горад, сталіца Таджыкістана. Размешчаны ў Гісарскай даліне, на р. Душанбінка (у верхнім цячэнні р. Варзоб), на выш. 750—930 м. 582,4 тыс.ж. (1991). Чыг. вузел. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (з-ды тэкст. машын, гідраагрэгатаў, кабелю, быт. халадзільнікаў, арматурны і інш.), лёгкая (баваўнянае, гарбарна-абутковае, швейнае аб’яднанні, шаўковы камбінат), харчасмакавая (маслабойны, тлушчавы, мясны, малочны камбінаты і інш.), буд. матэрыялаў (цэментны, домабуд. камбінаты, з-д жалезабетонных канструкцый і інш.). Турызм. АН Таджыкістана. 8 ВНУ (у т. л.ун-т). Т-ры: оперы і балета, тадж. драмы, рус. драматычны, маладзёжны і інш.; цырк, філармонія. Заапарк, бат. сад АН.
Пабудаваны на месцы кішлака Дзюшамбе, у якім да 1917 жылі некалькі соцень жыхароў. У 1922 кішлак разбураны басмачамі. З 1924 Д. — сталіца Таджыкскай АССР (з 1925 горад), з 1929 — Таджыкскай ССР, з 1991 — Таджыкістана.
Сучасны горад з прамавугольнай сеткай вуліц-алей, шырокімі азялененымі плошчамі і паркавай зонай са штучным возерам пабудаваны паводле ген. планаў 1037 і 1965. Галоўная арх.-планіровачная вось горада — праспект Рудакі з бульварам, асн плошчамі, помнікамі Рудакі, А.Фірдаўсі і інш., будынкамі прэзідыума АН Таджыкістана (1934—36, арх. С.В.Куцін), бібліятэкі імя Фірдаўсі (1952—54, арх. С.Л.Анісімаў, скульпт. А.А.Татарынава, маст. М.Алімаў), выліч. цэнтра (1976, арх. В.М.Лях), Палаца саюза тэатр. дзеячаў (1974, арх. Э.В.Ярзоўскі, Ю.Л.Пархаў, у інтэр’еры тэматычнае пано — маст. С.У.Курбатаў і інш.). Музеі: Рэсп. аб’яднаны (гіст.-краязнаўчы і выяўл. мастацтва) імя Бахзада, літ. імя С.Айні і імя М.Турсун-задэ, этнаграфічны.
Да арт.Душанбе. Панарама горада (злева), Нацыянальная бібліятэка імя А.Фірдаўсі (справа).Да арт.Душанбе. Помнік А.Фірдаўсі.Душанбе. Дом урада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ГЕР (Niger; ад берберскага рака),
рака ў Зах. Афрыцы (у Гвінеі, Малі, Нігеры, Беніне, Нігерыі). Даўж. 4160 км, пл. басейна 2092 тыс.км². Па даўжыні і пл. басейна займае 3-е месца ў Афрыцы пасля рэк Ніл і Конга. Пачынаецца пад назвай Джаліба са схілаў Леона-Ліберыйскага ўзв., цячэ ў вузкай даліне, потым выходзіць на раўніны прыроднай вобласці Судан. Паміж гарадамі Ке-Масіна і Тамбукту падзяляецца на шматлікія рукавы і цячэ ў моцна забалочанай даліне з мноствам праток, старыц і азёр, утварае ўнутр. дэльту (раней рака ўпадала ў вял. бяссцёкавае возера). У раёне г. Тамбукту рукавы злучаюцца ў адно рэчышча. Ніжэй г. Елва перасякае Паўн.-Гвінейскае ўзв. ў парожыстым рэчышчы. Далей да вусця (каля 750 км) рака цячэ ў шырокай даліне, пасля ўпадзення р. Бенуэ рэчышча дасягае шыр. да 3 км. За 180 км ад акіяна, каля г. Аба, пачынаецца дэльта Н. (пл. 24 тыс.км²), у якой вылучаецца мноства рукавоў, найб. Нун і Фаркадос (суднаходны). Гал. прытокі: Міло, Бані (справа), Сакота, Кадуна, Бенуэ (злева). Паводкі ў чэрв.-вер., у ніжнім цячэнні другі паводак у лютым. Сярэдні расход вады 9,3 тыс.м³/с (макс. да 35 тыс.м³/с). Гадавы сцёк каля 300 км³. Цвёрды сцёк 67 млн.