баявыя дзеянні з мэтай зрыву або адбіцця наступлення намнога большых сіл праціўніка, прыкрыцця або ўтрымання занятых пазіцый, выйгрышу часу і стварэння ўмоў для пераходу у наступленне войскаў, якія абараняюцца. Ажыццяўляецца ў тактычных, аператыўных і стратэг. маштабах, прымусова (калі наступленне немагчыма або немэтазгодна) або наўмысна.
У старажытнасці і сярэднявеччы для доўгатэрміновай абароны выкарыстоўвалі ўмацаваныя гарады, крэпасці, замкі (гл.Абарончыя збудаванні). З аснашчэннем арміі агнястрэльнай зброяй (з 14—15 ст.) пачалося збудаванне палявых абарончых умацаванняў. З распаўсюджваннем у 19 ст. наразной зброі з большай далёкасцю стральбы сталі ствараць глыбокую (эшаланіраваную) абарону. Умацаваная паласа глыбінёй 1000—1500 м упершыню была створана ў час Севастопальскай абароны 1854—55. У 1-ю сусв. вайну ў прамежках паміж апорнымі пунктамі ствараліся суцэльныя лініі траншэй. Войскі займалі некалькі абарончых пазіцый, якія эшаланіраваліся ў глыбіню на 3—4 км адна ад адной. За гэтымі пазіцыямі ствараліся тылавыя (запасныя) абарончыя палосы. Будавалася абарона на суцэльным фронце з выкарыстаннем сістэмы інж. збудаванняў і загарод. З насычэннем ўзбр. сіл танкамі, дальнабойнай артылерыяй, самалётамі абарона стала глыбокай, шматпалоснай, процітанкавай, проціартылерыйскай, процісамалётнай. Усебаковае развіццё абарона атрымала ў Вял.Айч. вайну. На тэр. Беларусі цяжкія абаронныя баі ішлі ў чэрв.—жн. 1941 (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Віцебска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Гомеля абарона 1941 і інш.).
У сучасных умовах абарона прадугледжвае актыўнае процідзеянне адначасовым ударам усіх відаў зброі, авіяцыі і артылерыі, дэсантных і інш. войскаў праціўніка, своечасовае выяўленне яго сродкаў масавага паражэння, жывой сілы і тэхнікі, стварэнне найб. зручных умоў для сябе. Каб сарваць ці аслабіць наступленне, войскі ў абароне ажыццяўляюць агнявую контрпадрыхтоўку па групоўцы праціўніка, якая падрыхтавалася да наступлення, і контратакуюць. Паводле метадаў вядзення абароны бывае пазіцыйная і манеўраная; сучасная абарона, як правіла, спалучае абодва гэтыя метады. Устойлівасці і актыўнасці абароны спрыяюць насычанасць яе браніраванымі сродкамі, глыбокае эшаланіраванне і разгрупаванне сіл і сродкаў, разнастайнасць спосабаў вядзення абарончых дзеянняў, выкарыстанне спецыфічных фіз.-геагр. умоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРА́ФІЯ МЕДЫЦЫ́НСКАЯ,
галіна навукі, што вывучае сувязі (залежнасці) паміж прыроднымі, сац.-эканам. і інш. ўмовамі пэўных тэрыторый і станам здароўя насельніцтва, а таксама рэгіянальныя асаблівасці ўзнікнення і пашырэння хвароб, арганізацыю мед. дапамогі.
У даследаваннях па геаграфіі медыцынскай улічваюцца кліматычныя ўмовы, ландшафтныя асаблівасці, наяўнасць або адсутнасць у геагр. асяроддзі (у т. л. ў прадуктах харчавання) некат. хім. элементаў, умовы жыцця, культ. ўзровень насельніцтва, традыцыі харчавання, ступень антрапагеннага ператварэння, забруджанасці навакольнага асяроддзя і інш. фактары. Геаграфія медыцынская падзяляецца на мед. кліматалогію, мед. ландшафтазнаўства, нозагеаграфію, мед. картаграфію, краявую эпідэміялогію і інш. раздзелы. Навук. распрацоўкі па геаграфіі медыцынскай вядомы з 18 ст. У Англіі яны звязаны з імёнамі С.Хенена, Х.Маршала, у Францыі — Ш.Будэна, у Расіі — А.Гуна, А.П.Уладзімірскага, Я.А.Чыстовіча.
На Беларусі медыка-геагр. даследаванне пачата ў 2-й пал. 18 ст. А.Меерам (клімат, сан. стан і пашырэнне хвароб у Крычаўскім старостве), І.І.Ляпёхіным (медыка-геагр. апісанні наваколляў Гомеля, Оршы, Магілёва), Ж.Э.Жыліберам (геаграфія лек. раслін бел. губерняў). Да 19 ст. адносяцца медыка-геагр., медыка-стат. і медыка-тапаграфічныя апісанні шэрагу губерняў, паветаў і гарадоў Беларусі (Л.І.Галынец, А.А.Бекарэвіч, В.В.Кошалеў і інш.). У пач. 20 ст. Мінскім т-вам урачоў складзены апісанні Мінска, Слуцка, Ігумена, пав. бальніц, даследавалася залежнасць фіз. развіцця насельніцтва ад сац.-быт. і прыродных умоў. У сав. час да 1940-х г. праведзена вывучэнне геагр. пашырэння на Беларусі, эндэмічных валлякоў, склеромы, малярыі, тыфаў, шаленства. У 1950—70-я г. даследаваліся пытанні методыкі і гісторыі геаграфіі медыцынскай (С.І.Бялоў, Дз.П.Бяляцкі, А.В.Якаўлеў і інш.), апублікавана манаграфія Бялова і М.С.Ратабыльскага «Медыцынская геаграфія Беларусі» (1977). Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС на Беларусі арганізаваны і вядуцца комплексныя даследаванні геаграфіі пашырэння радыенуклідаў, іх уплыў на стан здароўя розных узроставых груп насельніцтва. Звесткі геаграфіі медыцынскай выкарыстоўваюць пры планаванні мерапрыемстваў па аздараўленні мясцовасцей, прафілактыцы хвароб і арганізацыі сістэмы мед. дапамогі насельніцтву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКІ КАМІТЭ́Т РСДРП(б),
1) арганізацыя с.-д. партыі, якая дзейнічала на тэр. Магілёўскай, ч. Мінскай, Чарнігаўскай і Палтаўскай губ. Утвораны па ініцыятыве У.І.Леніна і ЦКРСДРП у студз. 1904. Яднаў Гомельскую, Клінцоўскую, Навазыбкаўскую, з лют. 1904 Магілёўскую і Роменскую арг-цыі. Да вясны 1904 ахапіў уплывам Магілёўскую губ., Мазырскі і Рэчыцкі пав. Мінскай губ., Гароднянскі, Мглінскі, Навазыбкаўскі, Старадубскі і Суражскі пав. Чарнігаўскай, Роменскі пав. Палтаўскай губ. У маі 1905 адбыўся 1-ы з’езд арг-цый РСДРП Палескага р-на, які прыняў статут і зацвердзіў паўнамоцнымі арг-цыямі П.к. РСДРП(б) Аршанскую, Гомельскую, Копыскую, Магілёўскую, Шклоўскую, Горацкую, Дабранскую, Клінцоўскую, Лоеўскую, Навазыбкаўскую, Сноўскую і Сямёнаўскую арг-цыі РСДРП. Летам 1905 яднаў таксама арг-цыі, у склад якіх уваходзілі бальшавікі і меншавікі. У вер. 1905 адбылася канферэнцыя к-та. У сувязі з ростам колькасці арг-цый РСДРП канферэнцыя падзяліла к-т на 4 самаст. раённыя арг-цыі: Аршанскую, Гомельскую, Магілёўскую і Клінцоўска-Навазыбкаўскую. Летам 1906 Гомельская і Магілёўская арг-цыі рэарганізаваны ў акруговыя з правам утвараць на іх тэр. раённыя. У вер. 1909 Гомельскаму акр. к-ту даручана выконваць функцыі абл.парт. цэнтра. З мая 1912 ён стаў называцца П.к. РСДРП(б) і дзейнічаў да 1917.
2) Кіруючы орган арг-цый РСДРП Магілёўскай, ч. Мінскай, Чарнігаўскай і Палтаўскай губ. Меў калегіі: раз’язных агентаў, прапагандыстаў, тэхнічную, сялянскую, а таксама ваен.-рэв. групу для работы сярод салдат, падп. друкарню, выпускаў газ. «Полесский листок». Па асн. праграмных, тактычных, арганізац. пытаннях стаяў на пазіцыях бальшавікоў. Размяшчаўся ў Гомелі, Навазыбкаве. Старшыня М.К.Уладзіміраў. У вер. 1905 парт.арг-цыя, якую ён узначальваў, падзелена на 4 раённыя, і к-т перастаў існаваць. Яго функцыі выконваў Гомельскі раённы, потым акр.к-тРСДРП. Пасля VI (Пражскай) Усерас. канферэнцыі РСДРП (у 1912) адноўлены. Пасля Лют. рэвалюцыі 19.4.1917 на арганізац. сходзе бальшавікоў Гомеля выбраны П.к. РСДРП(б), які выконваў функцыі абласнога. У лют.—сак. 1918 Палессе акупіравана ням. войскамі. Барацьбу супраць інтэрвентаў узначаліў Палескі падп.к-т РКП(б).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ТРЫКАЎ,
горад, цэнтр Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл., прыстань на р. Прыпяць. За 190 км ад Гомеля, 13 км ад чыг. ст. Муляраўка на лініі Калінкавічы—Лунінец, аўтадарогамі злучаны з Мазыром, Калінкавічамі, Жыткавічамі. 11,6 тыс.ж. (2000).
