КІ́ЕЎСКАЯ МІТРАПО́ЛІЯ,

царкоўна-адм. адзінка правасл. царквы. Утворана ў канцы 10 ст. ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата пасля ўвядзення хрысціянства ў Кіеўскай Русі. Першапачаткова ахоплівала тэр. ўсёй Русі, цэнтр быў у Кіеве, яе кіраўнік называўся мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі. Падзялялася на епархіі, колькасць і межы якіх мяняліся. З заняпадам Кіева пасля мангола-татарскага нашэсця цэнтр К.м. ў сярэдзіне 13 ст. перанесены ва Уладзімір-на-Клязьме, у пач. 14 ст. — у Маскву. У сувязі з уваходжаннем тэр. б. Кіеўскай Русі ў розныя дзярж. ўтварэнні з 14 ст. К.м. стала распадацца на Галіцкую (існавала з перапынкамі ў 14 ст.), Літоўска-Навагрудскую і Маск. мітраполіі; у 1458 канчаткова падзелена на 2 самастойныя мітраполіі: К.м. ў ВКЛ і Галіцыі з цэнтрам у Навагрудку (часам у Вільні) і Маскоўскую (стала так афіцыйна называцца з 1459). У 1596 кіеўскі мітрапаліт Міхаіл Рагоза падтрымаў Брэсцкую унію 1596, у выніку была створана уніяцкая царква (гл. Беларуская грэка-каталіцкая царква, Украінская грэка-каталіцкая царква), уніяцкія мітрапаліты называліся таксама кіеўскімі, галіцкімі і ўсяе Русі. У 1620 правасл. К.м. адноўлена ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата з цэнтрам у Кіеве. У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 частка мітраполіі (Левабярэжная Украіна і Кіеў) адышла да Расіі, у 1685 уся К.м. (уключала на той час тэр. Украіны і Беларусі) пераведзена пад юрысдыкцыю Маск. патрыярхата. Яна страціла свой высокі статус гал. царк.-адм. адзінкі краіны; мітрапаліт стаў называцца кіеўскім, галіцкім і Малыя Расіі. У 1722 скасавана царскім урадам. Імператрыца Лізавета аднавіла яе, мітрапаліт стаў называцца кіеўскім і галіцкім. Пасля 1917 утворана Украінская аўтакефальная правасл. царква (УАПЦ) на чале з мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Украіны, у 1925 — менш значная Украінская правасл. царква (УПЦ); паралельна з імі на Украіне дзейнічала Руская правасл. царква. Прымусовае скасаванне ў 1930-я г. УАПЦ спыніла існаванне самастойнай К.м. У 1989 на Украіне разгарнуўся рух за аўтакефалію, у 1990 усеўкраінскі сабор УАПЦ абвясціў стварэнне Кіеўскага патрыярхата. Адначасова на Украіне працягвае дзейнасць і К.м. ў юрысдыкцыі Маск. патрыярхата.

Літ.:

Голубинский Е. История русской церкви. Т. 1. 2 изд. М., 1901;

Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни Буэнос-Айрес, 1966 (рэпр. выд. Мн., 1990);

Огіенко І.І. Українська церква. Т. 1—2. Київ, 1993;

Крижанівський О., Плохій С. Історія церкви та релігійної думкі в Україні. Київ, 1994. Кн. 3. С. 95—106, 131—133.

С.​В.​Марозава.

т. 8, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНА́Т (лац. senatus ад senex стары),

1) у Старажытным Рыме адзін з вышэйшых дзярж. органаў улады. Узнік з савета старэйшых патрыцыянскіх родаў у канцы царскай эпохі (каля 6 ст. да н.э.), быў дзярж. саветам пры цару. У рэсп. перыяд (5—3 ст. да н.э.) улада С. была абмежавана на карысць каміцый. У час імперыі фармальна лічыўся вышэйшай дзярж. установай, яго ўлада была абмежавана імператарам. Пры Дыяклетыяне (канец 3 ст. н.э.) ператвораны ў дзярж. савет г. Рым, пры Канстанціне (4 ст.) С. створаны ў Канстанцінопалі, ураўнаваны ў правах з С. Рыма.

