматыцы раслін. Адрозніваюць галінаванне дыхатамічнае (ізатамічнае), анізатамічнае, манападыяльнае, сімпадыяльнае і інш.
Зыходным лічыцца дыхатамічнае (вілачнае), пры якім з конуса нарастання ўтвараюцца 2 амаль аднолькавыя (ізатамія) галінкі (характэрна для некаторых грыбоў, водарасцей, імхоў, рыніяфітаў, дзеразападобных і папарацепадобных). У працэсе эвалюцыі ўзнікла анізатамічнае галінаванне, пры якім адна з галінак перарастае другую (напр., у дэвонскага роду астэраксілан, многіх дзярэз, селагінел і папарацепадобных), што перайшло потым уманападыяльнае галінаванне, пры якім бакавыя галінкі закладваюцца пад верхавінкай гал. галінкі (напр., у елкі і інш. хвойных, пальмаў, многіх травяністых раслін і лістасцябловых імхоў). З дыхатамічнага і манападыяльнага ўзнікла больш прагрэсіўнае сімпадыяльнае галінаванне, пры якім бакавая галінка перарастае гал. галінку, ссоўвае яе ўбок, прымае яе напрамак і вонкавы выгляд (напр., у бярозы, ляшчыны, ліпы і інш. дрэвавых раслін). Бывае несапраўднадыхатамічнае галінаванне (напр., у бэзу, каштана, амялы), якое ўзнікае з манападыяльнага: рост гал. восі спыняецца, ніжэй яе верхавінкі развіваюцца 2 амаль аднолькавыя супраціўныя галінкі другога парадку, якія перарастаюць гал. вось. У злакаў вылучаюць своеасаблівы спосаб галінавання — кушчэнне. Акрамя сцёблаў, галінак і карэнішчаў галінаванне назіраецца ў каранёў, суквеццяў, жылак (праводзячыя пучкі) у лістах і сцёблах, слаявішча (талома) у ніжэйшых раслін і інш.У выніку галінавання іншы раз з’яўляюцца парасткі, не падобныя на матчыны (напр., пры кушчэнні злакаў, утварэнні вусоў і сталонаў і інш.). У некаторых дрэў назіраецца мяшанае галінаванне (напр., у бярозы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́Д ПЕРАМО́ГІ,
парад войск, які адбыўся ў Маскве на Краснай пл. 24.6.1945 у азнаменаванне перамогі над фаш. Германіяй уВял.Айч. вайне. У ім удзельнічалі зводныя палкі франтоў, ВМФ, Наркамата абароны, ваен.-навуч. устаноў часці Маскоўскага гарнізона. Парад прымаў нам.Вярх. Галоўнакаманд. Маршал Сав. Саюза Г.К.Жукаў, камандаваў парадам Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі. У час урачыстага маршу наперадзе везлі Сцяг Перамогі, за ім ішлі зводныя палкі 10 франтоў (упарадку іх размяшчэння на тэатры ваен. дзеянняў пад канец вайны — з Пн на Пд). Зводныя палкі былі ўкамплектаваны радавымі, сяржантамі і афіцэрамі розных родаў войск (у кожным палку больш за 1 тыс.чал.), якія праявілі сябе ў баях і мелі баявыя ордэны. Сцяганосцы з асістэнтамі неслі баявыя сцягі злучэнняў і часцей, што найб. вызначыліся ў ходзе вайны. Замыкаючым быў зводны полк маракоў і марскіх пехацінцаў. Удзельнічаў таксама зводны ваен. аркестр. Зводнымі палкамі франтоў, што вызвалялі тэр. Беларусі, камандавалі І.Х.Баграмян, В.Д.Сакалоўскі, А.М.Васілеўскі, К.П.Трубнікаў. У складзе палка 1-га Бел. фронту знаходзілася калона прадстаўнікоў Войска Польскага на чале з У.В.Корчыцам. У П.П. удзельнічалі сотні беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі, у т. л. двойчы Героі Сав. Саюза П.Я.Галавачоў, І.І.Гусакоўскі, І.І.Якубоўскі, Героі Сав. Саюза С.А.Красоўскі, Ф.І.Перхаровіч і інш.
Літ.:
Дроздов Г.М., Рябко Е.Н. Парад Победы. М., 1985.
І.Е.Даронін, М.Я.Зайцаў.
