горад, пасёлак або група гарадоў, створаных вакол буйнога горада з мэтай абмежавання яго росту, разушчыльнення забудовы, стварэння больш зручных умоў для жыццядзейнасці чалавека. Мае цесныя сац., эканам. і прасторавыя сувязі з гал. горадам. Першыя з іх узніклі ў канцы 19 ст. ў Англіі, Германіі, Расіі ў сувязі з развіццём прам-сці і ростам гар. насельніцтва. Адрозніваюцца функцыян. роляй (т.зв. гарады-спальні або адноснасамаст. паселішчы са сваімі вытв. зонамі), велічынёй (30—100 тыс. жыхароў), аддаленасцю ад гал. Горада (10—80 км) і інш. Агульнае для ўсіх: стварэнне зручных і хуткіх зносін з горадам-цэнтрам, фарміраванне зялёных паясоў, якія раздзяляюць гарады-спадарожнікі паміж сабой і аддаляюць іх ад гал. горада. Шырока вядомыя гарады-спадарожнікі Лондана — Харлаў, Стывенедж, Кроўлі; Парыжа — Эўры, Сержы-Пантуаз, Сен-Кантэн; Масквы — Зеленаград, Дзяржынскі, Дубна і інш. У Мінску ролю гарадоў-спадарожнікаў выконваюць Бараўляны, Самахвалавічы, Заслаўе, Лагойск і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗАВЫ́ АЎТАМАБІ́ЛЬ,
аўтамабіль для перавозкі грузаў. Характарызуецца грузападымальнасцю, тыпам кузава, колавай формулай і кампаноўкай — размяшчэннем кабіны адносна пярэдняй восі (гл.Аўтамабіль). Для буксіроўкі прычэпаў забяспечваюцца счэпнымі прыладамі, хуткадзейнымі злучальнымі прыстасаваннямі і інш. Адрозніваюць адзіночныя грузавыя аўтамабілі і аўтапаязды (у т. л.цягачы, седлавыя цягачы), звычайнай і павышанай праходнасці.
Бываюць агульнага прызначэння (кузаў неперакульны) і спецыялізаваныя (самазвалы, бензавозы, бетанавозы, кантэйнеравозы, панэлявозы, рэфрыжэратары, фургоны і інш.); паводле кампановачнай схемы — капотныя (кабіна за рухавіком) і бескапотныя (кабіна над рухавіком); паводле грузападымальнасці — асабліва малой (да 0,5 т; гл.Пікап), малой (да 2 т; напр., УАЗ), сярэдняй (да 5 т; ГАЗ), вялікай (да 15 т; ЗІЛ, КамАЗ, КрАЗ, МАЗ, «Урал») і пазадарожныя грузавыя аўтамабілі асабліва вял. грузападымальнасці (больш за 15 т; БелАЗ, «Волат»), Гл. таксама Аўтамабільная прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАТАПІ́ЧНАЯ ІНВАРЫЯ́НТНАСЦЬ квантавая сіметрыя, звязаная з аднолькавымі паводзінамі пэўных груп элементарных часціц у моцным ці электраслабым узаемадзеяннях. Адрозніваюць моцную і слабую І.і., якія сваімі ўласцівасцямі нагадваюць сіметрыю адносна паваротаў у 3-мернай прасторы.
Моцная І.і. абумоўлена існаваннем ізатапічных мультыплетаў — сем’яў адронаў з аднолькавымі квантавымі лікамі (барыённым зарадам, дзіўнасцю, спінам і інш.), блізкімі па значэнні масамі спакою, аднак рознымі эл. зарадамі. Моцнае ўзаемадзеянне застаецца аднолькавым у межах аднаго мультыплета і не залежыць ад эл. зараду часціцы. Колькасць часціц у мультыплеце N=2J+1, дзе J — ізатапічны спін. Напр., пратон і нейтрон утвараюць ізатапічны дублет (J=1/2), пі-мезоны (π+, π0, π−) — ізатапічны трыплет (J=1). Слабая І.і. звязана з тым, што лептоны, кваркі і некаторыя інш. часціцы таксама маюць ізатапічную мультыплетнасць, аднак масы спакою часціц у межах аднаго мультыплета могуць значна адрознівацца. Слабая І.і. дазволіла дакладна вызначыць законы электраслабага ўзаемадзеяння і выявіць прамежкавыя вектарныя базоны, якія з’яўляюцца яго пераносчыкамі. Гл. таксама Інварыянтнасць.
