судовыя органы, якія ў межах сваёй кампетэнцыі вырашаюць спрэчкі, што ўзнікаюць пры заключэнні і выкананні гаспадарчых дагавораў паміж прадпрыемствамі, установамі і арг-цыямі незалежна ад формаў уласнасці і падпарадкавання. Утвораны ў 1991. Арганізацыя і парадак дзейнасці вызначаюцца законам аб гасп. судзе ад 5.6.1991 і Гаспадарчым працэсуальным кодэксам. Сістэма гаспадарчых судоў складаецца з Вышэйшага гаспадарчага суда Рэспублікі Беларусь і гаспадарчыя суды абласцей. Гаспадарчыя суды абласцей вырашаюць усе гасп. спрэчкі, акрамя спрэчак, якія разглядае Вышэйшы гасп.суд. Спрэчкі разглядаюцца суддзёй аднаасобна, па складаных справах старшыня суда мае права ўвесці ў склад суда яшчэ двух суддзяў. Рашэнне гаспадарчага суда па спрэчцы набывае законную сілу адразу ж пасля яго вынясення. Выкананне рашэння гаспадарчага суда праводзіцца на падставе загаду, які выдаецца гаспадарчым судом і з’яўляецца выканаўчым дакументам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ КАНТРО́ЛЬ,
сістэма кантролю дзярж. органаў за вытв., гасп., фін. і інш. дзейнасцю дзярж., грамадскіх і каап. арг-цый, прадпрыемстваў і ўстаноў, выкананнем імі законаў і інш. прававых актаў. Дз.к. за выкананнем рэсп. бюджэту, выкарыстаннем дзярж. уласнасці, выкананнем актаў Прэзідэнта, Нац. сходу, СМ і інш.дзярж. органаў, якія рэгулююць адносіны дзярж. уласнасці, гасп., фін. і падатковыя адносіны, ажыццяўляе Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. Вядучая роля ў Дз.к. належыць Саветам дэпутатаў, якім падкантрольныя ўсе інш.дзярж.органы і службовыя асобы гэтых органаў. Дз.к. за дзейнасцю вышэйшых выканаўчых і распарадчых органаў дзярж. улады ажыццяўляюць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, парламент. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь кантралюе дзейнасць дзярж. к-таў, мін-ваў і ведамстваў, якія ў сваю чаргу ажыццяўляюць Дз.к. за дзейнасцю падначаленых ім арг-цый і ўстаноў. Аб’ём кантрольных правоў кожнага звяна Дз.к. вызначаецца законам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЎНА ХВАРО́БА,
храмасомная хвароба, пры якой адставанне ў разумовым і фіз. развіцці спалучаецца са своеасаблівым вонкавым выглядам хворых і недастатковасцю функцый залоз унутр. сакрэцыі (найчасцей шчытападобнай залозы). Апісана англ. урачом Л.Даўнам у 1866. У хворых на Д.х. колькасць храмасом у клетках 47 замест 46 (3 замест 2 храмасом 21-й пары). Прыкметы: паменшаныя памеры галавы, вузкія вочныя шчыліны, косы разрэз вачэй, скурныя складкі каля ўнутр. вуглоў вачэй, плоскі твар са скулавымі дугамі, кароткі нос з шырокім пераноссем, дэфармаваныя вушы, тоўсты язык, рэдкія зубы, паўадкрыты рот. Ужо на першым годзе жыцця назіраецца адставанне ў развіцці псіхікі (гл.Алігафрэнія) і рухальных навыкаў. Дзеці пазней пачынаюць сядзець і хадзіць; тонус іх мышцаў парушаны, аб’ём рухаў у суставах павялічаны, палавыя органы недаразвітыя. Лячэнне малаэфектыўнае. Навучанне ў спец. школах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗРОК,
успрыманне арганізмам навакольнага свету праз улоўліванне зроку органамі святла, якое адлюстроўваецца ці выпраменьваецца аб’ектамі святла. У працэсе эвалюцыі З. удасканальваўся: ад здольнасці адрозніваць толькі святло ад цемры (напр., дажджавыя чэрві) да разнастайнага аналізу адлюстравання. Вока чалавека ўспрымае святло з даўж. хвалі 380—760 нм.