Паводле падання заснаваны ў 10 ст. яцвяжскім кн Петрыкам. У пісьмовых крыніцах 15 ст. вядомы як мястэчка ў ВКЛ, з канца 15 ст. ў Слуцкім княстве, з 1507 у Навагрудскім пав. Належала Алелькавічам, з 17 ст. Хадкевічам. У 15—16 ст. існавала крэпасць, якая разбурана ў час вайны Маск. дзяржавы з ВКЛ 1534—37. У 1595—96 двойчы захоплены казацка-сялянскім атрадам С.Налівайкі. У час народна-вызваленчай вайны беларускага і ўкраінскага народаў 1648—54 П. быў базай паўстанцаў, з якой адпраўлялі боепрыпасы ў суседнія бел. гарады. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у 1655 тут стаяў гарнізон з навакольнай шляхты і мяшчан. У 1664 знаходзіўся ў руках казакоў палкоўніка Дацко Васілевіча. У 18 ст. ў П. былі развіты шавецкі промысел і выраб аўчын. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Мазырскага пав. У 1897—5,5 тыс.ж., каля 400 двароў, прыстань, 2 пач. школы, бальніца, касцёл, 2 царквы. У 1924 у П. чарапічны і 8 гарбарных з-даў, 2 цагельні, 460 саматужнікаў. З 17.7.1924 цэнтр раёна, з 3.7.1925 горад; працавала арцель па буд-ве баржаў. У 1939—5,8 тыс.ж., цагельны з-д, леспрамгас, рыбгас. З 29.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі тут 1,2 тыс.чал.; дзейнічала Петрыкаўскае патрыятычнае падполле, падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. Вызвалены 29.6.1944 воінамі 61-й арміі 1-га Бел. фронту і маракамі Дняпроўскай ваеннай флатыліі ў ходзе Мінскай аперацыі 1944. У 1959—7,2 тыс.ж., у 1970—8,5 тыс. жыхароў.
Працуюць Петрыкаўскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод, з-д керамзітавага гравію, акц. т-вы «Агратэхсервіс» і «Сельгасхімія», з-д сухога абястлушчанага малака, камбінаты буд. матэрыялаў і быт. абслугоўвання, лясгас і хлебазавод. 3 б-кі. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і падпольшчыкаў. Помнікі: сав. воінам-вызваліцелям, В.І.Талашу; архітэктуры — Петрыкаўская Мікалаеўская царква, Петрыкаўская Пакроўская царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік палацава-паркавай архітэктуры 2-й пал. 18 — сярэдзіны 19 ст. Створаны ў цэнтры Гомеля, на высокім правым беразе р. Сож. Уключае палац, парк, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор і Гомельскую капліцу (размешчаны ў парку). Палац (Гомельскі палац, Палац Румянцавых-Паскевічаў), пабудаваны ў стылі класіцызму, з’яўляецца кампазіцыйным цэнтрам ансамбля. Закладзены ў 1777 ген.-фельдмаршалам П.А.Румянцавым на месцы земляных умацаванняў і драўлянага замка кн. М.Чартарыйскага. Да 1834 належаў Румянцавым, у 1835—1917 — Паскевічам. Буд-ва вялося ў некалькі этапаў. Гал. корпус пабудаваны ў 1777—96 (арх. Я.М.Аляксееў з удзелам К.І.Бланка). У 1800—05 пабудаваны 2 службовыя флігелі, якія фланкіруюць гал. корпус, праведзены рамонт (арх. Дж.Кларк). Пасля набыцця палаца І.Ф.Паскевічам у 1837—51 адбылася рэканструкцыя і дабудова (арх. А.Ідзкоўскі). Палац рэканструяваны ў 1856 і 1919—20, спалены ў Вял.Айч. вайну, адноўлены і рэканструяваны ў 1969. Гал. корпус — адзін з першых у Беларусі ўзораў класічнай «паладыянскай» пабудовы з кампактнай, блізкай да квадрата формай плана і купальным завяршэннем. Мураваны 2-павярховы будынак з бельведэрам мае цокальны паверх, уязны пандус і прасторную паўкруглую тэрасу. Гал. Фасад 3-часткавай сім. кампазіцыі, аформлены магутным 4-калонным порцікам карынфскага ордэра. Інтэр’еры былі аздоблены ляпным арнаментам і жывапісам (майстар Вінцэнта Вінцэнці). У палацы захоўваліся унікальныя калекцыі дэкар.-прыкладнога і выяўл. мастацтва (шкло, зброя, дываны і габелены, жывапіс, скульптура, мэбля, маст. ліццё). Парк закладзены ў канцы 18 ст. З’яўляецца найб. захаваным у краіне пейзажным паркам з элементамі рамантызму. Цягнецца на 800 м уздоўж правага берага Сажа (пл. 25 га). За ярам Гамяюк знаходзіўся пладовы сад з багатай аранжарэяй («зімовы сад»). З 1834 у паркавых кампазіцыях значна ўзмацніўся рамантычны кірунак. На тэрасе каля вежы была ўстаноўлена конная статуя кн. І.Панятоўскага (скульпт. Б.Торвальдсен), па баках ад яе — 2 трафейныя гарматы рус.-тур. вайны (1828—29) на каменных пастаментах, на пляцоўцы курданёра — манумент кн. Паскевіча ў адзенні рым. палкаводца (скульпт. В.І.Дэмут-Маліноўскі); дэкар. мармуровыя скульптуры аздаблялі парк перад фасадам палаца і на гал. алеях. Элементамі рамантызму з’яўляюцца ставок «Лебядзінае возера» ў яры Гамяюк, вял. і малы гроты, Верхні і Ніжні масты, альтанка са скіфскай каменнай бабай, памятныя камяні і інш. У парку больш за 9 тыс. дрэў мясц. і экзатычных парод (кедр сібірскі, лістоўніца японская, хвоя чорная і інш.).
В.Ф.Марозаў, В.Р.Анціпаў.
Галоўны корпус Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.Да арт.Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. Інтэр’ер палаца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТНАЯ АРХІТЭ́КТУРА,
мастацтва гарманічна спалучаць прыродныя і створаныя чалавекам элементы ландшафту; галіна архітэктуры і горадабудаўніцтва. Уключае садова-паркавае мастацтва і азеляненне. Задачы Л.а.: вырашэнне ландшафтных пытанняў буйнога тэр. маштабу ў праектах і схемах раённай планіроўкі, фарміраванне водна-зялёных сістэм населеных месцаў, арг-цыя здаровага і прыгожага асяроддзя, жылых вытв. і рэкрэацыйных утварэнняў, эстэт. распрацоўка арх. элементаў ландшафту. Л.а. займаецца таксама стварэннем паркаў, садоў, бульвараў. Задачы яе вырашаюцца метадамі ландшафтнага планавання і ландшафтнага дызайну. Найб. важны прынцып сучаснай Л.а. — узаемазвязанае вырашэнне пытанняў аховы і рацыянальнага пераўтварэння прыродных ландшафтаў.
На Беларусі Л.а. як асобная галіна арх. навукі і практыкі вылучылася ў 1960-я г. Распрацаваны схемы асабліва ахоўных ландшафтаў, развіцця і размяшчэння курортаў, месцаў адпачынку, інструкцыя па аднаўленні старадаўніх паркаў — помнікаў садова-паркавага мастацтва, рэкамендацыі па праектаванні рэкрэацыйных сістэм ва ўмовах Беларусі, аднаўленні садова-паркавых комплексаў і інш. Сродкамі Л.а. створаны мемар. (Хатынь, Дальва, Курган Славы ў Смалявіцкім р-не, Зыслаў, урочышча Гай каля г. Баранавічы і інш.) і рэкрэацыйныя (воз. Нарач, Заслаўскае вадасх. і інш.) комплексы, водна-зялёныя сістэмы гарадоў (Мінска, Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна), аўтамаб. дарогі (Мінск—Хатынь, Мінск—Віцебск, Ракаў—Дзяржынава), асобныя арх. аб’екты (спарт. комплекс «Раўбічы» Мінскага р-на). У арг-цыі гар. жыллёвага асяроддзя выяўляюцца тэндэнцыі развіцця ад дробнай квартальнай забудовы з другасным фрагментарным азеляненнем да мікрараёнаў з арган. уключэннем сістэм зялёных насаджэнняў і свабодных маляўнічых арх.-ландшафтных кампазіцый. Л.а. выразна рэалізуецца пры стварэнні новых жылых раёнаў (напр., мікрараёны Зялёны Луг 5, 6 і Усход 1, 2, Серабранка 3, 8, 9, Паўднёвы Захад і інш. ў Мінску; Румлева ў Гродне, Валатава ў Гомелі), пры праектаванні і буд-ве сельскіх населеных месцаў (вёскі Малеч Бярозаўскага, Мышкавічы Кіраўскага, Верцялішкі Гродзенскага р-наў і інш.). Пытанні Л.а. распрацоўваюцца ў Бел.дзярж. НДІП горадабудаўніцтва, ін-тах «Мінскпраект», «Белдзіпрадар», БелНДІдзіпрасельбуд, абл. праектных арг-цыях, Бел.політэхн. акадэміі і тэхнал. ун-це (арх. Э.Афанасьева, І.Рудэнка, А.Сычова, В.Шальнікоўская, І.Шпіт, Б.Юрцін і інш).
