БУРА́Н Васіль Якімавіч (н. 28.4.1924, с. Балын Ліцінскага р-на Вінніцкай вобл., Украіна),

бел. і ўкр. крытык і літ.-знавец. Канд. філал. н. (1968). Праф. (1995). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1954). Працаваў у Маладзечанскай абл. б-цы, Мін-ве культуры Беларусі, Мінскім пед. ін-це. З 1970 у Кіеўскім ін-це культуры. Даследуе праблемы бел. і ўкр. л-р, кнігазнаўства, бібліяграфіі. Піша на бел. і ўкр. мовах. Адзін з даследчыкаў творчасці В.​Быкава (манаграфія «Васіль Быкаў», 1976). Аўтар падручніка «Асновы кнігазнаўства» (1996), рэцэнзій і артыкулаў пра творчасць А.​Кулакоўскага, А.​Марціновіча, І.​Навуменкі, Р.​Няхая, М.​Ракітнага, Б.​Сачанкі і інш. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове), падручніка «Бібліяграфія: Агульны курс» (1984).

т. 3, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННА-АПЕРАТЫ́ЎНАЯ ГРУ́ПА (ВАГ),

партызанскія злучэнні на акупіраванай тэр. Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, а таксама назва органаў кіраўніцтва гэтымі злучэннямі. Ядналі партыз. палкі, брыгады, асобныя атрады. У крас. 1943 пры Магілёўскім падп. абкоме КП(б)Б для кіравання партыз. рухам створана абл. ВАГ, адначасова — Магілёўскае партыз. злучэнне, якое таксама называлася Магілёўскай ВАГ. У мэтах узмацнення кіраўніцтва партыз. рухам на месцах у ліп.—жн. 1943 створаны раённыя ВАГ: Асіповіцкая, Быхаўская, Бялыніцкая, Бярэзінская, Кіраўская, Клічаўская, Круглянская, Магілёўская і Шклоўская, пачата ўтварэнне ВАГ у Задняпроўі. У ліст. 1943 у Магілёўскую вобл. перайшла 8-я Рагачоўская партыз. брыгада, якая ў сак. 1944 пераўтворана ў Рагачоўскую ВАГ. Расфарміроўваліся па меры вызвалення тэр. вобласці часцямі Чырв. Арміі.

А.​Л.​Манаенкаў.

т. 3, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́ДЗЬКА Генадзь Браніслававіч (н. 29.9.1955, г. Сянно Віцебскай вобл.),

бел. акцёр, рэжысёр. Скончыў Далёка-ўсходні ін-т мастацтваў (1977, г. Уладзівасток), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1991). У 1980—82 у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі імя В.​Дуніна-Марцінкевіча. З 1982 у Нац. т-ры імя Я.​Купалы. Створаныя ім вобразы каларытныя, адметныя дакладным асэнсаваннем драматургічнага матэрыялу. Сярод лепшых роляў: Усходні Вучоны («Тутэйшыя» Я.​Купалы), Драгун («Парог» А.​Дударава), Малюцін («Апошні журавель» Дударава і А.​Жука), Мужык («Страсці па Аўдзею» У.​Бутрамеева), Флар’яна («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі), Тарцюф («Тарцюф» Мальера). Ажыццявіў пастаноўкі: «Смех лангусты» Дж.​Марэла, «Звон — не малітва» І.​Чыгрынава (1992), «Гульня ў джын» Д.​Кобурна (1933). Стваральнік і кіраўнік т-ра «Бульвар смеху» (1995).

т. 5, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМА́ТАРСКАЕ КІНО́, кінааматарства,

від самадзейнага мастацтва. Узнікла з часу вынаходніцтва кінематографа (1895). У Зах. Еўропе і ЗША пашырана з пач. 1930-х г., у б. СССР — з 1925, больш актыўна развівалася пасля 1957, калі пры Саюзе кінематаграфістаў краіны была створана Усесаюзная камісія па працы з кінааматарамі. Праводзіліся фестывалі, конкурсы аматарскага кіно.