2) У Рэчы Паспалітай дзярж. рада манарха і вышэйшая палата сойма. Узнік з С. Польскага каралеўства (склаўся да пач. 16 ст.) і Рады Вялікага княства Літоўскага. У 1569 у С. увайшлі ўсе ранейшыя польскія сенатары, прадстаўнікі Каралеўскай Прусіі і ўкр. зямель, далучаных да Польшчы; з ВКЛ — 2 біскупы (віленскі, жамойцкі), 9 ваяводаў (віленскі, трокскі, смаленскі, полацкі, навагрудскі, віцебскі, брэсцкі, мсціслаўскі, мінскі), староста жамойцкі, 10 кашталянаў (віленскі, трокскі, жамойцкі, смаленскі, полацкі, навагрудскі, віцебскі, брэсцкі, мсціслаўскі, мінскі), 5 вышэйшых ураднікаў дзяржавы, т.зв. міністраў — маршалак найвышэйшы (вялікі), канцлер, падканцлер, падскарбі земскі (вялікі) і маршалак надворны. У 1569 было 140 сенатарскіх пасад, пазней іх колькасць мянялася. С. разам з каралём (вял. князем) і Пасольскай Ізбой прымаў заканадаўчыя акты і інш. пастановы. Пазней былі ўведзены пасады сенатараў-рэзідэнтаў (з пач. 17 ст. выбіраліся 16 чал. на 2 гады, з 1641—28 чал.). У 1-й пал. 18 ст. вял. значэнне набылі рады С., склад якіх вызначаў кароль. Сенатары ўдзельнічалі таксама ў пасяджэннях соймавага суда.

3) У Расіі ў 1711—1917 правячы С. — вышэйшы дзярж. орган, падпарадкаваны імператару. Засн. Пятром I у 1711. Першапачаткова калегіяльны орган для кіравання дзяржавай у адсутнасць цара, замяніў Баярскую думу. З 2-й чвэрці 18 ст. правы С. абмяжоўвалі Вярхоўны тайны савет, потым Кабінет міністраў. У 1763 у выніку рэформы падзелены на дэпартаменты. З 1775 выконваў судовыя функцыі. Пасля заснавання міністэрстваў (1802) як вышэйшы судовы орган наглядаў за дзейнасцю дзярж. устаноў і чыноўнікаў. Паводле судовых статутаў 1864 С. — вышэйшая касацыйная інстанцыя.

4) Назва верхняй палаты парламента ў шэрагу сучасных дзяржаў (Бельгіі, Ірландыі, Італіі, Польшчы, Францыі, ЗША, Канады і інш.). У некат. краінах С. фарміруюцца шляхам прамых выбараў (Італія, Польшча), у інш. — прызначаюцца кіраўніком дзяржавы цалкам ці часткова. У шэрагу дзяржаў С. перавыбіраецца не поўнасцю, а часткова (напр., у ЗША кожныя 2 гады абнаўляецца 1/3 С.).

А.​А.​Радаман (С. Рэчы Паспалітай).

т. 14, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРАПЕ́СКАЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму ў в. Старыя Пескі Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. Сфарміравана ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. ў маёнтку графаў Пуслоўскіх (належаў ім да 1939) на беразе воз. Чорнае. Першапачаткова арх.-кампазіцыйнае ядро комплексу складалі сядзібны дом, стайня, размешчаны паміж імі «павільён руж», 2 мураваныя брамы пры ўездзе ў вёску і сядзібу. Пасля зруйнавання ў 1843 мураванага сядзібнага дома (пабудаваны ў канцы 18 ст. ў стылі класіцызму) уладальнікі прыстасавалі пад жыллё драўляны будынак стайні. Прамавугольны ў плане 1-павярховы будынак з 4-калонным порцікам на гал. фасадзе, накрыты вальмавым дахам. Сцены атынкаваныя, вокны прамавугольныя з простымі ліштвамі. «Павільён руж» (не захаваўся) пабудаваны ў пач. 19 ст. з цэглы (па аналогіі з вядомай вілай-ратондай італьян. арх. А.​Паладыо) — цэнтрычнае крыжова-купальнае 2-павярховае збудаванне, на яго гал. фасадзе масіўны 4-калонны порцік тасканскага ордэра з трохвугольным франтонам. Фрыз аформлены лепкай (атынкаваны ў 1863). Прасторавую кампазіцыю ўзбагачалі паўсферычны купал з ліхтаром і схілы сцен пры скрыжаванні аб’ёмаў. Фасады крапаваныя лапаткамі, паўцыркульнымі і прамавугольнымі нішамі, прафіляванымі карнізамі з сухарыкамі. Да будынка прымыкала вял. аранжарэя. Брамы выкананы ў рамант. формах сярэдневяковай готыкі. Паўночная брама — манум. збудаванне са стральчатым арачным праездам, фланкіраванае круглымі ў сячэнні 3-яруснымі вежамі і завершанае 2-ярусным зубчастым парапетам. Аздоблена стральчатымі нішамі, аркатурнымі і філянговымі паясамі, крыжамі, вузкімі шчылінамі-байніцамі, драўлянай імітацыяй зубчастай пад’ёмнай рашоткі. Па баках прыбудаваны нізкія каравулкі. Зах. брама (меншых памераў) вырашана ў стылі несапраўднай готыкі. Прамавугольная ў плане, з цэнтр. арачным праездам (замураваны) і 2 бакавымі каравулкамі. Вуглавыя ч. аб’ёмаў крапаваны лапаткамі са стральчатымі нішамі, завершаны зубчастым парапетам. Пейзажны парк разбіты на схіле да возера, вакол 2 сажалак і каналаў, праз якія былі перакінуты масткі. На востраве адной з сажалак была альтанка. Па-за межамі парку размешчаны цагляны бровар у познакласіцыстычным стылі. У парку раслі клён серабрысты, дубы чырвоны і летні пірамідальны, ясень пенсільванскі, хвоя веймутава, таполі белая і чорная пірамідальныя, лістоўніца еўрап., граб, вяз гладкі і інш. З зах. боку размяшчаецца пладовы сад, адмежаваны ад парку букавай алеяй. На паўд. ускраіне ў канцы алеі пагорак, дзе на могілках стаяла капліца (засталіся рэшткі). Дэкар. элементам парку быў драўляны вятрак — цэнтрычнае, круглае ў сячэнні збудаванне з купальным пакрыццём, узнятае на тэрасу-каланаду і выкананае ў адзіным стылі з асн. будынкамі. У 1990 распрацаваны праект аднаўлення парку (арх. Л.​П.​Луцэвіч). Іл. гл. да арт. Рамантызм.