Літ.:
Залесская Л.С., Микулина Е.М. Ландшафтная архитектура. 2 изд. М., 1979;
Сычева АВ. Архитектурно-ландшафтная среда: Вопр. охраны и формирования. 2 изд. Мн., 1982;
Яе ж. Ландшафтное проектирование: Учеб. пособие. Ч. 1—2. Мн., 1993.
А.В.Сычова.
Да арт.Ландшафтная архітэктура. Фрагмент Сляпянскай водна-зялёнай сістэмы ў Мінску.Да арт.Ландшафтная архітэктура. Ландшафт у раёне праспекта Машэрава ў Мінску.Ландшафтная архітэктура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎ,
гарадскі пасёлак, цэнтр Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. Прыстань на Дняпры ў вусці р. Сож. За 92 км на Пд ад Гомеля, 60 км ад чыг. ст. Рэчыца на лініі Гомель—Калінкавічы. Аўтадарогамі злучаны з Брагінам і Рэчыцай. 7,8 тыс.ж. (1999).
З 14 ст. ў складзе Кіеўскага княства ВКЛ. У 14—18 ст. існаваў Лоеўскі замак, вакол якога размяшчалася паселішча. У пісьмовых крыніцах гэтае паселішча ўпершыню ўпамінаецца ў 1505 як Лоева Гара. З канца 16 ст. мястэчка і замак — цэнтр Лоеўскага староства. У 1646 далучаны да Старадубскага пав. Смаленскага ваяв.ВКЛ. У час народна-вызваленчай вайны 1648—54 каля Л. адбылася Лоеўская бітва 1649 і Лоеўская бітва 1651. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Л. спустошаны. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 застаўся ў ВКЛ, у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв 3 1676 ва ўладанні войта рэчыцкага М.С.Юдзіцкага і яго нашчадкаў, у сярэдзіне 19 ст. перайшоў да Лашчаў і Нарушэвічаў. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У 1858 у Л. адбыліся хваляванні сялян, выкліканыя новымі павіннасцямі на карысць памешчыка. У 1897 у Л. — 4667 ж., 251 двор, школа, 2 царквы, касцёл і сінагога, 9 млыноў, 24 крамы, гандл. канторы, паштовая станцыя; у пач. 20 ст. дзейнічала суднабуд. верф. З 1919 у Рэчыцкім пав. Мінскай губ.БССР, потым у Гомельскай губ. РСФСР. У маі—чэрвені 1920 акупіраваны польск. войскам. У час контрнаступлення войск Паўд.-Зах. фронту адбыўся Лоеўскі прарыў 1920 кананерак Дняпроўскай ваен. флатыліі. З снеж 1926 у БССР, цэнтр раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну з 26.8.1941 да 17.10.1943 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў Л. і раёне загубілі 1635 чал. У ліст. 1942 у час рэйду злучэнняў С.А.Каўпака і А.М.Сабурава ўкр. і бел. партызаны разграмілі мясц. гарнізон і на кароткі час авалодалі Л. Вызвалены 17.10.1943 войскамі Цэнтр. фронту пры дапамозе бел. партызан у ходзе бітвы за Дняпро 1943. У 1962—66 у Рэчыцкім р-не. У 1972—5 тыс. жыхароў Камбінат буд. матэрыялаў, малаказавод, раённае аграпрамысл. аб’яднанне, 2 сярэднія, муз. школы, 3 дашкольныя ўстановы, вучэбна-вытворчы камбінат, Дом культуры, бібліятэкі, Дом дзіцячай творчасці, 2 аддз. сувязі, царква. Працуе Лоеўскі музей бітвы за Дняпро. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік сав. воінам і партызанам. Помнікі архітэктуры: 2 жылыя дамы 2-й пал. 19 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЕ СПАБО́РНІЦТВА,
аб’ектыўныя адносіны, скіраваныя на дасягненне найлепшых вынікаў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Уласціва толькі сацыяліст. спосабу вытв-сці. Адной з першых форм С.с. былі камуніст. суботнікі (1919). З 1923 сталі праводзіцца вытв. нарады, якія ўключалі элементы С.с. Новым этапам С.с. ў гады 1-й пяцігодкі (1928/29—1932/33) стала ўдарніцтва. У час індустрыялізацыі ўдарныя брыгады сталі асн. формай С.с.
У крас. 1929 калектыў ленінградскага з-да «Чырвоны выбаржац» выступіў ініцыятарам С.с. ў агульнадзярж. маштабе. У маі 1930 узніклі грамадскія буксіры, мэтай якіх была дапамога перадавых калектываў адстаючым. У ліп. 1930 рабочыя Ленінградскага з-да імя К.Маркса распрацавалі сустрэчны прамфінплан, які стаў эфектыўным сродкам выяўлення рэзерваў вытв-сці. У маі 1931 на маш.-буд. з-дзе імя Леніна ў Ленінградзе ўзнікла першая гасп.-разліковая брыгада. Значную ролю ў распаўсюджанні перадавога вопыту і павышэнні кваліфікацыі рабочых кадраў адыграў ізотаўскі і стаханаўскі рух.
У БССР С.с. разгарнулася вясной 1929. Першымі ў яго ўключыліся калектывы добрушскай папяровай ф-кі «Герой працы», віцебскага з-да «Чырвоны металіст», мінскіх металаапрацоўчых з-даў «Камунар» і «Энергія», гарбарных прадпрыемстваў Магілёва, Мінска, Віцебска, Гомеля і інш. У канцы 1929 у С.с. ўдзельнічала каля 15% рабочых буйной прам-сці Беларусі, у канцы 1930 — больш за 60%. Усяго да 1936 у розных формах С.с. ўдзельнічала 72,2% рабочых БССР. Масавы энтузіязм рабочага класа адыграў важную ролю ў вырашэнні задач індустрыялізацыі. Аднак з цягам часу С.с. пачало насаджацца парт. і прафс. органамі, набыло кампанейскі характар. У гады Вял.Айч. вайны спаборніцтва праходзіла пад лозунгам «Усё для фронту, усё для перамогі». За самаадданую працу многім беларусам было прысвоена званне Героя Сац. Працы. Ва ўмовах жорсткай цэнтралізацыі разгортвалася С.с. па аднаўленні разбуранай вайной нар. гаспадаркі. У кастр. 1958 калектыў дэпо Масква-Сартавальная прапанаваў разгарнуць спаборніцтва за камуніст. адносіны да працы. Калі ў цэлым у С.с. ў пач. 1970-х г. удзельнічала больш за 77 млн.чал., то ў руху за камуніст. адносіны да працы — каля 45 млн.чал. (на Беларусі адпаведна — 2854 тыс. і 1560 тыс.). Аднак на шляху многіх пачынанняў станавілася адміністрацыйна-камандная сістэма. Так, брыгадны падрад быў абмежаваны шматлікімі інструкцыямі і практычна страціў сваё эканам. значэнне. Не атрымала распаўсюджання і ініцыятыва Шчокінскага камбіната пад дэвізам «Менш работнікаў — больш прадукцыі». Актыўнасць працоўных стрымлівалася бюракратызмам, адсутнасцю эканам. метадаў кіравання, залежнасцю аб’яднанняў і прадпрыемстваў ад міністэрстваў. У выніку С.с. было пазбаўлена эканам. асновы, што патрабавала карэнных змен у яго арганізацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬ,
горад, цэнтр Гомельскай вобл. і раёна. За 301 км ад Мінска. Вузел чыгунак (напрамкі на Жлобін, Калінкавічы, Чарнігаў, Шчорс, Навазыбкаў) і аўтадарог. Порт на р. Сож. Аэрапорт. 501 тыс.ж. (1997).
