вялікі выканальніцкі калектыў, які складаецца з вакальнай, харэаграфічнай і аркестравай груп і аб’ядноўвае ў выступленнях розныя віды і жанры муз. і харэагр. мастацтва. Група нумароў часта ўтварае тэматычную вак.-харэагр. кампазіцыю, звычайна з элементамі тэатралізацыі. Вядзе гісторыю ад Ансамбля песні і танца Расійскай Арміі імя А.В.Аляксандрава (з 1928), набыў папулярнасць у многіх краінах («Мазоўша» і «Шлёнск» у Польшчы; «Слук» у Чэхіі; «Кола» ў Югаславіі і інш.). На Беларусі вядомы: Ансамбль беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі, Бел. ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р.Шырмы (гл.Дзяржаўны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь), Ансамбль песні і танца Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, ансамбль «Белыя росы», шматлікія самадзейныя калектывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДЫНА́ЦЫЯ
(польск. ordynacja ад лац. ordinatio упарадкаванне),
1) у сярэдневяковай Польшчы збор прававых нормаў, якімі кіраваліся ўстановы, арг-цыі, суды.
2) Збор прававых нормаў, якія рэгулявалі спадчыннае права на нерухомую маёмасць пэўных магнацкіх родаў у Рэчы Паспалітай, а таксама адпаведнае зямельнае ўладанне. Асн. прынцыпы ардынацыі — непадзельнасць і неадчужальнасць зямельнага ўладання, якое пасля смерці ўладальніка (ардыната) пераходзіла да старэйшага нашчадка старэйшай мужчынскай лініі (жанчыны за нашчадкаў не лічыліся). Першыя ардынацыі (Нясвіжская і Клецкая на Беларусі, Алыцкая на Украіне) заснаваны Радзівіламі ў 1586, зацверджаны соймам у 1589. Уласныя ардынацыі стварылі магнаты Замойскія (зацверджана ў 1589), Мышкоўскія (1601), Астрожскія (1609), Сулкоўскія (18 ст.). Ардынацыі працягвалі існаваць у Рас. імперыі і Польск. рэспубліцы; скасаваны сеймам у 1939.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́СЛАЎСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.Засн. ў 1984 у Браславе на базе школьнага музея. Мае 6 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 147,6 м²), больш за 12 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Сярод экспанатаў археал. знаходкі (неаліт. прылады працы, жаночыя ўпрыгожанні 11 ст., энкалпіёны, кафля і зброя з замка ў Іказні, посуд і манеты з сярэдневяковай Друі і інш.), матэрыялы з гісторыі Браслаўшчыны часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, пра падзеі вайны 1812, паўстання 1863—64, перыяду ўваходжання Зах. Беларусі ў склад Польшчы, Вял. Айч. вайны. Этнагр. матэрыялы прадстаўлены вырабамі ткацтва, ганчарства, кавальства, разьбярства, пляцення, нар.муз. інструментамі. Асобныя экспазіцыі прысвечаны краязнаўству Браслаўшчыны, мастаку П.Сергіевічу, медыку С.Нарбуту (сын гісторыка Т.Нарбута). З 1989 праводзяцца навук.-краязнаўчыя канфер. «Браслаўскія чытанні».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЎХІЧ (Brauchitsch) Вальтэр фон
(4.10.1881, Берлін — 18.10.1948),
ваенны дзеяч Германіі. Ген.-фельдмаршал (1940). У арміі з 1900. Быў афіцэрам Ген. штаба ў 1-ю сусв. вайну. З 1932 ген.-інспектар артылерыі. Камандаваў 1-й ваен. акругай (з 1933) і 1-м армейскім корпусам (з 1935) ва Усх. Прусіі, 4-й армейскай групай (з 1937). У 1938—41 галоўнакаманд. сухап. войскамі вермахта. Кіраваў акупацыяй Аўстрыі (сак 1938) і Чэхаславакіі (сак. 1939), кампаніямі супраць Польшчы, Нарвегіі, Даніі, Францыі, Югаславіі і Грэцыі, СССР у пач. 2-й сусв. вайны. 19.12.1941 пасля правалу ням.-фаш. наступлення на Маскву і з-за рознагалоссяў з Гітлерам звольнены ў адстаўку. У 1945 арыштаваны англічанамі. Памёр у лагеры для ваеннапалонных у Гамбургу.
