МАЧУ́ЛЬСКІ (Раман Навумавіч) (30.11.1903, в. Крываносы Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 26.4.1990),

парт. і дзярж. дзеяч Беларусі. Герой Сав. Саюза (1944). Засл. работнік культуры БССР (1980). Скончыў Рэсп. школу прапагандыстаў пры ЦК КП(б)Б (1937). З 1937 на парт. рабоце ў Грэску, Чэрвені, Плешчаніцах. У Вял. Айч. вайну ў тыле ворага ўпаўнаважаны ЦК КП(б)Б па Мінскай і Палескай абл., сакратар Мінскага падп. абкома КП(б)Б, у кастр. 1942 — маі 1943 в.а. камандзіра Мінскага партыз. злучэння, з жн. 1943 камандзір партыз. злучэння Барысаўска-Бягомльскай зоны. Пасля вайны на сав. і парт. рабоце, з 1950 1-ы сакратар Пінскага абкома КПБ, у 1954—59 старшыня Брэсцкага аблвыканкома. Чл. ЦК КПБ у 1949—60. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—55, Вярх. Савета СССР у 1954—62. Нам. Старшыні Прэзідыума Вярх. Савета БССР у 1947—51. Аўтар мемуараў «Старонкі бессмяротнасці» (1972), «Людзі высокага абавязку» (1975), «Вечны агонь» (3-е выд., 1978), «На вогненнай зямлі» (1983).

Р.Н.Мачульскі.

т. 10, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА,

1) ваенна-адм. адзінка рас. арміі ў 1-ю сусв. вайну. Створана ў ліп. 1914 замест скасаванай Віленскай ваеннай акругі; тылавы раён Паўночна-Заходняга фронту, з 1915 — Заходняга фронту 1915—18. У 1917 уключала Магілёўскую, Смаленскую, Калужскую губ., часткі Віцебскай, Мінскай і Чарнігаўскай губ. На тэр. акругі знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага (г. Баранавічы, Магілёў). Узначальваў акругу гал. начальнік, пры якім дзейнічаў штаб (дыслацыраваўся ў Мінску, потым у Смаленску). Камандаванне акругі займалася камплектаваннем і размяшчэннем вайск. часцей, нарыхтоўкамі для дзеючай арміі, эвакуацыяй параненых і цывільнага насельніцтва, пытаннямі цэнзуры, контрразведкі і інш. Штаб акругі расфарміраваны ў пач. 1918.

2) Назва з 28 ліст. да 14 снеж. 1918 Беларускай ваеннай акругі.

3) Ваенна-адм. аб’яднанне вайск. часцей, злучэнняў, ваен. навуч. і інш. устаноў Сав. Арміі пасля Вял. Айч. вайны. Існавала з 9.7.1945 да 4.2.1946 на тэр. Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Маладзечанскай і Полацкай абл.; упраўленне размяшчалася ў Мінску. Аб’яднана разам з Баранавіцкай ваен. акругай у Бел. ваен. акругу.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 10, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЗАБЫТО́ЎСКІ (Аляксандр) (2.10.1819, в. Смалічы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.; паводле інш. звестак 15.9.1818, в. Зубкава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 21.3.1849),

бел. і польскі пісьменнік, філосаф, гісторык. Вучыўся ў прыватным франц. пансіёне ў Варшаве, у Дэрпцкім ун-це (1835—38). У 1844—47 наведаў Францыю, Аўстрыю, Італію, Іспанію, Партугалію, Англію. За спробу перавезці свае і чужыя нелегальныя выданні арыштаваны, зняволены ў пінскай, мінскай і віленскай турмах. Быў прыгавораны да пазбаўлення дваранскіх і маёмасных правоў і 20-гадовай катаргі ў сібірскіх рудніках (памёр да выканання прыгавору). У ананімных кнігах, якія выдаваў у Вільні і Парыжы, а таксама ў рукапісах, што трапілі ў рукі царскіх улад пры арышце, заклікаў народ на барацьбу супраць сац. і нац. прыгнёту, патрабаваў скасавання паншчыны, адмаўляў існаванне Бога, высмейваў хрысц. догматы. Аўтар мемуараў «Мае запіскі» (Парыж, 1845), прысвечаных паўстанню 1830—31, у якіх сябе называе ліцвінам (беларусам).