Гісторыя. Летапісныя назвы Гомель, Гомій, Гомін, Гомь, Гомье. Узнік у канцы 1-га тыс.н. э. пры ўпадзенні р. Гомій (Гамяюк) у Сож на зямлі радзімічаў. Археал. раскопкамі тут выяўлены матэрыялы эпохі неаліту і бронзавага веку, мілаградскай, зарубінецкай, калочынскай культур, гар. ўмацаванні 9—11 ст., рэчы 10—13 ст. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1142 як уладанне чарнігаўскага князя. У 12 ст. барацьбу за Гомель вялі чарнігаўскія, кіеўскія і ноўгарад-северскія князі. З 1161 уладанне Ольгавічаў. У 1-й пал. 13 ст., магчыма, спалены мангола-татарамі. Каля 1335 далучаны да ВКЛ, уладанне Патрыкія Нарымунтавіча і яго нашчадкаў. У канцы 14 ст. ўпамінаецца сярод кіеўскіх гарадоў. У 1406—19 Гомелем кіравалі велікакняжацкія намеснікі, пазней належаў кн. Свідрыгайлу, беглым серпухаўскаму і бароўскаму кн. Васілю Яраславічу і мажайскаму кн. Івану Андрэевічу, з 1483 сыну апошняга. У вайну Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500 — 03 заняты рус. войскамі, якія ўмацавалі горад і Гомельскі замак. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37 зноў у ВКЛ, цэнтр Гомельскага староства (гл.Гомельская воласць). З 1565 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. У сярэдзіне 16 ст. адыгрываў важную ролю ў абароне паўд.-ўсх. зямель ВКЛ ад набегаў крымскіх татар. У Лівонскую вайну 1558—83 Гомель ненадоўга заняты войскамі Івана IV Грознага, у маі 1581 вытрымаў аблогу царскіх войск, у 1595 захоплены атрадам паўстанцаў С.Налівайкі. У час вызваленчай вайны ўкраінскага народа 1648—54, антыфеадальнай вайны 1548—51 казацкія атрады Галавацкага і М.Нябабы пры падтрымцы мясц. жыхароў у 1648 і 1649 займалі Гомель. У 1651 зноў абложаны казакамі (гл.Гомеля аблога 1651). У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 заняты казацкім войскам І.Н.Залатарэнкі. З 1667 у складзе Рэчы Паспалітай, належаў М.К.Радзівілу, потым Чартарыйскім. У 1670 атрымаў магдэбургскае права. У час Паўн. вайны 1700—21 у Гомелі размяшчаліся рус. войскі пад камандаваннем А.Д.Меншыкава (1706). З 1772 у Рас. імперыі. З 1773 цэнтр Гомельскага павета Рагачоўскай правінцыі, з 1777 мястэчка Беліцкага павета, з 1852 горад, цэнтр павета Магілёўскай губ. Належаў П.А.Румянцаву-Задунайскаму, з 1836 І.Ф.Паскевічу-Эрыванскаму. У 1775 — 5 тыс.ж., у 1858 — 14 тыс.ж. У 1854 да Гомеля далучаны заштатны горад Новая Беліца як прадмесце. У 1856 зацверджаны гар. герб: у верхняй частцы выява двухгаловага арла, у ніжняй — рысі на блакітным полі. У 1897 — 36,8 тыс.ж. У 1890-я г. ўзнік першы ў горадзе с.-д. гурток. Напярэдадні рэвалюцыі 1905—07 аформіліся гомельскія арг-цыі РСДРП, Бунда, Гомельскі к-т партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Па маштабах рэв. руху Гомель займаў адно з першых месцаў у царскай Расіі. У снеж. 1905 дзейнічаў Гомельскі камітэт дэлегатаў. У 1-ю сусв. вайну адбылося Гомельскага перасыльнага пункта паўстанне 1916. 19.3.1917 утвораны Гомельскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 1.3.1918 да 14.1.1919 акупіраваны ням. войскамі. Паводле дагавора Укр.цэнтр. рады з герм. камандаваннем Гомель уключаны ў склад новаўтворанай Палескай губ. Украіны; ваен. ўлада належала герм. камендатуры, Цывільная — камісару Укр.цэнтр. рады, павятоваму старасту, з 17.12.1918 — Гомельскай дырэкторыі. Пасля Гомельскай забастоўкі 1918—19 (гл.Гомельскія забастоўкі 1918—19) улада 6.1.1919 перададзена ВРК. У сак. 1919 у горадзе адбыўся стракапытаўскі мяцеж 1919. З крас. 1919 Гомель — цэнтр Гомельскай губерні ў складзе РСФСР, з 1926 у БССР; у 1926—31 і з 1937 цэнтр Гомельскага раёна, у 1926—30 — Гомельскай акругі, з 15.1.1938 — Гомельскай вобласці. У першыя дні Вял.Айч. вайны створаны Гомельскі полк народнага апалчэння (гл.Гомеля абарона 1941). З 19.8.1941 да 26.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія знішчылі ў гар. турмах, 5 лагерах смерці і 4 гета больш за 100 тыс.чал. Дзейнічала Гомельскае патрыятычнае падполле і Гомельскае камсамольска-маладзёжнае падполле. Вызвалены ў ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. Пасля вызвалення ў Гомель пераехалі ЦККП(б)Б, СНКБССР. У 1959 — 168 тыс.ж., у 1979 — 383 тыс.ж. У сувязі з невырашэннем праблем, звязаных з Чарнобыльскай катастрофай 1986, адбылася Гомельская забастоўка 1990.
Гаспадарка. У 1-й пал. 19 ст. Гомель стаў набываць прамысл. аблічча. Дзейнічалі з-д па вырабе свечак, шкляная мануфактура, 2 ткацкія ф-кі, цукр.з-д Паскевіча (1839), сальна-свечачны з-д Школьнікава (1840), крупадзёрка (1853), некалькі канатна-вяровачных і лесапільных прадпрыемстваў. У 1850 праз Гомель пракладзена шаша Пецярбург—Кіеў і першая ў Расіі тэлегр. лінія Пецярбург—Севастопаль. Пракладзены чыг. лініі Гомель—Бабруйск (1873) і Гомель—Рамны (1874) Лібава-Роменскай чыгункі, лініі Гомель—Лунінец (1886) і Гомель—Бранск (1887) Палескіх чыгунак. У выніку Гомель стаў важным чыг. вузлом, звязаным з Украінай, Польшчай, Прыбалтыкай, Масквой, Пецярбургам і інш.прамысл. цэнтрамі Расіі. У канцы 19 — пач. 20 ст. Гомель — буйны прамысл. цэнтр Беларусі. Тут існавала больш за 40 прадпрыемстваў, асн. частка іх перапрацоўвала мясц. сыравіну: 9 лесапільных ф-к (гл.Гомельскія лесапільныя фабрыкі), запалкавая ф-ка «Везувій» (400 рабочых у 1913, гл.Гомельскі фанерна-запалкавы камбінат), 4 маслабойныя прадпрыемствы, з-ды спіртаачышчальны, цукровы, піваварны, канатны, 2 мукамольныя, швейная ф-кі і інш. Дзейнічалі металаапр. прадпрыемствы: з-ды ліцейна-мех. Фрумкіна і сыноў, ліцейна-мех.з-д «Рухавік» (гл.Гомельскі завод «Стромаўталінія»), гал.мех. майстэрні (абслугоўвалі Лібава-Роменскую чыгунку, 1220 рабочых у 1913; гл.Гомельскі вагонарамонтны завод) і малыя рамонтныя майстэрні (абслугоўвалі Палескія чыгункі, 145 рабочых у 1913), якія выконвалі функцыі паравозавагонарамонтных з-даў, а таксама лакафарбавае прадпрыемства, 5 друкарняў, Гомельскія рагожныя мануфактуры, электрастанцыі і інш. Пачалося паравое суднаходства па р. Сож. Важнае месца ў эканам. жыцці горада займаў гандаль лесам, лёнам, пянькой; гандл. абарот у канцы 1870 — пач. 1890-х г. каля 5,5 млн.руб. Штогод у Гомелі праводзіліся 3 кірмашы. Пасля рэформы 1861 г. ў Гомелі адкрыты гар. грамадскі банк, у пач. 1890-х г. — аддз. (агенцтвы) Віленскага і Мінскага камерц. банкаў; у пач. 20 ст. — аддз. Арлоўскага, Паўн., Аб’яднанага, Руска-Азіяцкага камера банкаў. Пасля 1-й сусв. і грамадз. войнаў пачалося аднаўленне прам-сці і транспарту. У 1920 адноўлена работа ф-кі «Везувій», чыгуналіцейных майстэрняў, цагельных з-даў. Уведзены ў дзеянне ф-ка «Палесдрук» (гл.Гомельская фабрыка «Палесдрук»), у 1922—24 абутковая ф-ка «Праца», хлебакамбінат, электрастанцыя, у 1928 Гомельскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання «Гомсельмаш». У 1930-я г. рэканструяваны «Гомсельмаш», пабудаваны станкабуд. з-д імя Кірава, шклозавод імя Ламаносава, ф-кі «Камінтэрн» (гл.Гомельскае акцыянернае таварыства «Камінтэрн»), «8 Сакавіка» (гл.Гомельская прамыслова-гандлёвая фірма «8 Сакавіка»), «Спартак» (гл.Гомельскае адкрытае акцыянернае таварыства «Спартак»), тлушчакамбінат і інш. На пач. 1940 у Гомелі 264 прамысл. прадпрыемствы (3-е месца ў БССР па аб’ёме прамысл. прадукцыі). Пасля вызвалення Гомеля ад ням.-фаш. захопнікаў адноўлены чыг. вузел, да канца 1944 — 25 прадпрыемстваў. Да 1950 адноўлены ўсе даваен. і пабудаваны новыя прадпрыемствы. У 1950—60-я г. ўведзены ў дзеянне з-ды «Гідраапаратура» (гл.Гомельскі завод «Гідрапрывод»), Гомельскі завод пускавых рухавікоў, сан.-тэхн. абсталявання (гл.Гомельскі завод «Эмальпосуд»), Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт». У 1961 горад атрымаў прыродны газ, у 1962 пушчаны першы тралейбус. Вырашэнне сац. і эканам. праблем вельмі ўскладнілася ў сувязі з Чарнобыльскай катастрофай 1986. Створаны філіялы НДІс.-г. радыялогіі і НДІ радыелагічнай медыцыны. Гомель — адзін з буйнейшых прамысл. цэнтраў Беларусі. Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Гомельскі завод вымяральных прылад, Гомельскі падшыпнікавы завод, Гомельскае вытворчае аб’яднанне «Карал», Гомельскі электратэхнічны завод, Гомельскі завод «Электраапаратура», Гомельскі кабельны завод, Гомельскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод і інш.), хім. (Гомельскі хімічны завод, Гомельскі завод хімічных вырабаў, Гомельскі завод пластмасавых вырабаў), лясной, цэлюлозна-папяровай, лёгкай (Гомельская фабрыка мастацкіх вырабаў), буд. матэрыялаў (Гомельскае акцыянернае таварыства «Гомельшпалеры», Гомельскі шклозавод), дрэваапр. (Гомельскае вытворчае дрэваапрацоўчае аб’яднанне «Гомельдрэў»), харч. (Гомельскі тлушчавы камбінат) прам-сці.
