КАНСТАНЦІ́Н VII,

(Kōnstantinos) Багранародны, Парфірародны (Porphyrogennētos; вер. 905, г. Канстанцінопаль — ліст. 959), імператар Візантыі [913—959]. З Македонскай дынастыі. Самастойна правіў з 945 (раней уладу ўзурпіраваў Раман I Лакапін). Узмацніў цэнтралізацыю дзяржавы, вёў наступальныя войны. У творы «Аб цырымоніях візантыйскага двара» змясціў звесткі пра прыезд у Канстанцінопаль кіеўскай княгіні Вольгі, калі яна прыняла хрысціянства. У кн. «Аб кіраванні імперыяй» даў апісанне Русі сярэдзіны 10 ст., упершыню згадаў крывічоў (крывітэінаў) і дрыгавічоў (другувітаў).

Тв.:

06 управлении империей: Текст, перевод, коммент. 2 изд. М., 1991.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 7, с. 593

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЛАГА—БРЫЯ́НА ПАКТ 1928,

міжнародны дагавор аб забароне вайны як сродку ажыццяўлення нац. палітыкі дзяржавамі. Названы паводле імя яго ініцыятараў — міністра замежных спраў Францыі А.Брыяна і дзярж. сакратара ЗША Ф.​Б.​Келага. Падпісаны 27.8.1928 у Парыжы прадстаўнікамі 15 краін, у т. л. ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Канады, Японіі. ЗША адрасавалі запрашэнне 48 інш. дзяржавам, у т. л. СССР, далучыцца да пакта (пазней яны далучыліся). 29.8.1928 СССР першы ратыфікаваў дагавор і ініцыіраваў падпісанне Маскоўскага пратакола 1929 аб датэрміновым увядзенні ў дзеянне пакта (набыў сілу 24.7.1929).

т. 8, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ЎРЫ (грэч. Nevroi),

старажытнае племя, якое, паводле звестак Герадота, жыло ў 6—5 ст. да н.э. ў басейнах р. Гарынь і Паўд. Буг. Аб Н. і іх краіне Неўрыдзе згадвалі таксама Эфор, Дыянісій Перыегет, Пліній Старэйшы, Аміян Марцэлін і інш. антычныя аўтары. Інфармацыя Герадота пра тое, што кожны неўр штогод на некалькі дзён ператвараецца ў ваўка, дала падставу шматлікім аўтарам (П.​Шафарык, П.​Шпілеўскі і інш.) змяшчаць Н. на тэр. Беларусі, дзе ўяўленне аб ваўках-пярэваратнях было найб. пашырана. Археал. даследаванні дазваляюць атаясамліваць з герадотавымі Н. частку насельніцтва мілаградскай культуры.

т. 11, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОРС (North) Дадлі (16.5.1641, Лондан — 31.12.1691),

англійскі купец, тэарэтык-эканаміст. У 1660—85 шэрыф у Лондане, пазней чл. камісіі па зборы мытных пошлін. У працы «Разважанні аб гандлі, пераважна аб працэнце, манетнай сістэме, скарачэнні і павелічэнні грошай» (1691) выступіў з крытыкай меркантылізму. Сцвярджаў, што багацце краіны вызначаецца не запасамі золата і серабра, а развіццём прам-сці, сельскай гаспадаркі і міжнар. гандлю, што ўзровень прыбытку залежыць ад попыту і прапановы. Выступаў за свабоду гандлю, супраць дзярж. ўмяшання ў эканам. жыццё. Лічыў капіталіст. развіццё грамадства натуральным працэсам.

т. 11, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКРЭАЦЫ́ЙНЫ КАДА́СТР,

збор звестак аб прыродных умовах рэкрэацыйнай і аздараўленча-лячэбнай каштоўнасці тэр. і аб’ектаў, якія прызначаны для арганізацыі масавага адпачынку і аднаўлення здароўя людзей. Уключае даныя аб пейзажна-эстэтычнай годнасці і сан.-гігіенічных уласцівасцях аб’ектаў, складанасці і працягласці пешаходных, водных, транспартных турысцкіх маршрутаў і іх даступнасці для розных катэгорый адпачываючых, аддаленасць ад асн. культурных і прамысл. цэнтраў і інш. Пры комплекснай сан.-гігіенічнай ацэнцы аб’ектаў улічваюцца кліматычныя, геолага-геамарфал., глебавыя, гідралагічныя ўмовы, расліннасць, узровень урбанізацыі, эстэтычнасць пейзажу. На Беларусі Р.к. складзены па абласцях.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРГЕ́ЕЎ Яўген Міхайлавіч (н. 23.3.1914, Масква),