На Беларусі аматарскае кіно развіваецца з канца 1950-х г., створаны шматлікія самадз. студыі. З 1960 штогод праводзіліся абл. і рэсп. Конкурсы-агляды аматарскага кіно. Бел. аматары ўдзельнічалі ва ўсесаюзных і міжнар. фестывалях, іх фільмы неаднаразова адзначаліся ўзнагародамі. Росту маст. ўзроўню аматарскага кіно спрыяла секцыя па рабоце з кінааматарамі пры Саюзе кінематаграфістаў Беларусі. Асобныя кінааматары сталі прафесійнымі кінарэжысёрамі. Істотныя змены ў кінааматарскі рух унесла развіццё відэазапісу.

т. 1, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАВІ́К Рыгор Іванавіч (н. 28.1.1939, в. Сахноўцы Стараканстанцінаўскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна),

бел. рэжысёр. Канд. мастацтвазнаўства. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). Працаваў у Брэсцкім абл. драм. (з 1966) і Бел. рэсп. юнага гледача (з 1971, у 1974—78 гал. рэжысёр) тэатрах, з 1985 у маладзёжным т-ры Беларусі. З 1993 у Бел. ун-це культуры. Пастаноўкі Баравіка адметныя сучаснасцю гучання, спалучэннем псіхалагізму з яркай відовішчнасцю: «Звычайная гісторыя» паводле І.​Ганчарова (1967), «Трыбунал» А.​Макаёнка (1971), «Чатыры кроплі» В.​Розава (1975), «Чайка» А.​Чэхава (1977), «Гэтыя незразумелыя старыя людзі» паводле С.​Алексіевіч (1986), «Непаразуменне» А.​Камю (1989), «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы (1993), «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча (1995). Выступае ў перыяд. друку па праблемах т-ва і бел. драматургіі.

т. 2, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙДА́Й Леанід Іовіч (30.1.1923, г. Свабодны Амурскай вобл., Расія — 19.11.1993),

рускі кінарэжысёр. Нар. арт. Расіі (1974), нар. арт. СССР (1989). Скончыў тэатр. студыю пры Іркуцкім абл. драм. т-ры (1947), Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1955). Працаваў у жанры сатыр. камедыі. Майстар эксцэнтрыкі, гратэску, пародыі. Яго фільмы адметныя лёгкасцю, дасціпнасцю і адточаным рытмам: «Пёс Барбос і незвычайны крос» (кінаальманах «Зусім сур’ёзна», 1961), «Самагоншчыкі» (1962), «Дзелавыя людзі» (1963), «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка» (1965), «Каўказская палонніца» (1967), «Брыльянтавая рука» (1969), «12 крэслаў» (1971), «Іван Васілевіч мяняе прафесію» (1973), «Спортлато-82» (1982), «Прыватны дэтэктыў, або Аперацыя «Кааперацыя» (1990), «На Дзерыбасаўскай добрае надвор’е, ці На Брайтан-Біч ізноў ідуць дажджы» (1992). Аўтар ці сааўтар сцэнарыяў сваіх фільмаў. Дзярж. прэмія Расіі 1970.

т. 4, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́СІМ Мікола (Мікалай Арцёмавіч; 19.11.1908, в. Шані Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 19.7.1957),

бел. паэт. Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1948). За рэв. дзейнасць у 1920—30-я г. ўлады Польшчы неаднойчы арыштоўвалі яго, знявольвалі ў турму. Працаваў у брэсцкай абл. газ. «Sapa» (1948—57). З 1926 змяшчаў свае творы ў зах.-бел. прэсе. Першы зб. «Ад шчырага сэрца» (1947). У вершах выяўляў сац. канфлікты ў зах.-бел. вёсцы, паказваў цяжкае жыццё сялянства. Карыстаўся прыёмамі гратэску, пародыі. У вершах ваен. і пасляваен. часу пісаў пра веліч і цяжар нар. вайны ў варожым тыле, радасць мірнай працы.

