ПУСЭ́Н (Poussin) Нікала (15.6.1594, г. Лез-Андэлі, Францыя — 19.11.1665),

французскі жывапісец; адзін з пачынальнікаў і найбуйнейшы прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў К.​Варэна. Зазнаў уплывы А.​Карачы, Даменікіна, Рафаэля, Тыцыяна; вывучаў ант. мастацтва, трактаты Леанарда да Вінчы і А.​Дзюрэра; займаўся перспектывай, анатоміяй і матэматыкай. Працаваў у Парыжы (1612—24 і 1640—42) і Рыме (з 1624). З ранніх работ захаваліся ілюстрацыі да «Метамарфозаў» Авідзія, «Энеіды» Вергілія, твораў Ціта Лівія, Дж.​Марына (каля 1622—24). Творчасць 2-й пал. 1620—30-х г. вызначаецца стылявой разнастайнасцю: творы высокага грамадзянскага гучання («Смерць Германіка», 1626—27), у духу барока («Пакутніцтва св. Эразма», каля 1628—29); асаблівай актыўнасцю колеравага ладу, блізкага традыцыям венецыянскай школы, адметныя карціны на міфалагічныя і літ. тэмы: «Венера спіць», «Нарцыс і Рэха», «Рынальда і Арміда» (усе каля 1625—27), «Царства Флоры» (каля 1631—32), «Танкрэд і Эрмінія» (1630-я г.). У творах 1630-х г. класіцыстычныя прынцыпы выяўляюцца праз яснасць кампазіцыйнага рытму, які ўспрымаецца як адлюстраванне разумнага пачатку і надае веліч высакародным учынкам чалавека: «Аркадскія пастухі» (каля 1629—30), «Выкраданне сабінянак» (каля 1635), «Натхненне паэта» (1635—38), «Ізраільцяне збіраюць манну» (каля 1637—39), «Знаходжанне Майсея» (1638). З 1640-х г. развіваў прынцыпы ідэальнага пейзажа, прадстаўляў прыроду як увасабленне дасканаласці і мэтазгоднасці. Часта ўводзіў у пейзаж міфалагічныя персанажы: («Кармленне немаўляці Юпітэра», 1640; «Пейзаж з Паліфемам», каля 1649; «Пейзаж з Геркулесам» 1654; «Арыён», каля 1650—55; «Апалон і Дафна», 1664), выкарыстоўваў біблейскія казанні, праз якія ў духу стаіцызму выражаў ідэю пра лёс як пачатак, што рэгулюе ўзаемаадносіны чалавека і свету («Св. Іаан на Патмасе», каля 1644—45; серыя «Поры года», 1660—64). Некат. творы гэтага перыяду вызначаюцца разважлівасцю, перавагай абстрактнай ідэі над пачуццём («Час выратоўвае Ісціну ад намераў Зайздрасці і Разладу», 1642; «Сем таінстваў», 1644—48), узмацненнем этыка-філас. пафасу («Майсей высякае ваду са скалы», «Эліазар і Рэвека», абодва каля 1648; «Адпачынак на шляху ў Егіпет», каля 1658).

Тв.:

Рус. пер. — Письма. М.; Л., 1939.

Літ.:

Гликман А.С. Никола Пуссен. Л.;

М., 1964;

Золотов Ю.К. Пуссен и вольнодумцы // Советское искусствознание, 1978. М., 1979. Вып. 2.

С.​У.​Пешын.

Н.Пусэн. Кармленне немаўляці Юпітэра. 1640.

т. 13, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л Міхал Казімір (мянушка Рыбанька; 13.6.1702, г.п. Алыка Валынскай вобл., Украіна — 22.5.1762),

дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, мецэнат. Сын К.​С.​Радзівіла (гл. ў арт. Радзівілы). Пасля смерці бацькі (1719) стаў ардынатам нясвіжскім і алыцкім. З 1720 неаднаразова быў выбраны паслом на сеймы; у 1728 маршалак Трыбунала ВКЛ; у 1728—34 канюшы ВКЛ. У паліт. жыцці спярша супрацоўнічаў з групоўкай князёў Чартарыйскіх, пасля смерці караля Аўгуста II (1733) выступіў супраць новаабранага караля Станіслава Ляшчынскага. Удзельнічаў у арганізацыі новага выбарчага сейма, дзе ў кастр. 1733 у прысутнасці рас. войска і ўласнага войска Р. каралём быў абраны Аўгуст III. За гэта ў 1734 атрымаў пасаду маршалка надворнага. У 1734—35 на чале сваіх харугваў удзельнічаў у баях на Беларусі супраць прыхільнікаў Ляшчынскага, якіх узначальваў А.​Пацей. Перамогі садзейнічалі набыццю Р. новых пасад: польны гетман ВКЛ. у 1735—44, вял. гетман ВКЛ з 1744, трокскі кашталян у 1735—37 і ваявода ў 1737—44, віленскі кашталян у 1742—44 і ваявода з 1744. У 1740-я г. ўзначаліў у ВКЛ магнацка-шляхецкую групоўку, якая выступала супраць палітыкі Чартарыйскіх па рэфармаванні анархічнага дзярж. ладу Рэчы Паспалітай; супраць Чартарыйскіх заключыў пагадненне з вял. каронным гетманам Ю.​Патоцкім. Разам з ім садзейнічаў зрыву сеймаў і ў гэтым меў падтрымку караля Аўгуста III, які вельмі рэдка прыязджаў з Саксоніі; Р. быў фактычным прадстаўніком караля ў ВКЛ. У 1748 як галава роду Радзівілаў зняволіў клецкага ардыната М.​Радзівіла, аб’явіў яго вар’ятам і атрымаў у распараджэнне яго маёнткі. У 1750-я г. камандаваў задушэннем Мазырскага ўзбр. выступлення сялян. Пасля смерці малодшага брата Гераніма Фларыяна (1760) атрымаў у спадчыну яго Слуцкае і Капыльскае княствы, Біржы, Кейданы, Копысь, Койданава і інш. Адбудаваў Нясвіж і Нясвіжскі замак, якія моцна пацярпелі ў час Паўночнай вайны 1700—21. Заснаваў Нясвіжскую друкарню, Нясвіжскі кадэцкі корпус, у якім рыхтавалі афіцэраў для яго ўласнага войска, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў. Трымаў шмат мануфактур, у т. л. Нясвіжскую суконную мануфактуру, Нясвіжскую дывановую мануфактуру, Налібоцкую шкляную мануфактуру, Урэцкую шкляную мануфактуру, Слуцкую мануфактуру шаўковых паясоў, Свержанскую фаянсавую мануфактуру.

Тв.:

Бел. пер. — Дыярыюш Князя Міхала Казімера Радзівіла ваяводы віленскага, гетмана вялікага В.​К.​Літ. // Спадчына. 1994. № 4—5;

1995. № 1—6;

1996. № 1—2, 4.

А.​Л.​Грыцкевіч.

М.К.Радзівіл Рыбанька. Карціна С.​А.​Мірыса (?). Каля 1760.

т. 13, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКА-ЭСТО́НСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ.

Мірны дагавор 1920 (Тартускі дагавор), падпісаны 2 лют. ў г. Тарту (Эстонія) паміж РСФСР і Эст. Рэспублікай, спыніў удзел Эстоніі на баку Антанты ў вайне супраць Сав. Расіі (дагавор аб прыпыненні ваен. дзеянняў падпісаны ў Тарту 31.12.1919). Складаўся з 20 артыкулаў і шэрагу дадаткаў. Забяспечыў прызнанне Сав. Расіяй незалежнасці і самастойнасці эст. дзяржавы, вызваленне Эстоніі ад адказнасці па даўгавых і інш. абавязацельствах Расіі, перадачу Эстоніі ўсёй рас. маёмасці на яе тэр. (у т. л. суднаў, акцый фірмаў) і 15 млн. руб. з залатога запасу Расіі, што гарантавала пакрыццё золатам папяровых эст. грошай. Да Эст. Рэспублікі адышлі землі, прылеглыя да ўсх. берага р. Нарва, і раён Пячоры (Петсеры) з крэпасцю Ізборск (гл. карту). Дагаворам устанаўліваліся дыпламат. і консульскія адносіны. Ён дзейнічаў да ўваходжання Эстоніі ў склад СССР (лета 1940), у 1990—91 стаў адной з юрыд. падстаў для аднаўлення эст. дзяржаўнасці. Сучасная мяжа паміж Рас. Федэрацыяй і Эстоніяй устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 23.8.1944 і пастановамі Вярх. Саветаў РСФСР і Эст. ССР, прынятымі ў 1957. Дагавор 1932 аб ненападзе і мірным вырашэнні канфліктаў, падпісаны 4 мая ў Маскве паміж СССР і Эстоніяй тэрмінам на 3 гады. Бакі абавязваліся ўстрымлівацца ад нападаў і дзеянняў, накіраваных супраць тэр. цэласнасці і паліт. незалежнасці, ад удзелу ў пагадненнях і кааліцыях, накіраваных супраць другога боку. Пратаколам ад 4.4.1934 дагавор працягнуты да 31.12.1945. Пакт аб узаемадапамозе 1939, падпісаны 28 вер. ў Маскве паміж СССР і Эст. Рэспублікай па ініцыятыве сав. боку ва ўмовах пачатку 2-й сусв. вайны. Бакі абавязваліся не ўдзельнічаць у саюзах і кааліцыях, накіраваных супраць другога боку, узаемна дапамагаць, у т. л. і ў выпадку ваен. нападу ці пагрозы з боку інш. дзяржавы. Эстонія дазволіла СССР мець на а-вах Саарэмаа (Эзель), Хіума (Дага) і ў г. Пальдыскі ваен.-марскія базы і аэрадромы на правах арэнды і сав. вайск. часці для іх аховы. У чэрв. 1940 на падставе гэтага пакта Сав. Саюз увёў свае войскі ў Эстонію, у выніку чаго там адбылася змена дзярж. улады і ладу, а рэспубліка была ўключана ў склад СССР (жн. 1940).