У.​І.​Мархель.

т. 11, с. 269

т. 11, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЫ́НКА,

вёска ў Клецкім р-не Мінскай вобл., на р. Нача. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на Пд ад г. Клецк, 148 км ад Мінска; 23 км ад чыг. ст. Клецк. 569 ж., 222 двары (1996). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — царква і брама-званіца (1-я пал. 19 ст.), свіран-галубятня (1811).

т. 4, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́ (Аляксей Іосіфавіч) (4.4.1935, в. Горадна Крупскага р-на Мінскай вобл. — 31.5.1993),

бел. матэматык. Скончыў БДУ (1959). З 1960 на Мінскім з-дзе ЭВМ, з 1975 гал. матэматык Мінскага ВА выліч. тэхнікі. Навук. распрацоўкі і вынаходствы ў галіне матэм. забеспячэння ЭВМ серыі «Мінск», ЕС ЭВМ і спец. вырабаў выліч. тэхнікі, аўтаматызацыі праектавання і вытв. працэсаў. Дзярж. прэмія СССР 1978.

А.​П.​Савік.

т. 5, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́ХАВІК (Валянцін Вікенцьевіч) (н. 29.3.1949, в. Харошае Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1988), праф. (1991). Скончыў БДУ (1970). З 1969 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі. Навук. працы па нелінейным аналізе, тэорыі аптымізацыі і аптымальных сістэмах кіравання. Распрацаваў новыя метады лакальнага аналізу нягладкіх і мнагазначных адлюстраванняў.

Тв.:

Выпуклые и негладкие задачи векторной оптимизации. Мн., 1990.

т. 5, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́ЖЫНКА,

рака ў Беларусі, у Валожынскім р-не Мінскай вобл., правы прыток Іслачы (бас. Нёмана). Даўж. 35 км. Пл. вадазбору 168 км².

Пачынаецца каля в. Брылькі на зах. схілах Мінскага узв., цячэ праз г. Валожын. Асн. прыток р. Рачоўка. Рэчышча ў вярхоўі слабазвілістае, у ніжнім цячэнні на працягу 22 км каналізаванае. Берагі стромкія, ніжэй ад г. Валожын абрывістыя. У пойме сетка меліярац. каналаў.

т. 3, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЧЭ́ЦКІ (Леанід Паўлавіч) (18.9.1913, в. Даўгінава Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 30.10.1991),

бел. тэатр. дзеяч. Засл. дз. культ. Беларусі (1963). Скончыў Мінскі пед. тэхнікум (1931), тэатр. студыю пры Бел. дзярж. т-ры ў Віцебску (1933), дзе працаваў з 1931. У 1951—74 дырэктар Брэсцкага абл. драм. т-ра імя Ленінскага камсамола Беларусі. Аўтар кн. «Гады, спектаклі, ролі...» (1974), артыкулаў па праблемах т-ра.

т. 3, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБІ́ЦКАЯ (Валянціна Рыгораўна) (н. 24.1.1943, в. Рыбцы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны-мікрабіёлаг. Д-р біял. н.(1991). Скончыла БДУ (1965). З 1968 у Ін-це мікрабіялогіі АН Беларусі. Навуковыя працы па даследаванні фізіялагічна актыўных злучэнняў грыбоў, біятэхналогіі.

Тв.:

Микробный синтез на основе целлюлозы: Белок и др. ценные продукты. Мн., 1988 (разам з А.​Г.​Лабанком, Ж.​М.​Багданоўскай).

т. 2, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДАНО́ВІЧ (Янка) (Іван Антонавіч; 17.11.1906, в. Гібінята Валожынскага р-на Мінскай вобласці — 13.7.1990),

бел. пісьменнік, мемуарыст. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1927). Працаваў у друкарні імя Ф.​Скарыны (Вільня, 1927—41). Настаўнічаў. У 1952 рэпрэсіраваны, высланы ў Варкуту. З 1956 настаўнічаў у Вільнюсе. Друкаваўся з 1930 пад псеўд. Янка Ваўштолскі (вершы, байкі, апавяданні, артыкулы). Аўтар кн. успамінаў «На жыццёвым шляху» (1992).

І.​У.​Саламевіч.

т. 2, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)