ПО́САРТ (Possart) Эрнст (11.5.1841, Берлін — 8.4.1921),

нямецкі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Дэбютаваў у 1861. З 1864 акцёр, пазней рэжысёр, маст. кіраўнік Мюнхенскага прыдворнага т-ра. У 1883 удзельнічаў у стварэнні Ням. т-ра ў Берліне, у 1901 — «Прынц-рэгент-тэатра» ў Мюнхене. Акцёр рацыяналістычнага складу. Філас. пранікненне ў вобраз спалучаў з дакладнай распрацоўкай ролі і беззаганнай тэхнікай дэкламацыі. Як рэжысёр асаблівую ўвагу аддаваў масавым сцэнам. Найб. значныя ролі: Натан («Натан Мудры» Г.​Лесінга), Мефістофель, Карлас («Фауст», «Клавіга» І.​В.​Гётэ), Франц («Разбойнікі» Ф.​Шылера), Шэйлак, Яга, Рычард III («Венецыянскі купец», «Атэла», «Рычард III» У.​Шэкспіра), консул Бернік («Стаўпы грамадства» Г.​Ібсена) і інш.

т. 12, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАХАРЭ́НКА Іван Дзянісавіч (н. 10.5.1918, в. Вышамір Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н., праф. (1971). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1972). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1939). З 1957 у Мінскім вышэйшым інж. зенітна-ракетным вучылішчы. З 1973 заг. кафедры, праф. БДУ. З 1993 у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і Ін-це прадпрымальніцкай дзейнасці (з 1995 заг. кафедры). Навук. працы па праблемах развіцця эканам. сістэмы грамадства, фарміравання структуры і функцыянавання сусв. гаспадаркі.

Тв.:

Развитие социалистических производственных отношений. М., 1972;

Азиатский способ производства и азиатский социализм. Мн., 1993 (разам з С.​В.​Курэгянам).

т. 13, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАФІ́ (сапр. Мелік-Акапян Акоп; 1835, г. Паяджук, Іран — 6.5.1888),

армянскі пісьменнік, прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў рус. гімназіі ў Тбілісі. Настаўнічаў. Друкаваўся з 1860. У ранніх творах (раман «Салбі», 1867, выд. 1911; аповесць «Гарэм», 1869, выд. 1874) выкрываў нац. і сац. прыгнёт ва ўмовах іран. рэчаіснасці. Раман «Залаты певень» (1879) пра духоўнае выраджэнне тагачаснага грамадства. Тэма нац.-вызв. барацьбы ў раманах «Вар’ят» («Хент», 1880), «Іскры» (т. 1—2, 1883—87). Аўтар гіст. раманаў «Давід-бек» (1881—82), «Самвел» (1886). Яго творчасць прасякнута патрыятызмам, грамадз. пафасам.

Тв.:

Рус. пер. — Золотой петух;

Безумец. М., 1959;

Гарем и другие рассказы. Ереван, 1966;

Самвел. Ереван, 1975.

С.​Сарынян.

т. 13, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВАСЦЮ́К Антон Іванавіч (1.5.1927, в. Баравое Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 10.7.1998),

бел. філосаф. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1989), д-р філас. н. (1984), праф. (1985). Скончыў БДУ (1955). З 1961 у Ін-це філасофіі і права Нац. АН Беларусі (з 1962 вучоны сакратар, з 1968 нам. дырэктара, у 1989—92 заг. аддзела). Навук. працы па сац. філасофіі і паліталогіі, праблемах сац. развіцця, структуры грамадства і сац. супярэчнасцей.

Тв.:

В.​И.​Ленин о победе социализма в СССР. Мн., 1970;

Основное противоречие нашей эпохи и мировой революционный процесс. Мн., 1980;

Формирование общества социальной справедливости в Беларуси. Мн., 1996 (разам з Т.​А.​Антонавай).

А.І.Савасцюк.

т. 14, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЙМАНС (Simons) Генры Калверт (1899—1946),

амерыканскі вучоны-эканаміст. Адзін з заснавальнікаў Чыкагскай школы ў палітэканоміі, прыхільнікі якой выступалі за захаванне «чыстай канкурэнцыі» і лічылі непажаданым дзярж. ўмяшанне ў эканам. жыццё. З 1939 праф. Чыкагскага ун-та. Навук. працы па праблемах развіцця грашова-крэдытнай сістэмы, бюджэтна-фін. і падатковай палітыкі. Аўтар твораў «Эканамічная палітыка для свабоднага грамадства» (1948), «Федэральная пачатковая рэформа» (1950) і інш. Прапанаваў банкаўскую рэформу (1930-я г.), якая прадугледжвала скарачэнне грашовага абароту, спыненне абясцэньвання грошай і прадухіленне банкруцтва банкаў. Распрацаваў праект рэформы, паводле якой асн. крыніцай федэральных даходаў станавіўся падаходны падатак з грамадзян (20% ад усіх відаў даходаў) і скарачаліся ўскосныя падаткі.