рассеянне святла рэчывам, якое суправаджаецца зменай частаты зыходнага святла на частату ваганняў малекул асяроддзя ці крышталічнай рашоткі. Бывае спантаннае, вымушанае і кагерэнтнае. Выкарыстоўваецца для вывучэння структуры і ўласцівасцей рэчыва і для пераўтварэння частаты святла.
Адкрыта ў 1928 сав. вучонымі Г.С.Ландсбергам і Л.І.Мандэльштамам на крышталях і незалежна інд. фізікамі Ч.Раманам і К.С.Крышнанам на вадкасцях. Назіраецца ў выглядае спектральных ліній, зрушаных адносна ліній рэлееўскага рассеяння святла ў бок меншых частот (стоксавы кампаненты) ці большых частот (антыстоксавы кампаненты). Спантаннае К.р.с. адбываецца пры апраменьванні ад магутных нялазерных крыніц святла (напр., ртутных лямпаў), вымушанае і кагерэнтнае — ад магутных лазерных крыніц. Яно можа выклікаць перапампоўку да 90% энергіі першаснага пучка ў стоксавыя і антыстоксавыя кампаненты.
На Беларусі работы па вывучэнні і выкарыстанні К.р.с. вядуцца ў Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац.АН, БДУ і НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.Н.Сеўчанкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСЕРВАТЫ́ЎНАЯ ПА́РТЫЯ ВЯЛІКАБРЫТА́НІІ (англ. Conservative Party),
адна з дзвюх вядучых паліт. партый краіны. Пачала фарміравацца ў 1830-я г. на базе партыі торы, арганізацыйна аформілася ў 1867—70 пад кіраўніцтвам Б.Дызраэлі. Прадстаўляе пераважна інтарэсы буйных уласнікаў. Ідэалогія — кансерватызм. З 1885 неаднаразова кіруючая партыя (яе лідэр у выпадку перамогі на парламенцкіх выбарах фарміруе ўрад), у т. л. пасля 2-й сусв. вайны ў 1951—64, 1970—74, 1979—97. У 1912 аб’ядналася з больш ліберальнай паліт. групоўкай «юніяністаў» (лідэр з 1886 Дж.Чэмберлен). Налічвае каля 300 тыс.чл. (1990-я г.). Кіруючыя органы — Цэнтр. савет і Цэнтр. офіс, адноснасамаст. ролю адыгрывае парламенцкая фракцыя партыі. Лідэры: Дызраэлі (1868—81), Р.Солсберы (1881—1902), А.Бальфур (1902—11), Б.Лоу (1911—23), С.Болдуін (1923—37), Н.Чэмберлен (1937—40, гл. ў арт.Чэмберлены), У.Чэрчыль (1940—55), А.Ідэн (1955—57), І.Макмілан, (1957—63), А.Дуглас-Х’юм (1963—65), Э.Хіт (1965—75), М.Тэтчэр (1975—90), Дж.Мэйджар (з 1990).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФІГУРА́ЦЫІ ПЛАНЕ́Т,
пэўныя становішчы планет адносна Сонца і Зямлі. Характарызуюцца вуглом планета—Зямля—Сонца, які наз.элангацыяй. Становішча нябеснага цела пры элангацыі 0°наз.злучэннем, 180° — процістаяннем, 90° — квадратурай.