т. У дэльце марскія прылівы. Выкарыстоўваецца для арашэння; пабудаваны плаціны Эгрэт (каля г. Бамако) і Сансандынг (каля аднайм. паселішча). Буйная ГЭС і вадасх. Каінджы, ніжэй — ГЭС Джэба. Рыбалоўства. Суднаходная на асобных участках: ад Курусы да Бамако, ад вадаспада Сатуба (ніжэй унутр. дэльты) да Ансонга, ад г. Ніямей да вусця. Важнейшыя гарады: Куруса (Гвінея), Бамако, Тамбукту (Малі), Ніямей (Нігер), Джэба, Лакоджа, Аніча (Нігерыя). У дэльце Н. марскі порт — Порт-Харкарт (Нігерыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ВАЙСКО́ВАЯ (ПАВ),
тайная вайсковая арганізацыя. Створана ў кастр. 1914 у Варшаве. Дзейнічала пад кіраўніцтвам Ю.Пілсудскага ў Каралеўстве Польскім, Галіцыі, на Украіне, Беларусі і ў Расіі. Адной з мэт ПАВ было захаванне ўлады ў руках Пілсудскага. Паводле некат. звестак, у ПАВ існавала тайная «група белага арла», якая вызначала ўнутр. і знешнюю палітыку Польшчы. У кіраўніцтва ПАВ уваходзілі А.Коц, М.Касцялкоўскі, Б.Мядзінскі, А.Прыстар, Э.Рыдз-Сміглы і інш., якія адначасова з’яўляліся членамі масонскай Вял.нац. ложы Польшчы. У 1930-я — пач. 1940-х г. у СССР органы АДПУ—НКУС фабрыкавалі групавыя справы ПАВ, па якіх былі арыштаваны і засуджаны ў асн. беларусы і палякі. Першая ў БССРсправа ПАВ прыдумана ДПУ у 1933. Па ёй у лют. 1934 асуджана 55 чал. на 3—10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У жн. 1937 у краіне пачалася шырокамаштабная аперацыя «па ліквідацыі польскай агентуры». Да вер. 1938 органамі НКУС арыштавана 21 407 «удзельнікаў ПАВ і паўстанцкіх арг-цый, польскіх шпіёнаў і дыверсантаў», з іх 10 120 беларусаў і 9196 палякаў. У 1937—39 па справах ПАВ прайшла большасць кіраўнікоў Кампартыі Польшчы і КПЗБ, выкліканых у СССР, і былых палітвязняў Польшчы, якія па абмене пераехалі ў Сав. Саюз, а таксама дзярж. дзеячаў, парт., сав., камсам. і прафс. работнікаў польскага паходжання. Фабрыкацыя спраў ПАВ была выкарыстана НКУС і для рэпрэсій палітычных у Зах. Беларусі пасля ўз’яднання яе з БССР у вер. 1939. Сярод арыштаваных і асуджаных па справах ПАВ была частка польскіх шпіёнаў, дыверсантаў і членаў падп.узбр. фарміраванняў, якія вялі антыдзярж. работу супраць сав. ладу. У 1950—90-я г. ўсе беспадстаўна рэпрэсіраваныя па справах ПАВ рэабілітаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САФІ́ЗМ (грэч. sophisma выдумка, галаваломка),
лагічна няправільнае, уяўнае меркаванне (вывад, доказ), якое выдаецца за правільнае. Звычайна абгрунтоўвае заведама абсурднае ці парадаксальнае сцвярджэнне, якое супярэчыць агульнапрынятым уяўленням. Грунтуецца на наўмысных лагічных памылках (падмена тэзіса доказу, парушэнне правіл лагічнага вываду, прыняцце несапраўдных пасылак), мнагазначнасці слоў, аманіміі і інш. Класічным узорам С. з’яўляецца сцвярджэнне: «Тое, што ты не страціў, ты маеш; ты не страціў рогі, значыць, ты іх маеш». Шматлікія ўзоры С. прыводзіў у сваіх дыялогах Платон («Эўтыдэм» і інш). Лагічны аналіз С. і іх класіфікацыю зрабіў Арыстоцель у працы «Аб сафістычных абвяржэннях». Сенека параўноўваў выкарыстанне С. з мастацтвам фокуснікаў. Г.