А.​М.​Кулагін.

т. 15, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́ЎКА ВЯРХО́ЎНАГА ГАЛОЎНАКАМА́НДУЮЧАГА (СВГ) у 1-ю сусветную вайну 1914—18, орган вышэйшага палявога кіравання і месца знаходжання галоўнакамандуючага ўзбр. сіламі Расіі. У пач. вайны размяшчалася ў Баранавічах, з 21.8.1915 — у Магілёве, з 26.2.1918 — у Арле. На чале ўзбр. сіл стаяў Вярх. галоўнакамандуючы з надзвычай шырокімі паўнамоцтвамі, яго штаб першапачаткова складаўся з 5 упраўленняў. У пач. вайны ў СВГ было 9 генералаў, 36 афіцэраў, 12 ваен. чыноўнікаў і 125 салдат. У ходзе вайны склад СВГ павялічваўся, і на 14.11.1917 у яе ўваходзілі 15 упраўленняў, 3 канцылярыі, 2 к-ты (усяго больш за 2 тыс. генералаў, афіцэраў, чыноўнікаў і салдат). Пры Стаўцы знаходзіліся і ваен. прадстаўнікі саюзных дзяржаў Антанты. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 Стаўка стала цэнтрам арганізацыі Карнілава мяцяжу 1917. Пасля перамогі ў Петраградзе Кастр. рэвалюцыі 1917 СВГ (Вярх. галоўнакамандуючы ген. М.​М.​Духонін і камісар Часовага ўрада В.​Б.​Станкевіч) 26 кастр. (8 ліст.) заклікала армію выступіць супраць сав. улады. 4—11 (17—24) ліст. прадстаўнікі кадэтаў, эсэраў, меншавікоў і інш. партый спрабавалі стварыць пры Стаўцы т.зв. агульнарас. ўрад на чале з эсэрам В.​М.​Чарновым. З 7(20) ліст. Духонін пры падтрымцы прадстаўнікоў Антанты адмовіўся выконваць указанні сав. ўрада і пачаць перагаворы з Германіяй аб перамір’і. 9(22) ліст. ён адхілены ад пасады і на гэтую пасаду прызначаны бальшавік прапаршчык М.​В.​Крыленка. 19 ліст. (2 снеж.) па загадзе Духоніна з турмы ў Быхаве выпушчаны генералы Л.​Г.​Карнілаў, А.​І.​Дзянікін і інш., якія ўцяклі на Дон. У гэты ж дзень Магілёўскі ВРК устанавіў кантроль над Стаўкай. 20.11(13.12).1917 СВГ занята атрадам рэв. войск на чале з Крыленкам, а Духонін забіты салдатамі. 21.11(4.12).1917 пры рэв. Стаўцы створаны ВРК (старшыня І.​Ф.​Баярскі), які прызначыў сваіх камісараў у аддзелы і ўпраўленні СВГ, распрацаваў дакументы аб дэмакратызацыі і дэмабілізацыі арміі. 16(29).12.1917 ВРК рэарганізаваны ў Цэнтр. к-т дзеючых армій і флоту (Цэкадорф) у складзе 50 чал. (старшыня М.​У.​Рагазінскі). 9.12.1918 пры Стаўцы створаны Рэв. палявы штаб — орган аператыўнага кіраўніцтва ўзбр. барацьбой з контррэвалюцыяй, пачала выдавацца газ. «Революционная ставка». У сувязі з дэмабілізацыяй арміі 5.3.1918 пасада Вярх. галоўнакамандуючага скасавана, 9.3.1918 спыніў дзейнасць Цэкадорф, 16.3.1918 — штаб Стаўкі.