Асвета і культура. У 1781 у Гомель засн.правасл. духоўнае вучылішча (з 1840 павятовае духоўнае вучылішча). У 1818 пры ўдзеле М.П.Румянцава адчынена пач. школа Бел-Ланкастэрскай сістэмы навучання. У 19 ст. ствараюцца ніжэйшыя і сярэднія навуч. ўстановы. У 1841 на базе Беліцкага пав. вучылішча (засн. ў 1790 як дамініканскае, з 1833 свецкае прыходскае) створана 3-класнае пав.нар. вучылішча, на базе якога ў 1866 у Гомелі засн. 4-класная прагімназія (з 1877 — 6-класная гімназія, з 1897 — 8-класная). У 1878 на сродкі Лібава-Роменскай чыгункі засн.тэхн.чыг. вучылішча (гл.Гомельскі тэхнікум чыгуначнага транспарту), адчынена пач. аднакласнае яўр. вучылішча з падрыхтоўчым класам. У 1882 на базе жаночага 3-класнага прыватнага пансіёна створана жаночая 4-класная прагімназія (з 1897 — урадавая гімназія). У 1903, 1907 створаны прыватныя муз. школы. З 1906 дзейнічала прыватная школа павітух, з 1907 — гімназіі: жаночая В.А.Копіш і яўр. мужчынская А.Е.Ратнера; з 1911 жаночая прагімназія М.А.Табалевіч-Федароўскай (гл.Гомельскія гімназіі). У 1911 у Гомелі 32 навуч. ўстановы, у т. л. 5 сярэдніх, 24 ніжэйшыя і пач., 3 падрыхтоўчыя, 45 яўр. вучылішчаў рознага тыпу. З 1915 у Гомелі працавала настаўніцкая семінарыя (у 1919 пераўтворана ў пед. курсы для падрыхтоўкі настаўнікаў школ 1-й ступені). У 1919 створаны курсы буд. дзесятнікаў, бухгалтараў, рахункаводаў, школы паліграф. справы, майстроў для швейнай прам-сці і інш. У 1926 у Гомелі працавалі 3 тэхнікумы — пед. агульны (з 1937 пед. вучылішча), яўр. педагагічны, шляхоў зносін; 15 школ 1-й ступені, 13 школ сямігодак, 9-годка, 4 школы 2-й ступені; 8 дзіцячых дамоў. У 1930 у Гомелі засн. ін-ты механіка-машынабуд., лесатэхн. (у 1945 пераведзены ў Мінск, гл.Беларускі тэхналагічны універсітэт), Гомельскі аграпедагагічны інстытут (з 1933 пед.ін-т); Гомельскі дарожна-будаўнічы тэхнікум. У 1932 адчынена мед. вучылішча і муз. тэхнікум (з 1939 муз. вучылішча). У 1936 пры пед. ін-це створаны Гомельскі настаўніцкі інстытут. У час Вял.Айч. вайны спалены 2 ін-ты, пед. вучылішча, 24 школы. У 1944 аднавілі работу пед., настаўніцкі, лесатэхн. ін-ты, пед. вучылішча, 2 сярэднія, 7 няпоўных сярэдніх і 4 пач. школы, адчынены тэхнікумы рачны, фіз. культуры, Гомельскі кааператыўны тэхнікум, у 1946 — Гомельскі політэхнічны тэхнікум. У 1953 засн.Бел.ін-т інжынераў чыг. транспарту (гл.Беларускі універсітэт транспарту). У 1955 адчынены Гомельскі машынабудаўнічы тэхнікум, у 1956 — Гомельскі сельскагаспадарчы тэхнікум. У 1996/97 навуч.г. ў Гомелі 154 дашкольныя ўстановы, у т. л. дашкольная гімназія, цэнтр развіцця дзіцяці, 4 дашкольныя ўстановы з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, эстэтыка і інш.), 8 устаноў санаторнага тыпу, сад для дзяцей з рознымі дэфектамі, сад для глухіх і з недахопамі слыху. У дашкольных установах выхоўвалася каля 25 тыс. дзяцей. Дзейнічала 80 агульнаадук. школ (больш за 70 тыс. вучняў), у т. л. ліцэй, бел.-слав. гімназія імя І.Мележа, спец. школа з паглыбленым вывучэннем англ. мовы (навучанне з 5 гадоў), 3 пач. школы, школа-сад для дзяцей з парушэннямі зроку, 1 яўр. школа-сад, спец. школа для глухіх і з недахопамі слыху дзяцей, 4 школы-інтэрнаты (2 для разумова адсталых дзяцей, базавая для дзяцей хворых на скаліёз, 1 для сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі), 4 зменныя школы (адна з іх на тэр. жаночай калоніі для непаўналетніх дзяўчынак). Акрамя таго ў Гомелі ёсць прыватная гімназія і абласны ліцэй, 16 прафес.-тэхн. вучылішчаў, у якіх займалася больш за 8 тыс. навучэнцаў, 11 сярэдніх спец.навуч. устаноў (каля 10 тыс. студэнтаў), у т. л.мед. вучылішча, каледж мастацтва, муз.-пед. каледж і інш. У Гомелі 5 дзярж.ВНУ: Гомельскі універсітэт, Гомельскі політэхнічны інстытут, Гомельскі медыцынскі інстытут, Гомельскі кааператыўны інстытут, Беларускі універсітэт транспарту, а таксама Гомельскі філіял Міжнар. недзярж. ін-та працоўных і сац. адносін. У Гомелі 18 масавых б-к, у т. л. 6 дзіцячых, а таксама Гомельская абласная б-ка з дзіцячым аддзяленнем (гл.Бібліятэкі абласныя Беларусі, Бібліятэка дзіцячая). Працуе Гомельскі абласны краязнаўчы музей.
Архітэктура. У 14 ст. аснову Гомеля складаў драўляны замак, пабудаваны на месцы дзядзінца. Горад забудоўваўся хаатычна. Да сярэдзіны 18 ст. ён уяўляў сабой шэраг слабод і вёсак, якія групаваліся вакол замка. У канцы 18 ст. пачалася перапланіроўка — на месцы стараж. замка створаны Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор; на тэр. Спасавай слабады — Гомельская Ільінская царква. 3-прамянёвая сістэма планіроўкі прадугледжвала арыентацыю гал. магістралей — вуліц Румянцаўскай (цяпер Савецкая, асн. вось кампазіцыі горада), Замкавай (праспект Леніна), Фельдмаршальскай (Пралетарская) — на палац. Гэты прынцып захоўваўся і пры наступных рэканструкцыях. Усе будынкі на Румянцаўскай вул. былі створаны ў стылі класіцызму (Гомельскай ланкастэрскай школы будынак і інш.). На вул. Мільённай (цяпер Бялецкага) размяшчаліся Гомельскі «паляўнічы домік», летні дом Румянцава (у 1819 пераабсталяваны пад Гомельскага духоўнага вучылішча будынак). Да ліку лепшых пабудоў канца 19 — пач. 20 ст. належаць Гомельскай гарадской думы будынак, Гомельскага камерцыйнага банка будынак, Гомельскага філіяла Руска-Азіяцкага банка будынак, будынкі мужчынскай і жаночай гімназій, тэхн. вучылішча (гл. адпаведныя артыкулы), асобныя жылыя дамы. У маст. вырашэнні фасадаў гэтых будынкаў выкарыстаны элементы стылізатарска-эклектычнага кірунку і стылю мадэрн. У культавых пабудовах панаваў неарускі стыль: цэрквы Георгіеўская (1904, не захавалася), Праабражэнская (захавалася часткова), Гомельская капліца. Значны ўклад у забудову Гомеля гарадскога арх. С.Шабунеўскага. У 1920—30-я г. пачалося масавае жыллёвае і прамысл.буд-ва: пабудаваны першыя секцыйныя шматкватэрныя жылыя дамы для чыгуначнікаў, Гомельскі дом-камуна, Палац культуры чыгуначнікаў з кінатэатрам, настаўніцкі ін-т і інш. Паблізу прамысл. прадпрыемстваў узніклі рабочыя пасёлкі: Залінейны, Сельмашаўскі, Касцюкоўка. У 1946 распрацаваны праект аднаўлення і рэканструкцыі Гомеля («Белдзяржпраект», арх. І.Сяргееў, Т.Сяргеева, інж. Г.М.Ішчанка, І.Дзесятнікаў, І.Бардукоў) з захаваннем асн. прамянёвых магістралей, што склаліся гістарычна. Паводле генплана 1964 (Гомельскі філіял «Белдзяржпраекта»; арх. М.Сундукоў, К.Усцюгоў, Б.Барысаў, А.Касякоў, інж. М.Найшулер і інш.) радыяльныя напрамкі вуліц паступова ператвараліся ў лінейныя. На гал. магістралях пабудаваны Дом спорту (арх. І.Спірын, С.Паўлаў), рэстаран «Беларусь» (арх. Л.Тамкоў), будынкі абл. б-кі (арх. В.Бурлака), абл.драм.т-ра (арх. А.Тарасенка), пешаходны мост цераз Сож і інш. Аб’екты, пабудаваныя ў 1970—80-я г. змянілі арх. аблічча Гомеля: будынкі Дома сувязі (арх. Р.Ціхаў), трэста «Гомельсаўгасбуд», цэнтра навук.