МЕХТЫ́ ГУСЕ́ЙН (сапр. Гусейнаў Мехты Алі аглы; 17.4.1909, с. Шыхлы, Азербайджан — 10.3.1965),

азербайджанскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Азербайджана (1964). Друкаваўся з 1927. У ранніх апавяданнях, аповесцях («Тарлан», 1940; рус. пер. «Схватка», 1956), раманах «Разводдзе» (1933—36), «Раніца», (ч. 1—2, 1950—53), «Падземныя воды цякуць у акіян» (выд. 1966) адлюстраваў напружанасць і складанасць класавай барацьбы за перабудову азерб. вёскі ў пач. 20 ст. Пачынальнік жанру гіст. аповесці («Камісар», 1942), тэмы рабочага класа ў нац. л-ры: дылогія пра жыццё і працу нафтавікоў «Апшэрон» (1947) і «Чорныя скалы» (1957), У яго творах гіст. канкрэтнасць, дынамічнасць сюжэта спалучаны з дакладнасцю бытавых і псіхал. замалёвак. Вядомы як драматург. На бел. мову яго асобныя творы пераклалі А.Васілевіч, В.Рабкоў. Дзярж. прэмія СССР 1949.

Тв.:

Рус. пер. — Утро. М., 1970;

Повести. Рассказы. Пьесы. М., 1971.

т. 10, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКУ́ЛЬЧЫК (Аляксандр Андрэевіч) (14.8.1882, в. Шацк Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — пасля 1918),

бел. паэт. Пісаў на бел. і рус. мовах. Працаваў перапісчыкам, грузчыкам, матросам і інш. У снеж. 1905 — чэрв. 1906 зняволены ў Мінску па падазрэнні ў прыналежнасці да «анархістаў-камуністаў». У 1906—07 у Пецярбургу, потым працаваў у тэатры ў Кіеве. Быў знаёмы з М.Горкім, падтрымліваў творчыя сувязі з У.Дз. Бонч-Бруевічам. Друкаваўся ў газ. «Наша ніва», «Северо-Западный край», «Белорусское слово» (Кіеў), у калектыўным «Зборніку вершаў» (Кіеў, 1913, на рус. мове). Найб. вядомы яго верш «Ад веку мы спалі і нас разбудзілі...» (1905), вядомы таксама пад назвай «Беларуская марсельеза». Верш стаў папулярнай рэв. песняй, доўгі час лічыўся народным або ананімным творам, пазней памылкова прыпісаны У.Галубку.

Тв.:

Песни рабочего. СПб., 1906.

А.К.Каўка.

т. 10, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯТО́ДЗІЕЎ (Дзімітр Хрыстаў) (н. 11.9.1922, г. Гара-Бялова, Балгарыя),

балгарскі паэт, грамадскі дзеяч. Засл. дз. культ. Балгарыі (1969). Скончыў Літ. ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1953). Друкуецца з 1939. Паэт. зб-кі «Пра час і пра сябе» (1963), «Вершы і маленькія паэмы» (1968), «Вялікае перасяленне» (1970), «Час восеньскай яснасці» (1977), «І пах салодкі» (1980), раман у вершах «Дзімітроўскае племя» (1951) прасякнуты грамадз. пафасам. Перакладае рус., бел. і інш. паэтаў. На бел. мову паасобныя яго вершы пераклаў Н.Гілевіч. Дзімітроўская прэмія 1952, 1964. Міжнар. прэмія «Салензара» (1982).

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Ад стром балканскіх: Вершы сучасных балг. паэтаў. Мн., 1965;

У кн.: Сто гадоў, сто паэтаў, сто песень. Мн., 1978;

У кн.: Гілевіч Н. Роднасць: Выбр. пер. са слав. паэтаў. Мн., 1983;

Рус. пер. — Избранное. М., 1987.

т. 11, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУ́САЎ (Валерый Якаўлевіч) (13.12.1873, Масква — 9.10.1924),

