часопіс, орган Паўн.-Зах. аддзела рускага геагр.т-ва. Выдаваўся ў 1910—14 у Вільні на рус. мове. Выйшлі кн. 1—4. Рэдактар Дз.І.Даўгяла. Асвятляў дзейнасць аддзела, публікаваў матэрыялы па этнаграфіі, фальклоры, геалогіі, археалогіі, гісторыі, геаграфіі і інш., змяшчаў рэцэнзіі і агляды л-ры. На старонках часопіса публікаваліся М.Я.Нікіфароўскі («Напаўпрыказкі і напаўпрымаўкі, якія ўжываюцца ў Віцебскай Беларусі», кн. 1—4), В.В.Іваноў («Сялянскае вяселле ў Віцебскай Беларусі», кн. 3), І.А.Сербаў («Па Дрыгавіцкай вобласці летам 1911 г.» і «Паездка па Палессі летам 1912 г.», кн. 3—4), М.Я.Белацаркавец [«Жніўныя песні ў Барысаўскім павеце (Мінскай губерні)», кн. 3], Б.Сцепанец [Ф.А.Кудрынскі («Сялянскае вяселле ў Паўднёвым Палессі», кн. 1)], Даўгяла («Да гісторыі Паўночна-Заходняга аддзела», кн. 1—2), Е.Р.Раманаў («Старажытныя рускія прыказкі», «Па Гродзенскім Палессі», «Альбом мастака Д.М.Струкава як вынік экспедыцыі па Паўночна-Заходнім краі ў 1864 г.», кн. 1—3), С.Ф.Дабранскі («Масонскія ложы ў Літве», і «Нарысы з гісторыі масонства ў Літве», кн. 2, 4) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗАРА́НКА»,
дзіцячы ілюстраваны часопіс. Выдаваўся ў 1927—31 у Вільні на бел. мове. Выходзіў нерэгулярна. Рэдактар-выдавец Зоська Верас (Л.А.Войцік). Створаны з выхаваўчай і асветнай мэтай, спрыяў узгадаванню маладых літ. сіл у Зах. Беларусі. Друкаваліся пісьменнікі старэйшага пакалення М.Машара, Г.Леўчык, Я.Пачопка, Л.Войцік, У.Паўлюкоўскі, маладыя зах.-бел. пісьменнікі С.Крывец, С.Новік-Пяюн, пачаткоўцы А.Арэхва, М.Тарасюк, Я.Патаповіч і інш. Перадрукоўваў творы Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, К.Буйло і інш., змяшчаў пераклады твораў рус., польск., укр. пісьменнікаў.
Майстар партрэта: партрэты А.Венецыянава (2-я пал. 1830-х г.), спевака В.Пятрова (1840), скульптара Ф.Талстога (1850), княгіні Трубяцкой, групавы партрэт «Выгляд залы вучылішча правазнаўства з групамі настаўнікаў і выхаванцаў» (1841). Пісаў інтэр’еры («Унутраны від Марскога Нікольскага сабора, 1843, і інш.). У творах дакладнасць і матэрыяльнасць пісьма, характэрныя для венецыянаўскай школы, паступова змянялася ілюзіяністычным натуралізмам (партрэты Н.Сакуравай, 1854, П.Панамарова, 1855). Распрацаваў сістэму выкладання, пабудаваную пераважна на вывучэнні натуры, дакладнасці ў перадачы бачнага свету. Садзейнічаў развіццю бел. мастацтва, аказваў дапамогу маладым мастакам (В.Сляндзінскаму і інш.). Сярод вучняў В.Пяроў, В.Пукіраў, У.Макоўскі, К.Макоўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗМАГА́ННЕ», Беларуская дэпутацкая фракцыя «Змаганне» за інтарэсы сялян і рабочых,
легальная рэв.-дэмакр. і нац.-вызв.арг-цыя працоўных Зах. Беларусі ў снеж. 1927—30. Створана як выбарчы рабоча-сялянскі к-т «З.» па падрыхтоўцы да выбараў у сейм. У выніку выбараў (4.3.1928) ад працоўных Зах. Беларусі ў сейм прайшлі 5 бел. дэпутатаў: І.Дварчанін, Я.Гаўрылік, Ф.Валынец, І.Грэцкі, А.Стагановіч (з лют. 1929 П.Крынчык). Яны стварылі ў сейме бел. рабоча-сялянскі пасольскі клуб «З.». Аб’яднаўшы шматлікі актыў, што вырас у Беларускай сялянска-работніцкай грамадзе, і стварыўшы вясной 1929 амаль ва ўсіх паветах мясц. сакратарыяты, «З.» стала ўплывовай паліт. арг-цыяй працоўных Зах. Беларусі, змагалася за тыя ж патрабаванні, што і яе папярэдніца — Грамада. 30.8.1930 польскія ўлады арыштавалі дэпутатаў сейма і кіраўнікоў «З.» і неўзабаве ліквідавалі ўсе 50 мясц. сакратарыятаў. Суд, які адбыўся над кіраўнікамі і актывістамі «З.» (1931 у Вільні), прыгаварыў Дварчаніна, Гаўрыліка, Валынца і Крынчыка да 8 гадоў турмы кожнага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЮІ́ (Цэзар Антонавіч) (18.1.1835, Вільня — 26.3.1918),