Гегель лічыў, што С. не толькі выконвае функцыю ўвядзення ў зман, але і з’яўляецца своеасаблівай формай усведамлення праблемнай сітуацыі. Адрозніваюць 3 асн. віды С.: «пачацвярэнне тэрміна» — сілагістычнае розумазаключэнне, у якім парушаецца правіла простага катэгарычнага сілагізму аб тым, што ў сілагізме выкарыстоўваюцца толькі 3 тэрміны; меркаванне будуецца з выкарыстаннем падобных, але не тоесных паняццяў (напр., «Злодзей не жадае набыць нічога кепскага; набыццё добрага ёсць справа добрая; значыць, злодзей жадае добрага»); С. недазволенага працэсу — сілагістычнае розумазаключэнне, у якім парушаецца правіла аб тым, што тэрміны, не ўзятыя ў пасылках ва ўсім аб’ёме, не могуць быць узяты ва ўсім аб’ёме і ў заключэнні (напр., «Усе ўважлівыя добра засвойваюць урокі; некат. вучні ўважлівыя; усе вучні добра засвойваюць урокі»); С. зборнага сярэдняга тэрміна — сілагістычнае розумазаключэнне, у якім парушаецца правіла аб тым, што сярэдні тэрмін (агульны для абедзвюх пасылак) павінен быць узяты ва ўсім аб’ёме хаця б у адной з пасылак (напр., «Некат. людзі ўмеюць іграць на скрыпцы; усе дыпламаты — людзі; усе дыпламаты ўмеюць іграць на скрыпцы»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРА́ТЫЯ КАРАЛЕ́ЎСТВА ПО́ЛЬСКАГА І ЛІТВЫ́ (СДКПіЛ; Socjaldemokracja Krdlestwa Polskiego i Litwy),
сацыялістычная рабочая партыя ў Польшчы, на Беларусі і ў Літве ў 1893—1918. Узнікла пад назвай Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага (СДКП) у выніку аб’яднання Саюза польскіх рабочых і левых, інтэрнац. элементаў партыі «Пралетарыят» (2-і). У студз. 1900 на з’ездзе ў Мінску СДКП аб’ядналася з Рабочым саюзам Літвы ў адзіную СДКПіЛ. Стваральнікі і кіраўнікі: Б.Весалоўскі, Ф.Дзяржынскі, М.Каспшак, Р.Люксембург, Ю.Мархлеўскі, Я.Тышка, С.Трусевіч, Т.Уластоўскі і інш. Друкаваныя органы: газ. «Sprawa Robotnicza» «Рабочая справа», 1893—96), «Czerwony Sztandar» («Чырвоны сцяг», 1902—18) і інш.; час. «Przegląd Robotniczy» («Рабочы агляд», 1900—05), «Z pola walki» («З поля барацьбы», 1905). Асн. мэты — звяржэнне самадзяржаўя і заваяванне паліт. свабод, пабудова сацыялізму. У крас. 1906 уступіла ў РСДРП на правах аўт. арг-цыі. Адстойвала пазіцыі інтэрнацыяналізму ў рабочым руху. У рэвалюцыю 1905—07 адыгрывала кіруючую ролю ў студзеньска-лютаўскіх забастоўках 1905, Лодзінскім паўстанні 1905, падзеях Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкі 1905. У 1908 выступіла за захаванне і ўмацаванне нелегальных парт. арг-цый і максімальнае выкарыстанне магчымасцей для легальнай барацьбы. У 1916 СДКПіЛ пераадолела ўнутр. раскол (адбыўся ў 1911—12) на «зажандоўцаў» (прыхільнікаў Гал. праўлення) і «разломаўцаў», якія стварылі сваё Краявое праўленне і супрацоўнічалі з бальшавікамі. Падтрымала Лют. і Кастр. рэвалюцыі 1917. У 1917—18 групы СДКПіЛ дзейнічалі ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Маладзечна і інш. У снеж. 1918 разам з ППС-лявіцай утварыла Камуністычную партыю Польшчы.
