ГЛЕ́БАЎ (Яўген Аляксандравіч) (н. 10.9.1929, г. Рослаў Смаленскай вобл., Расія),
бел. кампазітар і педагог. Нар.арт. Беларусі (1973). Нар.арт.СССР (1984). Скончыў Бел. кансерваторыю (1956, клас А.Багатырова). Выкладаў у Мінскім муз. вучылішчы (1953—63). З 1971 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (праф. з 1983). Працуе пераважна ў буйных жанрах, увасабляючы значныя тэмы сучаснасці і гіст. мінулага. Музыцы Глебава ўласціва вял. сіла эмацыянальнага ўздзеяння, абумоўленая яскравасцю і інтанацыйным багаццем тэматызму, яго змястоўным напружаным развіццём, дасканаласцю муз. формы. Кампазітар самабытна пераўтварае бел. народнапесенны матэрыял. Знаўца аркестра, ён часта карыстаецца своеасаблівымі, нетрадыцыйнымі тэмбравымі спалучэннямі. Яго сімф.музыка насычана вострахарактарнымі вобразамі шырокага эмацыянальнага дыяпазону. Сімфоніі («Партызанская», 1958, 1963, 1964, 1968, «Да міру», 1983, 1993), «Альпійская сімфонія-балада» (1967), «Паэма-легенда» (1955) — творы складаных маст. канцэпцый, якія нясуць на сабе адбітак паглыбленага, шматбаковага светаўспрымання мастака. У балетах «Мара» (паст. 1961), «Альпійская балада» (1967), «Выбранніца» (1969), «Тыль Уленшпігель» (1-я рэд. 1974; 2-я — 1977), «Маленькі прынц» і «Курган» (1982), оперы «Майстар і Маргарыта» (1991), аперэце «Мільянерка» (1986) паказаў сябе сталым драматургам, які валодае адметным адчуваннем т-ра, майстэрствам дасканалых муз. характарыстык, прынцыпамі сімфанізму як метаду муз. мыслення. Літ. першакрыніцы муз.-сцэн. твораў — узоры сусв. л-ры (В.Быкава, Я.Купалы, Ш. дэ Кастэра, А.Сент-Экзюперы, М.Булгакава, Б.Шоу). Патрыятычна-грамадзянская тэматыка аб’ядноўвае вак.-сімф. творы Глебава — араторыі «Званы» (1967), «Свяці, зара» (1970), «Мы славім Радзіму сваю» (1974), кантаты «За праўду ўстанем» (1956), «Ад вышыні да вышыні» (1976) і інш. Сярод інш. твораў: оперы «Твая вясна» (1963), аперэта «Рэпартаж з пекла» (1971), муз. камедыя «Калізей» (1995, лібрэта М.Матукоўскага), канцэрты «Покліч» для аркестра (1988), для віяланчэлі (1993) і скрыпкі (1995) з аркестрам, 3 балады для голасу з арк., араторыя «Запрашэнне ў краіну маленства» (1974), «Палеская сюіта» (1964), Харэаграфічныя навелы (1963, 1966), сюіты з балетнай музыкі, сімф. паэмы «Успаміны пра Тыля» (1977) і «Казка» (1979), Святочная уверцюра для аркестра бел.нар. інструментаў (1958), саната (1956) і «Фантастычныя танцы» (1957) для фп., п’есы для эстраднага аркестра (у т. л.найб. папулярныя «Залатая восень», «Начны дыліжанс»); музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКА́ЛЬНА-СІМФАНІ́ЧНАЯ ПАЭ́МА,