Для ніжніх планет, арбіты якіх знаходзяцца ўнутры арбіты Зямлі, адрозніваюць ніжняе і верхняе злучэнні, найб.зах. і ўсх. элангацыі. Для вызначэння найб. элангацыі праводзяць датычную да арбіты планеты, што праходзіць праз Зямлю. Планета, якая знаходзіцца у пункце дотыку, мае найб. элангацыю. Для верхніх планет, арбіты якіх знаходзяцца па-за арбітай Зямлі, адрозніваюць процістаянне, злучэнне, зах. і ўсх. квадратуры. Ніжняя планета знаходзіцца бліжэй за ўсё да Зямлі ў момант ніжняга злучэння і далей за ўсё у момант верхняга. Верхняя планета найб. набліжаецца да Зямлі у процістаянні і аддаляецца пры злучэнні. Аналагічна К.п. вызначаюцца канфігурацыі Месяца, малых планет, камет і інш. Месяцавыя канфігурацыі характарызуюцца фазамі Месяца.
А.А.Шымбалёў.
Канфігурацыя планет: 1 — злучэнне; 2 — процістаянне; 3. 4 — ніжняе і верхняе злучэнні; 5, 6 — усходняя і заходняя элангацыі; 7, 8 — усходняя і заходняя квадратуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ПСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
У Афрыцы на Пд ад 20°паўд. ш., уваходзіць у царства Палеагею (гл.Царствы біягеаграфічныя). Лічыцца таксама, што К.б.в. — падвобласць Эфіопскай біягеагр. вобл.
Займае пустынныя і паўпустынныя раёны з разнастайнымі ландшафтамі. Вызначаецца вял. фларыстычнай своеасаблівасцю. Сустракаецца каля 7000 відаў вышэйшых раслін, з якіх больш палавіны эндэмікі (прадстаўнікі 7 сям.: амарылісавыя, касачовыя, пратэйныя і інш.). Найб. характэрныя сям. раслін — бабовыя, верасовыя, касачовыя, пратэйныя, складанакветныя і інш. Флора мае генет. сувязі з трапічнай Афрыкай, Міжземнамор’ем і шэрагам абласцей Паўд. паўшар’я, асабліва з Аўстралійскай біягеаграфічнай вобласцю. Фауна адносна бедная. Некат. групы беспазваночных (напр., перыпаты) з’яўляюцца рэліктамі. З насякомых эндэмічныя жук-алень, некат. саранчовыя. Сярод птушак эндэмічныя 15 родаў з 297. Сярод 83 родаў млекакормячых 8 эндэмічных (віверы, некат. грызуны, даўгапяты, златакраты, трубказубы). Характэрныя жывёлы — антылопа скакун, бурая гіена, віверы, даўганогі, квага.
Да арт.Капская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — даўгапят; 2 — сурыката; 3 — даўганог; 4 — скакунчык; 5 — даман; 6 — трубказуб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ СТАТЫ́СТЫКА,
раздзел статыстычнай фізікі, у якім вывучаюцца ўласцівасці сістэм тоесных мікрачасціц. Дала магчымасць тлумачыць многія фіз. з’явы, якія з пункту гледжання класічнай фізікі нельга было тлумачыць, напр., Планка закон выпрамянення абсалютна чорнага цела, электраправоднасць, цеплаёмістасць цвёрдых цел, звышцякучасць, звышправоднасць.