Тв.:

Выбранае. Мн., 1960;

Вершы. Мн., 1973.

Літ.:

Калеснік У. Лёсам пазнанае. Мн., 1982.

У.​А.​Калеснік.

т. 6, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯЛЁНАЯ ЗО́НА,

тэрыторыя за межамі гарадской лініі, занятая лясамі, лесапаркамі і інш. зялёнымі насаджэннямі. Выконвае ахоўныя і сан.-гігіенічныя функцыі і з’яўляецца месцам адпачынку насельніцтва. Лясы З.з. належаць да лясоў I групы; у іх вылучаюць лесапаркавую частку, дзе дазваляюцца сан. і высечкі догляду, і лесагаспадарчую, дзе дазволены лесааднаўленчыя высечкі. На Беларусі З.з. вылучаюцца паводле пастаноў урада рэспублікі. Першыя створаны ў 1945 вакол гарадоў Асіповічы, Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Брэст, Вілейка, Віцебск, Гомель, Гродна, Ліда, Мазыр, Маладзечна і Мінск. Агульная пл. З.з. склала 1,246 млн. га (1994). Самая вял. вакол Мінска (радыусам да 80 км). Каля абл. цэнтраў З.з. радыусам да 30 км, раённых — 10 км. Праекты З.з. распрацоўваюцца БелНДІ праблем горадабудаўніцтва.

Літ.:

Горохов В.А. Городское зеленое строительство. М., 1991.

Т.​П.​Вадап’янава.

т. 7, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́СЛАЧ,

рака ў Мінскай і Гродзенскай абл., левы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Нёман). Даўж. 102 км. Пл. вадазбору 1330 км². Пачынаецца каля в. Глушынцы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл., цячэ ў межах Мінскага ўзв., у ніжнім цячэнні праз Налібоцкія лясы. Асн. прытокі: Выганішчанка, Цецяроўка, Волма (злева), Яршоўка, Пяршайка, Валожынка (справа). Даліна ў вярхоўі трапецападобная, глыбока ўрэзаная, у сярэднім цячэнні скрынкападобная, шыр. 300—500 м. Пойма ў вярхоўі роўная, шыр. да 50 м, у нізоўі да 2 км, месцамі забалочаная. Рэчышча звілістае, шыр. да 40 м, зарэгулявана 3 плацінамі. На ўсім працягу трапляюцца невял. астравы. Берагі стромкія, абрывістыя. Замярзае ў пач. снеж., крыгалом у пач. сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 10 м³/с. Месца адпачынку.

Рака Іслач каля в. Ракаў.

т. 7, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́НСКІ Анатоль Сяргеевіч (16.10.1912, г. Растоў-на-Доне, Расія — 31.1.1990),

рускі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1963). Скончыў Растоўскае тэатр. вучылішча (1937). З 1937 працаваў у т-рах Растова-на-Доне, у 1958—81 у Гомельскім абл. драм. т-ры. Выканаўца характарных і камед. роляў. Творчасць вызначалася рэалістычнасцю і імправізацыйнасцю выканання, выразнасцю знешняга малюнка ролі. Сярод лепшых работ: дзед Цярэшка («Рудабельская рэспубліка» паводле С.​Грахоўскага), Аўталік («Зімовая казка» У.​Шэкспіра), Рабінзон, Барабашаў, Мурзавецкі («Беспасажніца», «Праўда добра, а шчасце лепш», «Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага), Пярчыхін («Мяшчане» М.​Горкага), Земляніка («Рэвізор» М.​Гогаля), Ібрагім-аглы («Угрум-рака» паводле В.​Шышкова), Філька-анархіст («Інтэрвенцыя» Л.​Славіна), Курачкін («Вяселле з пасагам» М.​Дзьяканава), Чыжоў («Раскінулася мора шырока» У.​Вішнеўскага).

т. 7, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)