буйны музычны твор (часцей адначасткавы), звязаны з літаратурным тэкстам. Прызначаны пераважна для спевакоў-салістаў (часам чытальніка), хору і сімф. аркестра. Узаемадзеянне музыкі са словам абумоўлівае яе праграмнасць (гл.Праграмная музыка), характэрную тэндэнцыю да ўзаемадзеяння розных формаў і жанраў. Ад кантаты і араторыі адрозніваюцца большай цэласнасцю (значнай роляй скразнога сімф. развіцця, выкарыстаннем прынцыпаў монатэматызму і інш.). У некаторых з іх выкарыстоўваюцца прынцыпы тэатралізацыі, элементы сцэн. дзеяння. Вытокі вакальна-сімфанічнай паэмы ў прынцыпах паэмнага сімфанізму Ф.Ліста (гл.Сімфанічная паэма). У рус. музыцы 19—20 ст. вядомыя вак.-сімф. паэмы «Званы» С.Рахманінава, «Паэма памяці С.Ясеніна» Г.Свірыдава і інш. Пачатак бел. вакальна-сімфанічнай паэмы паклалі М.Аладаў («Над ракой Арэсай», 1933), Багатыроў («Паэма-казка пра Мядзведзіху», 1937). Да гэтага жанру ў бел. музыцы належаць «Буравеснік» Я.Цікоцкага (1944), «Попел» С.Картэса (1966), «Два твары зямлі» Дз.Смольскага (1969), «Вечна жывыя» (1959) і «Героям Брэста» (1975) Г.Вагнера, «Янка Купала» В.Помазава (1983). Сярод вакальна-сімфанічных паэм 1980—90-х г. — «Радуйся, Францыск Скарына» Э.Наско, «Зямля» Э.Казачкова, «Памяці маці» У.Кур’яна, «Настальгія» Г.Ермачэнкава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ КАМЕРНЫ АРКЕ́СТР РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ Створаны ў 1968 як Мінскі камерны аркестр Бел. філармоніі, з 1989 Дзярж. камерны аркестр БССР, з 1992 сучасная назва. Арганізатар і першы дырыжор А.Янчанка. У рэпертуары арыгінальныя творы і пералажэнні п’ес бел. кампазітараў Л.Абеліёвіча, П.Альхімовіча, А.Багатырова, Г.Вагнера, В.Войціка, Я.Глебава, Э.Зарыцкага, С.Картэса, І.Лучанка, Дз.Смольскага, Р.Суруса і інш., музыка барока, венскіх і інш. класікаў, сучасных замежных кампазітараў. Дзейнасць аркестра спрыяла ўзбагачэнню бел. музыкі камернымі разнавіднасцямі сімфоніі, сюіты, канцэрта і інш. Аркестр часта выступае ў сумесных канцэртах з Дзяржаўным камерным хорам Рэспублікі Беларусь, стварае сумесныя праекты («Моцарт і...» і інш. тэматычныя праграмы); удзельнічаў у шматлікіх міжнар. фестывалях у краінах Зах. Еўропы; з ім выступалі сусветна вядомыя музыканты (піяніст Ю.Франс, спявачка К.Рычарэлі і інш.). Маст. кіраўнік і гал. дырыжор аркестра І.Э.Райль (з 1993), дырыжор Т.Праватораў, канцэртмайстар М.Штэйн. У розны час у аркестры працавалі дырыжоры Ю.Цырук, І.Галаўчын, А.Палянічка, В.Собалеў, канцэртмайстар А.Крамароў.
Літ.:
Агаркава А. Шлях да майстэрства // Мастацтва Беларусі. 1983. № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМАРЭ́СКА (ням. Humoreske ад Humor гумар),
1) у літаратуры — невялікі вершаваны або празаічны твор жартаўлівага зместу. У яго сюжэтнай аснове звычайна смешная прыгода, камічнае быт. здарэнне, а аб’ект асмяяння — жыццёвая з’ява або загана ў чал. характары, якія не маюць адзнак сац. шкоднасці ці небяспечнасці. Эмацыянальна-стылявым ладам набліжаецца да анекдота, фабліо, фацэцыі.
2) У музыцы — музычны твор гумарыстычнага (жартаўлівага) характару, блізкі да скерца.