Вярх. галоўнакамандуючымі былі: вял. кн. Мікалай Мікалаевіч, імператар Мікалай II, М.​В.​Аляксееў, А.​А.​Брусілаў, Карнілаў, А.​Ф.​Керанскі, Духонін, Крыленка.

І.​К.​Скварцоў.

т. 15, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́ШКІ,

гульня 2 партнёраў на шматклетачнай дошцы (падзеленай на цёмныя і светлыя палі) аднолькавымі, але розных колераў фігуркамі (фішкамі-Ш.), якія перамяшчаюцца па цёмных палях паводле пэўных правіл; від спорту. Мэта гульні — знішчыць фігуры праціўніка ці «заперці» іх (пазбавіць хадоў).

Паводле археал. звестак і твораў Герадота і Платона, Ш. ўзніклі ў Стараж. Егіпце і краінах Аравійскага п-ва. Існуюць Ш. рускія, англ., ням., ісп. (на 64-клетачнай дошцы па 12 фігур у кожнага партнёра), франц., польск. (на 100-клетачнай дошцы па 20 фігур), канадскія (на 144-клетачнай 30 фігур). З 19 ст. праводзяцца нац. чэмпіянаты (у Расіі з 1896). Найб. пашырэнне набылі 100-клетачныя франц. Ш., якія сталі міжнароднымі. Чэмпіянаты свету па 100-клетачных Ш. праводзяцца з 1894. 1-ы чэмпіён — І.​Вейс (1894—1912). У 1947 засн. Сусв. федэрацыя Ш. (Fédération mondiale du jeu de dames, ФМЖД), якая аб’ядноўвае нац. арг-цыі 49 краін (2003). У 1947 засн. званне міжнар. гросмайстра. З 1965 праводзяцца чэмпіянаты Еўропы сярод мужчын (першапачаткова Кубак Еўропы; чэмпіён І.​Куперман, 1965, з 1972 — пяршынствы свету сярод юнакоў, з 1974 — пяршынствы свету сярод жанчын. З сярэдзіны 1980-х г. пры ФМЖД існуе секцыя рус. Ш. «64». Спаборніцтвы праводзяць па розных версіях: бразільскай, рус. і інш.

Чэмпіянаты свету па рус. Ш. праводзяцца з 1993 (1-ы чэмпіянат адбыўся ў г. Пінск, Беларусь, бронз. прызёрам стаў А.​Валюк). Самастойная галіна Ш. — шашачная кампазіцыя, у якой зарэкамендавалі сябе бел. шашысты чэмпіёны свету Б.​Іваноў, У Шульга. На Беларусі спаборніцтвы праводзяцца па рус. і міжнар. Ш. 1-е афіц. спаборніцтва па рус. Ш. — чэмпіянат Мінска — праведзены ў 1922 (пераможца Б.Круталевіч), 1-ы чэмпіянат Беларусі па рус. Ш. — у 1925. Найб. поспехаў у розны час дасягнулі: Валюк, В.​Габрыэлян, М.​Гелер, А.​Соркіна, А.​Плакхін. 1-ы чэмпіянат Беларусі па міжнар. Ш. адбыўся ў 1953. Найб. вызначыліся ў Ш. гэтай катэгорыі А.Альтшуль, А.Балякін, А.Гантварг, З.Голубева, В.​Камышлеева, М.Кац, І.​Пашкевіч, А.​Прэсман, Л.Сахненка, М.​Шавель. Федэрацыя Ш. Беларусі ўступіла ў ФМЖД у 1992. Каманда бел. шашыстаў прымала ўдзел у Сусв. шашачных алімпіядах у 1992 (1-е месца) і 2000 (3-е месца).

Літ.:

Берлинков Б.Л., Рокитницкий А.В. Шашечные партии белорусских мастеров. Мн., 1983;

Курилович Н.В. Заочные шашки в Беларуси. Мн., 1999;

Кац М. Уроки стратегии на 100 клетках. Мн., 2000.

П.​А.​Шацаў.