-тэхн. інфармацыі, гал. корпус ун-та, праектнага ін-та «Дзіпражыўмаш» (усіх арх. С.Пеўны), Гомельскі цырк, Ін-т механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі (арх. Тамкоў), Гомельскі лёгкаатлетычны манеж, кінатэатр «Юбілейны» (арх. В.Ціхава), аэравакзальны комплекс, гасцініца «Турыст», шпіталь для інвалідаў Вял.Айч. вайны, комплекс фізкультурна-аздараўленчага камбіната (усіх арх. В.Бяспалаў) і інш. Створаны шэраг мікрараёнаў у паўд.-зах. (арх. Л.Стукачоў, А.Лебедзеў, С.Крывашэеў), паўн.-зах. і левабярэжнай частках (арх. Я.Казлоў, Лебедзеў), раёнах «Аэрадром» (арх. Казлоў) і «Гомсельмаш» (арх. Стукачоў, Л.Патапаў). Паводле генплана 1977 («Гомельграмадзянпраект»; арх. Паўлаў, Крывашэеў, А.Падабедаў, інж. І.Дубаў, Л.Калашнікаў, Найшулер) планіровачная структура горада фарміруецца з 5 комплексных планіровачных раёнаў (Цэнтральнага, Паўночна-Усходняга, Паўднёва-Заходняга, Сельмашаўскага, Навабеліцкага) і развіваецца ў паўн.-ўсх., паўд.-зах. і паўд. напрамках; агульнагарадскі цэнтр развіваецца ўздоўж р. Сож. У 1980-я г. у Гомелі пачалося асваенне поймы р. Сож пад жыллёва-грамадзянскае буд-ва (аўтары інж. Дубаў, А.Карамышаў, Найшулер). На гідранамыўных поймавых тэрыторыях забудаваны вял. жылыя масівы Волатава (арх. Крывашэеў, Казлоў, Лебедзеў), Паўднёвы і інш. Сярод значных пабудоў 1990-х г.: прыгарадны чыг. вузел (арх. Л.Гоер), гал. корпус політэхн. ін-та (арх. Пеўны), ін-та «Гомельпраект» (арх. Ціхаў), Палац моладзі (арх. Г.Комар). У Гомелі брацкія магілы: сав. воінаў, ахвяр фашызму, сав. воінаў і партызан; камунараў; падпольшчыкаў; сав. воінаў і ахвяр фашызму; сав. воінаў і падпольшчыкаў; магілы ахвяр фашызму; магіла гомельскіх апалчэнцаў; брацкія могілкі сав. воінаў. Курган Славы. Помнікі: Вызвалення, П.Я.Галавачову, гомельскім апалчэнцам, А.А.Грамыку, П.А.Румянцаву, П.В.Сухому, у гонар войск Бел. фронту, якія вызвалілі Гомель, і інш.
Друк, радыё, тэлебачанне. Пачатак кнігадрукавання ў Гомелі звязаны з друкарняй Ш.А.Фрыдланда (1887—1912). На пач. 20 ст. ў Гомелі выдаваліся газеты рознай грамадска-паліт. і тэматычнай арыентацыі: «Полесский листок» (1904—05), «Труд» (1906), «Гомельский вестник» (1908—09), «Полесская жизнь» (1909—11), «Гомельская мысль» (1913—14), «Белорусский голос» (1910), «Гомельское слово» (1911—12), «Гомельская жизнь» (1911—19; да 1917 «Гомельская копейка»), «Гомельский театрально-музыкальный вестник» (1914), «Виленский вестник» (1915—16), «Рабочая мысль» (1917), «Голос народа» (1917—18), «Известия Гомельского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов» (з 1917, мяняла назвы, з 1930 на бел. мове, з 1938 «Гомельская праўда») і інш.Літ.-маст.час.«Зарницы» (1911—12) друкаваў творы маладых літаратараў. З 1919 пачалі выдавацца шматтыражныя ведамасныя газеты [«Проблески», «Путь пролетария» (у 1920—21 «Сигнал»), «Рабочая жизнь» (у 1921—22 «Молот») і інш.], а таксама штотыднёвікі («Жизнь — творчество»), У 1920—30-я г. выдаваліся газеты: «Новая деревня» (1919—28), «Бюллетень Гомельского губкома РКП» (1920), «Власть Советов» (1922), «Набат молодёжи» (1922—26), «Искра Ильича» (1924—27), «Камсамолец Гомельшчыны» (1931—35), «Сталінскі сцяг» (з 1938; з 1956 «Трыбуна хлебароба», з 1962 «Маяк», раённая); часопісы «Полесский коммунар» (1919—26), «Коммунистическое просвещение» (1920—21), «Вереск» (1922), «Агитатор» (1922—23), «Рабочий досуг» (1925—26) і «Дэр камунісцішэр вэг» («Камуністычны шлях», 1926, на яўр. мове). У 1922—24 у Гомелі выдаваліся 24 шматтыражныя газеты (большасць з іх праіснавала нядоўга). У 1930-я г. колькасць іх павялічылася, у т. л. «За высокую якасць» ф-кі «Везувій» (1928—41), «Ратацыя» ф-кі «Палесдрук» (1928—41), «Рачнік Беларусі» (1929—41; 1944—53; 1957—63, мяняла назвы) і інш. У Вял.Айч. вайну ў Гомелі выходзіла рэсп. газета «Звязда» (да 13.8.1941), выдадзены 1-ы нумар сатыр. выдання «Раздавім фашысцкую гадзіну». У гады акупацыі ў Гомелі падпольна выдаваліся газеты «Гомельская праўда» і «Партызан Гомельшчыны» (1943). Пасля вызвалення ў Гомелі працавалі рэдакцыі газет «Советская Белоруссия» (снеж. 1943 — ліп. 1944), «Чырвоная змена» (сак. 1944), адноўлена выданне абласной, раённай і шматтыражных газет, пачалі выдавацца новыя.
Выходзяць газеты: «Гомельская праўда», «Рабочае слова» (абл., з 1990), «Агронеделя» (абл. з 1991), «Гомельскія ведамасці» (гар., з 1991), «Вячэрні Гомель» (гар., з 1991); шматтыражныя «Сельмашавец» (з 1930), «Гомельскі універсітэт» (з 1969) і інш.
Літаратура. Літ. жыццё ў Гомелі актывізавалася ў канцы 18 — пач. 19 ст. ў сувязі з дзейнасцю тут мецэната, збіральніка кніг і рукапісаў М.П.Румянцава. Бел. гісторык і археограф І.І.Грыгаровіч працаваў у Гомелі над «Беларускім архівам старажытных грамат» — першым зборнікам дакументаў па гісторыі Беларусі (выд. 1824 у Маскве на сродкі Румянцава). Літ. лекцыі, дыспуты, сходы наладжвала Гомельскае музычна-драматычнае таварыства (1908—14). Горад наведвалі пісьменнікі К.І.Чукоўскі (1913), А.А.Блок (1916), У.У.Маякоўскі (1924). У 1925—27 дзейнічала Гомельская філія «Маладняк» (створана пры ўдзеле Я.Пушчы і Н.Чарнушэвіча), якая арганізоўвала літ. гурткі і студыі, наладжвала вучобу творчай моладзі, праводзіла літ. вечары з удзелам бел. пісьменнікаў (М.Зарэцкі, А.Гурло, А.Дудар і інш.); у 1927 і 1930 у Гомель прыязджаў Я.Купала, у 1934 і 1936 — Я.Колас, у 1937 ён прысутнічаў на спектаклі па сваёй п’есе «Вайна вайне» ў пастаноўцы БДТ-2. У 1934 выдадзены альманах «Літаратурны Гомель». Пасля вайны пры газ.«Гомельская праўда» працавала літ. аб’яднанне, выдадзены альманах «Літаратурны Гомель» (1958), праводзіліся абл. нарады маладых пісьменнікаў. З 1967 дзейнічае Гомельскае абл. аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. У горадзе праводзяцца літ. вечары, канферэнцыі, сустрэчы з пісьменнікамі, дні л-ры, семінары маладых пісьменнікаў, літ. свята «Над Дняпром, Дзясной і Сожам» з удзелам пісьменнікаў Мінска, Чарнігава і Бранска. Шырока адзначалася ў Гомелі 80-, 90-, 100-годдзе з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа. У 1971 брыгада пісьменнікаў (І.Мележ і інш.) удзельнічала ў днях бел. л-ры на Гомельшчыне. У розны час у Гомелі жылі пісьменнікі У.Галубок, П.Трус, Р.Сабаленка, Л.Гаўрылкін, А.Грачанікаў, А.Капусцін, Я.Каршукоў, І.Кірэйчык, М.Кусянкоў, Б.Спрынчан, У.Дзюба, С.Дубавец і інш. Тут пачыналі сваю творчую дзейнасць Л.Гаўрылаў, Дз.Кавалёў, К.Кірэенка, С.Кухараў, П.Прануза, М.Сурначоў, І.Шамякін; тут жывуць і працуюць пісьменнікі Г.Афанасьеў, М.Даніленка, А.Бароўскі, Т.Мельчанка, А.Сопат, І.Сяркоў, В.Ткачоў, В.Ярац. Гомельскі ун-т скончылі пісьменнікі Э.Акулін, І.Багдановіч, А.Казлоў, В.Куртаніч, А.Сыс, Л.Раманава і інш. Выдаецца альманах «Магістраль» (з 1992), час. «Палессе» (з 1996). Працуе абл.літ. аб’яднанне «Магістраль» імя А.Грачанікава.