На органы З. ўсе прадметы ўздзейнічаюць адбітымі або прамымі светлавымі прамянямі. Пад уздзеяннем энергіі святла ў палачках і колбачках сятчаткі вока адбываюцца фотахім. рэакцыі, узнікаюць эл. токі, якія выклікаюць нерв. імпульсы, што перадаюцца па праводных шляхах зрокавага аналізатара да цэнтр. коркавага аддзела мозга, дзе фарміруюцца зрокавыя адчуванні. Адрозніваюць З. цэнтр. і перыферычны. Характарызуецца З. вастрынёй. Нармальная вастрыня З. — здольнасць адрозніваць 2 кропкі прадмета з вуглом паміж імі ў 1′. Да функцый З. адносяць і бінакулярны зрок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЕРВА́ЦЫЯ (ад лац. in у, унутры + нервы),
забяспечанне органаў і тканак нервамі, якія ажыццяўляюць іх сувязь з цэнтральнай нервовай сістэмай. Адрозніваюць І. аферэнтную (цэнтраімклівую) і эферэнтную (цэнтрабежную). Сігналы аб стане органаў успрымаюцца чуллівымі нерв. канчаткамі (рэцэптарамі) і перадаюцца ў ц. н. с. па цэнтраімклівых валокнах, па цэнтрабежных ідуць у адказ імпульсы ад ц. н. с., якія каардынуюць дзейнасць органаў. Роля ц. н. с. ў рэгуляцыі розная. Напр., калі перарэзаць нерв. валокны, якія ідуць да мышцы (дэнервацыя), без сігналаў жыццезабеспячэння настае атрафія органа. Іншыя органы (сэрца, кішэчнік) маюць здольнасць часткова дзейнічаць пад уплывам імпульсаў у самім органе (аўтаматызм). З дапамогай І. ажыццяўляюцца рэакцыі арганізма на змену навакольнага і ўнутр. асяроддзя, забяспечваюцца рэгуляцыя і каардынацыя дзейнасці органаў, сістэм і адаптацыя мнагаклетачных арганізмаў да ўмоў існавання.
расійскі біёлаг, эмбрыёлаг-эвалюцыяніст, адзін з заснавальнікаў параўнальнай эмбрыялогіі і фізіялогіі беспазваночных жывёл, эвалюцыйнай і эксперым. гісталогіі. Акад. Пецярбургскай АН (1890). Брат У.А.Кавалеўскага. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1863). Праф. Казанскага (з 1868), Кіеўскага (з 1869), Новарасійскага ў Адэсе (з 1874) і Пецярбургскага (у 1891—94) ун-таў; дырэктар Севастопальскай біястанцыі (у 1892—1901). Навук. працы пра агульныя заканамернасці развіцця пазваночных і беспазваночных жывёл: пашырыў на беспазваночных вучэнне пра зародкавыя лісткі і залажыў асновы адзінай тэорыі зародкавых лісткоў для ўсіх прадстаўнікоў жывёльнага свету, адзначыў іх эвалюц. падабенства. Адкрыў фагацытарныя органы ў беспазваночных і вызначыў іх ролю ў метамарфозе насякомых. Працы К. і І.Л.Мечнікава леглі ў аснову філагенетычнага кірунку ў эмбрыялогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАПЫ́, паўцвердакрылыя,
атрад насякомых. Вядомы з мезазойскай эры (каля 200 млн г. назад). 50 сям., больш за 30 тыс. відаў. На Беларусі каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на сушы (паверхня і верхні слой глебы, расліны), на паверхні вады і ў вадзе (водныя расліны, дно).
