МАЛА́Я САВЕ́ЦКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕДЫЯ (МСЭ),

універсальнае энцыклапедычнае выданне. Выдадзена ў Маскве выд-вам «Савецкая Энцыклапедыя». Створана на аснове Вялікай Савецкай Энцыклапедыі, адрозніваецца ад яе памерам і колькасцю артыкулаў. Выйшла 3 выданні: 1-е (т. 1—10, 1928—31), 2-е (т. 1—11, 1933—47), 3-е (т. 1—10, 1958—60); з алфавітным прадметна-імянным паказальнікам. Уключае больш за 50 тыс. артыкулаў па пытаннях гісторыі, палітыкі, эканомікі, культуры і мастацтва, навукі і тэхнікі. Вызначаецца навук. дакладнасцю матэрыялу, лаканічнасцю і сцісласцю яго выкладу. Выданне багата ілюстравана, у ім больш за 12 тыс. ілюстрацый, у т. л. больш за 600 каляровых, шмат малюнкаў, карт і схем.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 10, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВО́ЛЬНЫЯ НЕЙТРО́НЫ,

нейтроны з кінетычнай энергіяй, умоўна меншай за 100 кэВ. П.н. з кінетычнай энергіяй, большай за 10 кэВ, атрымліваюць з дапамогай паскаральнікаў зараджаных часціц; іх энергія рэгулюецца зменамі напружання паскарэння пратонаў. Нейтроны з меншай энергіяй выдзяляюць з нейтронных пучкоў з дапамогай спец. фільтраў. Нейтроны з энергіяй, большай за 100 кэВ, наз. хуткімі нейтронамі; для іх запавольвання выкарыстоўваюцца запавольнікі (вада, графіт і інш.; гл. Запавольванне нейтронаў). Дэтэктыраванне П.н. праводзіцца на аснове рэгістрацыі прадуктаў выкліканых імі ядз. рэакцый (гл. Дэтэктары ядзернага выпрамянення). П.н. выкарыстоўваюцца для атрымання ланцуговай ядзернай рэакцыі, структурных даследаванняў крышталяў (гл. Нейтронаграфія), вывучэння ўласцівасцей узбуджэння ядз. узроўняў на аснове нейтронных рэзанансаў (гл. Мёсбаўэра эфект) і інш.

т. 11, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВІ́Д (лац. subspecies),

таксанамічная катэгорыя (ранг) у сістэматыцы раслін і жывёл, рангам ніжэйшая за від. Сукупнасць геаграфічна (радзей экалагічна або геахраналагічна) адасобленых папуляцый віду, у якіх большасць асобін адрозніваецца адным або некалькімі (звычайна марфал.) прыкметамі ад асобін інш. папуляцый таго ж віду. Бел. назва П. складаецца з 2 слоў. Лац. назву П. ўтвараюць дадаткам трэцяга слова (падвідавога эпітэта) да назвы віду. Напр., адзін з П. ліса звычайнага (Vulpes vulpes) — ліс сярэднярускі, абазначаецца як Vulpes vulpes vulpes. Міжнар. кодэкс заал. наменклатуры прызнае П. за найніжэйшую таксанамічную адзінку. Міжнар. кодэкс бат. наменклатуры прызнае і інфрападвідавыя (ніжэйшыя за П.) катэгорыі (варыетэт, форма і інш.).

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАЎ Іван Фаміч (25.6.1922, с. Барыс-Раманаўка Бараўскога р-на Кустанайскай вобл., Казахстан — 12.10.1950),

лётчык-штурмавік. Двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Скончыў Чкалаўскую ваен. авіяшколу пілотаў (1942), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1949). У Чырв. Арміі з 1940. З 1942 у дзеючай арміі, удзельнічаў у баях на Калінінскім, Цэнтр. і 1-м Прыбалт. франтах. У час Беларускай аперацыі 1944 камандзір звяна штурмавога авіяпалка П. рабіў па 4—5 баявых вылетаў за дзень на штурмоўку жывой сілы і тэхнікі праціўніка. За час вайны зрабіў больш за 200 баявых вылетаў, асабіста збіў 3 варожыя самалёты. Пасля вайны камандаваў авіяпалком. Загінуў пры выкананні службовага задання.

т. 12, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУС СВО́ЙСКІ,

млекакормячае атр. зайцападобных. Паходзіць ад труса дзікага еўрапейскага. Вядома каля 60 парод, якія падзяляюцца на мяса-шкуркавыя (белы волат, венскі блакітны трус, матылёк, савецкая шыншыла, савецкі мардэр, серабрысты трус, чорна-буры трус, шэры волат і інш.), мясныя (новазеландскі белы, каліфарнійскі, блакітны беверэн, дацкі фламандскі волат) і пуховыя (пароды ангорская, белая пуховая). Вылучаюць пароды буйныя (больш за 4,5 кг), сярэднія (3—4,5 кг) і дробныя (менш за 3 кг).