рускі кампазітар і муз. крытык, ваен. інжынер і вучоны. Інжынер-ген. (1904). Чл. Ін-та Францыі (1894). Скончыў Ваен.-інж. акадэмію ў Пецярбургу (1857) і выкладаў у ёй (з 1880 праф., з 1891 засл.праф.). Кампазіцыяй займаўся ў С.Манюшкі ў Вільні. У 1864—1900 выступаў як муз. крытык, супрацоўнічаў у газетах і часопісах. Чл.«Магутнай кучкі». Садзейнічаў раскрыццю гіст. значэння творчасці М.Глінкі, А.Даргамыжскага, прапагандаваў музыку А.Барадзіна, М.Мусаргскага, М.Рымскага-Корсакава. Як кампазітар найб. вызначыўся ў жанры раманса (больш за 300). Аўтар 14 опер, у т.л. «Вільям Раткліф» паводле Г.Гейнэ (паст. 1869), «Анджэла» паводле В.Гюго (паст. 1876), музыкі для дзяцей, у т.л. першых у рус. музыцы дзіцячых опер («Снежны асілак», 1906, і інш.). Закончыў оперы «Каменны госць» Даргамыжскага і «Сарочынскі кірмаш» Мусаргскага. Навук. працы па фартыфікацыі; стварыў курс фартыфікацыі, які чытаў у ваен. акадэміях.
Літ. тв.: Избр. статьи Л., 1952; Избр. статьи об исполнителях. М., 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАХАНО́ВІЧ (Міхаіл Сілуянавіч) (вер. 1882, в.Вял. Лукі Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл — 19.3.1934),
бел.паліт. дзеяч, педагог. Скончыў Харкаўскі ун-т (1910). Выкладаў у навуч. установах Вільні, Магілёва. Чл.Беларускага нацыянальнага камітэта. Адзін з арганізатараў, пазней старшыня Магілёўскага беларускага камітэта. Рэдактар газ. «Могилевские известия» (1917). Ўдзельнік з’езда беларускіх арганізацый і партый у Мінску (ліп. 1917). Летам 1918 выехаў у Вільню, удзельнічаў у арганізацыі з’езда беларускіх дэлегатаў Віленшчыны і Гродзеншчыны. З 1919 кіраўнік школьнага аддзела Цэнтр.бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, у 1919—22 дырэктар Віленскай бел. гімназіі. Выступаў з публіцыст. артыкуламі ў бел.перыяд. друку, аўтар успамінаў пра І.Луцкевіча (у кн. «Памяці Івана Луцкевіча. У першыя ўгодкі яго смерці», 1920). У 1922 абраны паслом у сейм Польскай Рэспублікі. З 1925 у БССР, працаваў у рэдакцыях газ. «Савецкая Беларусь» і час. «Савецкае будаўніцтва», у выдавецтвах, займаўся перакладамі. 11.8.1933 арыштаваны ДПУ БССР па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра», 9.1.1934 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны 16.8.1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДА ПРА́ЦЫ»,