Літ.:

Полпреды сообщают...: Сб. док. об отношениях СССР с Латвией. Литвой и Эстонией, авг. 1939 г.—авг. 1940 г. М., 1990.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 14, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУСВЕ́ТНАЯ СПА́ДЧЫНА,

прыродныя аб’екты і помнікі культуры краін і народаў свету, якія маюць унікальную каштоўнасць, з’яўляюцца здабыткам усяго чалавецтва і падлягаюць калектыўнай адказнасці за іх захаванне. У рамках Канвенцыі аб ахове культ. і прыроднай спадчыны, прынятай Ген. канферэнцыяй ЮНЕСКА (1972, дакумент набыў сілу ў 1975, калі колькасць дзяржаў-бакоў дасягнула 20), дзейнічае Камітэт С.с. з прадстаўнікоў 21 краіны. На падставе вызначаных крытэрыяў ён разглядае унікальныя культ. і прыродныя аб’екты і ўключае іх у спіс С.с. Помнікі культуры С.с. павінны адпавядаць наступным крытэрыям: складаць унікальны ансамбль; быць аб’ектам, які значна паўплываў на жыццё краіны; служыць сведчаннем зніклай цывілізацыі; ілюстраваць пэўны важны перыяд у гісторыі дзяржавы ці народа; з’яўляцца унікальным узорам традыц. ладу жыцця; звязаны з ідэямі або вераваннямі, што маюць сусв. значэнне. Прыродныя аб’екты С.с. павінны: ілюстраваць пэўны этап эвалюцыі Зямлі; наглядна адлюстроўваць сучасныя геал. працэсы; быць унікальнымі прыроднымі аб’ектамі, выключнымі сваёй прыгажосцю; з’яўляцца месцам пражывання знікаючых відаў раслін і жывёл. Шэраг помнікаў і аб’ектаў, уключаных у спіс С.с., адпавядае некалькім названым крытэрыям. Кожная дзяржава, што падпісала Канвенцыю, падае ў к-т пералік культ. і прыродных каштоўнасцей, якія маюць агульначалавечае значэнне. Гэтым яна бярэ на сябе абавязак ахоўваць названыя нац. скарбы. Калі К-т уносіць іх у спіс, у рамках Фонду С.с., заснаванага Канвенцыяй, дзяржава можа ў той ці іншай форме атрымаць дапамогу для забеспячэння захаванасці помніка ці аб’екта. Фонд фарміруецца з узносаў дзяржаў-бакоў і грашовых сум, унесеных краінамі, установамі і прыватнымі асобамі. З яго сродкаў аказваецца матэрыяльная і тэхн. дапамога краінам, якім яна патрэбна, а таксама фінансуецца падрыхтоўка спецыялістаў. Да Канвенцыі далучыліся (2000) 122 краіны, у т. л. Беларусь (з 1988). У спіс С.с. (вядзецца ў алфавітным парадку) уключаны 690 аб’ектаў (529 культурных, 138 прыродных, 23 мяшаныя), сярод іх асобныя арх. збудаванні і ансамблі — Афінскі акропаль, Ам’енскі сабор, Шартрскі сабор, Кіеўскі Сафійскі сабор; гіст. цэнтры Варшавы, Вільнюса, Рыгі, Крэмль Маскоўскі і Красная плошча (Расія); гарады — Бразілія, Венецыя і інш.; нац. паркі — Вялікага Бар’ернага Рыфа (Аўстралія), Белавежскі нацыянальны парк (Польшча) і інш. На Беларусі ў спіс С.с. ўключаны Белавежская пушча (1979) і Мірскі замкава-паркавы комплекс (2000).