т. 17, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ ТЫ́ПЫ ГРАМА́ДСТВА,

этапы, ступені і ўзроўні грамадскага развіцця, якія характарызуюцца пэўнай цэласнасцю, якаснай пэўнасцю грамадскіх парадкаў, наяўнасцю ў іх агульных і спецыфічных рыс. Служаць канкрэтным выяўленнем аб’ектыўнай разнастайнасці формаў і праяўленняў гістарычнага працэсу і адначасова атаясамліваюць яго адзінства. Як катэгорыі навукі гістарычныя тыпы грамадства фармулююцца на аснове крытэрыяў, абумоўленых найперш разуменнем сутнасці і спецыфікі чалавечага грамадства. Існуе пэўны плюралізм падыходаў да ўстанаўлення гістарычных тыпаў грамадства. У гістарычным матэрыялізме яны вызначаюцца на базе тэорыі фармацыі грамадска-эканамічнай з пункту гледжання законаў узнікнення, існавання, развіцця, смерці дадзенага сац. арганізма і яго змены іншым, больш прагрэсіўным. Паводле К.​Маркса і Ф.​Энгельса, гіст. працэс адзіны, незваротны і развіваецца па ўзыходнай лініі, таму ўсе наступныя гістарычныя тыпы грамадства ўяўляюць сабой больш высокія этапы, узроўні або ступені ў параўнанні з папярэднімі. Яны вылучалі 5 гістарычных тыпаў грамадства: першабытнаабшчыннае, рабаўладальніцкае, феадальнае, капіталістычнае, камуністычнае. Такі падыход прапануецца марксістамі ў якасці аб’ектыўнай асновы перыядызацыі гіст. працэсу і яго падзелу на гіст. эпохі. Маркс, аднак, падкрэсліваў, што гіст. працэс супярэчлівы, а тыпы і тэмпы яго развіцця розныя; першапачаткова з-за нізкага ўзроўню развіцця вытворчасці, а ў далейшым з-за прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці, што робіць развіццё грамадства ў цэлым антаганістычным, нераўнамерным, зігзагападобным. У.​І.​Ленін таксама даводзіў, што «гісторыя ідзе зігзагамі і навакольнымі шляхамі». Аднак гэтыя рэгрэсныя з’явы не перарываюць працэс развіцця ў межах больш агульнай сістэмы.

Альтэрнатыўныя марксізму канструкцыі гістарычных тыпаў грамадства выкарыстоўваюць суб’ектыўныя крытэрыі (тэорыя «ідэальных тыпаў» М.​Вебера) або колькасныя паказчыкі развіцця матэрыяльнай вытв-сці (тэорыя «стадый эканамічнага росту» У.​Ростаў). У сучаснай зах., у прыватнасці амер., сацыялогіі пераважна ў адпаведнасці з тэхнал. і эканам. крытэрыямі (з некаторымі мадыфікацыямі) адрозніваюць такія гістарычныя тыпы грамадства, як традыцыйнае (ахоплівае даіндустрыяльны этап развіцця вытв-сці і грамадства), індустрыяльнае і постіндустрыяльнае (тэхнатроннае), або інфарм. грамадства. Прызнаецца і ўсеагульны лінейны паступальны кірунак гіст. працэсу, дзе на змену адным грамадствам прыходзяць іншыя, з больш высокім узроўнем тэхнал. і эканам. развіцця. Але акцэнты робяцца на лакальныя рысы і асаблівасці, што праяўляюцца ў пэўныя гіст. перыяды ў развіцці асобных краін і рэгіёнаў свету, на «цывілізацыйны» крытэрый, на ключавую для дадзенага грамадства прыкмету (светапогляд, рэлігію, навуку і мастацтва, навук.-тэхн. прагрэс і да т.п.).

Літ.:

Маркс К. Да крытыкі палітычнай эканоміі. Мн., 1952;

Энгельс Ф. Паходжанне сям’і, прыватнай уласнасці і дзяржавы. Мн., 1970;

Гэлбрейт Дж.К. Новое индустриальное общество: Пер. с англ. М., 1969;

Монсон П. Современная западная социология: Теории, традиции, перспективы: Пер. со швед. СПб., 1992;

Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М., 1994.

В.​І.​Боўш.

т. 5, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНКВІЗІ́ЦЫЯ (ад лац. inquisitio расследаванне),

трыбунал каталіцкай царквы, створаны для барацьбы з ерасямі, вальнадумствам, антыцарк. і антыфеад. рухам. Існавала ў 12—19 ст. ва ўсіх каталіцкіх краінах. Вызначалася жорсткасцю і фанатызмам. Рост у 12—13 ст. царк. і рэліг. апазіцыі (катары, альбігойцы, вальдэнсы) выклікаў узмацненне рэпрэсій з боку царквы. У 1184 на сінодзе ў Вероне папа Луцый III выдаў дэкрэт, у якім вызначаны юрыд. нормы І., а кіраванне ёю ўскладзена на епіскапаў. Стварэнне І. зацвердзілі 4-ы латэранскі (1215) і тулузскі (1229) саборы. Для ўдасканалення дзейнасці І., а таксама з мэтай прадухіліць злоўжыванні ўлад папа Грыгорый IX у 1223 увёў пасады папскіх інквізітараў для асобных краін і дыяцэзій (займалі пераважна дамініканцы і францысканцы). У 1232—35 інквізітарскія трыбуналы створаны ў Германіі, Арагоне, Аўстрыі, Ламбардыі, паўд. Францыі і Італіі. У 1252 пры папе Інакенцію IV афіцыйна ўведзена катаванне як сродак для атрымання паказанняў. Першапачаткова інквізіц. трыбуналы разглядалі толькі рэліг. справы, пазней (14—15 ст.) справы пра чараўніцтва, сувязь з д’яблам і інш. Асабліва жорсткі характар мела іспанская І., дзе ў 14—15 ст. вяліся масавыя рэпрэсіі супраць магаметан і яўрэяў, якія прынялі каталіцтва (гл. Мараны), іх абвінавачвалі ў патаемным вызнанні даўнейшай веры. З 1478, калі кароль Іспаніі атрымаў права прызначаць інквізітараў, І. цалкам падпарадкавана ўладзе і выкарыстоўвалася для яе ўзмацнення. Гал. ісп. інквізітар Т.​Тарквемада асабіста адправіў на касцёр каля 9 тыс. чалавек. Быў уведзены звычай публічнага і ўрачыстага спальвання асуджаных (гл. Аўтадафэ). З Іспаніі І. была перанесена ў Партугалію, амер. правінцыі, Нідэрланды. У 1542 створаны вярх. інквізітарскі трыбунал у Рыме на ўзор ісп. І., які стаў адным з асн. сродкаў Контррэфармацыі. Ахвярамі І. ў 17 ст. сталі перш за ўсё выдатныя вучоныя і мысліцелі (Дж.​Бруна, Дж.​Ваніні, Г.​Галілей і інш.). У 1543 выдадзены «Індэкс Забароненых кніг» і ўведзена жорсткая цэнзура.