газета рэвалюцыйна-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася 1.10.1927—16.12.1928 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. З мэтай канспірацыі мела розныя назвы: «Наша праца» (1—29 кастр.), «Праца» (5—23 ліст.), «Права працы» (7—24 снеж.), «Навагодняя праца» (27 снеж.), у 1928 — «Думка працы» (4—28 студз.), «Сіла працы» (1—24 лют.), «Воля працы» (12—31 сак.), «Красавік» (5 крас.), «Голас працы» (14 крас.—30 мая), «Зара працы» (2—29 чэрв.), «Сцяг працы» (4—31 ліп.), «Доля працы» (3—29 жн.), «Рэха працы» (1—29 вер.), «Слова працы» (5—31 кастр.), «За працу» (5—27 ліст.), «Да працы» (1—16 снеж.). Працягвала традыцыі газет Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Асвятляла сац.-эканам. і паліт. становішча ў Зах. Беларусі, нац.-вызв. рух, выбары і работу польскага сейма і інш. Змяшчала інфарм. паведамленні пра ход суд. працэсу над удзельнікамі БСРГ, матэрыялы пра культ. жыццё, маст. творы бел. пісьменнікаў. Усяго выйшла 118 нумароў (51 канфіскаваны). Закрыта польскімі ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРЧА́НІН (Ігнат Сымонавіч) (8.6.1895, в. Погіры Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 8.12.1937),
бел.літ.-знавец, паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў Пражскі ун-т (1925) са ступенню д-ра філасофіі. З 1912 настаўнік. У 1915—17 на вайсковай службе. У 1918 сакратар культ.-асв. аддзела Бел.нац. камісарыята ў Маскве. У 1919—20 вёў культ.-асв. работу ў Дзятлаўскім пав., за што зняволены ўладамі Польшчы ў Беластоцкі канцлагер. У 1921 арганізаваў у Даўгаўпілсе бел. настаўніцкія курсы, дзе чытаў лекцыі па бел. мове і л-ры, стварыў бел. тэатр, калектыў і хор. З 1926 у Вільні. Выкладаў бел. л-ру ў бел. гімназіі. Выконваў даручэнні Цэнтр. сакратарыята Бел. сялянска-рабочай грамады. Уваходзіў у Гал. ўправу ТБШ (1926—30). У 1928 выбраны паслом у польскі сейм па спісе рабоча-сялянскага блока. У выступленнях на сейме, мітынгах абараняў сац. і нац. правы народа Зах. Беларусі. Адзін з арганізатараў, нам. старшыні рэв.-дэмакр. і нац.-вызв. арг-цыі «Змаганне» (1928—30). За рэв. дзейнасць неаднаразова быў арыштаваны, у 1930 засуджаны на 8 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі паміж СССР і Польшчай з 1932 у Мінску Працаваў у АНБССР (у камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі). У 1933 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Дэбютаваў вершамі ў 1917. Вершы Д. публікаваліся ў час. «Наш шлях», «Прамень», «Студэнцкая думка» і інш. У іх балючы драматызм, горкая развага пра нягоды і страты свайго народа, рамантычная вера ў светлы дзень. Публіцыстыка Д. — яркая старонка барацьбы за адраджэнне нац. культуры, сац. і нац. правоў роднага народа. У 1927 выдаў у Вільні «Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры (ад 1905 г.)», якая адыграла вял. ролю ў школьным навучанні і патрыят. выхаванні. Пад псеўд. І.Гудок пераклаў на бел. мову паэму А.Блока «Дванаццаць» (Вільня, 1926).
Тв.:
[Вершы] // Ростані волі. Мн., 1990;
Бел.пер. — Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве. Мн., 1991.
Літ.:
Бергман А. Ігнат Дварчанін // Беларускі каляндар 1978. Беласток, 1978;
Крывіцкі Л. (Л.А.Луцкевіч) Адкапаў праўду Беларусі // Беларускі каляндар, 1982. Беласток, 1982;
Міско Я. «Ласкі панскай не трэба...» // Міско Я. Маё маўклівае сэрца. Мн., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНЫ́Я ЗНА́КІ,
філігрань, бачныя на прасвет відарысы (узор, малюнак, штрыхоўка, тэкст) на паперы, якія наносяцца ў працэсе яе вырабу; своеасаблівая марка вытворцы паперы. Атрымліваюцца ў працэсе адлівання паперы з дапамогай валіка — эгуцёра, на сетцы якога нанесены рэльеф (філігрань) адпаведнай выявы.