Першую гумарэску стварыў Р.Шуман (для фп., 1839); складаецца з шэрагу лірычных і скерцозных эпізодаў, спалучае летуценнасць з жартам. Пазней паявіліся гумарэскі рознага вобразнага вырашэння: жанрава-быт., скерцознатанц., лірычнага, гратэскавага (блізкага да бурлескі і капрычыо), салоннага характару. Вядомы гумарэскі для аркестра (Э.Гумпердынк), для 4-галосага мужч. хору а capella (Клёве).
У бел. музыцы значнае пашырэнне жанру гумарэскі звязана, верагодна, з вял. развіццём жартоўных песень і прыпевак да танцаў у нац. фальклоры. У прафес. музыцы вядомы гумарэскі для розных інструментаў, для аркестра, у фіналах сюітных цыклаў Л.Абеліёвіча, М.Аладава, У.Алоўнікава, Г.Вагнера, В.Войціка, Я.Глебава, Я.Дзягцярыка, С.Картэса, П.Падкавырава, Р.Суруса, А.Туранкова, У.Чараднічэнкі, Л.Шлег і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙЦІК (Віктар Антонавіч) (н. 3.9.1947, г. Гродна),
бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1995). Скончыў Бел. кансерваторыю (1972, клас К.Багатырова). Нам. старшыні праўлення Саюза кампазітараў Беларусі (з 1978). У 1981 — 88 заг.муз. часткі Дзярж.рус.драм.т-ра Беларусі. З 1980 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Працуе ў розных жанрах, значныя дасягненні ў музыцы для цымбалаў. Музыцы Войціка ўласціва нац. характэрнасць у спалучэнні з сучаснай тэхнікай кампазіцыі. Сярод твораў: опера «Вясновая песня» (паст. 1993), мюзікл «Прыгоды ў замку «Алфавіт» (паст. 1996, лібр. С.Клімковіч), араторыі «Памяць Хатыні» на вершы Г.Бураўкіна і Р.Тармолы (1973) і «Дзень Радзімы» на вершы У.Карызны (1977); кантаты «Як хадзіў камар у сваты» на вершы М.Багдановіча (1972) і «Казацкія песні» на нар. словы (1974); З сімфоніі («Каложа», 1972, 1975; «Апошняя восень паэта» на вершы П.Верлена ў пер. М.Багдановіча, 1992); канцэрты для камернага аркестра (1974), для кларнета і камернага аркестра (1984), для цымбалаў і сімф. аркестра (1988); сімф. сюіта «Забавы» (1976), «Сюіта ў старадаўнім стылі» для цымбалаў і камернага аркестра (1972); «Самотны вецер» для гітары і стр. квартэта (1993); саната для двух цымбалаў (1979); хары, песні, музыка да драм. спектакляў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ДАВАЯ ПЕРАМЕ́ННАСЦЬ,
тыповае для народнай музыкі ўзаемадзеянне дыятанічных манадыйных (меладычных) ладоў. Можа выяўляцца ў пераходзе з аднаго ладу ў іншы (падобна мадуляцыі) або, значна радзей, у іх узаемапранікненні ў рамках адзінай структуры. Засн. на пераасэнсаванні тонаў меладычнага ладу. Вылучаюць 3 тыпы Л.п.: паралельную, аднайменную і складаную.
Пры першай узаемадзейнічаюць т. зв. паралельныя лады з агульным дыятанічным гукарадам, але рознымі ўстоямі (меладычнымі тонікамі); у традыц.муз. фальклоры ўсх.-слав. народаў, у т. л. беларусаў, найб. пашырана секундавая, квартавая, тэрцавая пераменнасць. Другая ўтвараецца ў выніку ўзаемадзеяння т.зв. аднайменных ладоў з агульным устоем, але рознымі гукарадамі, нязменнасць устоя цягне за сабой вышынную варыянтнасць пабочных ступеней гукарада. Складаная Л.п. вызначаецца ўзаемадзеяннем ладоў з рознымі ўстоямі і неаднолькавымі гукарадамі, звычайна ўтвараецца пры спалучэнні ў адным напеве меладычных фраз рознай ладавай структуры; у бел.нар. музыцы характэрна пазаабрадавай лірыцы познакласічнай традыцыі. Л.п. шырока адлюстравана ў творчасці бел. кампазітараў.
