галіна навукі і тэхнікі, якая забяспечвае стварэнне і сінтэз мікрамініяцюрных вырабаў рознага функцыянальнага прызначэння для радыёэлектроннай апаратуры (лініі затрымкі, фільтры, прылады ўзмацнення і апрацоўкі радыёэлектронных сігналаў і інш.); асн. раздзел электронікі. На аснове вырабаў М. створаны таксама высоканадзейныя з вял. аб’ёмам памяці камп’ютэры і камп’ютэрныя сістэмы вырашаюцца праблемы стварэння штучнага інтэлекту.
Грунтуецца на дасягненнях фізікі, хіміі, матэматыкі, матэрыялазнаўства і інш. Сярод вырабаў М. найб. пашыраны аналагавыя і лічбавыя інтэгральныя паўправадніковыя і гібрыдныя мікрасхемы (ІС; гл.Інтэгральныя схемы), прыборы з зарадавай сувяззю (напр., ПЗС-матрыца). Вырабы М. бываюць у выглядзе матрыцы (ці некалькіх матрыц) аднатыпных элементаў мікронных і субмікронных памераў. напр., транзістараў розных тыпаў (біпалярных, МДП) і іх эл. злучэнняў; напр., вял. ІС маюць да 10⁴ элементаў, звышвял. — да 106 і ультравял. — больш за 106 элементаў на крышталь. Вытв-сць паўправадніковых ІС ажыццяўляецца з выкарыстаннем сукупнасці тэхнал. працэсаў, заснаваных на фіз.-хім. метадах апрацоўкі паўправадніковых, метал. і дыэл. матэрыялаў, якія складаюць аснову планарнай тэхналогіі, сінтэз гібрыдных мікрасхем праводзіцца на аснове плёначнай тэхналогіі. М. развіваецца ў кірунку змяншэння памераў элементаў (гл.Мініяцюрызацыя), павышэння ступені інтэграцыі (вызначаецца шчыльнасцю ўпакоўкі) і хуткадзеяння (вызначаецца часам затрымкі сігналу) з абавязковай аптымізацыяй логікі работы мікрасхем, удасканаленнем структуры і ўласцівасцей традыцыйных (германій, крэмній) і новых (арсенід галію і інш.) паўправадніковых і дыэл.-матэрыялаў, тугаплаўкіх металаў. Асн. праблемы М. пры павышэнні ступені інтэграцыі звязаны з фундаментальнымі абмежаваннямі, абумоўленымі прыродай матэрыялаў і фіз. прынцыпамі функцыянавання, а таксама праблемамі ўзроўню ўласных шумоў і адводу цяпла.
На Беларусі даследаванні па праблемах М. вядуцца з сярэдзіны 1960-х г. у Фіз.-тэхн. ін-це, Ін-тах фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, электронікі Нац.АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БДУ, НВА «Інтэграл» (у т. л.вытв-сць вырабаў М.) і інш.
Літ.:
Ефимов И.Е., Козырь И.Я. Основы микроэлектроники. 2 изд. М., 1985;
Валиев К.А. Микроэлектроника: достижения и пути развития. М., 1986;
Гурский Л.И., Степанец В.Я. Проектирование микросхем. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ГША Лазар, полацкі ювелір 12 ст. Вольны рамеснік. У 1161 на заказ св.Ефрасінні Полацкай стварыў для Полацкага манастыра св. Спаса шэдэўр стараж.-бел. мастацтва напрастольны крыж Ефрасінні Полацкай. Залатыя пласціны на драўляным крыжы ён упрыгожыў перагародчатымі эмалямі (эмалі ў той час маглі вырабляць нямногія майстры), прытым выкананы эмалі не на асобных пласцінах, а адразу на рэліквіі, што патрабавала выключнага прафесіяналізму і тонкага густу пры кампаноўцы дэкору. Аўтар дасканала валодаў і тэхнікай вырабу эмаляў, і метадамі апрацоўкі каштоўных металаў, эмальерным мастацтвам. Яго праца добра аплачана (сума, роўная кошту 160 лісіных шкур), а талент высока ацэнены Ефрасінняй Полацкай, пра што сведчыць імя аўтара на крыжы — з’ява на той час вельмі рэдкая. Іл.гл. ў арт.Беларусь.