Літ.:
Бич М.О. Развитие социал-демократического движения в Белоруссии в 1883—1903 гг.Мн., 1973;
Cimek H. Komuniści a Polska (1918—1939). Warszawa, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́СЛАЦКІ ЗА́МАК Існаваў у 12—17 ст. каля в.Свіслач
(цяпер Асіповіцкі р-н Магілёўскай вобл.). Гарадзішча «Замак», звязанае з гісторыяй мяст. Свіслач і Свіслацкага княства (14 ст.),
размяшчалася на мысе правага берага р. Бярэзіна, у якую справа ўпадае р. Свіслач. У сярэдзіне 17 ст. замкавая пляцоўка мела форму прамавугольніка (72,8 × 63,5 м), была аддзелена ад астатняга плато шырокім (каля 15 м) дугападобным ровам і ўмацавана па краі земляным валам. Над узроўнем вады ў Свіслачы замчышча ўзвышалася на 12 м. У 1-й пал. 13 ст. замак быў спалены. Потым яго разам з горадам разбурылі ў 1506 крымскія татары і ў 1535 — рус. войскі. Ужо ў 1501 С.з. меў агнястрэльную зброю, у т. л. гарматы. Паводле плана С.з. (1647), зробленага ўладальнікам Свіслачы кн. Багуславам Радзівілам, у драўляным замку меліся 3 вежы, у т. л. ўязная брама, і 2 участкі сцен-гародняў даўж. 39 м і 35,8 м. На самым мысе С.з. размешчана пабудова ў форме прамавугольніка (верагодна, дом адміністратара). На 2-м плане Радзівіла акрамя замка пазначаны і ўчастак тэрыторыі паміж Бярэзінай і Свіслаччу. У месцы найб. блізкага працякання іх адна каля адной знаходзіліся земляны вал з брамай на ім і абарончы роў, які запаўняўся водамі рэк. Другая размяшчалася з боку моста цераз р. Свіслач. У час антыфеад. вайны 1648—51 паўстанцкі атрад палк. Г.Бута колькасцю каля 1 тыс.чал. заняў у 1648 Свіслач. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 без вял. намаганняў «Иван Золоторенко город Свислочь взял... в сентябре 1654 г.». З таго часу ў дакументах звесткі пра С.з. больш не сустракаюцца.
М.А.Ткачоў.
Свіслацкі замак. Агульны выгляд у сярэдзіне 17 ст. Рэканструкцыя С.А.Сергачова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́СЛАЧ,
рака ў Гродзенскай вобл. і на мяжы з Польшчай, левы прыток р. Нёман. Даўж. 121 км, пл. вадазбору 1800 км², у т. л. ў межах Беларусі 1432 км. Пачынаецца каля в. Занкі 1-я Свіслацкага р-на, вусце за 1,2 км на Пн ад г.п. Свіслач. Цячэ па ўсх. схілах Гродзенскага і зах. схілах Ваўкавыскага ўзв., у ніжнім цячэнні — па Нёманскай нізіне. Асн. прытокі: Рудаўка, Куклянка, Бераставічанка, Верацейка, Пікелка (справа), Істачанка, Нятупа, Уснарка, Одла, Індурка, Лашанка (злева). Даліна ў верхнім і ніжнім цячэнні трапецападобная, шыр. 0,8—2 км, у сярэднім цячэнні невыразная. Схілы спадзістыя, умерана стромкія, выш. 10—25 м, парэзаныя далінамі прытокаў і ярамі. Пойма двухбаковая, шыр. 300—500 м, роўная, у сярэднім цячэнні невыразная, пераважна забалочаная. У разводдзе затапляецца на глыб. да 1,6 м на 10—12 сут (шыр. разліву да 5 км). Рэчышча на працягу 30,6 км каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, неразгалінаванае, у верхнім цячэнні шыр. 3—6 м, ніжэй 10—35 м, месцамі да 60 м. Берагі ўмерана стромкія і стромкія, у ніжнім цячэнні абрывістыя.
Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Рака вызначаецца выразным веснавым разводдзем, адносна нізкай летне-асенняй і зімовай межанню, перыядычнымі летне-асеннімі паводкамі. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае да 40% гадавога сцёку. Найвыш. ўзровень разводдзя ў сярэдзіне сак., сярэдняя выш. над межанным узроўнем у ніжнім цячэнні 2,9 м, найб. 5,8 м. Дажджавыя паводкі ў перыяд межані амаль штогод. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Веснавы крыгаход 8 сут Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9 м³/c. Рака зарэгулявана плацінамі. У даліне р. Верацейка наліўное вадасх. Дублянскае. Каля вытоку С. — г.п. Свіслач.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ ІНСТЫТУ́Т ДАКУМЕНТАЗНА́ЎСТВА І АРХІ́ЎНАЙ СПРА́ВЫ (БелНДІ ДАС) Камітэта па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь, навукова-даследчая ўстанова. Створаны 11.12.1991 у Мінску на базе Ін-та гіст.-паліт. даследаванняў (да 1996 наз.Бел.н.-д. цэнтр дакументазнаўства, археаграфіі і архіўнай справы). Распрацоўвае пытанні дакументазнаўства, архівазнаўства, археаграфіі, крыніцазнаўства, вядзення дакументацыі ў органах кіравання, выяўляе шляхі скарачэння і аптымізацыі патокаў дзелавых папер, публікуе дакументы Нац. архіўнага фонду, даследуе на іх аснове гісторыю Беларусі. Аддзелы: дакументазнаўства, архівазнаўства, археаграфіі, аўтаматыз. архіўных тэхналогій, рэдакцыйна-выдавецкі.
Ін-т правёў міжнар.навук. канферэнцыі: «Архівазнаўства, крыніцазнаўства, гістарыяграфія Беларусі: стан і перспектывы» (1993, Мінск), «Армія Краёва на тэрыторыі Заходняй Беларусі (чэрв. 1941 — ліп. 1944 гг.)» (1994, Гродна), «М.М.Улашчык і праблемы беларускай гістарыяграфіі, крыніцазнаўства і археаграфіі (да 90-х угодкаў вучонага)» (1996, Мінск). Выдаў кнігі «І верш і эпас тэлеграфным радком...» А.М.Міхальчанкі, «Рассакрэчаныя архівы» (абедзве 1993), «Расстраляныя, замучаныя, павешаныя: Аб фашысцкім генацыдзе ў Брэсце» У.П.Самовіча, «Агнём і мячом: Хроніка польскага нацыяналістычнага падполля ў Беларусі (1939—1953 гг.)» В.І.Ермаловіча і С.У.Жумара (абедзве 1994), «Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941 — 1944)», «Бібліяграфія акупацыйных перыядычных выданняў, якія выходзілі на тэрыторыі Беларусі ў 1941—1944 гг.» Жумара, «У фонд Перамогі: патрыятычны рух працоўных Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941 — 1945 гг.)» А.Ф.Макарэвіча, «Рабочы рух у Беларусі (чэрв. 1907 — люты 1917 гг.)» Э.М.Савіцкага, «Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі: асаблівасці і вынікі» І.М.Ігнаценкі, «Дакументы Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь у Нацыянальнай бібліятэцы і музеях сістэмы Міністэрства культуры і друку Рэспублікі Беларусь: Даведнік» (усе 1995), «Архіўная справа на Беларусі ў дакументах і матэрыялах (1921—1995)», «Альбом формаў арганізацыйна-распарадчых дакументаў» (абедзве 1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРМУ́ДСКІЯ АСТРАВЫ́ (Bermuda),
уладанне Вялікабрытаніі на аднайм. астравах у Атлантычным ак. (900 км на У ад Паўн. Амерыкі). Пл. 53,3 км². Нас. 60,7 тыс.чал. (1993), каля 60% — негры, астатнія пераважна англічане і амерыканцы. Адм. ц. і порт — г.Гамільтан (на найб. в-ве Бермуда). Афіц. мова англійская. Большасць вернікаў англікане і метадысты. Астравы каралавыя, складзены з вапнякоў, размешчаны на вяршыні патухлага падводнага вулкана. Выш. да 79 м. Клімат трапічны, умерана вільготны. Сярэдняя т-ра самага халоднага месяца (сак.) 16,7 °C, самага цёплага (жн.) 26,7 °C. Ападкаў да 1350 мм за год. Аснова гаспадаркі (занята палавіна самадзейнага насельніцтва) — курортная справа і абслугоўванне турыстаў (больш за 500 тыс.чал. за год). Вырошчванне кветак (вывозяцца ў ЗША), агародніцтва (ранняя агародніна і бульба) і пладаводства (бананы, цытрусавыя). Прам-сць: нафтаперапр., фармацэўтычная, хім., харч., у т. л. рыбаперапрацоўчая; суднабудаванне (спарт. судны, яхты) і суднарамонт; здабыча і перапрацоўка вапняку. Транспарт аўтамаб. (7 астравоў злучаны дамбамі і мастамі). Міжнар. аэрапорт (в-аў Бермуда). Гандл. сувязі пераважна з ЗША, Вялікабрытаніяй, Канадай. Грашовая адзінка — бермудскі долар.
