ПАТРЫЦЫЯ́Т,

вышэйшая, найб. багатая ч. насельніцтва сярэдневяковых гарадоў Зах. Еўропы, якая замацавала за сабою асобныя правы і прывілеі ў гар. абшчыне (гандляры, ліхвяры, землеўладальнікі). П. захапіў уладу ў гарадах, якія дамагліся самакіравання, прысвоіў сабе выключнае права выбіраць гар. раду і замяшчаць пасады ў гар. магістратуры, каб уводзіць выгадную для яго сістэму падаткаў, набыцця прыбытковых водкупаў, размеркавання гар. сродкаў. З уключэннем гарадоў у агульнадзярж. адм. сістэму П. страціў значэнне.

т. 12, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМЕРКАВА́ННЕ,

стадыя ўзнаўлення грамадскага прадукту, якая злучае спажыванне і вытв-сць. Характар і формы Р. вызначаюцца сістэмай грамадскіх адносін і залежаць ад уласнасці на сродкі вытв-сці. Ва ўмовах рыначнай эканомікі Р. ажыццяўляецца ў сферы абарачэння. У працэсе Р. матэрыяльныя, фін. і прац. рэсурсы накіроўваюцца па галінах эканомікі, прадпрыемствах і эканам. рэгіёнах. Для павышэння эфектыўнасці Р. патрэбна ўстойлівае забеспячэнне збалансаванасці паміж грашовымі даходамі насельніцтва і іх пакрыццём таварамі і паслугамі.

т. 13, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУКАВІ́НА,

гістарычная назва (з 15 ст.) тэрыторыі, якая ўключае сучасную Чарнавіцкую вобл. Украіны (Паўн. Букавіна) і вобл. Сучава ў Румыніі (Паўд. Букавіна). У 10—11 ст. у складзе Кіеўскай Русі, у 12—13 ст. у Галіцка-Валынскім княстве, з сярэдзіны 14 ст. ў Малдаўскім княстве, з 16 ст. ў Турцыі, з 1774 у Аўстра-Венгрыі. У ліст. 1918 Букавіна адышла да Румыніі. У жн. 1940 Паўн. Букавіна, асн. насельніцтва якой украінцы, уключана ў склад Украіны.

т. 3, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ТАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі мезаліту (каля 8—6-га тыс. да н.э.) на тэр. Волга-Камскага міжрэчча. Назва ад стаянкі каля в. Бутава Старыцкага р-на Цвярской вобл. Насельніцтва вяло рухомы лад жыцця. Аснова гаспадаркі — паляванне. Для бутаўскай культуры характэрны крамянёвыя разцы акруглыя і з неапрацаванай пляцоўкай, геам. мікраліты (на познім этапе), вербалістыя і тронкавыя наканечнікі стрэл. У фарміраванні бутаўскай культуры значную ролю адыгралі познасвідэрскія і арэнбургскія элементы.

А.​В.​Іоў.

т. 3, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХМУ́ЦІНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура 5—8 ст. у міжрэччы Уфы, Камы і Белай. Назва ад могільніка каля в. Бахмуціна Благавешчанскага р-на (Башкортастан). Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, жыло на селішчах і гарадзішчах у паўзямлянкавых жытлах. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў грунтавых магілах. У пахаваннях шмат упрыгожанняў (падвескі, накладкі, паясы, фібулы), зброя (мячы, стрэлы, сякеры), прылады працы (сярпы, долаты, скоблі) і інш. Большасць керамікі — кругладонныя пасудзіны, арнаментаваныя па ўсёй паверхні дробнымі ямкамі. Носьбітамі Бахмуцінскай культуры былі угры.

т. 2, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ЯЎРЭ́ЙСКІХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ і АБШЧЫ́Н,

нацыянальнае культурнае аб’яднанне яўрэяў Беларусі. Створана ў крас. 1991. Мэты і задачы: адраджэнне яўрэйства Беларусі як нац., рэліг. і культ. супольнасці; абарона правоў і інтарэсаў яўр. народа ў органах дзярж. улады; стварэнне ў месцах кампактнага пражывання яўрэяў нац. абшчын; разгортванне сістэмы яўр. асветы; стымуляванне вывучэння іўрыту; распаўсюджванне маралі і традыцый іудаізму сярод яўр. насельніцтва і інш. Аб’ядноўвае 135 яўр. арг-цый і 17 гар. абшчын (1995).

Э.​Р.​Іофе.

т. 2, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ НАЦЫЯНА́Л-САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (БНСП),

арганізацыя бел. фашыстаў у 1930—40-я г. Пачала стварацца ў 1933 у Вільні па ініцыятыве групы пранямецка настроеных бел. дзеячаў. З 1934 працаваў прэзідыум Бел. нацыянал-сацыяліст. актыву (старшыня Ф.Акінчыц), які ў 1936 ператвораны ў БНСП. Друкаваны орган — час. «Новы шлях». Партыя была забаронена ўладамі Польшчы. БНСП не мела падтрымкі сярод бел. насельніцтва і ням.-фаш. улад. Распалася, відаць, пасля смерці Акінчыца (сак. 1943).

А.​М.​Літвін.

т. 2, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т ПРАЕКТАВА́ННЯ АБ’Е́КТАЎ КАМУНА́ЛЬНАЙ ГАСПАДА́РКІ (Белкамунпраект) Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1968 у Мінску. Да 1969 Бел. ін-т праектавання капітальнага рамонту жылых і грамадскіх будынкаў і буд-ва камунальных аб’ектаў. Асн. кірункі работы: распрацоўка комплексных праектаў буд-ва і рэканструкцыі камунальных прадпрыемстваў, вытв. баз рамонтна-буд. арг-цый, аб’ектаў добраўпарадкавання, зялёнага буд-ва, гар. электратранспарту, перапрацоўкі быт. адкідаў, грамадз. абслугоўвання насельніцтва, цепла- і водазабеспячэння, каналізацыі і інш. аб’ектаў гар. гаспадаркі.

т. 2, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯХО́Р(А) (ад бія... + ...хор),

1) геаграфічнае асяроддзе, у якім вызначаныя пануючыя жыццёвыя формы прыстасаваны да пэўных спалучэнняў метэаралагічных фактараў.

2) Вобласць пашырэння жыцця.

3) Група падобных месцапражыванняў.

4) Кліматычная мяжа фларыстычнага раёна.

5) Буйное падраздзяленне біясферы. Ахоплівае прасторава аб’яднаныя біятопы, якія размешчаны ў аднатыпных кліматычных умовах і характарызуюцца спецыфічным складам жывога насельніцтва. Аб’ядноўваюцца ў біяцыклы. Уяўленне аб біяхоры аналагічнае паняццю «ландшафтная зона» (у экалогіі з-за большай канкрэтнасці яму аддаецца перавага).

т. 3, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛБА́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1912,

усеагульнае паўстанне хрысц. і мусульм. насельніцтва Албаніі супраць асманскага панавання. Пачалося ў сак. на Пн і ПнЗ (гал. яго ачаг знаходзіўся ў горным раёне каля г. Шкодэр), у ліп. Ахапіла Пд і цэнтр Албаніі. Аднак алб. феадалы, якія з мая ўзначалілі кіраўніцтва паўстаннем, адмовіліся ад ідэі поўнай незалежнасці Албаніі і заключылі пагадненне з тур. урадам, які абяцаў задаволіць некаторыя нац. патрабаванні албанцаў. У жн. кіраўнікі дамагліся спынення Албанскага паўстання 1912.

т. 1, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)