У слав. краінах І. не адыграла значнай ролі. У большасці еўрап. краін яна скасавана да 18 ст. і толькі ў некаторых захавалася да сярэдзіны 19 ст. (у Партугаліі да 1820; у Іспаніі да 1835; у Італіі канчаткова скасавана ў 1859).

Літ.:

Ли Г.Ч. История инквизиции в средние века: Пер. с фр. Т. 1—2. СПб., 1911—12;

Льоренте Х.А. Критическая история испанской инквизиции: Пер. с фр. Т. 1—2. М., 1936;

Шпренгер Я., Инститорис Г. Молот ведьм. М., 1992;

Григулевич И.Р. Инквизиция. 2 изд, М., 1976;

Hayward F. The Inquisition. New York, 1966;

Baranowski B. Procesy czarownic w Polsce w XVII i XVIII wieku. Lodź, 1952.

Н.​К.​Мазоўка.

Катаванні, узаконеныя інквізіцыяй. Гравюра 1508.

т. 7, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІТА́Л (ням. Kapital першапачаткова — галоўная маёмасць, ад лац. capitalis галоўны),

пэўная сума сродкаў, якая дазваляе ўладальніку займацца прадпрымальніцтвам, перадаваць іх у пазыку і г. д.; сума накопленых матэрыяльных, грашовых, інтэлектуальных і інш. даброт. А.Сміт характарызаваў К. толькі як накоплены запас рэчаў і грошай, лічыў працу адзінай стваральніцай вартасці ў простай таварнай вытв-сці. З развіццём таварна-грашовых адносін працэс стварэння вартасці ўскладняўся, уцягваў і інш. фактары. Д.Рыкарда трактаваў К. як сродкі вытворчасці. К.Маркс лічыў К. самаўзрастаючай вартасцю, якая стварае прыбавачную вартасць, і даказваў, што К. — гэта не грошы; грошы становяцца К. толькі тады, калі на іх набываюцца сродкі вытв-сці і рабочая сіла, прычым стваральніцай прыросту вартасці (прыбавачнай вартасці) ён лічыў толькі працу наёмных рабочых.

К. — гэта грошы, якія пушчаны ў абарот і прыносяць ад гэтага даход (прыбытак). Яго ўсеагульная формула Г — Т — П, дзе Г — грашовыя сродкі, авансаваныя інвестарам, Т — тавар (купленыя сродкі вытв-сці, рабочая сіла і інш. элементы вытв-сці), П — прыбытак інвестара. Г — Т — затраты інвестара на закупку тавару. У формуле Г — Т — П грашовыя сродкі, укладзеныя ў вытв.-гандл. (камерцыйны) працэс, не затрачваюцца канчаткова, а толькі авансуюцца і вяртаюцца ўкладчыку (інвестару) з дадатковым даходам (П). На кожнай з 3 стадый К. прымае пэўную функцыянальную форму: на 1-й ён выступае як грашовы, на 2-й — як вытворчы, а на 3-й — як таварны К.