Мастацкае жыццё. У 10—15 ст. у Гомелі былі пашыраны разнастайныя рамёствы і маст. промыслы, у т. л. ганчарства, ткацтва, ювелірна-бронзаліцейная справа, апрацоўка косці, скуры, дрэва. Пры маст. апрацоўцы прадметаў побыту, рэліг. культу, працы і зброі выкарыстоўвалі коўку, ліццё, чаканку, гравіроўку, інкрустацыю і інш.
У 16 ст. пачалася вытв-сць пячной кафлі. У сярэдзіне 17 — канцы 18 ст. з’явіліся прадпрыемствы па вытв-сці шклянога посуду (келіхі, штофы, бутэлькі), які вылучаўся высокім майстэрствам выканання, мудрагелістай арнаментыкай. Мясц. майстры размалёўвалі вырабы на фаянсавай ф-цы. Разнастайнымі вытканымі і набіванымі ўзорамі аздаблялі баваўняныя тканіны на хустачнай мануфактуры, талеснай ф-цы. Рэзчыкі па дрэве, спалучаючы традыц. арнаментальныя матывы з элементамі тагачасных маст. стыляў, аздаблялі фасады дамоў, мэблю, прадметы побыту праразной карункавай і мудрагелістай аб’ёмнай разьбой. У пач. 20 ст. працавалі прыватная маст. школа Школьнікава, студыя Камінскага, Гомельская мастацкая студыя, жывапісна-малярныя майстэрні Н.Гурэвіч і Х.Рахліна, філіялы маст.-плакатнай майстэрні Усерас. арг-цыі працаўнікоў мастацтва, жывапісная майстэрня «Арцель», выдаваліся плакаты «Гомель-РОСТА». У 1920-я г. дзейнічала маст. школа пад кіраўніцтвам Я.Краўчанкі, у 1924—27 — маст. студыя (кіраўнік С.Каўроўскі), у якой займаліся К.Максімцаў, Б. і Т.Несцярэнкі, М.Сімкоўскі, Н.Тарасікаў і інш. У 1930-я г. існавалі курсы клубных мастакоў, дзе выкладалі А.Бембель, А.Шаўчэнка, А.Шыфрын. У маст. школе выкладаў М.Русецкі. У 1927—32 дзейнічала абл. аддзяленне «Усебеларускай асацыяцыі мастакоў». У 1939 адбылася 1-я абл.маст. выстаўка, у 1941 — перасоўная выстаўка графікі, 3-я абл.маст. выстаўка. Пры Палацы чыгуначнікаў працавала студыя выяўл. мастацтва (кіраўнікі М.Малец, Б.Звінагродскі). З 1966 дзейнічае Гомельская абл.арг-цыя Саюза мастакоў Беларусі. Вял. ролю ў прапагандзе выяўл. і прыкладнога мастацтва адыграла адкрыццё выставачнай залы (1968), дзе адбываюцца персанальныя і тэматычныя выстаўкі. Цяпер у Гомелі працуюць засл. дз. маст. Беларусі Дз.Алейнік і М.Казакевіч, жывапісцы В.Дзенісенка, С.Дзьяканаў, У.Еўтухоў, В.Казачэнка, П.Лук’яненка, М.Палянкоў, І.Сямека, В. і М.Ягоравы, графікі В.Дземянчук, У.Лосеў, А.Отчык, М.Шкляраў, скульптары Г.Гарбанёў, Дз.Папоў, мастакі дэкар.-прыкладнога мастацтва У.Андрыянаў, І.Данілава, А.Дваранін, М.Кляцкоў, А. і Г.Осіпавы, П. і В.Феі, А.Чудзін, мастацтвазнавец А.Шныпаркоў і інш. У творчы калектыў прыйшлі маладыя мастакі: Л.Зуева, А.Крылоў, С.Курашова, С.Наздрын-Платніцкая, М.Няхайчык, І.Папоў.
Тэатральнае жыццё. Вядома, што ў Гомелі адбываліся нар.тэатр. паказы. Бел. фалькларыст Е.Раманаў адзначаў выкананне тут на Каляды нар. драм «Цар Максімілян» і «Трон». У канцы 18 ст. ў маёнтку графа П.А.Румянцава дзейнічаў т-р. Актывізацыя тэатр. жыцця ў 2-й пал. 19 ст. звязана са з’яўленнем у Гомелі прыватнага тэатр. памяшкання (1852) і зімовага т-ра на 400 месцаў (1887—1900). У 19 — пач. 20 ст. ў горадзе выступалі польска-рускія трупы К.Фядзецкага, Ю.Кондрата, С.Навакоўскага і В.Вяжбіцкага; працавалі рус.тэатр. калектывы: антрэпрызы І.Славянскага (1869; у складзе трупы В.Далматаў, М.Мяшкоў-Траяпольскі, Г.Страмлянаў), Ліпоўскай (1881—82), Я.Бяляева (1903), Л.Балоцінай і І.Арлова (1909); т-вы артыстаў пад кіраўніцтвам Е.Свіршчэўскага (1893—94), на чале з Г.Фядотавай (1898), Далматавым (1898; у складзе трупы акцёры пецярб. Александрынскага т-ра В.Істоміна, І.Ставінская, М.Ходатаў), Пісаравым (1910; у складзе трупы П.Арленеў), М.Волкавым (1917) і інш.; украінскія трупы пад кіраўніцтвам Б.Замоўскага (1909, 1911), Н.Запарожца (1917) і інш.; яўрэйскія пад кіраўніцтвам І.Канеўскага (1912), А.Ф.Фішзона (1914); яўрэйска-нямецкая Ш.Жоржа і Ф.Бекера (1914). Поспехам карысталіся спектаклі па п’есах М.Гогаля, А.Астроўскага, М.Горкага, А.Чэхава, Г.Ібсена, інсцэніроўкі па творах Ф.Дастаеўскага, Л.Талстога, І.Тургенева. Прыкметную ролю ў культ. жыцці горада адыгрывалі аматары, якія наладжвалі вечары, канцэрты, ставілі спектаклі. У 1914 выходзіў «Гомельский театрально-музыкальный вестник». У 1918 у горадзе дзейнічала тэатр. аматарскае т-ва «Вянок». У пач. 1919 арганізавана пралетарская муз.-драм. студыя, якая рыхтавала канцэртныя праграмы, муз.-драм. пастаноўкі. У 1919—20 па ініцыятыве Пралеткульта створана шырокая сетка тэатр. гурткоў пры клубах і рабочых арг-цыях. У 1922 у Гомелі было 8 драм. гурткоў (найб. значны клуба чыгуначнікаў), самадзейны т-р навучэнцаў; выдаваўся часопіс т-ра, л-ры і мастацтва «Вереск». У пач. 1920-х г. у горадзе гастраліравалі бел.тэатр. калектывы, а таксама прафес. калектывы з Расіі і Украіны. У 1920-я г. дзейнічаў калектыў «Сіняй блузы». У 1930 на базе гуртка чыгуначнікаў створаны т-р рабочай моладзі, рэарганізаваны ў 1935 у калгасна-саўгасны т-р (існаваў да 1937). У 1932—37 Гомель быў базай Беларускага трэцяга дзяржаўнага тэатра. У 1938 у Гомелі пачаў сваю дзейнасць Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі, у 1939 — Гомельскі абласны рускі драматычны тэатр. Пасля Айч. вайны аднавілі дзейнасць т-р лялек (працаваў да мая 1949) і абл.рус.драм.т-р (у 1946 пераведзены ў Магілёў). З 1954 цэнтрам культ. жыцця горада з’яўляецца Гомельскі абласны драматычны тэатр. З 1968 працуе Гомельскі абласны тэатр лялек. Дзейнічаюць шматлікія самадз.драм. калектывы, нар. т-ры.