Гісторыя. Адкрыты ў 1522 ісп. мараходам Х.Бермудасам. У 1609 тут з’явіліся першыя англ. пасяленцы, з 1684 Бермудскія астравы — калонія Вялікабрытаніі. Да 1862 важны ваенна-марскі порт і месца ссылкі. У час 2-й сусв. вайны мелі стратэг. значэнне як брыт. марская авіябаза. З 1941 арандаваны ЗША (ваен. базы).
З 1968 унутр. самакіраванне (у 1973 пашырана). Дзеянні брыт. і мясц. адміністрацыі з мэтай атрымання Бермудскімі астравамі незалежнасці (канец 1970-х г.) не падтрыманы насельніцтвам. Дзейнічае канстытуцыя 1968 (са зменамі 1973 і 1979). Брыт. манарх прадстаўлены ген.-губернатарам. Заканадаўчы орган — двухпалатны парламент. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прэм’ер-міністр. Паліт. партыі: Аб’яднаная бермудская партыя, Прагрэс. лейбарысцкая партыя, Нац. ліберальная партыя. Прафсаюзы: Бермудскі саюз прамысл. працоўных, Бермудская асацыяцыя дзярж. служачых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАЗО́НКА (Amazonas),
рака ў Паўд. Амерыцы, пераважна ў Бразіліі, найбольшая ў свеце па памерах басейна і воднасці і другая па даўжыні. Утвараецца ад зліцця рэк Мараньён і Укаялі. Даўж. ад вытоку р. Мараньён 6400 км, ад вытоку Укаялі больш за 7000 км. Пл.бас. 7180 тыс.км². Б. ч. басейна Амазонкі ў межах Амазонскай нізіны. Пачынаецца ў Андах, упадае ў Атлантычны ак., утварае самую вял. ў свеце ўнутраную дэльту (больш за 100 тыс.км²) і лейкападобнае вусце. Больш за 500 прытокаў, род іх каля 20 даўжынёй больш за 1500 км. Найб.справа — Журуа, Пурус, Мадэйра, Тапажос, Шынгу, Такантынс (упадае ва ўсх. рукаў дэльты Амазонкі — Пару), злева — Жапура, Рыу-Негру (прыток Касік’ярэ злучае бас. Амазонкі з р. Арынока — найб. выразны прыклад біфуркацыі рэк). Шыр. Амазонкі ў месцы сутокаў Мараньёна і Укаялі 1,5 км, у сярэднім цячэнні да 5 км, у ніжнім 15—20 км, перад вусцем 80—150 км. Жыўленне пераважна дажджавое. Рака паўнаводная ўвесь год, макс. ўзровень у маі—ліп., мінімальны — у жн.—верасні. Сярэднегадавы расход вады ў ніжнім цячэнні каля 220 тыс.м³/с, макс. — больш за 300 тыс.м³/с. Сярэднегадавы сцёк каля 7000 км³ (каля 15% агульнага гадавога сцёку ўсіх рэк зямнога шара). Прылівы падымаюцца ўверх па рацэ на 1400 км. Амазонка і яе прытокі багатыя арган. рэчывамі. У водах Амазонкі — кайманы, прэснаводныя дэльфіны, ламанціны. Рыбалоўства. У Амазонцы і яе прытоках 2 тыс. відаў прэснаводных рыб, сярод якіх драпежныя піранья, электрычны вугор. Амазонка мае значны энергет. патэнцыял. Даўжыня ўсіх водных шляхоў у бас. Амазонкі каля 25 тыс.км. Рака суднаходная на 4300 км ад вусця (да Андаў), да г. Манаус (1690 км) падымаюцца акіянскія судны. Гал. парты: Белен (Пара), Сантарэн, Обідус, Манаус (Бразілія), Ікітас (Перу).