РЫЖА́К (Camelina),

род кветкавых раслін сям. крыжакветных. 15 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 4 віды Р.: бурачковы (C. alyssum), драбнаплодны (C. microcarpa), пасяўны, нар. назва рыжы лён (C. sativa), румелійскі (C. rumelica). Трапляюцца ўздоўж дарог, чыгунак, радзей на палях як пустазелле. У культуры — Р. пасяўны.

Азімыя і яравыя аднагадовыя расліны выш. 30—120 см. Сцёблы тонкія, галінастыя, голыя або апушаныя. Ніжняе лісце чаранковае, верхняе — сядзячае, ланцэтнае. Кветкі дробныя, светла-жоўтыя, у гронках. Плод — стручочак. У насенні 25—46% алею, які выкарыстоўваецца ў лакафарбавай і мылаварнай вытв-сці. Алейныя, тэхн., лек. і кармавыя расліны.

В.​М.​Прохараў.

Рыжак.

т. 13, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕ́РЦЫЯ (Swertia),

род кветкавых раслін сям. гарычкавых. Больш за 70 відаў. Пашыраны ў гарах Еўропы, Азіі, Усх. Афрыкі, Паўн. Амерыкі. Растуць на вільготных або замшэлых альпійскіх лугавінах, па берагах ручаёў. На Беларусі 1 від — С. шматгадовая (S. perennis), занесеная ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў забалочаных драбналістых лясах, хмызняках, на тарфяных балотах.

Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны з прамастойнымі, простымі або слабагалінастымі сцёбламі. Лісце ў прыкаранёвай разетцы суцэльнае, эліптычнае, сцябловае — супраціўнае або чаргаванае. Кветкі правільныя, сінія, брудна-фіялетавыя, часам жаўтаватыя, з цёмнымі плямамі, сабраныя ў гронкападобнае або мяцёлчатае суквецце. Плод — каробачка. Лек., дэкар. расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Сверцыя: 1 — грузінская; 2 — шматгадовая.

т. 14, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНПО́ЛІЯ, узумбарская фіялка (Saintpaulia),

род кветкавых раслін сям. геснерыевых. Больш за 20 відаў. Пашыраны ў горных трапічных лясах Усх. Афрыкі. У Еўропе ўведзены ў культуру ў 19 ст. Існуе некалькі тысяч сартоў і гібрыдаў. На Беларусі вырошчваюць як пакаёвую расліну. Найб. папулярныя — мініяцюрныя і ампельныя формы з махровымі кветкамі.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 30 см. Сцёблы ўкарочаныя, часам сцелістыя. Апушанае лісце чаранковае, акруглае, гафрыраванае або хвалістае па краях. Кветкі адзіночныя ці ў рыхлых гронках, ад белага, ружовага, блакітнага да цёмна-сіняга і пурпуровага колераў; простыя, махрыстыя, паўмахровыя, махровыя, зоркападобныя, гафрыраваныя. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.

Літ.:

Михеев В.А. Сенполии. М., 1993.

Сарты сенполіі.

т. 14, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРО́ДКАВЫ МЯШО́К,

цэнтральная частка семязавязі кветкавых раслін, у якой развіваецца яйцаклетка і адбываецца двайное апладненне, палавое пакаленне пакрытанасенных раслін — жаночы гаметафіт. Пасля двайнога апладнення з З.м. развіваецца зародак расліны і эндасперм.

т. 6, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕМАРО́СЫ (ад лац. nemorosus лясісты, густалісты),

травяністыя расліны, пераважна рана квітучыя мнагалетнікі, эфемероіды, якія філагенетычна звязаны з шыракалістымі і хваёва-шыракалістымі лясамі і складаюць у іх асн. ч. ніжняга яруса расліннасці.

т. 11, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫВІДУА́ЛЬНЫ АДБО́Р,

адбор асобных арганізмаў (з улікам спадчыннага пастаянства іх прыкмет) па генатыпе з ацэнкай патомства расліны або жывёлы ў шэрагу пакаленняў; форма штучнага адбору. Прызначэнне І.а. — удасканаленне пародных і сартавых якасцей.

т. 7, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАФО́БЫ [ад літа... + ...фоб(ы)],

расліны і жывёлы, якія аддаюць перавагу рыхлым (гліністым, лёсавым, пясчаным) грунтам, глебе, мулу і інш. Складаюць пераважную большасць раслін і жывёл. У адрозненне ад літафілаў пазбягаюць скальных маналітных або расколістых грунтоў.

т. 9, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЗАТЭ́РМЫ [ад мез(а)... + тэрма...],

расліны, якія жывуць у мясцовасцях з дастатковай колькасцю ападкаў і сярэдняй гадавой т-рай ад 15 да 20 °C. Тэрмін прапанаваны швейц. батанікам А.​Дэкандолем у 2-й пал. 19 ст.

т. 10, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТРО́ФЫ [ад бія... + ...троф(ы)],

арганізмы, якія жывяцца іншымі жывымі арганізмамі. Усе біятрофы (жывёлы, грыбы, большасць бактэрый, а таксама бесхларафільныя наземныя расліны і водарасці) з’яўляюцца гетэратрофамі (у т. л. фітафагі і заафагі, уключаючы паразітаў). Гл. таксама Сапратрофы.

т. 3, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАФІ́ТЫ [ад мікра... + ...фіт(ы)],

расліны (пераважна водарасці), якія маюць мікраскапічныя памеры і ўваходзяць у склад фітапланктону. М. — першае звяно агульнага харч. ланцуга экасістэмы вадаёма. На Беларусі пашыраны М. са складу дыятомавых, сіне-зялёных, зялёных і інш. водарасцей.

т. 10, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)