К., які адначасова існуе ў 3 функцыянальных формах, наз. прамысловым. Паводле формы ўкладання адрозніваюць прадпрымальніцкі К., укладзены ў розныя мерапрыемствы (праекты) шляхам прамых або партфельных інвестыцый, і пазыковы, дадзены ў пазыку на ўмовах зваротнасці і платнасці. Паводле аб’ектаў укладання К. падзяляецца на пастаянны, прызначаны (або затрачаны) на набыццё сродкаў вытв-сці, пераменны — на фарміраванне рабочай сілы; асноўны, укладзены ў асн. фонды, зваротны — у сродкі прадпрыемства, якія параўнальна лёгка трансфармуюцца ў наяўныя грошы (гатовая прадукцыя, вытв. запасы, дэбіторская запазычанасць, затраты будучых перыядаў і інш. элементы абаротных сродкаў). Сума асн. і абаротнага К. складае прадукцыйны К., а пастаяннага і пераменнага — авансаваны К., г. зн., прызначаны для набыцця сродкаў вытв-сці і фарміравання рабочай сілы. Адрозніваюць таксама венчурны К., які ўкладаецца ў аб’екты (праекты) з павышаным узроўнем рызыкі (напр., у новыя кампаніі навукаёмістых галін, інвестыцыі ў форме эмісіі новых акцый); акцыянерны К. — агульная сума акцый, ухваленых да выпуску або фактычна выпушчаных акц. т-вам; статутны К. — сума вытв. фондаў прадпрыемства, укладаў уласнікаў або ўдзельнікаў акц. т-ваў, якая фіксуецца ў іх статуце і знаходзіцца ў пастаянным карыстанні і распараджэнні.

Літ.:

Маркс К. Капітал. Т. 1—3. Мн., 1952—53;

Балабанов И.Т. Основы финансового менеджмента. М., 1997;

Долан Э.​Дж., Линдсей Д.Е. Макроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ОСТ», генеральны план «Ост», кодавая назва праграмы ням.-фаш. захопнікаў па каланізацыі і германізацыі Усх. Еўропы. Распрацаваны гал. упраўленнем імперскай дзярж. бяспекі. 1-ы варыянт датычыў у асн. тэр. Польшчы. Пасля нападу на СССР былі распрацаваны асн. фундаментальныя палажэнні і прынцыпы каланізацыі акупіраваных тэрыторый. Адзін з яго варыянтаў знойдзены ў 1970-я г. пры інвентарызацыі ням. ваен. дакументаў у нац. архіве ЗША. Першапачаткова намячалася «высяленне» 31 млн. чал., потым зроблена ўдакладненне — 46—51 млн. чал., у т. л. 75% беларусаў. Прадугледжвалася з Польшчы, зах. раёнаў СССР за 25—30 пасляваенных гадоў перасяленне ў Зах. Сібір, на Паўн. Каўказ, у Паўд. Амерыку каля 31 млн. славян, а таксама значнай часткі насельніцтва Прыбалтыкі. Каланізацыі і амаль поўнай германізацыі падлягалі Беларусь, Літва, Латвія, Эстонія, Інгерманландыя (Ленінградская і Пскоўская вобл.), Готэнгаў (Крым і Херсонская вобл.). У адносінах да славянскага насельніцтва меркавалася знішчыць інтэлігенцыю (носьбіта культуры народа); стэрылізацыяй і інш. спосабамі штучна паменшыць нараджальнасць, агульнаадук. ўзровень народа звесці да ўмення чытаць і лічыць. Планавалася стварыць 4 рэйхскамісарыяты: «Балтэнланд» («Остланд»), «Украіна», «Каўказ» і «Расія» («Масковія»). Масква падлягала зруйнаванню (разам з насельніцтвам), Ленінград пераймяноўваўся ў г. Адольфсбург. «Кіраваць» захопленай тэр., паводле плана ням. ген. штаба, прызначаліся 56 дывізій. Для рэалізацыі плана «О.» меркавалася стварыць 36 пасяленскіх апорных пунктаў, з іх 14 на Беларусі і ў Прыбалтыцы. У Мінску планавалася пасяліць 50 тыс. немцаў і часова пакінуць у якасці рабочай сілы 100 тыс. мясц. жыхароў, у Гомелі адпаведна 30 тыс. і 50 тыс., у Магілёве — 20 тыс. і 50 тыс., Віцебску — 20 тыс. і 40 тыс., Полацку — 10 тыс. і 20 тыс., Гродне — 10 тыс. і 20 тыс., Баранавічах — 10 тыс. і 20 тыс., Барысаве і Навагрудку па 5 тыс. і 15 тыс. і г.д. Усяго ў 20 гарадах Беларусі прадугледжвалася пасяліць больш за 200 тыс. каланістаў. У Мінску планавалася буд-ва казарм для эсэсаўцаў, будынкаў ваен. кіраўніцтва, жандармерыі і інш. карных органаў, турмы, крэматорыя з пляцоўкай для расстрэлаў і спец. пад’язнымі пуцямі. У час акупацыі праводзілася масавае знішчэнне населеных пунктаў разам з жыхарамі. На Беларусі з 9200 вёсак, спаленых гітлераўцамі, больш за 5290 знішчаны разам з усімі або значнай часткай жыхароў. За гады акупацыі фашысты загубілі на Беларусі больш за 2,2 млн. грамадзян, каля 380 тыс. вывезлі ў Германію. Актыўны падп. і партыз. рух, разгром фаш. Германіі перашкодзілі захопнікам ажыццявіць план «О.». Гл. таксама Генацыд, Карныя аперацыі, Лагеры смерці.