рускі пісьменнік. Праф. (1921). Скончыў Маскоўскі ун-т (1899). Арганізатар і рэктар Вышэйшага літ.-маст. ін-та ў Маскве (з 1921). Пачынальнік сімвалізму ў рус. л-ры. Выступаў як паэт, празаік, драматург, літ.-знавец, тэарэтык верша і перакладчык. У зб-ках «Рускія сімвалісты» (вып. 1—3, 1894—95; у асноўным вершы Брусава), «Chefs d’oeuvre» («Шэдэўры», 1895), «Me eum esse» («Гэта — я», 1897) — уплыў зах.-еўрап. і рус. дэкадансу, пошукі новых формаў паэзіі. Аўтар зб-каў вершаў «Urbi et Orbi» («Гораду і свету», 1903), «Stephanos» («Вянок», 1906), «Люстра ценяў» (1912) і інш., празаічных зб-каў «Зямная вось» (1907), «Ночы і дні» (1913), гіст. раманаў «Вогненны Анёл» (1907—08), «Алтар перамогі» (1911—12), «Юпітэр звергнуты» (незак., апубл. 1934), п’есы «Падарожнік» (1911), трагедыі «Пратэсілай памерлы» (1913), у якіх — зварот да урбаністычных матываў, навукі і гісторыі, міфалогіі і сучаснасці. У зб-ках «Апошнія мары» (1920), «У такія дні» (1921), «Міг» (1922), «Меа!» («Спяшайся!», 1924) інтымная, пейзажная, міфалагічная, філас. і палітычная тэматыка. У гіст.-літ. працах (кн. «Далёкія і блізкія», 1912) і публікацыях, прысвечаных А.С.Пушкіну (больш за 80), Я.А.Баратынскаму, М.В.Гогалю, Ф.І.Цютчаву і інш., канкрэтнасць і канструктыўная яснасць аналізу, аргументаванасць вывадаў, лаканізм і вытанчанасць стылю, шырыня эрудыцыі Брусава-даследчыка. Перакладаў на рус. мову творы ант., зах.-еўрап. паэзіі і драматургіі (Дж.Байрана, Вергілія, Дантэ, П.Верлена, Мальера і інш.). Перакладчык арм. паэзіі (анталогія «Паэзія Арменіі са старажытных часоў да нашых дзён», 1916, факс. выд. 1987; званне нар. паэта Арменіі 1923). На рус. мову пераклаў асобныя вершы Я.Купалы. Творы на бел. мову перакладалі А.Александровіч, Ю.Гаўрук, А.Дудар, С.Дзяргай, С.Шушкевіч.

Літ.:

Максимов Д.Е. Брюсов: Поэзия и позиция Л., 1969;

Сивоволов Б.М. Валерий Брюсов и передовая русская литература его времени. Харьков, 1985.

т. 3, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬХО́ВІКАЎ (Мікалай Леанідавіч) (7.9.1922, г. Таганрог — 8.6.1987),

рус. артыст цырка. Нар. арт. СССР (1980). У цырку з 1929. Выступаў пад псеўд. Ніка. У 1950—53 вучыўся на вакальным аддз. Маскоўскай кансерваторыі. Скакун на падкідных дошках, эквілібрыст на пераходнай лесвіцы, жакей, конны акрабат. Стваральнік і ўдзельнік конна-акрабатычнага атракцыёна «Руская тройка» (1971).

т. 1, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДРА І ЗЯМЛЯ́,

паўднёва-заходняя частка Антарктычнага п-ва ў Антарктыдзе. Злучана з мацерыком шэльфавым ледавіком Георга VI. Працягласць з Пн на Пд каля 400 км, з У на З — 200 км. Над ледавіковым покрывам горы (выш. да 2987 м, г. Стывенсан). Адкрыта ў 1821 рус. экспедыцыяй Ф.Ф.Белінсгаўзена і М.П.Лазарава.

т. 1, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЖУ́ АСТРАВЫ́,

цэнтральныя, самыя вял. астравы ў архіпелагу Новасібірскія а-вы ў м. Лапцевых і Усходне-Сібірскім м. Уключаюць а-вы: Кацельны, Зямля Бунге, Фадзееўскі, Новая Сібір і Бялькоўскі. Агульная пл. каля 29 тыс. км². У рэльефе пераважаюць нізінныя акумулятыўныя раўніны, занятыя арктычнымі тундрамі. Названы імем рус. палярнага даследчыка П.Ф.Анжу.

т. 1, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАЦЫЯ́ЦЫЯ НО́ВЫХ АРХІТЭ́КТАРАЎ (АСНОВА),

аб’яднанне рус. архітэктараў і мастакоў у 1923—30. Засн. ў Маскве выкладчыкамі Вхутэмаса, якія прапанавалі ідэю стварэння архітэктуры на базе сінтэзу пластычных мастацтваў (уключэнне ў архітэктуру рэв. эмблематыкі і лозунгаў, выкананых сродкамі скульптуры, жывапісу і дэкар. мастацтва). Увайшла ў Маскоўскае аддз. Усесаюзнага арх. навук. Т-ва.

т. 2, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СЦЫ,

назва рознаэтнічнага насельніцтва Белай Русі (жыхароў Полацкага, Віцебскага, Мсціслаўскага і часткова Мінскага ваяв. Рэчы Паспалітай, а таксама зах. Смаленшчыны, паўн. Чарнігаўшчыны, паўд. Пскоўшчыны), якая ўжывалася ў афіц. дакументах Рус. дзяржавы ў 17—18 ст. У 19 ст. беларусцамі называлі ўжо толькі беларусаў, а сама назва трансфармавалася ў этнонім «беларусы».

т. 2, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАТЫ́НСКІ (Міхаіл Іванавіч) (каля 1510 — 12.6.1573),

рускі палкаводзец, князь, баярын. Вызначыўся ў 1552 пры ўзяцці Казані, у 1550—60-я г. перыядычна кіраваў рус. арміяй на паўд. граніцы. Летам 1572 разбіў крымскіх татараў у бітве пры Моладзях (непадалёку ад Масквы). У 1573 арыштаваны па лжывым даносе, абвінавачаны ў здрадзе і закатаваны.

т. 4, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)