ЛЮРСА́ (Lurçat) Андрэ (27.8.1894, г. Бруер, Францыя — 12.7.1970),

французскі архітэктар. Вучыўся ў школах прыгожых мастацтваў у Нансі і Парыжы. Чл. Акадэміі архітэктуры ў Парыжы (1939). Практык і тэарэтык рацыяналізму. Яго работы вылучаюцца выразнай планіроўкай, гарманічнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй: у прадмесцях Парыжа — школьны комплекс імя К.​Маркса (1931—33), рэканструкцыя раёна Сен-Дэні (1946—62), жылы комплекс у Блан-Меніле (1950—67) і інш. У 1934—37 працаваў у СССР (неажыццёўленыя праекты бальнічных комплексаў для Масквы, Смаленска, Ніжняга Ноўгарада).

т. 9, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭ́РНА (Maderna) Карла (1556, Капалаго, каля г. Лугана, Швейцарыя — 30.1.1629),

італьянскі архітэктар; прадстаўнік стылю барока. Працаваў у Рыме (з 1588). Творы М. адметныя пышнасцю дэкору і прасторавай пабудовы інтэр’ераў: царква Санта-Сусана (1596—1603), палацца Матэа ды Джове (1606—16) і Барберыні (з 1625, завяршылі Л.​Берніні і Ф.​Бараміні). Кіраваў буд-вам сабора св. Пятра (з 1603), змяніў план Мікеланджэла — падоўжыў гал. неф і збудаваў гал. фасад.

К.Мадэрна. Фасад царквы Санта-Сусана ў Рыме. 1596—1603.

т. 9, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНСА́Р (Mansart) Франсуа (23.1.1598, Парыж — 23.9.1666),

французскі архітэктар. Вучыўся ў арх. С. дэ Броса. Творча перапрацаваў традыцыі франц. і часткова італьян. Адраджэння, заклаў асновы класіцызму 17 ст. У работах М. спалучэнне пластычнага багацця дэкору з выразнасцю і прастатой агульнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, са строга рэгулярнай пабудовай плана: крыло замка ў Блуа (перабудова, 1635—38), палац Мезон-Лафіт каля Парыжа (1642—50), царква Валь-дэ-Грас (1645—46) і атэль Карнавале (перабудова, 1660—61) у Парыжы. Распрацаваў канструкцыю мансарды.

т. 10, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКОТ (Scott) Джайлс Гілберт Малодшы

(9.11.1880, Лондан — 8.11.1960),

англійскі архітэктар; гал. прадстаўнік неагатычнага кірунку ў англ. архітэктуры 20 ст. Унук Дж.Г.Скота. Вучыўся ў каледжы Боманта ў г. Віндзар. Прэзідэнт Арх. асацыяцыі (1920—21) і Каралеўскага ін-та брыт. архітэктараў (1933—35). Асн. творы: англіканскі сабор (1904—24) у Ліверпулі, электрастанцыя Батэрсі (1932—34) і мост Ватэрлоо (1939—45) у Лондане, б-ка ун-та (адкрыта ў 1934) у Кембрыджы, будынкі б-кі Бодлі (1946) у Оксфардзе.

т. 14, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАНТЭ́Н (Fontaine) П’ер (20.9.1762, Пантуаз, Францыя — 10.10.1853),

французскі архітэктар; адзін з вядучых майстроў стылю ампір. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы. У 1786—92 жыў у Рыме, вывучаў ант. помнікі; зазнаў уплыў Дж.​Віньёлы, Б.​Перуцы, Дж.​Б.​Піранезі. Адзін з першых выкарыстаў чыгунныя канструкцыі ў буд-ве. У 1794—1814 супрацоўнічаў з Ш.Персье, разам з ім пабудаваў трыумфальную арку на пл. Карузель у Парыжы (1806), аформіў інтэр’еры Версаля і інш. палацаў, ствараў праекты мэблі і інш.