Літ.:
Алексеев Л.В. Лазарь Богша — мастер-ювелир XII в. // Сов. археология. 1957. № 3;
Арлоў У. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994. С. 89—92.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ СТАНКАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д ІМЯ́ С.М.КІ́РАВА, «ВІСТАН». Створаны ў 1918 на базе армейскіх майстэрняў (дзейнічалі з 1914) як з-дс.-г. машын. З 1922 з-д «Чырвоны металіст» у складзе Віцебскага аб’яднання металаапр. прадпрыемстваў. З 1934 металаапр.з-д імя Кірава. У Вял.Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў Арэнбург (Расія). Адноўлены ў Віцебску ў 1945. За пасляваен. гады з-д вырас у буйное станкабуд. прадпрыемства, самае вял. ў Беларусі па вытв-сці прэцызійнага абсталявання. У 1986—89 галаўное прадпрыемства Віцебскага станкабуд. вытв. аб’яднання. З 1989 ВА «ВІСТАН». Дзейнічаюць загатоўчы, ліцейны, механічныя і зборачны цэхі. Асн. прадукцыя (1996): круглашліфавальныя бясцэнтравыя аўтаматы і паўаўтаматы высокай і асабліва высокай дакладнасці, спец. станкі на іх базе, суперфінішныя цэнтравыя і бясцэнтравыя паўаўтаматы і аўтаматы, шараапрацоўчыя станкі, шматмэтавыя фрэзерна-свідравальна-расточныя станкі з лікавым праграмным кіраваннем, камплект абсталявання для апрацоўкі акулярных лінзаў, дрэваапр. абсталяванне, універсальныя малагабарытныя металарэзныя станкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНА́СТКА ТЭХНАЛАГІ́ЧНАЯў машына- і прыладабудаванні,
інструменты, прыстасаванні і інш. сродкі для механізацыі і аўтаматызацыі тэхнал. працэсаў.
Аснастка тэхналагічная ўключае ўстановачныя, заціскныя і накіравальныя элементы, дзялільныя і паваротныя прыстасаванні, механізаваныя прыводы (электрычны, мех., гідраўл., пнеўматычны і інш.). Паводле ступені спецыялізацыі бывае універсальная, спецыялізаваная і спецыяльная, па прызначэнні — станочная, зборачная, кантрольная і інш. Універсальная аснастка тэхналагічная выкарыстоўваецца ў адзінкавай і дробнасерыйнай вытв-сці розных па форме, памерах і матэрыяле дэталяў. Спецыялізаваная ўжываецца ў серыйнай вытв-сці для апрацоўкі дэталяў падобных формаў з пераналадкай. Спецыяльнай аснасткай выконваюць адну канкрэтную аперацыю ў масавай вытв-сці вырабаў аднаго памеру і формы (напр., штампы для ліставой і аб’ёмнай штампоўкі, прэсформы для вырабу керамічных і пластмасавых дэталяў, прыстасаванні для вырабу і зборкі інтэгральных схем і інш.). На Беларусі па аснастцы тэхналагічнай спецыялізуюцца Гомельскі з-д радыётэхн. аснасткі, з-дспец. інструментаў і тэхнал. аснасткі ВА «Мінскі трактарны завод» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЧА́ЛЬНАЯ ПЕЧ, трубчастая печ,
прамысловая гарызантальная або крыху нахіленая печ цыліндрычнай формы, якая верціцца вакол падоўжнай восі. Прызначана для награвання матэрыялаў з мэтай іх фіз.-хім.апрацоўкі. Бывае на пылаватым, кавалкавым, вадкім ці газавым паліве, з эл. нагрэвам. Даўж. да 230 м, дыяметр да 7,5 м, прадукцыйнасць да 150 т/гадз гатовай прадукцыі.