Даўж. ад 0,7 мм да 12 см. Крылаў 2 пары, пярэднія неаднародныя: верх перапончаты, аснова цвёрдая, скурыстая (адсюль назва), ёсць кароткакрылыя і бяскрылыя (пасцельны клоп) формы. Ротавы апарат колюча-сысучага тыпу, складаецца з членістага хабатка, утворанага скручанай у трубку ніжняй губой і 2 парамі стылетаў (верхнія і ніжнія сківіцы). Ёсць пахучыя грудныя залозы. Развіццё з няпоўным ператварэннем (стадыя кукалкі адсутнічае). Большасць К. корміцца сокамі раслін (у асн., генератыўныя органы і насенне), некаторыя — драпежнікі, крывасмокі, паразіты інш. жывёл. Могуць пераносіць узбуджальнікаў вірусных хвароб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОРМАЎБО́РАЧНЫ КАМБА́ЙН,
машына для скошвання сеяных і прыродных траў, высокасцябловых культур (сланечнік, кукуруза), а таксама для падбору з валкоў падвяленай травы з адначасовым здрабненнем і пагрузкай масы ў трансп. сродкі. Выкарыстоўваецца пры нарыхтоўцы сенажу, сена, травяной мукі, сіласу (гл. таксама Сіласаўборачны камбайн).
К.к. бываюць самаходныя колавыя і гусенічныя, прычапныя да гусенічных і колавых («Беларусь») трактараў. Асн. вузлы — шасі са здрабняльнікам і зменныя рабочыя органы. У залежнасці ад культуры, якая ўбіраецца, К.к. абсталёўваюць адпаведнымі жняяркамі (суцэльнага зрэзу, ручаёвымі або барабаннымі), падборшчыкам, здрабняльным апаратам барабаннага ці дыскавага тыпу. Шырыня захопу да 4,2 м, прапускная здольнасць пры скошванні траў да 36 т/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДУ́ЗЫ,
асобіны палавога пакалення кішачнаполасцевых жывёл, якія свабодна плаваюць. Характэрны для сцыфоідных і многіх гідроідных. Некат. сцыфоідныя (стаўрамедузы) жывуць на дне, прымацаваныя да субстрату. Пашыраны ў морах, часам у прэсных водах. М. ўзнікаюць пры адпачкаванні ад прымацаваных да субстрату асобін бясполага пакалення — паліпаў. У некат. гідроідных (трахіліды) і сцыфоідных чаргаванне пакаленняў страчана, М. развіваецца з яйца.
Дыяметр ад некалькіх міліметраў да 2,3 м. М. уласціва гетэрапалярная радыяльна-восевая сіметрыя. Цела паўпразрыстае, у форме парасона або звона; па краях шчупальцы (даўж. да 30 м), у некат. з жыгучымі клеткамі, і органы пачуццяў. Ротавая адтуліна ў сярэдзіне ніжняга боку парасона. Рухаюцца рэактыўным спосабам (выкідваюць ваду з поласці парасона). Кормяцца планктонам. Раздзельнаполыя. Палавыя прадукты выкідваюць у ваду, дзе яны апладняюцца і развіваюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКО́ЗЫ [ад грэч. mykēs грыб + ...оз(ы)],
1) інфекцыйныя хваробы жывёл і чалавека, якія выклікаюцца паразітычнымі грыбамі і актынаміцэтамі. Пашыраны ўсюды. У жывёл хварэе пераважна маладняк. Большасць узбуджальнікаў аэробныя арганізмы, некат. маюць таксіны, якія выклікаюць атручэнні. Заражэнне адбываецца праз скуру, слізістыя абалонкі экзагенна (ад хворага непасрэдна ці праз паветра, прадметы, кармы, ежу) або эндагенна (пры актывацыі патагенаў у час інш. хвароб, парушэнняў абмену рэчываў, дысбактэрыёзаў). Пры паверхневых М. пашкоджваюцца скура і яе вытворныя, пры глыбокіх — таксама слізістыя абалонкі, унутр.органы і тканкі, могуць утварацца пухліны. Большасць М. працякае хранічна, многія перадаюцца ад жывёл чалавеку. У людзей найчасцей бываюць грыбковыя хваробы скуры. У жывёл пашыраны актынабацылёз, актынамікоз, аспергілёз, бластамікозы, какцыдыяідоз, кандыдамікозы, мікраспарыя, трыхафітыя, фавус, фікамікозы, эпізаатычны лімфангііт, крыптакакоз, споратрыхоз, стрэптатрыхоз і інш. 2) Тое. што грыбныя хваробы раслін.