Літ.:
Кастальский А.Д. Особенности народно-русской музыкальной системы. М., 1961;
Дубкова Т.А. Натуральналадавыя сродкі ў творчасці беларускіх кампазітараў // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1964. № 4;
Юденич Н.Н. Народная ладовая гармония в творчестве белорусских композиторов // Музыка и жизнь. Л.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́БА ((Kuba) Людвік) (16.4.1863, г. Подзебрадзі, Чэхія — 30.11.1956),
чэшскі этнограф, муз. фалькларыст, мастак. Нар.арт. і нар. мастак Чэхаславакіі (1945). Вучыўся ў Празе ў арганнай школе ў Ф.Скугерскага (1877—79), у АМ (1891—93), у Парыжы ў акадэміі Жуліяна (1893—95), у Мюнхене ў школе А.Ажбе (1896—1904). З 1945 выкладаў у Пражскай АМ. Удзельнічаў у этнагр. экспедыцыях па слав. землях, у т. л. ў 1886 і 1887 у Расіі, на Беларусі і Украіне. У асн. працы «Славянства ў сваіх песнях» (т. 1—15, 1884—1929) акрамя нотных узораў (каля 4000) змясціў апісанні мясц. манер спеваў, побыту, нар.дэкар.-прыкладнога мастацтва, замалёўкі сельскіх пабудоў, касцюмаў, муз. інструментаў, партрэты прадстаўнікоў розных народнасцей. Першы апублікаваў запісы бел.нар. 2-галосых песень, даследаваў ладавыя асаблівасці бел.муз. фальклору («Беларуская народная песня», 1887). Сярод жывапісных работ жанравыя карціны, партрэты, пейзажы, нацюрморты: «Кветкі» (1899), «Піёны» (1902), «Чытач», «Сярод руж» (абедзве 1906), «Аўтапартрэт» (1914), «На балконе ў Сміхаве» (1913), «Аўтапартрэт з палітрай» (1940), «Аўтапартрэт з люлькай» (1952).
Літ.:
Нісневіч С. Да гісторыі збірання, вывучэння і выкарыстання беларускіх народных напеваў // Музыка нашых дзён. Мн., 1971;
Stanislav J. Ludvik Kuba. Zakladatel slovanské hudebni folkloristiky. Praha, 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУР’Я́Н (Уладзімір Мітрафанавіч) (н. 25.3.1954, Мінск),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1984, клас Дз.Смольскага). З 1984 заг.муз. часткі Нац.акад.т-ра імя Я.Купалы.
