ДЫФАСГЕ́Н, трыхлорметылхлоркарбанат,

эфір хлорвугальнай к-ты, CCl3OC(O)Cl. Бясколерная вадкасць, дыміць у паветры, мае пах прэлага сена, tкіп 128 °C, шчыльн. 1664 кг/м³ (20 °C). Узаемадзейнічае з воднымі растворамі шчолачаў, аміяку, амінаў (гэтыя рэакцыі выкарыстоўваюць для дэгазацыі Д.). Аказвае раздражняльнае і моцнае ўдушлівае дзеянне: смяротная канцэнтрацыя 1 мг/л пры экспазіцыі 5 мін, скрыты перыяд дзеяння 6—8 гадз. У 1-ю сусв. вайну выкарыстоўваўся як атрутнае рэчыва.

т. 6, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАПІ́РАВАННЕ (ад франц. décaper ачышчаць метал),

выдаленне хім. або электрахім. спосабам найтанчэйшых плёнак аксідаў з паверхні метал. вырабаў. Пры Д. адбываецца лёгкае пратраўліванне слоя металу, што садзейнічае добраму счапленню яго з гальванічным пакрыццём. Робіцца з дапамогай слабых раствораў сернай, салянай або азотнай кіслот, а таксама цыянідаў калію або натрыю перад аксідаваннем, пасівіраваннем, нанясеннем гальванічных пакрыццяў. Выкарыстоўваюцца таксама перад халоднай штампоўкай стальных вырабаў, каб зняць акаліну з паверхні і павялічыць выцяжку.

т. 6, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖА́ГАТА ((Žagata) Улдыс) (н. 17.3.1928, г. Еру, Латвія),

латышскі артыст балета, балетмайстар. Нар. арт. Латвіі (1973), нар. арг. СССР (1988). Скончыў балетную школу пры Латв. т-ры оперы і балета (1948), у 1944—68 саліст гэтага т-ра. З 1968 маст. кіраўнік Дзярж. ансамбля танца «Дайле». Сярод партый: Нікіта («Лайма» А.​Лепіня), Пеця («Юнацтва» М.​Чулакі), Бірбанта («Карсар» А.​Адана), Гармодый («Спартак» А.​Хачатурана). Дзярж. прэмія Латвіі 1982.

т. 6, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ДЗІШСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР Існаваў пры езуіцкім калегіуме ў в. Жодзішкі Смаргонскага р-на ў 1-й трэці 18 ст. Захаваліся праграмы трох пастановак 1716—30: канікулярная драма «Вянец духа-красамоўства» (са стараж.-рым. гісторыі) з інтэрлюдыямі пасля 1-га і 2-га актаў; масленічная «Палемонія за сталом, якую, па прыкладу Вітэлія, спасцігла смерць» з аргументам П.​Каяловіча (1724, з алегарычным антыпралогам, харамі і інтэрлюдыямі паміж актамі) і «Перамога саюзу любві» (1730).

т. 6, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ЛУДЗЕЎ (Навум Ільіч) (13.1.1922, г. Гомель — 9.12.1985),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў армейскія курсы парторгаў і камсоргаў (1944), курсы перападрыхтоўкі каманднага саставу (1946), Мінскі юрыд. ін-т (1950). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял. Айч. вайну ўдзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Украіны, Румыніі. Камандзір мінамётнага разліку мал. сяржант Ж. вызначыўся ў кастр. 1943 пры фарсіраванні Дняпра на Пд ад г. Крамянчуг Палтаўскай вобл. (Украіна). Да 1970 у Сав. Арміі.

т. 6, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ДЧА,

вадасховішча ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., за 22 км на ПдЗ ад г. Пінск, каля в. Жыдча. Створана ў 1980 на месцы выпрацаванага радовішча торфу. Пл. 1,2 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 9 м, аб’ём вады 5,1 млн. м³. Наліўное. Напаўняецца вадой з р. Прыпяць пры дапамозе водападваднога канала. Ваганні ўзроўню на працягу года да 6 м. Выкарыстоўваецца для арашэння, рыбаводства і рэкрэацыйных мэт.

т. 6, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫРО́ВІЦКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў у сярэдзіне 18 ст. пры базыльянскай семінарыі ў мяст. Жыровічы (цяпер вёска ў Слонімскім р-не Гродзенскай вобл.). Пастаўленыя ў ім драмы на лац. і польск. мовах з бел. інтэрмедыямі карысталіся папулярнасцю ў гледачоў. Вядома пра пастаноўкі ў тэатры лац. трагедыі «Цыцэрон» С.​Навіцкага з музыкай мясц. кампазітара Б.​Згіроўскага (1752), польска-бел. уніяцкай інтэрмедыі «Сляпы, кульгавы, потым пан і селянін» (1751) і інш.

т. 6, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́МАРАЗКІ,

часовае паніжэнне т-ры паветра ніжэй за 0 °C у начны час, калі сярэднясутачная т-ра вышэй за 0 °C. Адрозніваюць З. адвектыўныя (пры ўварванні халоднага арктычнага паветра), радыяцыйныя (начное ахаладжэнне глебы і расліннага покрыва) і мяшаныя (адвектыўна-радыяцыйныя). На тэр. Беларусі познія З. магчымы ў канцы мая — 1-й пал. чэрвеня, а раннія ў канцы жн. — пач. верасня. З., асабліва позняй вясной, прычыняюць вял. шкоду сельскай гаспадарцы.

т. 6, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРЫ́Н, ізапрапілавы эфір метыл фторфасфонавай кіслаты,

атрутнае рэчыва нервова-паралітычнага дзеяння. Вельмі таксічны. Асабліва хутка выклікае пашкоджанне арганізма пры інгаляцыі (міёз, цяжкасць дыхання). Лятальная таксічная доза (умоўна) 0,1 мг мін/л.

Вадкасць без колеру і паху, tкіп 151,5 °C (кіпіць з раскладаннем), шчыльн. 1094 кг/м³ (20 °C). Змешваецца ва ўсіх адносінах з вадой і арган. растваральнікамі. Гідралізуецца воднымі растворамі шчолачаў, аміяку і амінаў (рэакцыі выкарыстоўваюць для дэгазацыі З.).

т. 6, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ ШТАБ ПАРТЫЗА́НСКАГА РУ́ХУ ў Вялікую Айчынную вайну,

аператыўны орган пры ваен. савеце Зах. фронту па кіраўніцтве партыз. рухам і арганізацыі ўзаемадзеяння партызан з Чырв. Арміяй у паласе фронту. Створаны 30.5.1942 паводле пастановы Дзярж. к-та абароны. 5.10.1942 перайменаваны ў прадстаўніцтва ЦШПР на Зах. фронце, 2.7.1943 — у Смаленскі штаб партыз. руху, 4.1.1944 — у аператыўную групу БШПР на Зах. фронце. Начальнікі штаба С.​С.​Бельчанка, Дз.​М.​Папоў, А.​А.​Прохараў.

т. 7, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)