т. 14, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНКО́ВАЕ МАСТА́ЦТВА,

творы жывапісу, скульптуры і графікі, якія маюць самаст. характар, свабодныя ад прамых утылітарных функцый і не прызначаныя для ансамбля ў якасці яго састаўной і неад’емнай часткі. Назва ад «станка», на якім ствараюцца творы С.м., — мальберт, скульптурны станок. Творы С.м. разглядаюцца адасоблена ад наваколля, іх значэнне не мяняецца ад месца, дзе яны знаходзяцца, хаця ўмовы экспанавання і асвятлення могуць спрыяць альбо перашкаджаць поўнаму раскрыццю іх якасцей. У эпоху Адраджэння, з распадам універсальных комплексаў, характэрных для сярэдневякоўя, С.м. стала адной з умоў росквіту маст. культуры. У 17—20 ст. С.м. з яго псіхалагізмам, шматграннасцю і багаццем нюансаў — асн. род маст. творчасці, вызначальны ў жыцці грамадства.

т. 15, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУБО́ТНІК,

1) выкананне добраахвотна і бясплатна якой-н. грамадска-карыснай працы ў суботу (або іншы выхадны дзень). Як грамадска-паліт. з’ява ўзнік у 1919 па ініцыятыве камуністаў (адсюль назва камуністычны С.), якія ў дэпо Масква-Сарціровачная адрамантавалі 3 паравозы. У СССР штогод праводзіўся Ленінскі (камуніст.) С. у суботу у 2-й пал. крас., у гонар. нараджэння У.​І.​Леніна. З 1969 праводзіліся Усесаюзныя камуніст. С.

На Беларусі пасля распаду СССР праводзяцца С. на карысць грамадства, сродкі ад якіх ідуць на дапамогу дзецям-сіротам, пацярпелым ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і інш. 2) С. наз. таксама сектант, які належыць да секты, што святкуе суботу замест нядзелі.

т. 15, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУКУПНЫ РАБО́ЧЫ, сукупны работнік,

паняцце, якое характарызуе якасць і ўзровень развіцця рабочай сілы; сукупнасць працаўнікоў, грамадская камбінацыя індывід. рабочых сіл, якія непасрэдна ці апасродкавана ўдзельнічаюць у вытв. працэсе, ствараючы пэўныя спажывецкія вартасці. У С.р. адрозніваюць 2 бакі: па змесце ён — элемент прадукц. сіл грамадства, які гістарычна абумоўлены пэўным характарам працэсу працы (рамесным, машынным і інш.), узроўнем падзелу працы, характарам і памерам выкарыстаных сродкаў вытв-сці; па форме ўключае ў сябе сістэму вытв. адносін, у якія ўступаюць члены С.р. з уласнікам сродкаў вытв-сці. Дае магчымасць рацыянальна размяркоўваць работнікаў па вытв. і дапаможных функцыях у залежнасці ад іх здольнасцей, эканомна выкарыстоўваць іх працу.

т. 15, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ГАРТ (Hogarth) Уільям (10.11.1697, Лондан — 25.10.1764),

англійскі мастак і тэарэтык мастацтва. Вучыўся ў гравёра Э.​Геймбла, з 1720 у акадэміі Дж.​Торнхіла ў Лондане. У творах, якія вылучаюцца жывой непасрэднасцю, з пазіцый асветніцтва выявіў заганы тагачаснага англ. грамадства: серыі «Кар’ера прастытуткі» (1730—31), «Кар’ера мота» (1732—35), «Модны шлюб» (1743—45), «Выбары» (каля 1754). Выканаў партрэты, якім уласцівы жыццесцвярджальнасць і рэалістычнасць: «Капітан Т.​Корэм» (1740), «Аўтапартрэт» (1745), «Дзяўчына з крэветкамі». Аўтар тэарэт. трактата «Аналіз прыгажосці» (1753).

Тв.:

Рус. пер. — Анализ красоты. 2 изд. Л.;

М., 1987.

Літ.:

Герман М.Ю. У.​Хогарт и его время. Л., 1977.

У.Хогарт. Модны шлюб. 1743—45.

т. 17, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭХ (Ćech) Сватаплук (21.2.1846, мяст. Остршадак каля г. Бенешаў, Чэхія — 23.2.1908),

чэшскі пісьменнік. Скончыў Пражскі ун-т (1869). У 1878—99 заснавальнік і рэдактар час. «Květy» («Кветкі»). У зб-ках вершаў «Ранішнія песні» (1887), «Новыя песні» (1888), паэмах «Песні раба» (1894), «Касцы» (1903) асуджаў тагачасны лад, нац. і сац. прыгнёт, апяваў барацьбу працоўных супраць прыгнятальнікаў. Аўтар сатыр. аповесці «Падарожжа пана Броўчака ў XV стагоддзе» (1888), у якой філістэрству і беспрынцыповасці грамадства проціпаставіў гераічнае гусіцкае мінулае. Для яго твораў характэрны рамант. тэндэнцыі і рэалізм.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1954.

Літ.:

Кишкин Л.С. Сватоплук Чех: Очерк жизни и творчества. М., 1959;

Чех Сватоплук: Биобиблиогр. указ. М., 1959.

т. 17, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)