З квантавай механікі вынікае, што энергія такой сістэмы мае дыскрэтныя значэнні, а хвалевыя функцыі, якія апісваюць розныя станы сістэмы мікрачасціц сіметрычныя (гл.Бозе—Эйнштэйна статыстыка) або антысіметрычныя (гл.Фермі—Дзірака статыстыка) адносна перастановак часціц. В.Паўлі даказаў, што тып К.с. вызначаецца спінам часціц: часціцы з паўцэлым спінам (напр., электроны, нейтрына, пратоны) падпарадкоўваюцца К.с. Фермі—Дзірака (ферміёны), з цэлым спінам (напр., фатоны, альфа-часціцы) — Бозе—Эйнштэйна (базоны). Пры высокіх т-рах квантавыя эфекты неістотныя і формулы размеркавання часціц (пры адсутнасці знешніх палёў) пераходзяць у класічнае Максвела размеркаванне. Пры дастаткова нізкіх т-рах амаль усе ніжнія станы ферміёнаў будуць запоўненымі (выраджаны фермі-газ); базоны пры гэтых умовах імкнуцца перайсці ў стан з нулявым імпульсам (Бозе—Эйнштэйна кандэнсацыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫШТАЛЕАКУ́СТЫКА,
раздзел акустыкі, у якім вывучаюцца заканамернасці распаўсюджвання і ўзаемадзеяння акустычных хваль у крышталях. Заканамернасці К., абумоўлены анізатрапіяй уласцівасцей асяроддзя (найперш пругкіх уласцівасцей). Сфарміравалася на аснове даследаванняў пругкіх хваль у цвёрдых целах і развіцця метадаў узбуджэння і прыёму ультрагукавых хваль. Цесна звязана з лазернай фізікай, нелінейнай акустыкай, акустаэлектронікай, акустаоптыкай.
У крышталях, у адрозненне ад ізатропнага асяроддзя, скорасць распаўсюджвання хваль залежыць ад напрамку. Напрамак распаўсюджвання і пераносу энергіі нахілены да хвалевага фронту (за выключэннем асобных напрамкаў, напр., восей і плоскасцей сіметрыі і акустычных восей). Пругкія плоскія хвалі пры адсутнасці гіратрапіі лінейна палярызаваныя — ваганні часціц асяроддзя адбываюцца толькі ўздоўж пэўных напрамкаў адносна напрамку распаўсюджвання хваль. Хвалі сціскання — разрэджвання і зрушэння з’яўляюцца адпаведна квазіпадоўжнымі і квазіпапярочнымі і, апроч таго, хвалі зрушэння расшчапляюцца на 2 квазіпапярочныя хвалі, якія распаўсюджваюцца з рознымі скарасцямі. К. з’яўляецца асновай для стварэння тэхн. прылад і сістэм для даследавання ўласцівасцей асяроддзяў і практычнага выкарыстання анізатрапіі і ультрагуку.
Літ.:
Федоров Ф.И. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАПО́ЛЬ МАГНІ́ТНЫ,
гіпатэтычны фіз. аб’ект, які некат. сваімі ўласцівасцямі нагадвае ізаляваны магн. полюс. Існаванне М.м. парушае інварыянтнасць адносна адлюстравання прасторы і абарачэння часу, дазваляе растлумачыць дыскрэтнасць эл. зараду, пабудаваць мадэль канфайнменту кваркаў (існаванне іх толькі ў звязаным стане), прадказаць імавернасць распаду пратона, і шэраг інш., у т. л. касмалагічных, эфектаў.
Адпавядае аднайм. тапалагічна-нетрывіяльнаму рашэнню ўраўненняў калібровачнай тэорыі поля. У лінейнай тэорыі манапольныя рашэнні пабудаваны П.Дзіракам (1931, 1948), у нелінейнай — незалежна рас. вучоным А.М.Паляковым і галандскім вучоным Г.Хоафтам (1974). Эфектыўныя манапольныя канфігурацыі адыгрываюць істотную ролю ў параметрычнай дынаміцы класічных і квантавых сістэм. Пошук М.м. вядзецца ва ўсіх тэхн. дасягальных інтэрвалах адлегласцей і энергій.
Літ.:
Стражев В.И., Томильчик Л.М. Электродинамика с магнитным зарядом. Мн., 1975;
Shnir Ya.M., Tolkachev E.A., Tomil’chik L.M. P-violating magnetic monopole influence on the behaviour of the atom-like System in external fields // International Journal of Modem Physics A. 1992. Vol. 7, № 16.