рэвалюцыйны дзеяч і публіцыст КПП і КПЗБ. Чл. СДКПіЛ з 1905, КПП з 1919. Пасля рэвалюцыі 1905—07 у эміграцыі ў Францыі, Балгарыі. З 1919 чл.Цэнтр. рэдакцыі КПРП у Польшчы. У 1924 арыштаваны польскімі ўладамі і засуджаны на 8 гадоў турмы. У выніку абмену паліт. зняволенымі з 1926 у СССР. З 1929 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі, прадстаўнік ЦККПЗБ пры ЦККП(б)Б. Чл.ЦК КПП у 1923—30, чл.ЦККПЗБ у 1929—38. Адзін з рэдактараў часопіса ЦК КПП «Nowy przegląd» («Новы агляд»). У 1936—41 у эміграцыі ў Бельгіі, Францыі. Перад Вял. Айч. вайной жыў у СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКІ АДЗІНАФРАНТАВЫ́ МІ́ТЫНГ ПРАЦО́ЎНЫХ 1936 у Заходняй Беларусі. Адбыўся ў лют. 1936 пад кіраўніцтвам адзінафрантавога к-та, у які ўваходзілі прадстаўнікі гар. арг-цый КПЗБ, ППС, Бунда, «Паалей Цыёна». Удзельнічала 5 тыс. працоўных г. Баранавічы і сялян навакольных вёсак. На мітынгу прадстаўнікі розных паліт. партый гаварылі пра нац. прыгнёт, беспрацоўе, перапоўненыя палітвязнямі турмы, размах забастовачнай барацьбы ў Зах. Беларусі, заклікалі аб’яднацца ў нар. фронт для сумеснай барацьбы супраць наступу рэакцыі і пагрозы новай сусв. вайны. Абвяшчаліся заклікі: «Далоў вайну!», «Мы хочам міру!», «Вызваліць з турмаў палітзняволеных!» і інш. Удзельнікі мітынгу прынялі рэзалюцыю пратэсту супраць рэакцыйнай унутр. і знешняй палітыкі ўрада Польшчы, выказаліся за аб’яднанне працоўных у нар. фронт для барацьбы супраць фашызму і вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТКЕ́ВІЧ Вінцэнт
(1776, маёнтак Палессе, Пастаўскі р-н Віцебскай вобласці — пасля 1837),
удзельнік паўстанняў 1794 і 1830—31 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве. У 1794 у арміі Т.Касцюшкі абараняў Варшаву. Напярэдадні паўстання 1830—31 завілейскі (свянцянскі) павятовы віцэ-маршалак шляхты. У крас. 1831 узначаліў паўстанцкія ўзбр. сілы Завілейскага пав., на чале іх удзельнічаў у баях за Вільню. Пасля паражэння адступіў са Свянцян у Дзісенскі пав. і далучыўся да дзісенскіх паўстанцаў. Адзін з кіраўнікоў паходу паўстанцаў Завілейскага, Вілейскага і Дзісенскага пав. з сумежжа Беларусі і Літвы ў Жэмайцію, дзе далучыўся да корпуса ген. А.Гелгуда. У студз. 1832 арыштаваны царскімі ўладамі і сасланы ў Волагду. З 1837 жыў пад наглядам паліцыі ў Смаленскай губ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРУ́НЫ,
вёска ў Беларусі, у Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Баруны». За 21 км на ПдУ ад Ашмян, 222 км ад Гродна, 20 км ад чыг. ст. Багданаў. 524 ж., 178 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, касцёл.
У мінулым мястэчка Ашмянскага пав., адзін з цэнтраў уніяцтва. У 18 ст. ў Барунах пабудаваны Барунскі манастыр базыльян, пры якім у 1793 адкрыта школа. З 1795 у Рас. імперыі. У 1905 — 229 ж., 294 дзес. зямлі. Дзейнічала Барунская настаўніцкая семінарыя. З 1922 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, дзейнічала антыфаш. група. Летам 1944 спалены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬШЭ́ЎСКІ Анатоль Адамавіч
(парт.псеўд.Юрка Пружанскі; 4.7.1904, г. Бяроза — 1937),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, публіцыст. З 1920 вучыўся ў Камуніст. ун-це імя Свярдлова (Масква). З 1925 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. На III канфер. (1926) і І з’ездзе (1928) КПЗБ выбраны чл.ЦК. Рэдактар друк. органаў ЦККПЗБ«Бальшавік» і «Чырвоны сцяг». У 1927 арыштаваны польск. ўладамі і зняволены, з 1928 у СССР. З 1932 у рэдакцыі Прадстаўніцтва ЦККПЗБ пры ЦККП(б)Б у Мінску, на прафс. рабоце. У публіцыст. артыкулах, апублікаваных пад псеўданімамі і ананімна ў падп. выданнях, выкрываў палітыку ўрада Польшчы. У 1937 незаконна рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́ЧКА
(Wieliczka),
горад і бальнеалагічны курорт у Польшчы, у Кракаўскім ваяв. Вядомы з 11 ст., гар. правы з 1290. На Пд ад Кракава, у перадгор’ях Карпат. Мяккі клімат, мінер. воды і аэразольнае паветра саляных падземных вырабатак спрыяльныя для лячэння хвароб органаў руху і апоры, бранхіяльнай астмы і інш. хвароб лёгкіх. Алергалагічны санаторый. Буйны цэнтр адпачынку і міжнар. турызму. Захаваліся сярэдневяковыя касцёлы (у т. л. драўляны 16 ст.), руіны замка караля Казіміра Вялікага (каля 1350, 18 ст., разбураны ў 1945). Саляная шахта (13 ст.) з падземнымі капліцамі (17 ст.), у стараж. частцы якой адзіны ў свеце такога роду Музей кракаўскіх капальняў солі. Саляная шахта ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.