Літ.:

Кисель В.П. Памятники Всемирного наследия. 2 изд. Мн., 2001.

В.​П.​Кісель.

т. 15, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАГІ́ЧНАЕ,

эстэтычная катэгорыя, якая адлюстроўвае невырашальны пры

наяўным узроўні грамадскага быцця і свядомасці канфлікт, што ўзнікае і разгортваецца ў выніку свабодных учынкаў асобы, гераічнага сутыкнення процілегла накіраваных, неаднолькава матываваных грамадскіх сіл. Суправаджаецца пакутамі, нярэдка завяршаецца смерцю герояў, змагароў за сцвярджэнне грамадскага ці асабістага ідэалу. Суадносіцца з катэгорыямі ўзнёслага і прыгожага, процілеглае камічнаму. Аб’ектыўная аснова Т. — адноснасць, пераходнасць і смяротнасць усяго існага ў яго канкрэтна-пачуццёвай форме, недасканаласць чалавека, грамадства, дзярж. ладу. Магчымасць Т. ёсць ва ўсіх формах быцця, але для паўнаты яго выяўлення неабходна наяўнасць суб’ектыўна-аб’ектыўных суадносін, што магчыма толькі ў свядомай жыццядзейнасці чалавека і грамадства. У эстэтыцы вылучаюць аб’ектыўна-трагічнае (трагічная сітуацыя і яе вырашэнне праз канфлікт у грамадскім быцці) і суб’ектыўна-трагічнае (трагічная сітуацыя, адлюстраваная ў эстэт. пачуццях, ацэнках, мастацтве). У рэальным быцці адрозніваюць трагедыю новага, якое актыўна змагаецца са старымі сістэмамі і каштоўнасцямі, але яшчэ не здольнае да пазітыўнай рэалізацыі, і трагедыю гібелі старых сістэм і каштоўнасцей, якія не паспелі выявіць свае творчыя магчымасці. Магчымасці выяўлення Т. неаднолькавыя ў розных відах і жанрах мастацтва: толькі адносныя ў архітэктуры і інш. прыкладных мастацтвах сродкамі сімвалічнай пластыкі і дэкору; большыя ў выяўл. мастацтве; неабмежаваныя ў тэатры, музыцы, л-ры, асабліва ў жанрах трагедыі.

Праблему Т. ўпершыню распрацаваў Арыстоцель (структура трагедыі, тэорыя катарсісу). Сімвал Т. ў хрысц. мастацтве — вобразы ўкрыжаванага Хрыста і святых пакутнікаў.

Паводле гуманіст. традыцыі, у кантэксце якой развівалася бел. культура эпохі Адраджэння, разуменне трагічнасці жыцця ўваходзіць у паняцце мудрасці (эстэтыка Ф.​Скарыны, Сімяона Полацкага, інш. асветнікаў). Бел. класічная л-ра адлюстравала асн. аспекты Т. ў быцці народа: хуткаплыннасць зямнога жыцця; трагедыя народа, які абудзіўся для нац. і сац. вызвалення, але не ў сілах рэалізаваць свае ідэалы; трагічны лёс духоўна актыўнай асобы (вобраз песняра, прарока, гусляра, рыцара), што ахвяруе сваім жыццём дзеля вызвалення народа, які яшчэ не да канца ўсвядоміў сябе свабоднай нацыяй. У эстэтыцы сацыяліст. рэалізму паняццю Т. быў нададзены класава-пралетарскі, пазней сацыяліст. змест: сфера Т. тэматычна звужалася да трагічнага лёсу дзеячаў рэвалюцыі, герояў грамадзянскай і Вял. Айч. войнаў.

Літ.:

Аристотель. Поэтика // Соч.: Пер. с древ.-греч. М., 1983. Т. 4;

Борев Ю.Б. О трагическом. М., 1961;

Крюковский Н.И. Основные эстетические категории: Опыт систематизации. Мн., 1974.

У.​М.​Конан.