расійскі геолаг. Акад. АН СССР (1979, чл.-кар. з 1966). Скончыў Маскоўскі ун-т (1940), дзе і працаваў. У 1981—86 рэктар Акадэміі нар. гаспадаркі. Навук. працы па інж. геалогіі, грунтазнаўстве і гідралогіі. Распрацаваў вучэнне аб фарміраванні фіз., фіз.-хім. і фіз.-мех. уласцівасцей горных парод у працэсе літагенезу, аб грунтах як многакампанентных дынамічных сістэмах. Стварыў агульную інж.-геал. класіфікацыю горных парод. Дзярж. прэміі СССР 1977. 1988. Ленінская прэмія 1982.

Тв.:

Инженерная геология СССР. Т. 1—8. М., 1976—78 (у сааўт.).

Я.М.Сяргееў.

т. 15, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНКЯ́Р-ІСКЕЛЕСІ́ЙСКІ ДАГАВО́Р 1833,

дагавор аб абарончым саюзе, міры і сяброўстве паміж Расіяй і Турцыяй. Падпісаны 8 ліп. ў мяст. Ункяр-Іскелесі (каля Стамбула). Гэтай падзеі папярэднічала рус. ваен. экспедыцыя, якая па просьбе тур. ўрада перашкодзіла мяцежнаму егіп. правіцелю Мухамеду Алі захапіць Стамбул. У.-І.д. пацвердзіў Адрыянопальскі мірны дагавор 1829. Расія і Турцыя абавязваліся ўзгадняць свае дзеянні і аказваць адна адной дапамогу. У выпадку вайны Турцыя павінна была па патрабаванні Расіі закрыць праліў Дарданелы. Пасля заключэння Лонданскай канвенцыі 1841 (гл. Лонданскія канвенцыі аб Чарнаморскіх пралівах) У.-І.д. спыніў дзеянне.

т. 16, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭСМУРГІ́Я (ад грэч. desmos сувязь, павязка + ergon справа),

вучэнне аб павязках і метадах іх накладання пры пашкоджаннях і хваробах.

т. 6, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКА-ФРАНЦУ́ЗСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ.

Пакт 1932 аб ненападзе паміж СССР і Францыяй, падпісаны 29 ліст. ў Парыжы. Краіны пацвердзілі прынцып адмаўлення ад вайны як сродку вырашэння міжнар. спрэчак, абавязаліся не ваяваць адна супраць адной, не ўмешвацца ва ўнутр. справы адна адной, не перашкаджаць развіццю ўзаемнага гандлю. Тэрмін дзеяння пакта не быў вызначаны. Дагавор 1935 аб узаемнай дапамозе, падпісаны 2 мая ў Парыжы на 5 гадоў. Урады абедзвюх дзяржаў абавязваліся пры пагрозе нападу на адзін з бакоў якой-н. еўрап. дзяржавы пачаць адразу кансультацыі, у выпадку нападу на СССР або Францыю адразу аказаць дапамогу і падтрымку. Пасля зрыву Маскоўскіх перагавораў 1939 дагавор фактычна страціў значэнне. Франка-савецкае камюніке 1942 аб адносінах урада СССР да руху «Змагарная Францыя» і «Французскага нацыянальнага камітэта», падпісана 28 верасня. Сав. ўрад выказаў гатоўнасць памагчы руху Супраціўлення, прызнаў Французскі нац. камітэт кіраўнічым органам «Змагарнай Францыі» і адзіным органам, які мае права арганізоўваць удзел у вайне франц. грамадзян і тэрыторыі і прадстаўляць іх інтарэсы пры ўрадзе СССР. Дагавор 1944 аб саюзе і ўзаемнай дапамозе, падпісаны ў Маскве 10 снежня. СССР і Францыя абавязваліся: працягваць сумесную барацьбу да перамогі над фаш. Германіяй, не ўступаць з ёю ў сепаратныя перагаворы і не заключаць без узаемнай згоды перамір’я ці міру з гітлераўскім урадам; пасля вайны разам рабіць усе неабходныя захады для ліквідацыі любой інш. пагрозы з боку Германіі, не ўдзельнічаць у кааліцыях, накіраваных супраць дагаворных бакоў. Прыём у 1955 ФРГ у НАТО быў расцэнены сав. бокам як парушэнне Францыяй узятых на сябе абавязацельстваў, таму дагавор быў ануляваны Вярх. Саветам СССР у тым жа годзе. Савецка-французская дэкларацыя 1966, падпісана 30 чэрв. ў Маскве. Бакі выказалі жаданне развіваць узаемныя абмены і супрацоўніцтва, вырашылі прадаўжаць паміж сабой кансультацыі па еўрап. і інш. міжнар. праблемах. Дэкларацыя падкрэслівала значэнне падпісаных міжурадавых пагадненняў аб супрацоўніцтве ў галіне вывучэння і асваення касм. прасторы ў мірных мэтах і аб навук.-тэхн. і эканам. супрацоўніцтве. Савецка-французскі пратакол 1970, падпісаны 13 кастр. ў Маскве. Пацвердзіў палажэнні дэкларацыі 1966. Бакі дамовіліся ў выпадку, калі ўзнікнуць сітуацыі, якія пагражаюць парушыць мір або выклікаць міжнар. напружанасць, адразу ўступіць у кантакт адзін з адным, каб узгадніць пазіцыі, расшыраць і паглыбляць паліт. кансультацыі па важных міжнар. праблемах. Савецка-французская дэкларацыя 1971, падпісана ў Парыжы 30 кастрычніка. Пацвердзіла пратакол 1970 і адзначыла, што супрацоўніцтва паміж СССР і Францыяй не накіравана супраць інтарэсаў якога-н. народа, а мае на мэце садзейнічаць аднаўленню міру ў раёнах канфліктаў, эканам. развіццю і паляпшэнню ўмоў жыцця народаў, рэгуляваць спрэчныя пытанні мірнымі сродкамі. Абмен пісьмамі аб папярэджанні выпадковага або несанкцыяніраванага выкарыстання ядзернай зброі. Адбыўся 16.7.1976 у Маскве. Краіны абавязаліся ажыццяўляць і ўдасканальваць арганізац. і тэхн. меры па прадухіленні выпадковага або несанкцыяніраванага выкарыстання ядзернай зброі, якая знаходзіцца пад іх кантролем. Праграма далейшага развіцця супрацоўніцтва паміж СССР і Францыяй на карысць разрадкі і міру, падпісана ў Маскве 8.4.1979, як выражэнне волі народаў абедзвюх краін да падтрымкі ўстойлівых дружалюбных адносін.