т. 16, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯМАСА́КІ (Yamasaki) Мінору (1.12.1912, г. Сіэтл, ЗША — 1986),

амерыканскі архітэктар. Скончыў ун-т штата Вашынгтон у Сіэтле (1934). Зазнаў уплыў Міса ван дэр Роэ, а таксама сярэдневяковага яп. і інд. дойлідства. У творах характэрныя тэндэнцыі сучаснага амер. неакласіцызму: будынкі канторы «Рэйналдс металс» у г. Дэтройт (1959), Цэнтра міжнар. гандлю ў Нью-Йорку (1971—73, у сааўт.). Я. эфектыўна выкарыстоўваў экзатычныя матывы яп. мастацтва ў кантрасце з плоскасцямі бетону, шкла ці металу, блочныя канструкцыі, складкавыя дахі.

т. 18, кн. 1, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́АЛТА (Aalto) Алвар (3.2.1898, г. Куартане, Фінляндыя — 11.5.1976),

фінскі архітэктар; адзін са стваральнікаў фін. дызайна. Прадстаўнік функцыяналізму і арганічнай архітэктуры, ідэям якіх надаў нац. вытлумачэнне. Працаваў у Фінляндыі, Швецыі, ЗША і інш. Спалучэннем жалезабетону і шкла з традыц. буд. матэрыялам (камень, цэгла, дрэва) дасягаў свабоды і выразнасці аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі будынкаў, узаемасувязі архітэктуры з ландшафтам і гар. асяроддзем (санаторый у Пайміо, 1929—33; палац «Фінляндыя» ў Хельсінкі, 1967—71).

Літ.:

Гозак А.П. Алвар Аалто. М., 1976.

А.Аалта. Палац «Фінляндыя» ў Хельсінкі.

т. 1, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНУА́ Лявонцій Мікалаевіч (23.8.1856, г. Петрадварэц Ленінградскай вобл., Расія — 8.2.1928),

рускі архітэктар. Засл. дз. маст. Расіі (1927). Сын М.Л.Бенуа. Скончыў Пецярбургскую АМ (1879), выкладаў у ёй (праф. з 1892, рэктар у 1903—06 і 1911—17), у Ін-це цывільных інжынераў (1884—92, 1920—27, Пецярбург). Будаваў у Пецярбургу (Акадэмічная капэла імя М.​І.​Глінкі, 1885—89; корпус Рус. музея, 1914—16), Маскве, Кіеве, Варшаве, Ташкенце. Стварыў праект пераўтварэння Пецярбурга (1910—13, разам з арх. М.​Перацяткавічам і інж. Ф.​Янакіевым).

т. 3, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРА́ШЧАНКА Дзмітрый Васілевіч (н. 25.1.1951, Мінск),

бел. архітэктар. Скончыў БПІ (1974). Працуе ў ін-це «Мінскпраект» (з 1969). Асн. работы: у Мінску — праект рэканструкцыі дзіцячага парку імя М.​Горкага (1978), Парк 60-годдзя Кастрычніка (1986), воднае добраўпарадкаванне ўчастка р. Свіслач (1988), водаахоўная зона Сляпянскай воднай сістэмы і 7 сквераў уздоўж яе (1989, у складзе аўтарскага калектыву; Дзярж. прэмія СССР 1989). Паводле яго праектаў ствараюцца паркі: у Нясвіжы; у Мінску — па праспекце газ. «Праўда», вул. П.​Глебкі, на левабярэжнай частцы Камсамольскага воз. і інш.

т. 5, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́НА Вікенцій Францавіч (1745, г. Фларэнцыя, Італія — 17.5.1820),

мастак-дэкаратар і архітэктар. Італьянец па паходжанні, працаваў у Польшчы (1780—83) і Расіі (1783—1802). У 1790-я г. надбудоўваў галерэі і афармляў інтэр’еры палаца ў Паўлаўску, часткова перабудоўваў палацы ў Гатчыне і Пецярбургу (Каменнавостраўскі палац), па-новаму апрацаваў іх інтэр’еры. Лепшы яго твор — Румянцаўскі абеліск на Марсавым полі (1798—99; цяпер каля будынка АМ у С.-Пецярбургу). У 1797—1800 па праекце В.​Бажэнава будаваў Міхайлаўскі (інжынерны) замак у Пецярбургу.

т. 3, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)