Парад Перамогі ў Маскве на Краснай плошчы 24.6.1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАКВІ́ЛЬ (Tocqueville) Алексіс (29.7.1805, Вернёй-сюр-Сен, Францыя — 16.4.1859),
французскі сацыёлаг, гісторык-і паліт. дзеяч. У 1831—32 вывучаў пенітэнцыярную сістэму ў ЗША. З 1838 чл. Акадэміі маральных і паліт. навук, з 1841 — Франц. акадэміі. З 1839 чл. Палаты дэпутатаў, з 1848 — Устаноўчага, з 1849 — Заканад. (віцэ-старшыня) сходаў. Міністр замежных спраў (1849). Адзін з лідэраў кансерватыўнай Партыі парадку. У працах «Аб дэмакратыі ў Амерыцы» (1835), «Стары парадак і рэвалюцыя» (1856) аналізаваў супярэчнасці «дэмакр. рэвалюцыі», сутнасць і перспектывы дэмакратыі. Першая фаза развіцця дэмакратыі, на яго думку, — стварэнне абс. манархіі, у якой «знаць ужо зламана, а народ яшчэ не ўзняўся», у сувязі з чым уладары «цешацца паліт. стабільнасцю і ўсемагутнасцю». Рэвалюцыя, у т. л. і Франц. рэвалюцыя 1789—94, звяргае абсалютызм, адмяняе феад. прывілеі, зацвярджае трыумф эгалітарызму, але не пазбаўляе грамадства ад вынікаў абсалютызму, замяняе старую форму тыраніі дэмакр. дэспатызмам, а феад. няроўнасць — неабмежаваным панаваннем «іерархіі функцыянераў», якія складаюць «машыну кіравання». У гэтых умовах народ адхілены ад улады, ператвараецца ў аднародную масу, якая набывае скажоную форму роўнасці — «роўнасць у рабстве». У выніку ўзнікае індывідуалізм. які адхіляе людзей ад улады, ізалюе іх адзін ад аднаго і падштурхоўвае іх да прыватнага жыцця, у бок ад грамадскіх адносін і палітыкі. Каб абясшкодзіць грамадства ад новых форм дэспатызму, якія ствараюцца самім развіццём дэмакратыі, апорай свабоды павінна стаць, на думку Т., развіццё самасвядомасці і самакіравання, добраахвотных асацыяцый грамадзян, а таксама пашырэнне рэліг. перакананняў, якія па сваёй прыродзе несумяшчальныя з усеўладдзем дзяржавы і яго культам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРА́Н,
сёмая па парадку ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, знак ⛢. Адносіцца да класа планет-гігантаў. Адкрыты ў 1781 У.Гершэлем.
Сярэдняя адлегласць ад Сонца 2,871 млрд.км. Перыяд абарачэння вакол Сонца 84,068 зямнога года, вакол восі 17 гадз 14 мін. Экватарыяльны дыяметр 51 118 км. Плоскасць экватара нахілена да плоскасці арбіты на 98° (вось вярчэння ляжыць амаль у гэтай плоскасці). Напрамак сутачнага вярчэння адваротны. Маса 8,686 1025кг (14,5 масы Зямлі). Сярэдняя шчыльнасць 1290 кг/м³, што сведчыць аб значным каменным ядры планеты. Састаў атмасферы: малекулярны вадарод (84%), гелій (14%), метан (2%). Альбеда атмасферы вялікае; паглынанне чырвоных прамянёў метанам у верхняй частцы атмасферы абумоўлівае сіне-зялёны колер У. пры візуальным назіранні. У. не мае магутных унутр. крыніц энергіі. Т-ра воблакаў у вобласці, дзе ціск роўны нармальнаму атмасфернаму на Зямлі (105 Па), каля -193 °C. Адсутнасць воблакаў у высокіх слаях атмасферы, у адрозненне ад інш. планет-гігантаў, абумоўлівае роўны колер без палос і віхраў. Магн. поле слабае. У. мае 21 спадарожнік (гл.Спадарожнікі планет). Выяўлены 10 кольцаў рознай шырыні і колеру на адлегласці ад 41 да 52 тыс.км ад цэнтра планеты.