Даўж. да 70 см. Афарбоўка шэрсці белая, блакітная, шэрая, карычневая, серабрыстая, чорная. Жывуць да 10 гадоў, гасп. выкарыстанне 1—1,5 года. Нараджаюць па 8 і больш дзіцянят 3—6 разоў за год.

т. 15, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАТАМІ́ Сеед Махамад (н. 29.9.1943, Ардакан, Іран),

дзяржаўны дзеяч Ірана. Скончыў тэалагічныя ф-ты Ісфаханскага і Тэгеранскага ун-таў. За ўдзел у апазіцыі рэжыму шаха Мухамеда Рэза Пехлеві быў арыштаваны. У 1978—79 кіраўнік Ісламскага культ. цэнтра ў г. Гамбург (Германія). Пасля перамогі Іранскай рэвалюцыі 1978—79 дэп. іранскага парламента (меджліса), кіраўнік выд-ва «Кейхан», міністр культуры і ісламскай арыентацыі. З 1992 дырэктар Нац. б-кі і саветнік прэзідэнта Ірана. З мая 1997 прэзідэнт Ісламскай Рэспублікі Іран. Выступае за лібералізацыю паліт. рэжыму Ірана, за большую яго адкрытасць для свету.

Літ.:

Казеев К. Президент ИРИ Сейед Мохаммад Хатами // Азия и Африка сегодня. 1999. № 2.

В.​У.​Адзярыха.

т. 16, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́У (Howe) Гордан (Гордзі) (н. 31.3.1928, Флорэл, Канада),

канадскі і амер. спартсмен (хакей з шайбай). З 1944 у ЗША. Нападаючы клуба Нац. хакейнай лігі (НХЛ) «Дэтройт Рэд Уінгз» (1946—71). Віцэ-прэзідэнт (з 1971), прэзідэнт (з 1973) клуба Сусв. хакейнай асацыяцыі (СХА) «Х’юстан Аэраз», выступаў за гэты клуб у 1973—77; за «Нью Інглэнд Уэлерс» (СХА) — у 1978—80. За ўсю спарт. кар’еру згуляў у 2421 матчы, забіў 1071 шайбу. Чэмпіён НХЛ (1949—55, 1957, 1965), уладальнік Кубка Стэнлі (1950, 1952, 1954, 1955) — гал. прыза сезонаў у НХЛ. Лепшы спартсмен Канады (1963). З 1980 займаецца трэнерска-адм. і прадпрымальніцкай дзейнасцю.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 17, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЭКАНАМІ́ЗМ»,

пашыраная ў гіст. л-ры назва адной з плыней рас. сацыял-дэмакратыі канца 19 — пач. 20 ст. Аформіўся ў 1897—99 з выданнем у эміграцыі газ. «Рабочая мысль» і час. «Рабочее дело». «Эканамісты» (К.​Дз.​Кускова, С.​М.​Пракаповіч і інш.) лічылі прапаганду сацыялізму ў Расіі заўчаснай, гал. задачай ставілі дапамогу рабочым у арганізацыі барацьбы за паляпшэнне іх эканам. становішча (адсюль назва), выступалі супраць стварэння нелегальнай рабочай партыі, за саюз з лібераламі ў барацьбе за паліт. свабоды. Супраць «Э.» як «апартуністычнай» плыні рэзка выступілі У.​І.​Ленін і яго прыхільнікі. У 1904 частка лідэраў «Э.» далучылася да Саюза вызвалення.

т. 18, кн. 1, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГЕ́НЦТВА,

1) арганізацыя, якая за абумоўленую плату выконвае пэўныя даручэнні фіз. або юрыд. асоб (давернікаў). Аб’ём, парадак і ўмовы агенцкага абслугоўвання фіксуюцца ў дагаворы паміж агенцтвам і давернікам, ад імя, за кошт і ў інтарэсах якога агенцтва дзейнічае.

2) Прадстаўніцтва, аддзяленне якой-н. установы ці прадпрыемства, напр. тэлегр. агенцтва, трансп. агенцтва, Агенцтва друку, агенцтва літаратурнае.

т. 1, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯСФЕ́РНЫ МАНІТО́РЫНГ,

сістэма доўгатэрміновых назіранняў за прыроднымі з’явамі на ўзроўні біясферы. Дапамагае вывучаць прыродныя працэсы біясферы і яе кампанентаў, улічваць іх змены ад уплыву антрапагенных фактараў, вызначаць глабальна-фонавыя змены ў прыродзе. Ажыццяўляецца праз біясферныя запаведнікі, з дапамогай метадаў сачэння за станам біясферы з касм. апаратаў і інш. Гл. таксама Глабальны маніторынг.

т. 3, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)