Яго творчасць адметная тэатральнасцю мыслення, спалучэннем сучасных сродкаў выразнасці акад. і масавых жанраў, нац. характэрнасцю, незвычайнымі тэмбрава-каларыстычнымі вырашэннямі. Сярод твораў: рок-опера «Масфан» на ўласнае лібрэта (паст. 1976), опера «Фантазія» паводле Казьмы Пруткова (1984), мюзіклы «Ідылія» паводле В.Дуніна-Марцінкевіча (паст. 1993) і «Карлік Нос» паводле В.Гаўфа (паст. 1998), вак.-сімф. паэма «Памяці маці» на словы Р.Барадуліна (1985), канцэрт для цымбалаў і камернага арк. (1989); сюіта «Капыльскія дудары», паэмы «Жураўліная песня Палесся» і «Курган» для нар.арк., «Вясковая сюіта» для ансамбля нар. інструментаў, варыяцыі «Перазвоны» для цымбалаў, сюіта для фп. і чытальніка «Вясёлая нядзелька», вак. цыкл на вершы Р.Бёрнса, «Чатыры сны» для голасу і альта, 3 стр. квартэты (1984, 1987, 1990); музыка да драм. спектакляў («Гаральд і Мод» К.Хігінса і Ж.К.Кар’ера, «Ажаніцца — не журыцца» Далецкіх і М.Чарота, «Тутэйшыя» Я.Купалы, «Дракон» Я.Шварца, «Інтымны тэатр Е.Міровіча»), кінафільмаў і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСТА́ЎНІЦКІЯ СЕМІНА́РЫІ,
спецыяльныя пед.навуч. ўстановы ў 19 — пач. 20 ст., якія рыхтавалі настаўнікаў для пач. школ. У іх прымалі асоб, якія скончылі двухкласныя пачатковыя вучылішчы з 5—6-гадовым курсам. Тэрмін навучання 3—5 гадоў. Да 1908 былі толькі мужчынскія Н.с. Выкладаліся багаслоўскія дысцыпліны, рус. мова і л-ра, прыродазнаўства, фізіка, чарчэнне, музыка і спевы, методыка выкладання ў пач. школе і інш. Пры Н.с. дзейнічалі ўзорныя пач. вучылішчы, у якіх семінарысты праходзілі пед. практыку. Першая на Беларусі Віцебская настаўніцкая семінарыя дзейнічала ў 1834—39. У 2-й пал. 19 ст. адкрыты 4 мужчынскія Н.с.: Маладзечанская настаўніцкая семінарыя (першая на тэр.Рас. імперыі), Полацкая (1872), Нясвіжская (1875), Свіслацкая (1876). На пач. 20 ст. адкрыты яшчэ 5 Н.с.: мужчынская ў Рагачове (1909), жаночыя ў Оршы (1911), Барысаве і Гомелі (1915), Бабруйску (1916). У 1-ю сусв. вайну Маладзечанская, Нясвіжская і Свіслацкая Н.с. эвакуіраваны ў Расію. У чэрв. 1917 Н.с. прыраўнаваны да сярэдніх навуч. устаноў (гімназій і рэальных вучылішчаў), пераўтвораны ў навуч. ўстановы змешанага тыпу, пры паступленні адменены ўсе абмежаванні. Уведзена выкладанне замежных моў, сусв. гісторыі, геаграфіі і інш. У 1919 пераўтвораны ў 3-гадовыя пед. курсы, у 1920-я г. — у пед. тэхнікумы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БАН (Ісак Ісакавіч) (23.3.1906, г. Чэрыкаў Магілёўскай вобл. — 7.11.1975),
бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1956). Скончыў Бел.муз. тэхнікум (1928, клас М.Аладава). У 1928—36 маст. кіраўнік муз. вяшчання Бел. радыё, у 1937—41 — Ансамбля песні і танца Бел. філармоніі. У 1932—38 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Беларусі. З 1945 у Маскве. Найб. плённа працаваў у вак. жанрах; яго меладычная мова вызначаецца арганічным сплавам інтанацый нар. і сучаснай масавай песні. Сярод твораў: вак.-сімф. сюіта «Граніца ў песнях» на словы П.Броўкі, П.Глебкі, І.Шапавалава (1935); сюіты «Калгасная вечарынка» і «Беларускае вяселле» для салістаў, хору і арк.нар. інструментаў (словы ўласныя і нар., 1939); песні «Бывайце здаровы», «Не глядзі на другіх», «Толькі з табою», «Не шукай» (на словы А.Русака), «Песня дукорскіх партызан» і «Дарагая Беларусь» (словы Броўкі), «Наш тост» (словы М.Касэнкі) і інш.; музыка да драм. спектакляў, у т. л. «Несцерка» ў Бел. т-ры імя Я.Коласа (1941) і кінафільмаў, у т. л. «Новы дом» (з І.Дунаеўскім), «Беларускі канцэрт», «Палеская легенда», «Гадзіннік спыніўся апоўначы». Дзярж. прэмія СССР 1946.