Сыравіна або вырабы награюцца ў печы (прамым нагрэвам, праз сценку муфеля або камбінаваным спосабам), перамяшчаюцца пры вярчэнні яе корпуса і выгружаюцца. У награвальных вярчальных печах метал. загатоўкі падрыхтоўваюць да коўкі і штампавання; у тэрмічных праходзяць тэрмічную апрацоўку; у абпальных абпальваюць клінкер, руды, нярудныя матэрыялы, жалезарудныя акатышы і інш. Вярчальныя печы выкарыстоўваюць ў металургіі (напр., вельц-печы), цэментнай і хім. прам-сці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУКАВА́ЛЬНАЯ ПРЫЛА́ДАў вылічальнай тэхніцы,
перыферыйная прылада для пераўтварэння выхадных даных ЭВМ, лічбавых вымяральных або інш. прылад і іх аўтам. друку на носьбіце інфармацыі (пераважна на паперы) у выглядзе літар, лічбаў і інш. сімвалаў. Забяспечвае атрыманне дакументаў з вынікамі апрацоўкі даных у форме, зручнай для ўспрымання чалавекам: тэкст, табліцы, графікі і інш.
Работа Д.п. заснавана на мех. (ударны запіс на носьбіце з дапамогай фарбавальнага элемента) і немех. (з дапамогай светлавога промня, імпульсаў эл. току, струменяў фарбавальнага рэчыва і інш.) спосабах рэгістрацыі інфармацыі. Д.п. бываюць знакадрукавальныя (напр., алфавітна-лічбавыя) і знакасінтэзавальныя (прынтэры, знакі фарміруюцца з асобных элементаў — кропак, рысак і інш.; даюць магчымасць выводзіць любыя сімвалы і графічную інфармацыю); пасімвальныя (знакі выводзяцца паасобку, як у пішучай машынцы), парадковыя (знакі аднаго радка друкуюцца адначасова) і пастаронкавыя (друкуецца цалкам старонка); аркушавыя (інфармацыя запісваецца на асобныя аркушы паперы) і рулонныя (на рулон паперы, які потым разразаецца на аркушы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСКРЭ́ТНАЯ СІСТЭ́МА,
тэхнічная (электронная ці інш.) сістэма, працэс функцыянавання якой характарызуецца канечным (ці бясконцым) дыскрэтным наборам станаў, змены якіх могуць адбывацца ў дыскрэтныя моманты часу (гл.Дыскрэтнасць). Напр., паслядоўнасць выпрабаванняў з некалькімі магчымымі зыходамі. Пры гэтым ролю часу выконвае нумар выпрабавання, ролю стану — нумар зыходу. Існуюць неперарыўныя сістэмы, якія таксама можна разглядаць як дыскрэтныя (напр., лічбавыя вымяральныя прылады): станы ўлічваюцца ў пэўныя (дыскрэтныя) моманты часу і іх лікавыя значэнні акругляюцца. Апісанне і даследаванне Д.с. выконваецца з дапамогай дыскрэтных Маркава ланцугоў, рознасных ураўненняў, стахастычных матрыц і інш. Пашыраны Д.с. аўтам. кіравання (гл.Аўтаматычнага кіравання тэорыя), апрацоўкі інфармацыі на ЭВМ, а таксама лічбавыя элементы выліч. тэхнікі, лічбавыя інтэгральныя схемы і інш. На Беларусі пытанні аналізу, сінтэзу, аўтаматызацыі праектавання Д.с. распрацоўваюць у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, Бел.дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, НВА «Інтэграл» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУКЦЫ́ЙНЫ НАГРЭ́Ў,
нагрэў токаправодных цел (пераважна металаў) віхравымі токамі, якія наводзяцца ў іх пераменным эл.-магн. полем.