Літ.:
Тейфель В.Г. Уран и Нептун — далекие планеты-гиганты. М., 1982;
Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ.М., 1984;
Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Поиски и открытия планет. 2 изд. М., 1984;
Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-КІТА́ЙСКІ КАНФЛІ́КТ 1929,
канфлікт з-за Кітайскай Чанчуньскай чыгункі (КЧЧ). Паводле сав.-кіт. пагаднення 1924 (гл.Савецка-кітайскія пагадненні) КЧЧ знаходзілася ў сумесным валоданні СССР і Кітая, але фактычна кіравалася сав. бокам. Пасля пашырэння ўлады Нац.кіт. ўрада ў Нанкіне да 1929 на тэр. Маньчжурыі (гл.Рэвалюцыя 1925—28 у Кітаі) ён запатрабаваў усталявання над КЧЧ кіт. суверэнітэту, лічачы гэта часткай барацьбы Кітая супраць няроўных дагавораў і пагадненняў. 10—11 ліп. войскі ваен. правіцеля Маньчжурыі маршала Чжан Сюэляна ў аднабаковым парадку захапілі КЧЧ, адхіліўшы ад працы сав. работнікаў. У адказ урад СССР разарваў дыпламат. адносіны з Кітаем. 6 жн. была створана Асобая Далёкаўсх армія (АДУА) на чале з В.К.Блюхерам. 17 ліст. часці АДУА на чале з С.С.Вастрацовым перайшлі сав.-кіт. граніцу ў раёне станцыі Маньчжурыя. У 3-дзённых баях яны разбілі 2 брыгады кіт. арміі (20 тыс.чал.), узяўшы ў палон больш як палавіну іх асабовага складу. У баявых дзеяннях на р. Сунгары ўдзельнічала Амурская ваен. флатылія, якая разграміла Сунгарыйскую флатылію праціўніка. 21 ліст.кіт. бок прапанаваў пачаць перагаворы. З снеж. быў падпісаны пратакол у Нікольску-Усурыйскім з прадстаўнікамі Чжан Сюэляна, а 22 снеж. — у Хабараўску з прадстаўнікамі Нац.кіт. ўрада пра аднаўленне на КЧЧ статус-кво Канчаткова канфлікт урэгуляваны з аднаўленнем сав.-кіт.дыпламат. адносін у 1932.
Літ.:
Кулагин В.М., Яковлев Н.Н. Подвиг Особой Дальневосточной. М., 1970;
Конфликт на КВЖД: Из истории Сов. Вооруж сил. Хабаровск, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСТВА,
прававая прыналежнасць асобы да пэўнай дзяржавы. У сілу грамадзянства на чалавека распаўсюджваюцца законы дзяржавы, грамадзянскія правы і абавязкі, а дзяржава ў сваю чаргу абараняе і апякае яго на сваёй тэрыторыі і па-за яе межамі. У дзяржавах з манархічнай формай праўлення тэрмін «грамадзянства» ўжываецца ў значэнні «падданства».
Грамадзянства Рэспублікі Беларусь — неад’емны атрыбут яе дзярж. суверэнітэту. Грамадзянамі Беларусі з’яўляюцца асобы, якія пастаянна пражывалі на тэр. Беларусі на дзень набыцця сілы Закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» ад 18.10.1991 або атрымалі яе грамадзянства ў адпаведнасці з гэтым Законам. Грамадзянства Рэспублікі Беларусь з’яўляецца роўным для ўсіх грамадзян незалежна ад падстаў яго набыцця. Дакументам, які сведчыць аб грамадзянстве, з’яўляецца пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Грамадзянін не можа быць пазбаўлены грамадзянства, як і ніхто з грамадзян краіны не можа быць адвольна пазбаўлены права змяніць грамадзянства. Набываецца грамадзянства па нараджэнні, у выніку прыёму ў грамадзянства, на інш. падставах, прадугледжаных міжнар. дагаворамі Рэспублікі Беларусь ці яе заканадаўствам аб грамадзянстве. Пражыванне грамадзяніна на тэр.інш. дзяржавы само па сабе не вядзе да страты грамадзянства. Грамадзянін не можа быць выдадзены інш. дзяржаве, калі гэта не прадугледжана міжнар. дагаворамі Беларусі. Спыняецца з прычыны выхаду з грамадзянства, з прычыны страты грамадзянства, на інш. падставах, прадугледжаных законам. Выхад з грамадзянства ажыццяўляецца па хадайніцтве асобы ў прадугледжаным законам парадку. Грамадзянства страчваецца, калі асоба набыла грамадзянства інш. дзяржавы ці паступіла на ваен. службу, у праваахоўныя і інш.дзярж. органы замежнай дзяржавы або калі грамадзянства Рэспублікі Беларусь было атрымана ёю незаконным шляхам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДЭКАФО́НІЯ (ад грэч. dōdeka дванаццаць + phōnē гук),