Упершыню вадзяныя знакі з’явіліся ў Італіі ў 13 ст. З 2-й чвэрці 16 ст. першыя вадзяныя знакі зроблены на мясц. паперы ў Вільні. У 2-й пал. 16—17 ст. мясцовымі вадзянымі знакамі пазначана прадукцыя паперняў Радзівілаў у Слуцку, Любані, Алыку, Кавячынскіх у Нясвіжы і Уздзе, Сапегаў у Гальшанах і інш.Асн. сюжэтамі вадзяных знакаў на паперы мясц. вырабу ў 16—19 ст. былі гербы шляхецкіх родаў, у 18—19 ст. — таксама выявы чалавечых фігур, жывёл, птушак і інш.
У наш час вадзяныя знакі наносяцца на паперу, якая ідзе на выраб грошай, дакументаў, каштоўных папер, каб пазбегнуць падробак. Папера з вадзянымі знакамі ў выглядзе падоўжных і папярочных палос («вежэ») выкарыстоўваецца на форзацы і вокладках кніг. Вадзяныя знакі вывучаюцца філіграналогіяй. У кнігазнаўстве дапамагаюць дакладна датаваць рукапісы і старадрукаваныя выданні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРНІКО́ЎСКІ (Тодар Міхайлавіч) (1861, в. Дудзічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 1930-я г.),
бел. грамадскі, паліт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў духоўных вучылішчы і семінарыі ў Мінску, тэхнал. ін-це ў Пецярбургу. Працаваў у Сял. пазямельным банку, Зах. экспедыцыі па асушэнні балот і арашэнні паўд. зямель, Мін-ве земляробства і дзярж. маёмасцей Рас. імперыі. У 1-й Дзярж. думе кансультант камісіі па зямельным паляпшэнні гаспадаркі ў Расіі. У 1917—18 скарбнік Мінскага бел.нар. прадстаўніцтва, чл. Рады БНР. Ва ўрадзе БНР на чале з Р.Скірмунтам — дзярж. скарбнік, на чале з Я.Серадой — нар. сакратар гандлю і прам-сці, гаспадаркі, дзярж. кантралёр. У 1919—20 чл.Бел.нац.к-та, старшыня бежанскага к-та і т-ва «Бацькаўшчына» ў Гродне, чл.Цэнтр.бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, скарбнік культ.-асв.т-ва «Заранка», адміністратар Бел. т-ра ў Мінску. Пасля 1921 у Вільні. У 1928—29 рэдактар газ. «Грамадзянін». У 1930 старшыня Бел. праваслаўнага к-та па беларусізацыі царквы. Адзін з арганізатараў культ.-асв.т-ва «Прасвета».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ,
адна з першых бел. сярэдніх навуч. устаноў у Зах. Беларусі. Існавала ў 1919—44 у Вільні. Засн. па ініцыятыве І.Луцкевіча. У розны час дырэктарамі гімназіі былі М.Анцукевіч, Р.Астроўскі, Ф.Грышкевіч, В.Кавалевіч, Кахановіч (1-ы дырэктар), А.Міхалевіч, А.Нэканда-Трэпка, С.Паўловіч, Станкевіч, Б.Тарашкевіч. Мела на мэце захаванне бел.нац. самабытнасці, выхаванне патрыят. пачуццяў, развіццё роднай мовы, пашырэнне дэмакр. і гуманіст. поглядаў. Акрамя беларусаў вучыліся рускія і яўрэі. Гімназія імкнулася захаваць нац. характар, усе прадметы ва ўсіх класах выкладаліся на бел. мове. Але з 2-га года навучання ўведзена вывучэнне і польскай мовы, на ёй выкладаліся геаграфія і гісторыя Польшчы. У 1932/33 навуч.г. стала дзяржаўнай, што, з аднаго боку, забяспечвала трывалую матэрыяльную базу, з другога — пазбавіла незалежнасці (стала філіялам польскай гімназіі імя Ю.Славацкага). У ліст. 1939 Вільня перададзена сав. урадам Літве, гімназія была рэарганізавана ў прагімназію, а ў 1940/41 навуч.г., калі Літва ўвайшла ў склад СССР, стала няпоўнай сярэдняй школай. Дзейнічала і ў перыяд ням.-фаш. акупацыі. У крас. 1944 спыніла існаванне.