Матэрыялы (загатоўкі, вырабы), якія трэба нагрэць, змяшчаюць у эл.-магн. поле, што ствараецца спец.індуктарам (падключаецца да крыніцы сілкавання непасрэдна або праз трансфарматар). Выкарыстоўваецца пераменны ток прамысл. (50 Гц), сярэдняй (да 10 кГц) і высокай (больш як 10 кГц) частаты. Для І.н. характэрна вылучэнне цяпла ў паверхневым слоі, адсутнасць эл. кантакту з крыніцай току, лёгкасць аўтаматызацыі і ўключэння ў паточныя лініі. Выкарыстоўваецца для плаўкі металаў і сплаваў (гл.Індукцыйная печ), зоннай плаўкі, тэрмічнай апрацоўкі (для загартоўкі, коўкі, штампоўкі), зваркі і інш. Пра награванне эл.-магн. полем дыэлектрыкаў гл. ў арт.Дыэлектрычны нагрэў.
Схемы індукцыйнага нагрэву: а — для загартоўкі (1 — індуктар, 2 — выраб, 3 — трансфарматар, 4 — кандэнсатар, 5 — генератар); б — для плаўлення металу (1 — крыніца току, 2 — блок кандэнсатараў, 3 — індуктар, 4 — тыгель, 5 — метал, які плавіцца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТА́ЛЬСКІ (Аляксандр Дзмітрыевіч) (28.11.1856, Масква — 17.12.1926),
рускі кампазітар, хар. дырыжор, фалькларыст. Вучань П.Чайкоўскага і С.Танеева. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1893). З 1887 выкладчык, з 1910 дырэктар маскоўскага Сінадальнага вучылішча, у 1907—10 рэгент Сінадальнага хору. У 1918—23 кіраўнік нар. харавых акадэмій у Маскве і Петраградзе. З 1922 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Буйнейшы дзеяч рус.хар. культуры. У культавых творах імкнуўся адрадзіць стараж. формы знаменнага спеву, умацаваць сувязі царк. музыкі з сял. песенным мастацтвам. Сярод твораў: оперы «Шэры воўк і Іван-царэвіч» (дзіцячая, 1908), «Клара Міліч» паводле І.Тургенева (паст. 1916); рэквіем «Брацкае памінанне герояў...» (1915); «Сельскія работы ў народных песнях» (4 сшыткі, 1920—22), «Чырвоная Русь», «Песня таварышаў Разіна» для хору і аркестра нар. інструментаў; хары a cappella, апрацоўкірус.нар. песень; музыка да драм. спектакляў. Аўтар даследаванняў «Асаблівасці народна-рускай музычнай сістэмы» (1923), «Асновы народнага шматгалосся» (1948) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЛЬТ (ад позналац. celtis долата),
старажытная зброя і прылада працы ў выглядзе сякеры ці цяслы, якая выкарыстоўвалася для апрацоўкі дрэва і пры земляных работах. Выраблялі з бронзы і жалеза. Паявіўся ў канцы 3-га тыс. да н.э., у 2—1-м тыс. да н.э. быў пашыраны ў Еўропе, ужываўся да пач. 2-га тыс.н.э. (зах. Літва). На Беларусі найб. раннія К. (8—7 ст. да н.э.) адносяцца да меларскага тыпу (мелі авальную адтуліну для дзяржання, круглаватае вушка недалёка ад краю ўтулкі, упрыгожваліся 3 гарызантальнымі валікамі на ўзроўні вушка і зігзагападобным арнаментам па абушковай частцы). У апошняй чвэрці 1-га тыс. да н.э. — пач. 1-га тыс.н.э. на Беларусі з’явіліся жалезныя К. з прамавугольнай адтулінай. Яны вядомы на помніках мілаградскай культуры, зарубінецкай культуры і штрыхаванай керамікі культуры.
Да арт.Кельт: 1 — бронзавы кельт са Смалявіцкага р-на; 2 — жалезны кельт з в. Гарадзішча Мядзельскага раёна.