т. 14, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАГЕНЕРА́ТАР (ад гідра... + генератар),

сінхронны генератар пераменнага току, які прыводзіцца ў рух гідраўлічнай турбінай. Ротар электрагенератара звычайна замацоўваецца на адным вале з рабочым колам турбіны (гл. Гідраагрэгат). Гідрагенератары бываюць: у залежнасці ад размяшчэння восі вярчэння — пераважна вертыкальныя і гарызантальныя, часам нахіленыя; ціхаходныя (да 100 аб/мін) і быстраходныя (больш за 100, часам да 1500 аб/мін); малой (да 50 МВт), сярэдняй (ад 50 да 150 МВт) і вялікай (больш за 150 МВт) магутнасці; парасонападобныя (у іх падпятнік — апорны падшыпнік — размяшчаецца пад ротарам) і падвесныя (падпятнік размяшчаецца над ротарам). У капсульных гідраагрэгатах гідрагенератар змешчаны ў спец. (звычайна гарыз.) капсулу, прыводзяцца ў рух восевымі паваротна-лопасцевымі турбінамі (магутнасць да 45 МВт, выкарыстоўваюцца на нізканапорных, гідраакумулюючых і прыліўных ГЭС). Магутнасць гідрагенератара да некалькіх соцень мегават (на Саяна-Шушанскай ГЭС устаноўлены гідрагенератар магутнасцю па 640 МВт).

Ротар гідрагенератара мае да 120 полюсаў, абмотка яго сілкуецца ад узбуджальніка — дапаможнага генератара пастаяннага току. У магутных гідрагенератах ужываюцца сістэмы ўзбуджэння з выкарыстаннем тырыстарных пераўтваральнікаў або ртутных выпрамнікаў. Адбор эл. энергіі (звычайна напружаннем ад 8,8 да 18 кв) робіцца з нерухомай часткі гідрагенератара — статара. Ахалоджванне гідрагенератара паветранае, па замкнёным цыкле з паветраахаладжальнікамі, у магутных — паветрана-вадзяное. На вял. ГЭС выкарыстоўваюць вертыкальныя гідрагенераты (скорасць вярчэння 62,5—150 аб/мін, магутнасць 50—700 МВт), на малых — вертыкальныя або гарызантальныя (100—1000 аб/мін; 0,75—25 МВт).

Гідрагенератар магутнасцю 640 МВт (устаноўлены на Саяна-Шушанскай ГЭС): 1 — статар; 2 — ротар; 3 — падпятнік; 4 — паветраахаладжальнік; 5 — дапаможны генератар.

т. 5, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)