т. 15, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫПАЛАГІ́ЧНАЯ КЛАСІФІКА́ЦЫЯ МОЎ,

адзін з кірункаў лінгвістычных даследаванняў, што ўстанаўлівае падабенствы і адрозненні моў свету (моўнага ладу), якія карэняцца ў найб. агульных і найб. важных якасцях мовы і не залежаць ад іх генет. роднасці. Засн. на прынцыпах тыпалогіі моўнай. Узнікла ў 19 ст., грунтавалася на вывучэнні падабенства і адрознення ў марфал. структуры моў незалежна ад іх роднасных сувязей (гл. Марфалагічная класіфікацыя моў). Паводле гэтай класіфікацыі натуральныя мовы падзяляюцца на 4 тыпы: коранеізаляваныя мовы, аглюцінатыўныя мовы, інкарпараваныя мовы і флектыўныя мовы. Аднак многія мовы не падпадаюць пад «чыстыя» тыпы марфал. класіфікацыі, бо маюць асаблівасці розных тыпаў. Інш. канцэпцыя была пакладзена ў аснову Т.к.м. у 20 ст. Э.​Сепірам: улічваліся тыпы функцыянавання фармальна-грамат. элементаў і перадаваемых імі грамат. паняццяў: каранёвых, канкрэтных, дэрывацыйных, канкрэтна-рэляцыйных і чыста-рэляцыйных. Камбінацыі гэтых прыкмет даюць 2 асн. тыпы моў: чыста-рэляцыйныя і змяшана-рэляцыйныя. Спробу зменшыць расплывістасць тыпаў моў паводле Сепіра зрабіў Дж.​Грынберг, які ўвёў колькасныя паказчыкі і стварыў т.зв. квантытатыўную тыпалогію моў. Істотнае навук. значэнне мае падзел на сінтэтычныя мовы і аналітычныя мовы. Крытэрыем Т.к.м. можа служыць сінтаксіс, а менавіта — структура сказа. На гэтай падставе мовы падзяляюць на намінатыўныя (уся будова сказа падпарадкавана максімальнаму адрозненню суб’екта дзеяння і яго аб’екта), эргатыўныя (сказы проціпастаўляюцца паводле актыўнасці суб’екта: актыўны суб’ект перадаецца адмысловым эргатыўным склонам), актыўныя (вылучаюцца наяўнасцю семантыка-сінтакс. апазіцыі актыўнай і пасіўнай канструкцый), класныя [істотнае значэнне маюць разрады (класы) назоўнікаў і дзеясловаў, спалучэнні якіх рэалізуюцца ў розных структурах сказаў] і нейтральныя (вылучаюцца тым, што не фіксуюць выразна суб’ектна-аб’ектныя адносіны). Акрамя ўнутр. асаблівасцей моў, у аснову Т.к.м. могуць быць пакладзены іх знешнія сац. характарыстыкі: функцыянальная разнастайнасць і аб’ём зносін на пэўнай мове, наяўнасць пісьменства і працягласць пісьмовых традыцый, ступень унармаванасці мовы, дыялектная і сацыялектная разгалінаванасць нар. мовы, прававы, канфесіянальны, пед. і інш. статус мовы. Стварэнне сучасных несупярэчлівых структурных і сац. Т.к.м. ідзе пераважна па шляху ўдакладнення і эксплікацыі крытэрыяў іх падзелу на тыпы, а таксама распрацоўкі апарату універсальнай метамовы. Значныя дасягненні ў галіне Т.к.м. належаць мовазнаўцам Т.​Мешчанінаву, Т.​Мілеўскаму, Н.​Мячкоўскай, У.​Скалічку, Б.​Успенскаму і інш.

Літ.:

Кузнецов П.С. Морфологическая классификация языков. М., 1954;

Успенский Б.А. Структурная типология языков. М., 1965;

Теоретические основы классификации языков мира. М., 1980;

Мечковская Н.Б. Общее языкознание: Структурная и социал. типология языков. М., 2000.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 16, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕ́ТЫ,

індаеўрапейскі народ, які ў канцы 3-га тыс. да н.э. — 8 ст. да н.э. насяляў цэнтр. частку М.​Азіі. Некат. вучоныя лічаць, што Х. перасяліліся ў М.​Азію праз Каўказ ці праз Балканскі п-аў, іншыя — што яны належалі да стараж. насельніцтва М.​Азіі. На мяжы 3-га — 2-га тыс. да н.э. знаходзіліся на стадыі распаду родавага ладу. Займаліся жывёлагадоўляй, садаводствам і вінаробствам. Х. адкрылі спосаб плаўкі сталі. У 18 ст. да н.э. засн. Хецкае царства. Каля 1595 да н.э. захапілі і разрабавалі Вавілон, у пач. 14 ст. падпарадкавалі дзяржаву Мітані. Перасяленне на У «народаў мора» стала штуршком, да падзення дзяржавы Х. Пазней яны растварыліся сярод фрыгійцаў і арамеяў. Гісторыю і матэрыяльную культуру Х. вывучае хеталогія.