Музычнае жыццё. З часу прыняцця хрысціянства тут пераважала царкоўная музыка, асабліва спевы. У муз. культуры Гомеля 18 ст. асобае месца займае творчасць старавераў (захаваліся іх рукапісныя нотныя зборнікі). У 1-й пал. 19 ст. пераважала хатняе музіцыраванне, выкладаліся муз. дысцыпліны ў асобных прыватных навуч. установах, у т. л. ў жаночым пансіёне А.Петрашэнь. Пасля 1852 пачалося развіццё муз. культуры гар. тыпу. У 1870—90-я г. на Гомельшчыне збіралі ўзоры песеннага фальклору муз. этнографы (З.Радчанка і інш.). Спевы і музыку выкладалі ў мужчынскіх і жаночых гімназіях, у тэхн. чыгуначным вучылішчы, настаўніцкай семінарыі. У 1903 адкрыта муз. школа С.Валовіча, у 1907 — С.Захарына, у 1908 — фартэпіянныя класы Б.Розенблюма. У 1908—14 дзейнічала Гомельскае музычна-драматычнае таварыства. Да 1917 пры гомельскіх храмах існавалі шматлікія хары, у т. л. мужчынскі пры Георгіеўскай царкве, дзявочы пры Петрапаўлаўскім саборы (арганізатар А.Паскевіч). У 1908—17 у Гомелі гастраліравалі «Кааператыўнае т-ва» рус. оперы, вядомыя вакалісты, піяністы, скрыпачы (Л.Аўэр і інш.), рус. і польскія тэатр. трупы, якія ставілі муз. спектаклі. Пасля 1917 створаны шматлікія харавыя студыі і гурткі, у т. л.муз.-харавая студыя пры Гомельскім пралет. ун-це (кіраўнік Шубін), пры рабочым клубе на станцыі Палескай чыгункі (кіраўнік Р.Пукст), муз.-хар. студыя на Палессі імя Н.Брусавай (кіраўнік М.Назараў), студыі пры культ. аддзеле губ. савета прафсаюзаў (кіраўнік Р.Розенблюм) і запалкавай ф-цы «Везувій» (кіраўнік А.Туранкоў). Самадзейным хар. калектывам дапамагалі кампазітары Туранкоў, Пукст, піяніст і хормайстар Г.Пятроў. У ліп. 1919 адкрыта нар. кансерваторыя, якая стала цэнтрам муз. жыцця горада. У 1920 яна рэарганізавана ў дзярж.муз. школу 1-й і 2-й ступеней, у 1921 на яе базе створаны муз. тэхнікум і спец.муз. школа. У вер. 1920 адбылася 1-я Гомельская канферэнцыя работнікаў мастацтваў. Пры губ. аддзеле нар. адукацыі быў створаны пастаянны сімф. аркестр (50 музыкантаў у ліп. 1921; дырыжоры Назараў, Захарын). У канцы 1921 адкрыта 2-я дзярж.муз. школа (у 1923 аб’яднана з 1-й, з 1940 муз. дзіцячая школа-сямігодка № 1 імя П.Чайкоўскага). Муз. мастацтва прапагандавалі педагогі і навучэнцы тэхнікума і школы. У 1920-я г. ў Гомелі гастраліравалі шматлікія муз.-тэатр. трупы (у т. л. У.Галубка), аркестры, асобныя выканаўцы, у т. л. А.Дункан, У.Горавіц, М.Эрдэнка і інш. У 1930-я г. шырока развівалася маст. самадзейнасць, цэнтрам якой быў клуб чыгуначнікаў (цяпер Гомельскі Палац культуры і тэхнікі чыгуначнікаў), дзе працавалі муз., харавы, струнны і інш. гурткі. Музыку да пастановак Гомельскага трама пісалі Туранкоў і Пукст. Дзіцячым аркестрам і хорам (170 чал.) кіравалі К.Карнілаў і Пукст, танц. калектывам, створаным у 1936, — А.Рыбальчанка. У суправаджэнні Дзярж. ансамбля бел.нар. інструментаў (кіраўнік Дз.Захар) выступала Л.Александроўская. Бел.нар. песні выконвала І.Яўнзем. Пасля вызвалення Гомеля ад ням.-фаш. захопнікаў 30.12.1943 у Навабеліцы адбыўся святочны канцэрт з удзелам Бел.дзярж. ансамбля песні і танца пад кіраўніцтвам Р.Шырмы. З 1967 вял. канцэртна-лекцыйную працу вядзе Гомельская абласная філармонія, пры якой пачыналі сваю дзейнасць вак.-інстр. ансамблі «Лявоны» (з 1967; цяпер «Песняры») і «Сябры» (з 1974). Тут жыў і працаваў рэгент Петрапаўлаўскага сабора (да 1961), кампазітар М.Бутома, царк. музыка якога шырока выконвалася ў бел. храмах і за межамі Беларусі. У 1970—80-я г. выступалі шматлікія бел. і інш.муз.-тэатр., харавыя, аркестравыя, харэаграфічныя калектывы, вак.-інстр. групы і ансамблі, калектывы з Польшчы, Венгрыі, Югаславіі. У 1978—93 у Гомелі працаваў фальклорны драм.-муз.т-р «Жалейка» (з 1985 народны, з 1989 прафесійны). У 1997 працуюць 3 муз. школы, 5 школ мастацтваў з аддзяленнямі муз. і харэаграфічным, муз. каледж імя Н.Сакалоўскага, муз.-пед. каледж, абл. аддзяленне Саюза муз. дзеячаў Беларусі (з 1987). Больш за 30 самадзейных калектываў маюць званні народных і ўзорных.
Літ.:
Лебедев Г. Гомель: (Ист.-экон. очерк). 2 изд. Мн., 1962;
Пашкин Ю.А. Русский драматический театр в Белоруссии XIX в. Мн., 1980;
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Гомельская вобл.Мн., 1985;
Гомель: Энцикл. справ. Мн., 1991;
Мальцаў У. Тэатральная геаграфія Гомеля // Мастацтва. 1993. №11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЕ́НГА-ХАДАКО́ЎСКІ (Зарыян Якаўлевіч) (сапр. Чарноцкі Адам; 24.12.1784, каля в. Гайна Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 17.11.1825),
славяназнавец, пачынальнік бел., польск., рус. і ўкр. археалогіі, фалькларыстыкі, этнаграфіі і дыялекталогіі. Чл.-кар. варшаўскага Т-ва сяброў навук (1819), чл. пецярбургскага Вольнага т-ва аматараў расійскай славеснасці (1819), маскоўскага Т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх (1820). Працаваў у Мінску прыватным адвакатам, у 1814—18 у б-цы Крамянецкага ліцэя, б-цы апекуна Віленскай навуч. акругі А.Чартарыйскага ў Пулавах (Люблінскае ваяв.) і інш., у мінскіх архівах вывучаў стараж.бел. акты і граматы. Падарожнічаў па Польшчы, Галіцыі, Палессі. Даследаваў гарадзішчы ў Полацку, Віцебску, Тураве, Бабруйскім пав., каля Брэста, Гомеля, Магілёва, в. Старое Сяло Віцебскага пав., запісваў фальклор, дыялектную лексіку, абрады. У 1820—21 збіраў і вывучаў археал., дыялектны, этнагр. і фальклорны матэрыял на Поўначы Расіі. Найб. значная яго праца «Пра славяншчыну да хрысціянства» (1818), у якой упершыню зрабіў спробу апісаць стараж.-славянскі побыт, культуру і нар. творчасць у дахрысціянскі перыяд, намеціў праграму комплексных даследаванняў слав. і суседніх народаў. У «Даследаваннях адносна рускай гісторыі» (1819) крытыкаваў некат. палажэнні «Гісторыі дзяржавы Расійскай» М.Карамзіна, удакладніў факты, звязаныя з гісторыяй Беларусі (у наступных выданнях Карамзін улічыў іх). У «Праекце вучонага падарожжа па Расіі для вытлумачэння старажытнай славянскай гісторыі» (1820) і «Гістарычнай сістэме Хадакоўскага» (апубл. 1838) абгрунтаваў археал. тэорыю гарадзішчаў, прынцыпы збору фальклору і дыялектнай лексікі, упершыню ў славістыцы паказаў ролю тапанімікі для гіст. даследаванняў, склаў рэестр агульнаслав. тапонімаў (у т. л. беларускіх), вызначыў тэр. пашырэння бел. мовы. Большасць яго прац не апублікавана: збор бел. (каля 500) і рус. песень, запісы замоў, загадак, слоўнікі, матэрыялы па слав. этнаграфіі, дыялекталогіі, тапаніміцы, археалогіі. Фальклорная спадчына Д.-Х. — самы багаты збор твораў слав.нар. паэзіі таго часу як па колькасці запісаў, так і па рэгіёну збірання. Гэта першая спроба сістэматычнага, свядомага запісвання (з элементамі навук. пашпартызацыі) слав. фальклору ў яго жанравай разнастайнасці. Яго навук. і збіральніцкая дзейнасць была ўзорам і праграмай для навук. аб’яднанняў Беларусі, Украіны, Польшчы і Расіі. Многія славяназнаўчыя праблемы (слав. этнагенез, прарадзіма славян), вылучаныя ім, актуальныя і сёння.
Тв.:
O Slawiańszczyźnie przed chrześcjaństwem oraz inne pisma i listy. Warszawa, 1967;
Spiewy slawiańskie pod strzechą wiejską zebrane. Warszawa, 1973;
Українські народні пісні в записах Зоріана Доленги-Ходаковського. Київ, 1974.
Літ.:
Аксамітаў АС., Малаш Л.А. З душой славяніна: Жыццё і дзейнасць З.Я.Даленгі-Хадакоўскага. Мн., 1991;
Аксамітаў А. Ля вытокаў беларускага мовазнаўства: Са спадчыны Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага // Роднае слова. 1992. № 5;
Maśłanka J. Zorian Dołęga Chodakowski. Wrocław etc., 1965.