адзін з відаў кампазітарскай тэхнікі 20 ст.; метад стварэння музыкі, пры якім уся тканіна твора выводзіцца з серыі — своеасабліва арганізаваных 12 (часам і менш) гукаў храматычнай гамы. Узнікла на аснове т. зв. свабоднай атанальнасці. Эстэтычны сэнс выкарыстання Д. — дасягненне канструкцыйнага адзінства і лагічнай звязнасці пры адсутнасці класічных танальных адносін (гл.Мажорамінор). Метад серыйнай Д. распрацаваны К.Шонбергам (1921), удасканалены А.Вебернам і А.Бергам. Серыя мае 4 формы: першапачатковую, або прыму, ракаход (тоны ідуць у адваротным парадку), інверсію (інтэрвалы серыі дадзены ў абярненні), ракаходную інверсію. Кожная форма можа быць пачата з любога з 12 тонаў тэмпераванай сістэмы, у выніку атрымліваецца 48 раўназначных серыйных радоў. Серыя можа выкладацца гарызантальна, утвараючы меладычную лінію, вертыкальна, утвараючы акордыку, або ў розных камбінацыях рухаў. Вядомы разнавіднасці дадэкафоннай тэхнікі І.М.Гаўэра, А.Габы, Э.Кшэнека. Да Д. звяртаюцца многія сучасныя кампазітары, часта фрагментарна ў рамках танальна арганізаванай музыкі, у т. л.бел. В.Войцік, Г.Гарэлава, А.Гураў, У.Дарохін, У.Кандрусевіч, В.Капыцько, С.Картэс, В.Кузняцоў, А.Літвіноўскі, Дз.Смольскі, А.Сонін, Р.Сурус і інш.
Літ.:
Денисов Э. Додекафония и проблемы современной композиторской техники // Музыка и современность. М., 1969. Вып. 6;
Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в.: Пер. с чеш. М., 1976;
Холопов Ю. Кто изобрел 12-тоновую технику? // Проблемы истории австро-немецкой музыки. М., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЎНА́ННЕў філасофіі,
акт мыслення, пры дапамозе якога класіфікуецца, упарадкоўваецца і ацэньваецца змест быцця і пазнання. Заключаецца ў папарным супастаўленні аб’ектаў з мэтай выяўлення іх адносін; пры гэтым істотным з’яўляюцца ўмовы, або асновы П., — адзнакі, якія дэтэрмінуюць магчымыя адносіны паміж прадметамі. Найб. важны і просты тып адносін, якія выяўляюцца праз П. — адносіны тоеснасці і адрознення. Паводле адносін парадку П. звычайна звязвацца з іерархічнымі класіфікацыямі прадметаў, а П. па ўласцівасцях — з т.зв. разбіваннямі на класы абстракцый.
П. ў літаратуры — мастацкі прыём, пабудаваны на супастаўленні прадметаў ці з’яў, у выніку якога сутнасць аднаго з іх вытлумачваецца праз сутнасць другога; найб. пашыраны від тропа. Граматычна афармляецца з дапамогай злучнікаў і злучальных слоў («як», «нібы», «быццам», «няйначай» і інш.), творным склонам назоўніка, апісальным зваротам, інтанацыйнай (бяззлучнікавай) сувяззю. Бываюць разгорнутыя П., дзякуючы якім падрабязна характарызуецца пэўная з’ява. Асобны від П. — адмоўнае П., у якім пры знешнім проціпастаўленні двух паняццяў ці з’яў наглядаецца іх глыбокае ўнутр. супастаўленне: «Не каліна над вадою // Пахіліла голле — // Плача маці сярод поля, // Праклінае долю» (П.Трус). Ад П. паходзяць паралелізм, метанімія, метафара, сінекдаха, гіпербала, літота і інш. Гутарковай мове ўласцівы ўстойлівыя, або нар. П.: «чысты як сляза», «чорны як сажа» і інш.У л-ры часам увесь твор — адно разгорнутае П., напр., верш М.Багдановіча «Зразаюць галіны таполі адну за адной...». П. робіць тэкст твора па-мастацку дакладным, наглядным, жывапісным, выяўляе мастакоўскую своеасаблівасць паэта, яго стаўленне да таго, што адлюстроўваецца ў творы.