Х. стварылі высокую культуру, якая спалучала традыцыі мясц. малаазійскія, стараж.-егіп. і шумера-вавілонскія (гл. Вавілона-асірыйская культура), паўплывала на мастацтва краін-суседзяў (Асірыя, Сірыя, Урарту). У буд-ве яны выкарыстоўвалі грубаапрацаваны камень, масіўныя каменныя блокі, шчыльна злучаныя насуха (цыклапічная муроўка). Іх буйныя паселішчы ўключалі цытадэль (на вяршыні скалы ці ўзгорка), былі абкружаны сценамі. Найб. значны помнік горадабудаўніцтва і архітэктуры — Хатусас (гл. Багазкёй). Сярод помнікаў Позняга перыяду — гарады Самаль і Кархемыш з палацавымі будынкамі тыпу «біт-хілані». Для афармлення гар. сцен выкарыстоўвалі высокія і плоскія рэльефы (паўфігуры львоў і сфінксаў на варотах крапасных сцен у Хатусасе), для абліцоўкі палацаў — артастаты — выявы божастваў, жывёл, сцэны з прыдворнага жыцця. На скалах высякалі сцэны працэсій божастваў. Рэльефы 2-га тыс. да н.э. падначалены ўмоўнаму канону: галава і ногі — у профіль, плечы і вока — у фас. Вядома і круглая скульптура (статуі божастваў) з рысамі асірыйскага і арамейскага мастацтва. Высокага ўзроўню дасягнула маст. апрацоўка металу (штандары-эмблемы, статуэткі божастваў), т.зв. кападакійская кераміка (паліхромныя і размаляваныя пасудзіны, манахромная, чорна- і чырвонаглянцаваная, збаны, чашы, пасудзіны з арнаментам, выявамі галоў жывёл), былі пашыраны чырвонаглянцаваныя пасудзіны, выкананыя на ганчарным крузе. У перыяд Новага Хецкага царства пераважала размаляваная паліхромная кераміка, пакрытая палівай, вял. парадныя пасудзіны з рэльефнымі выявамі. Характэрны таксама пячаткі ў форме круглага штэмпеля з сім. кампазіцыямі з іерагліфічных і сімвалічных выяў.

Літ.:

Гарни О.Р. Хепы: Разрушители Вавилона: Пер. с англ. М., 2002.

Да арт. Хеты. «Ільвіныя» вароты крапасной сцяны Хатусаса. Фрагмент.
Да арт. Хеты. Наверша штандара ў выглядзе аленя з Аладжа-Хююк.
Да арт. Хеты. Керамічная пасудзіна з Кюль-Тэпе.

т. 17, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭ́ЗАР Гай Юлій (Gaius Julius Caesar; 13.7.100—15.3.44 да н.э.),

