род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 20 відаў, якія часам аб’ядноўваюць у 1 від — С. пахучы (A. graveolens) з падвідамі. Пашыраны па ўсіх кантынентах. Вырошчваўся ў стараж. Рыме і Егіпце, у Расіі — з 17 ст. На Беларусі культывуюць разнавіднасці С. пахучага: лісцевы (напр., сорт Кучаравы лісцевы), чаранковы (напр., сорт Залатое пяро) і караняплодны (напр., сорт Яблычны).
Двухгадовыя (у культуры аднагадовыя) травы. У першы год утвараюць разетку лісця выш. 30—50 см, на другі — баразнаватыя, прамыя, галінастыя сцёблы выш. да 150 см. Кветкі дробныя, зеленаватыя, крэмавыя, або белыя ў складаным парасоніку. Плод — сямянка. Лісце і караняплоды багатыя аскарбінавай к-той, карацінам, вітамінамі, мікраэлементамі, эфірным алеем. У кулінарыі С. выкарыстоўваецца ў свежым, вараным і смажаным выглядзе. З насення і лісця атрымліваюць эфірны алей. Лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАВАВА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
сукупнасць органаў стрававання ў жывёл і чалавека, якія забяспечваюць мех. і хім. апрацоўку ежы, усмоктванне яе састаўных ч. і выдзяленне незасвоеных рэшткаў. У пазваночных С.с. ўключае ротавую поласць, глотку, стрававод, страўнік, кішэчнік, буйныя стрававальныя залозы (печань, падстраўнікавая залоза). У расліннаедных адзначаецца значная даўж. кішэчніка, асабліва тоўстага (напр., у коней з’яўляюцца дадатковыя сляпыя адросткі), у кароў страўнік мае 4 камеры, у драпежных кішэчнік карацейшы, страўнік аднакамерны. Розныя аддзелы С.с. выконваюць спецыфічныя функцыі ў працэсе бесперапыннага ператраўлення ежы (напр., хім. працэс стрававання і ўсмоктвання ў страўніку і тонкай кішцы), таксама нестрававальныя функцыі (напр., выдзяляльных органаў, эндакрынных залоз, імунныя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТРО́ЛЫ,
грануляваныя пластычныя масы на аснове эфіраў цэлюлозы (напр., ацэтату, нітрату цэлюлозы). Маюць у сабе таксама пластыфікатары, антыаксіданты, святлостабілізатары і фарбавальнікі.
У тэхналогіі атрымання гранул Э. выкарыстоўваюць метад экструзіі. Э. на аснове нітрату цэлюлозы, пластыфікаваныя камфарай або рыцынай, наз.цэлулоідам. Тэрмапластычныя матэрыялы, не падтрымліваюць гарэнне. Вырабы з Э. добра паддаюцца мех. апрацоўцы, лёгка склейваюцца растваральнікамі (напр., ацэтонам) або кляямі, якія маюць у сабе растваральнік, і паліруюцца. Выкарыстоўваюць у вытв-сці труб для перапампоўвання прыроднага газу, дэталей аўтамабіляў, самалётаў, суднаў (штурвалы, прыборныя шчыткі, ручкі), тэлеф. апаратаў, радыё- і тэлепрыёмнікаў, мед. інструментаў, цацак і інш.; празрыстыя лісты з Э. — ахоўныя і назіральныя экраны, напр., пры рабоце з радыеактыўнымі злучэннямі. Вырабы з Э. прыдатныя для работы ў экстрэмальных умовах Арктыкі і тропікаў. У ЗША Э. выпускаюць пад назвай тэнайт, у Вялікабрытаніі — дэксел, у Германіі — цэлідор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДСТРА́Т (ад лац. ad пры, каля + stratum слой),
сляды ўзаемадзеяння мовы прышэльцаў і тубыльцаў на фанетычным, лексічным, граматычным узроўні. Пры гэтым не адбываецца асіміляцыі, а абедзве моўныя сістэмы працягваюць суіснаванне (скандынаўскі ўплыў на англ. мову 9—11 ст., цюркскі адстрат у бел. мове, напр.: кіндзюк — зельц). Часам тэрмін «адстрат» ужываецца для абазначэння ўзаемапранікнення тэрытарыяльна сумежных, але не блізкародных моў (бел. і літоўскай; напр., валандацца, клыпаць). Паняцце «адстрат» уведзена М.Барталі ў 1936.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАСУЛЬФА́ТЫ, бісульфаты, гідрагенсульфаты,
кіслыя солі сернай кіслаты. У цвёрдым стане вылучаны гідрасульфаты шчолачных металаў (напр., гідрасульфат калію KHSO4, бясколерныя крышталі, tпл 220 °C, шчыльн. 2400 кг/м³).
Гідрасульфатыц шчолачна-зямельных і некаторых інш. металаў існуюць толькі ў водных растворах. Атрымліваюць узаемадзеяннем сернай к-ты з сульфатамі і хларыдамі адпаведных металаў. Выкарыстоўваюць гідрасульфаты калію і натрыю як кампанент флюсу ў металургіі, рэагент для пераводу (сплаўленнем) нерастваральных аксідаў (напр., аксіды алюмінію, жалеза і інш.) у растваральныя сульфаты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОМАМАРФІ́ЗМ (ад гома... + грэч. morphē від, форма) у матэматыцы і логіцы, адлюстраванне аднаго алгебраічнага аб’екта (напр., групы, поля, цела) на другі, пры якім захоўваюцца ўсе зададзеныя на ім аперацыі і дачыненні; абагульненне паняцця ізамарфізму. Напр., гомамарфізм групы A у групу B ставіць у адпаведнасць кожнаму элементу з A пэўны элемент (вобраз) з B, пры гэтым суме (здабытку або інш.) элементаў з A адпавядае сума (здабытак або інш.) іх вобразаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛГЕБРАІ́ЧНЫ ЛІК,
корань мнагаскладу
з рацыянальнымі каэфіцыентамі an, з якіх не ўсе роўныя 0; у агульным выпадку можа быць камплексным лікам. Г.Кантар (1872) паказаў, што мноства ўсіх алгебраічных лікаў злічонае і таму існуюць неалг. лікі (гл.Трансцэндэнтны лік), напр., , π і інш. Мноства ўсіх алгебраічных лікаў — алгебраічна замкнёнае поле (напр., адвольны корань мнагаскладу з алг. каэфіцыентамі таксама алгебраічны лік).