Літ.:

Преступные цели — преступные средства: [Сб. док.]. 3 изд. М., 1985;

Безыменский Л.А. Генеральный план «Ост»;

замысел, цели, результаты // Вопр. истории. 1978. № 5;

Яго ж. Разгаданные загадки третьего рейха, 1933—1941. [Ч. 1—21. 2 изд. М., 1984.

т. 11, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРФЯ́НСКАЕ ЦА́РСТВА,

старажытная дзяржава ў 250 да н.э. — 224 н.э. на ПдУ ад Каспійскага м. Узнікла пасля распаду дзяржавы Селеўкідаў. Першым царом П.ц. быў правадыр племя парнаў Аршак (родапачынальнік дынастыі Аршакідаў), які ў 247 да н.э. перамог грэч. намесніка Парфіі Андрагора. Аршакіды пашырылі сваю ўладу на У, захапілі Бактрыю і Маргіяну, на З — да межаў Сірыі і Месапатаміі. Каля 170—137 да н.э. цар Парфіі Мітрыдат I заваяваў Мідыю, б.ч. Месапатаміі, Элімаіду з Сузамі, Парсу і ч. Грэка-Бактрыйскага царства (каля 136 да н.э.). Тэр. П.ц. ў час росквіту (сярэдзіна 1 ст. да н.э.) распасціралася ад Двухрэчча да р. Інд, было сапернікам. Стараж. Рыма на Усходзе. У пач. 1 ст. да н.э. адбыліся першыя сутычкі парфян з рымлянамі. Паводле пагаднення 92 да н.э. паміж П.ц. і рым. дзяржавай мяжой прызнана р. Еўфрат. У 53 да н.э. рым. войскі М.Краса разбіты каля Караў. Да 40 да н.э. парфяне захапілі амаль усю М. Азію, Сірыю і Палесціну. У 39 да н.э. рымляне зноў адкінулі парфян за Еўфрат. Адначасова Рым імкнуўся выкарыстаць унутр. барацьбу ў Парфіі паміж варагуючымі групоўкамі, супрацьстаянне паміж якімі выклікала грамадз. войны ў П.ц. (57—55, 31—25 да н.э.). У 1 ст. н.э. пачаўся заняпад П.ц., выкліканы ростам мясц. сепаратызму, дынастычнымі спрэчкамі і набегамі качэўнікаў. У 224 правіцель васальнай Парсы (Персіды) Ардашыр I разграміў армію апошняга з Аршакідаў Артабана V. П.ц. перастала існаваць, яго тэр. ўвайшла ў дзяржаву Сасанідаў.

Першапачаткова мастацтва П.ц. развівалася як галіна эліністычнага мастацтва, элементы якога часткова творча перапрацоўваліся мясц. насельніцтвам. Для ўсх. часткі П.ц. тыповымі былі храмы, якія паводле плана (квадратнае свяцілішча з 4 калонамі ў цэнтры, абкружанае памяшканнямі), магчыма, паходзяць ад стараж. храма агню (у Персепалі, 3 ст. да н.э.). Пабудовы палацавых ансамбляў звычайна групаваліся вакол цэнтр. двара, у які выходзілі айваны (тэрасы; палац на гары Кухе-Ходжа, 1—3 ст.). Разам з прывазнымі эліністычнымі творамі пластыкі пашырыліся мясц. размаляваныя гліняныя статуі (у будынках Нісы), тэракотавыя статуэткі (у Маргіяне). Вядомы плоскасныя франтальныя наскальныя рэльефы (на скале Бехістун, першыя ст. н.э.), фрагменты паліхромных размалёвак палаца на гары Кухе-Ходжа, рытоны мясц. форм з фрызамі на грэч. і мясц. сюжэты (слановая косць, 2 ст. да н.э.). Для зах. часткі характэрны свяцілішчы вавілонскага тыпу (памяшканні размяшчаліся па перыметры ўнутр. двара; у Ніпуры) з грэка-рым. уплывам (у Хатры). У крапасных і палацавых збудаваннях часта спалучаліся грэч. перыстыль і мясц. айван (палац у Ашуры, 1 ст.). Для архітэктуры жылля ўласцівы пераход ад «пастаткавага» тыпу дома да «айваннага». У жывапісе (Дура-Еўрапас) і скульптуры (Хатра) у першыя ст. н.э. відавочны тэндэнцыі да франтальнасці кампазіцыі і плоскаснасці. Дробная пластыка адметная паступовым знікненнем грэч. тыпаў і зваротам да мясц. сюжэтаў.

А.​У.​Казленка.

т. 12, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)