старажытнарымскі дзярж. і паліт. дзеяч, палкаводзец, пісьменнік. З патрыцыянскага роду Юліяў. У пач. паліт. дзейнасці выступаў на баку папуляраў супраць Л.​К.​Сулы і яго прыхільнікаў. Займаў шэраг дзярж. пасад: ваенны трыбун, квестар, эдыл, прэтар. Змагаўся за аднаўленне правоў нар. трыбунаў, за рэабілітацыю марыянцаў. Імкнучыся да папулярнасці ў шыр. колах грамадства, наладжваў шыкоўныя відовішчы, грамадскія абеды. На пасадзе намесніка рым. правінцыі Далёкая Іспанія (у 60 да н.э.) выявіў адм. і ваен. здольнасці, разам з Г.Пампеем і М.Ліцыніем Красам увайшоў у т.зв. 1-ы трыумвірат. У 59 да н.э. абраны консулам, правёў шэраг законаў з мэтай умацавання дзярж. ладу і вырашэння сац. праблем. У 58 да н.э. атрымаў у кіраванне Галію, да 51 да н.э. заваяваў яе цалкам. У 55—53 да н.э. правёў паспяховыя паходы ў Брытанію і Германію. У выніку гібелі Краса (53 да н.э.) трыумвірат распаўся, саперніцтва паміж Ц. і Пампеем перарасло ў грамадз. вайну 49—45 да н.э. Пасля разгрому войск Пампея і яго саюзнікаў пад Ілердай, Фарсалам, Тапсам і Мундай Ц. узначаліў рым. дзяржаву. Сканцэнтраваў у сваіх руках паўнамоцтвы дыктатара (з 44 да н.э. пажыццёва), консула (з 47 да н.э. на 5, з 44 да н.э. на 10 гадоў), трыбуна, цэнзара (пажыццёва з 44 да н.э.), усталяваў асабістую ўладу, захаваўшы рэсп. формы кіравання. Правёў дзярж., адм., суд., грашовую і каляндарную (у 46 да н.э. т.зв. юліянскі каляндар) рэформы, перапіс насельніцтва Італіі. Узмацненне ўлады Ц. выклікала моцнае супраціўленне сенацкай апазіцыі і прарэсп. знаці. У выніку змовы (больш за 80 чал.) на чале з Л.​Г.​Касіем і М.​Ю.​Брутам Ц. забіты на пасяджэнні сената. Аўтар «Запісак пра Гальскую вайну», «Запісак пра грамадзянскую вайну». Вядомы зборнікі яго прамоў і пісьмаў, 2 памфлеты, шэраг паэт. твораў, трактат па граматыцы (не захаваліся).

Тв.:

Рус. пер. — Записки Юлия Цезаря и его продолжателей о Галльской войне, о Гражданской войне, об Александрийской войне, об Африканской войне. М., 2002.

Літ.:

Утченко С.Л. Юлий Цезарь. 2 изд. М., 1984;

Дуров В.С. Юлий Цезарь: Человек и писатель. Л., 1991;

Федорова Е.В. Императорский Рим в лицах. 2 изд. Смоленск, 1995;

Ферреро Г. Юлий Цезарь. Ростов н/Д, 1997.

А.​Г.​Зельскі.

Г.Ю.Цэзар.

т. 17, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАС ДЗЕЯСЛО́ВА,

словазменная катэгорыя, якая абазначае адносіны дзеяння да моманту размовы. У сучаснай бел. мове адрозніваюць 3 формы Ч.дз.: цяперашні, прошлы і будучы. Формы цяперашняга і будучага часу складаюць групу няпрошлых часоў, якая проціпастаўлена формам прошлага часу. Катэгорыя часу ўласціва толькі формам абвеснага ладу. Ч.дз. цесна звязаны з трываннем дзеяслова. дзеясловы незакончанага трывання маюць поўную парадыгму часавых форм (цяперашні, прошлы і будучы), дзеясловы закончанага трывання — толькі прошлы і будучы: «бегчы — бягу, бег, буду бегчы», «адбегчы — адбег, адбягу».

Цяперашні час абазначае дзеянне, якое адбываецца ў момант гутаркі, утвараецца ад асноў інфінітыва незакончанага трывання з дапамогай асабовых канчаткаў («чытаю — чытаеш — чытае — чытаем — чытаеце — чытаюць»). Прошлы час абазначае дзеянне, якое адбывалася ці адбылося да моманту гутаркі, утвараецца ад асноў інфінітыва закончанага ці незакончанага трывання з дапамогай суфікса «-л-(-ў)» і канчаткаў «-а», «-о», «-і» («чытаў — чытала — чыталі», «прыйшоў — прыйшла — прыйшло — прыйшлі») і мае 2 формы: простую, найб. пашыраную («нёс — несла — неслі»), і складаную, якая абазначае даўно мінулае дзеянне і ўтвараецца спалучэннем звязкі «быць» і дзеяслова ў прошлым часе («якраз тады прыехалі былі з горада сябры», «я быў нагледзеў харошы дубок»). Будучы час абазначае дзеянне, якое адбудзецца ці будзе адбывацца пасля моманту гутаркі. Мае 2 формы: простую, якая ўтвараецца ад асноў інфінітыва закончанага трывання пры дапамозе асабовых канчаткаў («прачытаю — прачытаеш — прачытае — прачытаем — прачытаеце — прачытаюць»), і складаную, якая ўтвараецца са звязкі «быць» і інфінітыва («буду чытаць», «будзем чытаць»).

У сістэме часоў дзеясловаў бел. мовы адбыліся прыкметныя змены. У агульнаўсх.-слав. мове адрознівалі 7 форм часу. Зніклі формы прошлага часу аорыст, імперфект, а на аснове перфекта і імперфекта ўтварыліся сучасныя формы прошлага часу. Простая форма будучага часу захавалася. Складаныя формы, утвораныя спалучэннем інфінітыва і дапаможных дзеясловаў «начьну», «почьну», «хочу», а таксама далучэннем дапаможнага дзеяслова «буду» да дзеепрыметніка на «-ль» («буду робилъ»), перасталі ўжывацца. Замацавалася форма будучага складанага часу з дапаможным дзеясловам «буду» і інфінітывам. На аснове даўнейшай складанай формы з дапаможным дзеясловам «иму» («иму робити», «иму носити») утварыліся дзеясловы тыпу «рабіцьму», «насіцьму», пашыраныя ў паўд. бел. гаворках.

Літ.:

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Янкоўскі Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1989.

Я.​М.​Адамовіч.

т. 17, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ХРЫСЦІЯ́НСКАЯ ДЭМАКРА́ТЫЯ (БХД), Беларускае нацыянальнае аб’яднанне (БНА),

клерыкальная дэмакратычная бел. нац. партыя. Засн. ў маі 1917 у Петраградзе, дзейнічала на тэр. Зах. Беларусі да 1940. Да сярэдзіны 1920-х г. наз. Хрысціянская дэмакр. злучнасць (ХДЗ). Заснавальнікі і гал. ідэолагі БХД — бел. ксяндзы Ф.​Абрантовіч, Л.​Хвецка, А.​Станкевіч, В.​Гадлеўскі, Ф.​Будзька, А.​Зязюля (А.​С.​Астрамовіч), К.​Сваяк (К.​Стаповіч) і інш. Друкаваны орган — газ. «Беларуская крыніца». Заснаванне ХДЗ садзейнічала актывізацыі грамадска-паліт. дзейнасці каталіцкага духавенства непасрэдна на Беларусі. Як актыўны ўдзельнік Беларускага нацыянальнага камітэта, а потым і Вялікай беларускай рады ХДЗ-БХД падтрымлівала Часовы ўрад А.​Ф.​Керанскага, паступова заняла адмоўныя пазіцыі ў адносінах да сав. улады. На думку Станкевіча, «палітычны незалежны ідэал БХД лагічна выцякае з акта 25 сакавіка 1918 года, які абвясціў Беларусь незалежнай суверэннай дзяржавай». У аснову практычнай дзейнасці БХД была пакладзена тэорыя самабытнасці развіцця бел. нацыі, адмаўленне класавай барацьбы. Усе 5 праграм партыі, пачынаючы з 1920, адстойвалі асновы дэмакр. ладу, у т. л. прыватную ўласнасць. З 2-й пал. 1920-х г. БХД узяла курс на пераўтварэнне партыі ў грамадска-паліт. арг-цыю на грунце агульнахрысц. ідэалогіі, што знайшло адлюстраванне ў 5-й праграме (1936) і змене назвы на БНА. Аднак змена назвы партыі не мяняла яе сутнасці, а павінна была падкрэсліць незалежнасць ад кліру і прэтэнзію на аднаасобнае паліт. прадстаўніцтва бел. народа. Гал. паліт. мэту бачыла ў тым, «каб у незалежнай Беларусі быў створаны такі грамадскі лад, які, абапіраючыся на працу, грамадскую роўнасць і справядлівасць, не дапускаючы эксплуатацыі адных другімі, забяспечваў бы палітычна-грамадскія, культурныя і эканамічныя патрэбы грамадзян». Выступала за самастойнасць бел. народа на ўсіх яго землях, перадачу зямлі ва ўласнасць і без выкупу беззямельным і малазямельным сялянам, абавязковасць вывучэння рэлігіі ў школах, супраць аддзялення царквы ад дзяржавы, «дыктатуры капіталізму, фашызму і камунізму» і інш. З мэтай пашырэння сац. базы партыі ў чэрв. 1926 у Вільні быў адкрыты Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры як філіял БХД. Кіраўнікі БХД-БНА адмоўна сустрэлі прапанову ЦК КПЗБ пра стварэнне адзінага фронту барацьбы супраць польскіх улад, аднак удзельнічалі ў сумесных акцыях барацьбы за школу на роднай мове. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР многія члены партыі былі рэпрэсіраваны.

У.​Ф.​Ладысеў.

Да арт. Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Сядзяць (злева направа): А.​Станкевіч, Я.​Германовіч, В.​Гадлеўскі; стаяць: П.​Татарыновіч, С.​Глякоўскі.

т. 2, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)